Тэатр Антонія Тызенгаўза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тэатр Антонія Тызенгаўза
Театр кукол в Гродно.JPG
Заснаваны 1769-80
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Гродна
Кіраўніцтва
Мастацкі кіраўнік Лявон Сітанскі

Тэатр Антонія Тызенгаўза — прыгонны тэатр, заснаваны Антоніем Тызенгаўзам, які працаваў у Гродне ў 17691780 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Антоні Тызенгаўз быў не толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных устаноў, ён стварыў і свой тэатр, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Гаэтана і Людавіка Петынеці з Неапаля.

Да 1774 года гэта быў невялікі ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў.

У 1780 годзе ён налічваў больш за 70 чалавек, у тым ліку артыстаў капэлы, з шырокім оперным і балетным рэпертуарам з твораў нямецкіх, французскіх і італьянскіх аўтараў.

У 17741777 гадах у складзе трупы пераважалі італьянскія артысты, запрошаныя па даручэнні магната яго прыдворным скрыпачом, кіраўніком капэлы Л. Сітанскім падчас яго замежных паездак.

У 1776 годзе тэатр канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т.л. вядомыя італьянскія вакалісты Дж. Кампанучы і К. Банафіні (усе пазней артысты італьянскай оперы Санкт-Пецярбурга), Я. Д. Гіблер, А.Бароні, а такасама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. Вядома таксама, што сам Антоні Тызенгаўз запрасіў італьянскую актрысу Ганну Давія, якая некаторы час спявала ў Гродне[1].

З 1778 года ў пастаноўках актыўна ўдзельнічалі вучні тэатральнай школы Тызенгаўза — прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты.

Балетная трупа ў 17791780 гады ўключала больш за 30 чалавек. Балетмайстры:

  • Г. Петынеці (17741779), ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў галоўныя партыі;
  • К. А. Марэлі (з 1779 года) і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г. Марэлі (Саламоні).

Сярод артыстаў вядомы былі Л. Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М. Адольская, А. Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне.

Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлы былі пераведзены ў Паставы.

Пасля смерці А. Тызенгаўза ў 1785 годзе паводле яго завяшчання «15 танцорак і 18 танцораў» сталі ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ў складзе балетнай трупы пераехалі ў Варшаву. З гэтага часу танцоўшчыкі і танцоўшцыцы А. Тызенгаўза сталі ядром «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці»[2].

Будынак тэатра[правіць | правіць зыходнік]

Будынак тэатра збудаваны ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя архітэктарамі Д. Сака і І. Мёзерам[3].

Будынак тэатра рамантавалі і перабудоўвалі на працягу XIX стагоддзя. Ён стаў як бы працягам палаца Тызенгаўза — злучалася з яго левым крылом крытым пераходам. У тэатры, акрамя партэра, меліся ложы, бельэтаж і балкон.

Тэатральная зала, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый.

У 1851 годзе архітэктар В. Міхаэліс склаў каштарыс на рамонт тэатра, які да таго часу нават і не абаграваўся (печаў не было)[4].

Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 гадах надбудаваны трэці паверх, расшырана сцэнічная каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Галоўны фасад асіметрычны, падзелены карнізам на дзве часткі. Над уваходам у левым крыле — вялікі балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэнічнай каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні першага і другога паверхаў. На першым паверсе размешчаны невялікае фае і службовыя памяшканні, на другім — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя.

Пасля капітальнага рамонту з 1984 года тут размяшчаецца Гродзенскі абласны тэатр лялек[3].

Акцёрская школа[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Крывой Афіцыны

Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян А. Тызенгаўз стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе ён паслаў для навучання за мяжу прыдворнага капельмайстра Л. Сітанскага.

Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасцей бралі дзяцей прыгонных сялян з яго маёнткаў. Там вучні набывалі акцёрскія навыкі, вучыліся іграць на музычных інструментах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, маляванне), а таксама рукадзелле, чыталіся лекцыі па агульным выхаванні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спектаклях тэатра.

Выхаванцы гэтай школы артысты балету Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі[5], спявачка М. Сітанская пазней праславіліся ў польскім тэатры[3].

У 17741780 гады школа працавала ў так званай Крывой афіцыне, вядомай таксама як «Музычны флігель». Яна месцілася насупраць палаца, мела дартуары (спальні) для вучняў (на трэцім паверсе), рэпетыцыйныя залы (на другім) і падсобныя памяшканні (на першым)[6].

Рэпертуар[правіць | правіць зыходнік]

Тэатр, які пачынаўся з невялікага ансамбля інструментаў і вакалістаў, да 1778 года дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах ставіліся оперы А. Грэтры(руск.) бел. «Маніфік», камедыі П. Бамаршэ «Севільскі цырульнік(руск.) бел.», «Вясковы балет» і «Балет пекараў» Г. Петынеці і іншыя[3].

Прыдворны аркестр, так званая капэла Тызенгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафесійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусі і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэла была ангажавана ў Нацыянальны тэатр(руск.) бел. у Варшаве. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, сімфоніі, розныя жанры побытавай музыкі.

У тэатры доўгічас захоўваліся ноты опер «Уяўнае вар’яцтва дзеля кахання» А.Сакіні, «Верная жонка» П. А. Гульельмі, «Пазнаная Мацільда» П.Анфосі, перапісваліся партытуры і аркестравыя галасы, што сведчыць пра намер іх сцэнічнага ўвасаблення, аднак невядома, ці быў ён рэалізаваны.

Значэнне тэатра[правіць | правіць зыходнік]

А. Тызенгаўзу былі блізкімі і зразумелыя ідэі Асветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асветы, інструмент выпраўлення нораваў і ўсталявання роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага края. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэнням французскіх асветнікаў, асабліва Д. Дзідро. Але ў адрозненне ад апошняга ён лічыў, што тэатр існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадства, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамеснікаў, гандляроў і неадукаваных сялян. Таму яго тэатр не стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Сяргей Чыгрын. Каханка Агінскага, Тызенгаўза… // Ніва № 42 (2579), 16 кастрычніка 2005 г.
  2. Паводле кн. Барышев Г. І. «Театральная культура Беларуси 18 в.» Мн., 1992
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Театр кукол (руск.) 
  4. АРХІТЭКТУРА ТЭАТРАЎ
  5. Міхаіл Рымінскі
  6. Тэатр Антонія Тызенгаўза і наш зямляк Міхаіл Рымінскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]