Бортнікаўскі сельсавет
Бортнікаўскі сельсавет | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Уваходзіць у | Бабруйскі раён |
Уключае | 25 населеных пунктаў |
Адміністрацыйны цэнтр | Вялікія Бортнікі |
Дата ўтварэння | 21 жніўня 1925 |
Насельніцтва (2019) | 2 516 |
Часавы пояс | +2 |
Код аўтам. нумароў | 6 |
Афіцыйны сайт |
Бо́ртнікаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 года вёска) Вялікія Бортнікі.
Структура[правіць | правіць зыходнік]
Бортнікаўскі сельскі выканаўчы камітэт з’яўляецца выканаўчым і распарадчым органам на тэрыторыі Бортнікаўскага сельсавета і дзейнічае на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь ад 04 студзеня 2010 года № 108-3 «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», іншых заканадаўчых актах.
У сельскім выканкаме працуюць 4 чалавекі: старшыня, кіраўнік справамі, спецыяліст 1-й катэгорыі і тэхнічны работнік. Дэпутацкі корпус Бортнікаўскага сельскага Савета дэпутатаў — 15 чалавек, якія праводзяць дэпутацкую дзейнасць у сваіх выбарчых акругах.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Тэрыторыя Бортнікаўскага сельскага савета заходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Бабруйскага раёна і займае плошчу 160,4 км², што складае каля 10 % ад агульнай плошчы раёна. Адлегласць ад аграгарадка Вялікія Бортнікі да Бабруйска складае 25 км, да чыгуначнай станцыі Цялуша на лініі Бабруйск — Жлобін — 12 км. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца значныя населеныя пункты — аграгарадкі Міхалёва 1, Іванаўка, вёска Малыя Бортнікі.
Праз землі сельсавета праходзяць аўтамабільныя дарогі:
- Р43 Бабруйск — Рагачоў
- Н10079 Міхалёва 1 — Кавалі
- Н10086 Слабада — Плёсы
- Н10093 Малыя Бортнікі — Мартынаўка
- Н10097 Міхалёва 1 — Прагрэс
- Н10101 Барак — Іванаўка
- Н10452 Паўлавічы — Радуша
- Н10463 Ліпнякі — Паўлавічы
Ландшафт мясцовасці ўзгорыста-хвалісты, у паўднёва-заходняй частцы хвалісты з нязначнымі шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Аршанскі артэзіянскі басейн. Рака Ала (левы прыток ракі Бярэзіны, басейн Дняпра) падзяляе тэрыторыю на 2 няроўныя часткі. На ўчастку прыкладна ў 15 км у межах тэрыторыі сельсавета рака каналізавана. Шматлікія дробныя рэчкі і ручаі каналізаваны (былыя рэчкі Рынейка, Такарня, Баршчоўка і іншыя).
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Гісторыя мясцовага самакіравання пачынаецца ў 60-ыя гады XIX стагоддзя. Пасля сялянскай рэформы 1861 года ў Бабруйскім павеце створана Бортнікаўская воласць. У склад валаснога сходу ўваходзілі сельскія і валасныя службовыя асобы, а таксама так званыя «дзясяцідворнікі» — выбраныя ад кожных дзесяці двароў. Валасны сход выбіраў валаснога старшыню, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (абˈяўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).
Валасное кіраўніцтва засядала ў спецыяльным будынку — валасной управе. Яна адрознівалася ад звычайнай хаты большымі памерамі, шырокім ганкам, высокай страхой, вялікімі вокнамі, мела шырокі двор, на якім стаялі брычкі і павозкі, а ўнутры быў доўгі калідор з пакоямі на два бакі — кабінетамі чыноўнікаў.
У 1877 годзе ў склад Бортнікаўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні ўваходзілі 6 сельскіх абшчын — 26 вёсак, 2383 сялян. У розныя гады старшынямі воласці былі Павел Мазуронак, Іван Манько, Сцяпан Манько, Рыгор Каралёў.
З 1918 года ў Бортніках працаваў валасны рэвалюцыйны камітэт. З 29.08.1919 года да 10.08.1920 года ў Гомельскай губерні. Бортнікаўскі сельсавет утвораны 21 жніўня 1925 года ў складзе Бабруйскага 1-га раёна Бабруйскай акругі БССР. З 4 жніўня 1927 года ў складзе Бабруйскага раёна Бабруйскай акругі БССР. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Магілёўскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Міхалёўскага сельсавета[1].
Склад[правіць | правіць зыходнік]
На тэрыторыі Бортнікаўскага сельсавета знаходзяцца 25 населеных пунктаў, 1277 дамашніх гаспадарак. Колькасць насельніцтва складае 2847 чалавек.
Спіс населеных пунктаў Бортнікаўскага сельсавета (у дужках пазначана колькасць жыхароў станам на 2014 год)
- Азёры — вёска (43)
- Барак — пасёлак (36)
- Бірча — вёска (163)
- Бірча 1 — пасёлак (4)
- Бірча 2 — пасёлак (5)
- Воўчая Гара — вёска (22)
- Вялікія Бортнікі — аграгарадок (789)
- Жаваранкі — пасёлак (0)
- Іванаўка — аграгарадок (294)
- Койміна — вёска (35)
- Красная Дуброва — вёска (70)
- Крупічы — вёска (51)
- Лебядзёўка — вёска (31)
- Лейчыцы — вёска (59)
- Ліпнякі — пасёлак (4)
- Малінаўка — вёска (4)
- Малыя Бортнікі — вёска (382)
- Малыя Бортнікі — пасёлак (14)
- Марцінаўка — вёска (7)
- Міхалёва 1 — аграгарадок (667)
- Міхалёва 2 — вёска (51)
- Міхалёва 3 — вёска (59)
- Пустошка — вёска (16)
- Рыння — вёска (20)
- Узнога — вёска (49).
Спіс былых населеных пунктаў
- Азёрышча (далучана да Вялікіх Бортнікаў)
- Баранка (не існуе)
- Баршчова (не існуе)
- Будзішча (не існуе)
- Зялёны Гай (не існуе)
- Кальцо (не існуе)
- Культура (далучаны да Іванаўкі)
- Курыны Стан (не існуе)
- Кухенька (далучана да Бірчы)
- Лёдкаўка (не існуе)
- Моклішча (не існуе)
- Найледбін (далучаны да Іванаўкі)
- Селянін (далучаны да Іванаўкі)
- Сеяны Хвойнік (не існуе)
- Юрздыка, ён жа Новы Гарадок (далучана да Міхалёва 1)
- 10-ы Акцябр (далучаны да Іванаўкі)
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 2954 чалавекі[2], з іх 95,1 % — беларусы, 3,6 % — рускія, 0,8 % — украінцы[3]; паводле перапісу 2019 года — 2516 чалавек[4].
Сацыяльна-гаспадарчая сфера[правіць | правіць зыходнік]
На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць СВК «Гігант» (цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Вялікія Бортнікі), СВК "Калгас імя Дзяржынскага (цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Міхалёва 1), фермерскія гаспадаркі «Міхалёва», «Белая Русь», «Малочная даліна».
Установы адукацыі
- Міхалёўскі УПК дзіцячы сад-сярэдняя школа
- Бортнікаўскі дзіцячы сад
- Бортнікаўская сярэдняя школа
- Сацыяльны педагагічны цэнтр Бабруйскага раёна
Установы аховы здароўя
- Бортнікаўская амбулаторыя урача агульнай практыкі
- Міхалёўская участковая бальніца
- Іванаўскі фельчарска-акушэрскі пункт
Установы культуры
- Бортнікаўскі СДК
- Міхалёўскі СДК
- Іванаўскі СДК
- Бібліятэкі у аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка, вёсцы Малыя Бортнікі
На тэрыторыі сельсавета таксама знаходзяцца:
- Аддзяленні паштовай сувязі «Вялікія Бортнікі», «Міхалёва», «Іванаўка»
- Аддзяленні АСБ «Беларусбанк» № 5 у Вялікіх Бортніках, № 16 ў Міхалёве 1
- Комплексна-прыёмныя пункты бытавога абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка
- Магазіны ў аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка, у вёсках Малыя Бортнікі, Бірча, пасёлку Барак.
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Могилевской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2009 года
- ↑ Этнічны склад насельніцтва сельсаветаў Беларусі паводле перапісу 2009 года
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2019 года
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004
- Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
- Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.