Перайсці да зместу

Свабодны тэатр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Свабодны тэатр» — андэграўндны тэатральны праект беларускіх прафесійных акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, які ўваходзіць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.

«Свабодны тэатр» быў заснаваны 30 сакавіка 2005 года Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой. У маі 2005 год да «Свабоднага тэатра» увайшоў рэжысёр Уладзімір Шчэрбань.

У Беларусі тэатр не мае ні сцэны, ні памяшкання для рэпетыцый, ні дзяржаўнай падтрымкі. У Беларусі спектаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах. Так, падчас прэм’ернага паказу спектаклю французскага рэжысёра Крысціяна Бенедэці па п’есе Эдварда Бонда «Адзінаццаць кашуль» у жніўні 2007 года супрацоўнікамі праваахоўных органаў былі затрыманы ўсе гледачы і акцёры «Свабоднага тэатра». Халезіна некалькі разоў арыштоўвалі за выступы з крытыкай беларускіх улад.

Спектаклі «Свабоднага тэатра» пабывалі з гастролямі ў Рызе, Маскве, Магілёве, Барысаве, Літве, Фінляндыі, Польшчы, Германіі і Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. «Свабодны тэатр» выступаў на лепшых пляцоўках Еўропы, такіх як Шведскі каралеўскі тэатр і прымаў удзел у самых прэстыжных еўрапейскіх фестывалях — такіх, як Тэатральнае біенале ў Вісбадэне, фестываль Еўрапейскай тэатральнай канвенцыі ў Сент-Эцьене. У маі 2007 года «Свабодны тэатр» запрошаны Парыжскім тэатрам пад кіраўніцтвам Крысціяна Бенедэці на месячныя гастролі ў Парыж. У пачатку мая «Свабодны тэатр» прыняў удзел у фесце «Пасаж» у Нансі.

«Свабодны тэатр» падтрымліваюць выдатныя творцы сучаснасці: Том Стопард, Вацлаў Гавел. Нобелеўскі лаўрэат Гаральд Пінтэр яшчэ пры жыцці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес.

У снежні 2010 года Свабодны тэатр паказаў у адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікабрытаніі, лонданскім «Young Vic» 2 спектаклі — «Спасцігаючы каханне» і «Лічбы». Удзел у пастаноўцы прынялі знакамітыя брытанскія акцёры Джуд Лоу, Іан Мак-Келен, Сэмюэль Уэст і іншыя[1].

Удзельнікі тэатра праводзілі неаднаразовыя акцыі пратэсту супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў Нью-Ёрку і Лондане.

Зноскі

  1. Брытанскія акцёры падпісалі петыцыю ў падтрымку свабоднай Беларусі(недаступная спасылка)
  2. Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам . Радыё Свабода (20 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.