Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч»
Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч» | |
---|---|
Заснаваны | 1989 |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Дырэктар | Галіна Аляксееўна Дзягілева |
Сайт | teatr-znich.by |
Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч» — адзіны ў Беларусі тэатр, які працуе выключна ў жанры монаспектаклю.
Асноўная рэпертуарная лінія тэатра — папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў і ўзораў сусветнай класікі. Монаспектаклі тэатра «Зніч» ідуць на беларускай мове.
Гісторыя тэатра
[правіць | правіць зыходнік]Тэатр аднаго акцёра «Зніч» заснаваны ў 1989 годзе кіраўніцтвам Белдзяржфілармоніі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік-дырэктар — Галіна Аляксееўна Дзягілева. Сваю гісторыю тэатр вядзе з 10 верасня 1990 года, калі ў Сафійскім саборы Полацка падчас Скарынаўскiх чытанняў адбылася прэм'ера спектакля «Выгнанне ў рай» паводле п'есы Н. Рапы, выкананага Дзягілевай. Афіцыйна зарэгістраваны 21 лютага 1991 года. У рэпертуар уваходзяць паэтычныя, драматычныя, лялечныя прадстаўленнi, а таксама першая беларуская монаопера «Адзінокі птах» О. Залётнева (лібрэта Дзягілевай)[1], ладзяцца абанементныя спектаклі-сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, бардамі і артыстамі.
Тэатр не меў уласнай сцэны і працаваў на розных пляцоўках: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, Тэатры юнага гледача, цэнтры «Каляндар», ІНВАЦэнтры. З 1995 г. ажыццяўляў пастаноўкі ў Дольнай зале Касцёла св. Сымона і Алены (пл. Незалежнасці, 15). У кастрычніку 1999 г. пры падтрымцы пробашча ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка «Зніч» адкрыў у ім сваю тэатральную залу.
Тэатр «Зніч» неаднаразова прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, ЗША і неаднаразова станавіўся прызёрам і лаўрэатам шматлікіх тэатральных фестываляў: «Студыйныя каляды» (Мінск, 1989); «У пачатку было слова…» (Перм, 1992), Міжнародны фестываль монаспектакляў «Я» (Мінск, 1993, 1996, 1998, 2004; Маладзечна, 2005); «Відлунне» (Кіеў, 2002), «Старая Руса» (Старая Руса, 2002); Міжнародны фестываль монаспектакляў «Адзін і ўсе» (Валгаград, 2004, 2007); Міжнародны тэатральны форум «Залаты Віцязь» (Мінск,2005; Масква, 2008); XIV Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» (17-24 лістапада 2007); Міжнародны фестываль «Марыя» (Кіеў, 2006, 2008, 2009, 2010, 2011); Міжнародны фестываль антычнага мастацтва «Баспорскія агоны» (Аўтаномная Рэспубліка Крым, 2007, 2008, 2009); Фестываль «МіМоКі» (Познань); Міжнародны фестываль «Белая Вежа» (Брэст, 2011, 2012).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]«Зніч» — даўняя назва свяшчэннага агню. Для тэатра «Зніч» — гэта вобраз, нязгасны агонь мастацтва, «святло» лепшых узораў беларускай літаратуры і міравой класікі. Менавіта яны з'яўляюцца вытокам натхнення для стваральнікаў спектакляў тэатра.
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Галіна Аляксееўна Дзягілева, заснавальнік і дырэктар-мастацкі кіраўнік
Акцёры тэатра
[правіць | правіць зыходнік]Спектаклі выконваюць вядомыя мінскія артысты:
- Галіна Дзягілева — лаўрэат міжнародных фестываляў
- Алесь Кашпераў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
- Ларыса Горцава — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
- Леанід Сідарэвіч — вядучы майстар сцэны
- Раіса Астрадзінава — вядучы майстар сцэны
- Вячаслаў Шакалідо — вядучы майстар сцэны
- Вячаслаў Статкевіч — спявак
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Тэатральная Беларусь». — Мн., 2003.
- «Современная Беларусь» — Т.3. «Культура и искусство». — Мн., 2007.
- «Культура Беларуси». — Мн., 2010.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вэб-старонка тэатра(недаступная спасылка) (бел.) (руск.)
- Пра тэатр
- Афіша тэатра і квіткі online
- Відэаролік пра тэатр
- Почему артист выходит из роли