Перайсці да зместу

Беларускія народныя казкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Курачка Раба» на паштовай марцы Украіны
«Сіняя світа навыварат шыта» на паштовай марцы Беларусі
«Ох і залатая табакерка» на паштовай марцы Беларусі

Беларускія народныя казкі — творы вуснай творчасці беларускага народа.

Характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія казкі, з аднаго боку, характарызуюцца падабенствам да казачнага эпасу іншых славянскіх народаў, асабліва найбліжэйшых суседзяў[1], з другога боку, у іх багата адметных рысаў, дзякуючы чаму ствараецца своеасаблівая суцэльная прастора персанажаў, тэм і сюжэтаў. Беларускім казкам уласцівыя глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральная цнатлівасць і чысціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання[2].

Асноўнай адметнасцю беларускага казачнага фальклора з’яўляецца моцная міфалагічная аснова і захаванне шматлікіх ведаў пра побыт і ўяўленні пра навакольны свет людзей ранейшых часоў[3].

Каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак не маюць аналагаў у міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў  (руск.) Аарне-Томпсана  (англ.), Андрэева  (руск.) і Кржыжаноўскага[3].

Некаторыя жанры ў беларусаў куды багацейшыя, чым у суседзяў: да прыкладу, у беларускім рэпэртуары недзе 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім — 196, а ў расійскім — 56[4]. Савецкі даследчык М. У. Новікаў налічыў у беларускіх казках 230 сюжэтных тыпаў (ва ўкраінскіх — 187, у рускіх — 144)[5].

Адметная асаблівасць беларускага казачнага эпасу — казкі пра гераічных волатаў-асілкаў, што перамагаюць розных пачвар («Каваль-волат», «Удовін сын»). Да больш позніх, паводле ўзнікнення, належаць казкі сацыяльна-побытавыя («Пану навука», «Мужык і пан», «Зайздросны поп»). Шмат якія беларускія казкі, асабліва побытавыя, прасякнутыя жыццярадасным гумарам[6].

Умоўна беларускія казкі можна падзяліць на тры асноўныя групы[2]:

  • Казкі пра жывёл
  • Чарадзейныя або міфічныя казкі
  • Бытавыя казкі, аповяды і анекдоты

Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца сваімі асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці[1]. Менш пашыраны казкі кумулятуўныя, авантурныя, навелістычныя, дакучныя[7].

Казкі пра жывёл

[правіць | правіць зыходнік]
«Ліса, заяц і певень». Паштовая марка СССР

Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму[2]. Па сваім змесце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэннем чалавечага і жывёльнага элемента[2]. Беларускія казкі аб жывёлах на думку многіх аўтарытэтных даследчыкаў, багатыя, разнастайныя, вылучаюцца высокім паэтычным майстэрствам і ўпрыгожваюць казачны эпас усходніх славян[8].

Паводзіны жывёл у казках атаясамліваюцца з дзейнасцю чалавека, гэтыя казкі часткова адлюстравалі ў сабе розныя эпохі гістарычнага развіцця ўсходніх славян наогул і беларускага народа ў прыватнасці[9].

Беларускія казкі пра жывёл у большасці выпадкаў захоўваюць і строгую, заснаваную на сіле іерархію ў адносінах паміж імі, што дае шырокія магчымасці для паказу сацыяльных адносін у грамадстве, падзеленым на антаганістычныя класы[10]. Мядзведзь дужы, таму ён пануе над усім звярыным царствам (казка «Дзедава рукавічка»), нягледзячы на відавочную непаваротлівасць і неразумнасць. Яго недалёкасцю шырока карыстаюцца ў сваіх інтарэсах іншыя драпежнікі, якія крыўдзяць безабаронных звяроў. Гэтыя казкі вельмі нагадвалі слухачам жыццё, у якім дужы панаваў над слабым, багаты над бедным. Казкі, якія выкрывалі сацыяльную няроўнасць і адлюстроўвалі крытычныя адносіны народа да рэлігіі, царквы і яе служкаў («Ліса-каталічка», «Курка-рабушка»), набылі сатырычнае гучанне[10].

У казках аб жывёлах народ з павагай гаворыць аб сяброўстве, шчырай і бескарыснай дапамозе, імкненні да справядлівасці і рашуча асуджае няўдзячнасць, здрадніцтва таварышам. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыю, зайздрасць, баязлівасць[10].

Чарадзейныя казкі

[правіць | правіць зыходнік]
Казка «Музыка-чарадзей» на паштовай марцы СССР
Ілюстрацыя да казкі «Гарохавае зярнятка» з нямецкага выдання беларускіх казак з малюнкамі Эля Лісіцкага. Берлін. 1923 год.

Чарадзейныя казкі па сваім паходжанні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зместе — гэта мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё ў будучым, іх імкненні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі — заваёўнікамі[2]. У аснове многіх чарадзейных казак ляжыць сацыяльны канфлікт, які адлюстраваў спрадвечнае жаданне працоўных пазбавіцца ад эксплуатацыі[1]. У казачным эпасе беларускага народа колькасна пераважаюць чарадзейныя казкі, у якіх дзейнічаюсь героі, здольныя на незвычайныя ўчынкі, нярэдка яны разам з памочнікамі перамагаюць злосных пачвар[7]. У гэтых казках выяўляюцца мары чалавека пра лепшае жыццё[7].

Існуе шэраг чарадзейных казак, дзе распавядаецца пра пераўтварэнні чалавека ў жывёл («Аб ведзьме, што мужыка ў сабаку перакінула», «Пра ахотніка», «Казачнік і пасельнік»). Даследчыкі лічаць такі пласт казак адным з самых старажытных і звязваюць яго з татэмічнымі ўяўленнямі людзей[11].

Да нашага часу дайшло шмат беларускіх казак і песень, якія захавалі вобразы і сюжэты былін. У распаўсюджанай беларускай казцы «Іванка Прасцячок» бачныя сляды быліннага сюжэту. Як і Ілля Мурамец, Іванка Прасцячок седзьма сядзеў на печы трыццаць тры гады. Яго вылечваюць тры старцы, пасля чаго ён ідзе змагацца супраць памешчыкаў, прыгнятальнікаў беларускага народа. Служэнню грамадскаму абавязку і заняволенай радзіме падпарадкаваныя ўсе дзеянні Іванкі Прасцячка. У казцы выкарыстоўваюцца былінныя прыёмы гіпербалізацыя для адлюстравання адвагі і волатаўскай адвядзі героя[12].

Сацыяльна-бытавыя казкі

[правіць | правіць зыходнік]

Сацыяльна-бытавыя казкі маюць больш позняе паходжанне. У іх адлюстраваны рост класавай свядомасці працоўных, барацьба супраць сацыяльнай няроўнасці[7]. Сярод сацыяльна-бытавых казак асабліва трэба вылучыць пласт антыпанскіх і антыцаркоўных казак. Адмоўным персанажам баларускіх антыпрыгонніцкіх казак амаль заўсёды з’яўляецца пан-чужаземец[2]. Прадметам сатырычнага адлюстравання ў антыклерыкальных казках часцей за ўсё з’яўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасць, прагавітасць і нахабства, паразітызм і амаральнасць[2]. Уласна бытавыя казкі малююць селяніна ў яго паўсядзённым жыцці, услаўляюць працавітасць, глыбокі розум, дасціпнасць і сціпласць простата чалавека, асуджаюць гультайства, прагнасць, зайздрасць і іншыя заганы. Многія бытавыя казкі — гумарыстычныя, жартоўныя творы[1]. Сацыяльна-бытавыя казкі ахопваюць шырокае кола сацыяльных праблем: цяжкае жыццё прыгоннага сялянства, антаганістычныя супярэчнасці ў класавым грамадстве, высмейваюцца эксплуатацыя працоўных, выкрываецца рэакцыйная сутнасць царквы, крытыкуюцца людскія заганы і недахопы[7].

Па асаблівасцях адлюстравання рэчаіснасці, па характеру мастацкай выдумкі да сацыяльна-бытавых казак набліжаюцца авантурна-навелістычныя[1].

Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары, напрыклад, непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Такія творы адлюстроўваюць этычныя і маральныя погляды народа[2]. Бытавыя казкі сцвярджалі ідэал народнага героя — смелага, мудрага, дасціпнага і рашучага[7].

Вядомы рускі пісьменнік і літаратурны крытык В. Р. Бялінскі лічыў, что бытавыя казкі — «у тысячу разоў важнейшыя за ўсе багатырскія казкі, таму што ў іх ярка адлюстроўваецца народны розум, народны погляд на рэчы і народны быт. У адносінах апошняга яны могуць лічыцца самымі каштоўнымі гістарычнымі дакументамі»[13].

Мікула Селянінавіч
  • Асілкі: Вярнідуб, Вярнігар, Гарыня, Мікула Селянінавіч, Медзвядзюк[14], Кацігарошак
  • Адмоўныя героі: Паганы цмок, Паны
  • Знаходлівыя героі: Жыхарка і Несцерка

Публікацыі і вывучэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Збіранне, публікацыя і вывучэнне беларускіх казак, песень і іншых жанраў фальклору ставіцца да канца XVIII стагоддзя. У першай палове XIX стагоддзя выходзіць з друку шэраг каштоўных зборнікаў беларускага фальклору. Шырокае збіранне, публікацыя і даследаванне беларускага фальклору пачынаецца ў другой палове XIX стагоддзя. У 1868 М. Дзмітрыеў у г. Гродна выдае каштоўны зборнік «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю». Праз год ім выдаецца ў Вільні «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю»[12].

Шмат зрабіў у галіне збору і публікацыі беларускага фальклору І. І. Насовіч. З 1886 года сталі выходзіць зборнікі беларускага фальклору Е. Р. Раманава пад агульнай назвай «Беларускі зборнік» (9 выпускаў), куды ўвайшлі 1200 народных песень і 321 казка, сотні прыказак, загадак, замоў. Гэта першы збіральнік, які сам асабіста запісваў беларускі фальклор[12].

Другім буйным збіральнікам беларускага фальклору, у тым ліку і казак, быў П. В. Шэйн, які выдаў зборнік ў чатырох кнігах пад агульнай назвай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю»[12].

Збіраннем і вывучэннем беларускіх казак займаліся Е. Раманаў, А. М. Пыпін, А. М. Весялоўскі  (руск.), А. М. Лабада  (укр.), У. Ф. Мілер[12], М. Федароўскі, А. К. Сержпутоўскі, П. А. Бяссонаў, П. В. Шэйн, М. Я. Нікіфароўскі, З. Радчанка, У. Вярыга, А. Шлюбскі і іншыя.

Толькі ў дарэвалюцыйны час выдадзена каля ста зборнікаў беларускага фальклору, але гэта нязначная частка таго, што існавала ў народзе.

Вядомыя казачнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод народных майстроў-казачнікаў дакастрычніцкай Беларусі вылучаліся Рэдкі і Азёмша, ад якіх запісваў матэрыял у прыватнасці А. Сержпутоўскі. Рэдкі любіў расказваць як цудадзейныя, так і рэалістычныя казкі, а Азёмша ў асноўным рэалістычныя казкі, народныя анекдоты, у прыватнасці накіраваныя супраць духавенства («Новы чорт», «Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп»). Адам Багдановіч запісаў многія казкі са слоў сваёй бабулі Рузалі Асьмак, якую лічыў выключна таленавітай расказчыцай.

Вядомы казказнавец С. У. Саўчанка  (руск.) казаў:

" …мы можам смела сцвярджаць, што па жывасці і хараству апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных "

Беларускія казкі патрапілі ў знаныя зборнікі рускіх казак А. М. Афанасьева  (руск.), у «Bajarz polski» А. Глінскага і атрымалі ў фалькларыстаў высокую ацэнку. Яны папулярныя не толькі ў суседзяў, напрыклад, з 1966 па 1980 г. у Германіі зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове «Belorussische Volksmarchen» перавыдаваўся дзесяць разоў[15] Са 122 казак, якія ўвайшлі ў зборнік, 36 з’яўляюцца перакладам упершыню апублікаваных беларускіх казак, запісаных вядомым спецыялістам па казках Львом Барагам. Ён таксама з’яўляецца аўтарам падрабязнага навуковага каментарыя да казачных тэкстаў і пасляслоўя да гэтага збору[16][17].

Сучасныя беларускія казкі

[правіць | правіць зыходнік]

Казачны жанр застаецца вельмі запатрабаваным і ў сучасны час. Напрыклад, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» штогод выходзяць зборнікі беларускіх аўтарскіх казак («Адзін кот і адзін год», «Нявеста для Базыля», «Зорная Кася» і іншыя), якія карыстаюцца нязменным попытам[18].

З улікам таго, што сучасныя дзеці жывуць у іншых рэаліях, чым іх аднагодкі ў былыя часы, сучасная казка насычаецца атрыбутамі дня сённяшняга. Напрыклад, у Анатоля Бутэвіча ёсць казка «Прыгоды Віруса Шкодзі» пра камп’ютарны вірус. Казкі Раісы Баравіковай «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларуса» і «Казачныя аповесці пра прыгоды міжпланетнага пажарнага і іншых мамырыкаў» таксама напісаны ў разліку на сучасных дзяцей[18].

Праект «Беларускія народныя казкі для дзетак»

[правіць | правіць зыходнік]

17 лістапада 2010 года ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі «Народныя казкі для дзетак».

Знойдзеныя ў розных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь Алегам Хаменкам старадаўнія беларускія казкі былі бязвыплатна перададзены ЮНІСЕФ.

Пералік казак

[правіць | правіць зыходнік]
Назва Імя збіральніка Дзе была запісана Заўвага
Удовін сын Апрацоўка А. Якімовіча
Дочкі Эма Дмахоўская в. Сеняжыцы, Навагрудскі павет
Як Сцёпка з панам гаварыў
Пчала і шэршань Апрацоўка Я. Коласа
Мужык Эма Дмахоўская в. Юравічы, Рэчыцкі павет
Маці і сын Эма Дмахоўская в. Юравічы, Рэчыцкі павет
Чалавек, мядзведзь, лось і воўк Эма Дмахоўская в. Ужынец, Рэчыцкі павет
Кароль і каралева Эма Дмахоўская Рэчыцкі павет, вёска невядомая
Як Іванка ведзьму ашукаў Эма Дмахоўская з-пад Турава, Мазырскі павет
Як курачка пеўніка ратавала Апрацоўка А. Якімовіча
Знайда Дуброўскі М. Федароўскі гл. Яваркі
Шэршань у сватох М. Федароўскі
Верабей і мыш Апрацоўка А. Якімовіча
Як дурань выйшаў у людзі Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Беднасць не загана Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Жаночае шчасце Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Сквапны гаспадар Эма Дмахоўская
Чараўнік Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Чалавек, лісіца і мядзведзь Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Бяда Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Чалавек і мядзведзь Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Шчасце і доля Эма Дмахоўская Рэчыцкі павет, вёска невядомая
Пра багацце і беднасць Эма Дмахоўская в. Сеняжыцы, Навагрудскі павет
Скупасць не радасць Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Былінка і верабей Эма Дмахоўская Мазырскі павет
Ваўкалак Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мозырскі павет
Чалавек з розумам Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Дурань выйшаў у людзі Эма Дмахоўская в. Камаровічы, Мазырскі павет
Як кот звяроў напалохаў Апрацоўка А. Якімовіча
Сабака і воўк Апрацоўка А. Якімовіча
Тром-сын безыменны Апрацоўка А. Якімовіча
Алёнка Апрацоўка А. Якімовіча
Каток - залаты лабок Апрацоўка А. Якімовіча
Залаты птах
З рога ўсяго многа Апрацоўка А. Якімовіча
Ох і залатая табакерка Апрацоўка А. Якімовіча, гл. Ох, беларуская міфалогія
Гарошак Апрацоўка Я. Коласа
Залатая яблынька
Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі Апрацоўка А. Якімовіча
Сынок-з-кулачок Апрацоўка А. Якімовіча
Разумная дачка Апрацоўка А. Якімовіча
Пан і казачнік Апрацоўка А. Якімовіча
Чаму ваўкі звана баяцца
Як ксяндзы вылечыліся А. Сержпутоўскі Апрацоўка А. Якімовіча
Не тое, не тое А. Сержпутоўскі Слуцкі павет
Дзявочы набор А. Сержпутоўскі Слуцкі павет Казачнік — Даніла Кулеша
Завідны поп А. Сержпутоўскі Казачнік — Аземша
Новы чорт А. Сержпутоўскі Казачнік — Аземша
Мужык, пан і ксёндз А. Сержпутоўскі Казачнік — Аземша
Небо і пекло[заўв 1] А. Сержпутоўскі Палессе
Музыка і чэрці А. Сержпутоўскі Палессе
Жонка А. Сержпутоўскі Палессе
Хвароба над хваробамі А. Сержпутоўскі Палессе
Каваль багатыр А. Сержпутоўскі Палессе
Чалавечае воко А. Сержпутоўскі Палессе
Ілья і Петро А. Сержпутоўскі Палессе
Кузьма А. Сержпутоўскі Палессе
Бэч рыж А. Сержпутоўскі Палессе
Бусел А. Сержпутоўскі Палессе
Стралцы А. Сержпутоўскі Палессе
Маскаль і смерць А. Сержпутоўскі Палессе
Круці, не круці, а трээ ўмерці А. Сержпутоўскі Палессе
Нехай А. Сержпутоўскі Палессе
Завісны багатыр А. Сержпутоўскі Палессе
Пошасць і паморак А. Сержпутоўскі Палессе
Завідны поп А. Сержпутоўскі Палессе
За добрае злым заплата А. Сержпутоўскі Палессе
Брахня А. Сержпутоўскі Палессе
Вада не памагла А. Сержпутоўскі Палессе
Нашоў грошы А. Сержпутоўскі Палессе
Грошы цвітуць А. Сержпутоўскі Палессе
Заламка А. Сержпутоўскі Палессе
Што майтар, то злодзей А. Сержпутоўскі Палессе
Скорам А. Сержпутоўскі Палессе
Радзінкі й памінкі А. Сержпутоўскі Палессе
Ведзьмак А. Сержпутоўскі Палессе
Мужык і ландар А. Сержпутоўскі Палессе
Як школу будавалі А. Сержпутоўскі Палессе
Баязлівы А. Сержпутоўскі Палессе
Атрабляне А. Сержпутоўскі Палессе
Прошча А. Сержпутоўскі Палессе
Катаржнік і стараста А. Сержпутоўскі Палессе
Чорт і баба А. Сержпутоўскі Палессе
Хаўрус А. Сержпутоўскі Палессе
Ластаўкі А. Сержпутоўскі Палессе
Вельмі навучны А. Сержпутоўскі Палессе
Мудры Салімон А. Сержпутоўскі Палессе
Пісар А. Сержпутоўскі Палессе
Дзеды А. Сержпутоўскі Палессе
Асілак А. Сержпутоўскі Палессе
Шаптуха Апрацоўка А. Якімовіча
Два камені Апрацоўка А. Якімовіча
Стары бацька Апрацоўка А. Якімовіча
Як мужык царскага генерала правучыў
Не сіла, а смеласць Апрацоўка А. Якімовіча
  1. Напісанне некаторых назваў узята з першакрыніцы і адпавядае дыялектным асаблівасцям тых ці іншых рэгіёнаў
  1. а б в г д Казкі Архівавана 19 верасня 2008.
  2. а б в г д е ё ж Гісторыя беларускіх казак
  3. а б Н. Будур. Сказочная энциклопедия, Олма-пресс, 2005
  4. Уладзімер Сіўчыкаў — пра кнігі беларускіх народных казак
  5. Новиков Н. В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974, с. 23.
  6. Культура Архівавана 30 ліпеня 2013. (руск.)
  7. а б в г д е Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  8. Жанравы склад беларускай народнай прозы
  9. Гл. працы Мікалая Нікольскага «Міталёгія і абрадовасць валачобных песень», Мінск, 1931;«Жывёлы ў звычаях, абрадах і веравонях беларускаго селянства», Мінск, 1933; «Происхождение и история белорусской свадебной обрядовости», Минск. 1956
  10. а б в Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для філал. спец. ВНУ/К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. С. Ліс і інш.. — 2-е, перапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1988. — 415 с.
  11. С. Шамякіна. Міфалагічны кампанент у структуры вобраза-персанажа беларускіх чарадзейных казак.
  12. а б в г д Белорусские народные сказки / Составители С. И. Василенок, К. П. Кабашников, С. И. Прокофьев. — М.: Государственное издательство художественной литературы, 1958.
  13. Фядосік, А. С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка — Мн.: Навука і тэхніка, 1995., — 160 с
  14. ІВАШКА МЯДЗВЕДЖАЕ ВУШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк
  15. Арсень Ліс. Каляндарна-абрадавыя творы Архівавана 1 красавіка 2016.
  16. 13. Belorussische Volksmarchen /Hrsg/ von L/ Barag/ Ubers/ d/ Marchentexte aus d/ Beloruss: Hans-Joachim Grimm / 1-10 Aufl/ Akademie Verlag. Berlin. 1966. 647 p.
  17. 14. Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі усходнеславянскімі казкамі
  18. а б Ольга Поклонская В плену у сказки // Вечерний Минск : газета. — Мн.: Мінгарвыканкам, 12 ліпеня 2018. — В. 12791. — № 28. — С. 15. Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2018.
  • Антырэлігійныя казкі, частушкі, прыказкі / Склад. А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1957. — 270 с.
  • Беларускі казачны эпас / Склад. і ўступ. артыкул У. В. Анічэнка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1976. — 206 с.
  • Беларускія народныя казкі : са зборнікаў Е. Р. Раманава / Складанне, падрыхтоўка тэксту, прадмова В. К. Бандарчыка. — Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. — 340 с. : іл.
  • Беларускія народныя казкі : Зборнік / Склад.: Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., дап. — Мінск : Навука і тэхніка, 1986. — 512 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Казкі і легенды роднага краю / склад. К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 262 с.
  • Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / склад., аўтар прадмовы К. П. Кабашнікаў; рэдактар В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1971. — 495 с.
  • Казкі ў сучасных запісах / Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 661 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 3 : Сказки Архівавана 26 мая 2014. / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1887. — 444 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 4 : Сказки космогоническия и культурныя Архівавана 26 мая 2014. / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1891. — 220 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 6 : Сказки / Е. Р. Романов. — Могилев : Типография Губернского правления, 1901. — IV, 527, [2] с.
  • Сацыяльна-бытавыя казкі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; склад. тома, аўт. уступ. артыкула А. С. Фядосік; склад. і камент. Л. Р. Бараг; рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]; рэд. В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1976. — 520 с. : іл. — (Беларуская народная творчасць).
  • Сержпутоўскі, А. К. Казкі і апавяданні Беларускага Палесся : са зборнікаў А. К. Сержпутоўскага / [склад., падрых. тэксту і паказальнік да казак А. С. Фядосіка; рэд. В. К. Бандарчык; прадмова В. К. Бандарчыка, А. С. Фядосіка]. — Мінск : Беларусь, 1965. — 324 с. : іл.
  • Сказки Неманского края. — Вильнюс : Гослитиздат, 1951. — 125 с.
  • Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 1 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнауства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраул. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 639 с. — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0545-5 (ч.1) : 2884. — ISBN 985-08-0551-X.
  • Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 2 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнауства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраул. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 691 с. — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0552-8 (ч.2) : 3874. — ISBN 985-08-0551-X.
  • Бараг, Л. Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак / Л. Р. Бараг. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978. — 247 с.
  • Восточнославянский фольклор : Словарь научной и народной терминологии / Ред. колл. : К. П. Кабашников (отв. ред.) [и др.]. — справ. изд. — Минск : Навука і тэхніка, 1993. — 479 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян / К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1968. — 27 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Сустрэчы з казкай : Кніга для настаўніка / К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 95 с.
  • Сравнительный указатель сюжетов : Восточнославянская сказка : указатель / сост. Л. Г. Бараг [и др.]. — Ленинград : Наука. Ленингр. отделение, 1979. — 438 с.
  • «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» пад рэдакцыяй Н. С. Гілевіча
  • Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі усходнеславянскімі казкамі. — Мінск: Вышэйшая школа, 1969. — 256 с.
  • Кабашнікаў К. П. Паказальнік сюжэтаў беларускіх казак. — У кн.: Чарадзейныя казкі. Частка II. Мінск, 1978, с. 603—686.
  • Бараг Л. Г. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969, с. 159—179.
Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Беларускія народныя казкі