Украінцы ў Беларусі

Украінцы ў Беларусі (укр.: Українці в Білорусі) — нацыянальная меншасць у Рэспубліцы Беларусь. Налічвае 158,7 тыс. асоб. Гэта 1,7 % ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Трэцяя па колькасці этнічная група Беларусі (пасля рускіх і палякаў)[1]. Украінцаў падзяляюць на аўтахтонных і мігрантаў. Аўтахтонныя ўкраінцы жывуць, галоўным чынам, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Тэрытарыяльна, болей за ўсё ўкраінцаў жыве ў Брэскай вобласці (40 тыс. асоб, альбо 2,9 % ад усяго насельніцтва вобласці). Найбольшая канцэнтрацыя ўкраінцаў — у паўднёва-заходняй частцы вобласці[2].
| Раён | Адсотак |
|---|---|
| Камянецкі раён | 7,4 |
| Маларыцкі раён | 7,2 |
| Брэсцкі раён | 6,9 |
| Кобрынскі раён | 4,5 |
| Жабінкаўскі раён | 4,3 |
| Брэст | 4,2 |
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Карэннае насельніцтва Заходняга Палесся расійскія навукоўцы другой паловы XIX ст. лічылі ўкраінскім, якое размаўляла «малороссийским наречием». Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у Гродзенскай губерні для 362,5 тыс. людзей роднай мовай пазначана ўкраінская, гэта 22,6 % ад усяго насельніцтва губерні. Украінская мова пазначана роднай для большасці насельніцтва ў наступных паветах Заходняга Палесся: у Брэсцкім павеце — 140 561 чалавек (64,4 %), у Кобрынскім павеце — 146 789 чалавек (79,6 %).[3]
| Родная мова насельніцтва Брэсцкага павета[4] (1897) | ||
|---|---|---|
| Мова | Колькасць, чал. | Частка |
| украінская | 140 561 | 64,4 % |
| яўрэйская | 45 397 | 20,8 % |
| руская | 17 759 | 8,1 % |
| польская | 8 515 | 3.9 % |
| беларуская | 3 997 | 1,8 % |
| Агулам | 218 432 | 100 % |
| Родная мова насельніцтва Кобрынскага павета[5] (1897) | ||
|---|---|---|
| Мова | Колькасць, чал. | Частка |
| украінская | 146 789 | 79,6 % |
| яўрэйская | 25 307 | 13,7 % |
| руская | 5 746 | 3,1 % |
| польская | 4 148 | 2,2 % |
| беларуская | 1 563 | 0,8 % |
| Агулам | 184 453 | 100 % |

Украінска-беларускую мяжу ўздоўж лініі падзелу Польшчы ці зусім побач з ёй вызначалі: Маскоўская дыялекталагічная камісія (лінгвістычная)[6], беларускі мовазнаўца Яўхім Карскі (лінгваэтнічная)[7], польскі мовазнаўца Лешак Асоўскі (лінгвістычная)[8], польскі лінгвіст Уладзіслаў Курашкевіч (лінгвістычны)[9], чэшскі славіст, археолаг і этнограф Любар Нідэрле (этнічны)[10], расійскі лінгвіст Аляксей Сабалеўскі (лінгвістычны)[11], расійскі географ, картограф і этнограф Аляксандр Рыціх (этнічны)[12], расійскі славіст і лінгвіст Цімафій Фларынскі (лінгвістычны і этнічны)[13], украінскі географ Сцяпан Рудніцкі (этнічны)[14], археолаг Юрый Кухарэнка (этнічны)[15], украінскі бібліёграф Фёдар Максіменка (этнічны)[16], этнаграфічныя і лінгвістычныя карты Канстанціна Міхальчука, Усевалада Ганцова, Мірона Кордубы, Івана Зілінскага, Уладзіміра Кубіёвіча, Фядота Жылка, «Атлас украінскай мовы», H. Nobert, Sprechenkart Mitteleirop, D. Schefer, E. Engelhardt, A. Доктар Excel, Д. Шлефер[17].
Беларускі дыялектолаг Фёдар Клімчук адзначаў:
«Адной з найбольш значных этнаграфічных груп на Палессі з’яўляецца брэсцка-пінская (загародская), у якой у гаворцы і самасвядомасці найбольш праяўляюцца рысы „ўкраінскасці“. У пачатку ХХ стагоддзя ўкраінская свядомасць на Заходнім Палессі значна пашырылася, пачаўся рух за ўкраінскую культуру, адукацыю»[18].
З лютага 1918 па студзень 1919 года Берасцейшчына ўваходзіла ў склад Холмскай губерні Украінскай Народнай Рэспублікі з цэнтрам у Брэсце.
У пачатку 1920-х на поўдні сучаснай Беларусі аселі некаторыя дзеячы Украінскай Народнай Рэспублікі і ўдзельнікі Украінскай рэвалюцыі 1917—1921 гадоў (напрыклад, Іван Кабылка, намеснік міністра шляхоў зносін УНР).
У 1920-я гады на Брэстчыне дзейнічалі ўкраінская арганізацыя «Просвіта на Поліссі», украінскі банк, украінскія кааператывы, чытальні, саюз жанчын, прыватная школа імя Алексы Старажэнкі ў Брэсце.
У 1927 годзе гарадская рада Брэста дамаглася дазволу, каб загады і аб’явы адміністрацыі выходзілі па-ўкраінску[19].
У 1922 годзе ўкраінскія паслы разам з беларусамі, яўрэямі, немцамі ўваходзілі ў Блок нацыянальных меншасцей у польскім сейме.
За выбарцаў на поўдні Беларусі канкуравалі ўкраінскія партыі «СельСоюз», «СельРоб», «СельРоб-Єдність», Камуністычная партыя Заходняй Украіны[20].
Яшчэ з ХІХ стагоддзя ўкраінскі рух на Палессі падтрымлівалі святары. У 1863 годзе святар Чарнаўчыцкай царквы Стафан Пашкоўскі апублікаваў заклік да выкарыстання ўкраінскай мовы ў рэгіянальным жыцці, у 1855—1877 выкарыстоўваў яе ў багаслужэннях.
У 1918 годзе было створана некалькі прыходаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы. Святары мясцовых прыходаў неавізантыйскага абраду, якія спрыялі нацыянальнаму руху, неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям. У 1928 годзе ў Брэсце адбыўся Украінскі царкоўна-народны з’езд, у ім удзельнічалі 52 дэлегаты. У 1942 годзе пры Пінскім саборы была створана кананічная іерархія Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1942—1944 гадах дзейнічалі прыходы ўкраінскіх аўтанамісцкіх і аўтакефальных цэркваў.
Быў пашыраны і неапратэстантызм. У даваенны перыяд украінскія спеўнікі былі папулярнымі ў мясцовых пратэстанцкіх абшчынах. Вядомыя прыклады актыўнай падтрымкі прасвітарамі на Берасцейшчыне дзейнасці ўкраінскага нацыянальнага падполля. Епіскапам Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы стаў Паўло Артэмюк (епіскап Платон), дырэктар прыватнай украінскай школы імя Алексы Старажэнкі ў Брэсце[21].
У БССР (на Гомельшчыне) украінцы масава ратаваліся ад Галадамора 1932—1933 гадоў. Некаторыя змаглі асесці.
Аўтары «ліста беларускіх працоўных» кіраўніцтву Украіны 15 ліпеня 1932 года канстатавалі:
«На Беларуси із за украінцямі нельзя не прайсці не праехаць як на желдарогі, так і на дорогах. Всюди уйма голодных оборваных украінцеу, каторые валяюцца по уліцам местечков Беларусі: Жлобін, Гомель, Бахмуч, Быхау, Магілеу, Орша, Мінск, Сіроціно і повсюду полно. По лесам некоторые жывуць. До чого гэта доходзіць, к чему гэта выйдзе? Шмат украінцеу бывае за хлебом каля самой мяжы буржуазной паньской Польшчы»[22].
Перапіс 1926 года налічыў у БССР 34 681 украинца[23]. Паводле перапісу 1939 года, у БССР налічвалася 104 247 украінцаў[24].
У час нацысцкай акупацыі у склад рэйхкамісарыята «Украіна» ўключылі асноўную частку Брэсцка-Пінскага і частку Гомельскага Палесся, адпаведна і карэннае насельніцтва гэтай тэрыторыі было запісана ўкраінцамі.
У 1944—1945 гадах у часткі брэсцка-пінскіх палешукоў, прызваных у Чырвоную Армію, нацыянальнасць «украінец» значылася ў ваенных білетах[18].
Украінскі рух у Брэсцка-Пінскім рэгіёне працягваўся да 1956 года, набыўшы і форму ўзброенага супраціву, частка насельніцтва Палесся далучылася ў дзейнасці Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Украінскай Паўстанцкай Арміі. У 1944 годзе НКВД налічвала на Кобрыншчыне 5 тысяч украінскіх паўстанцаў, гісторык Уладзімір Гуленка кажа пра 14 тысяч[25][18].
У 1945 годзе 3808 удзельнікаў УПА ў БССР было арыштавана, 98 забіта[26].
Апошні бой КГБ і УПА адбыўся ў 1952 годзе ў Іванаўскім раёне. А апошні ўкраінскі партызан на Берасцейшчыне загінуў у 1956 годзе. 12 тысяч жыхароў Берасцейшчыны былі рэпрэсаваныя за дапамогу ўкраінскаму руху[27].
Да 1950-х гадоў у вёсках і гарадскіх пасёлках Заходняга Палесся развівалася ўкраінская мастацкая самадзейнасць: аматарскія хоры выконвалі ўкраінскія песні, драматычныя гурткі ставілі ўкраінскія п’есы. Перапіс 1959 года ў межах сучаснай Беларусі налічыў 133 061 украінца, перапіс 1970 года — 190 839 украінцаў, перапіс 1979—231 989 украінцаў, перапіс 1989—291 008 украінцаў[18].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года налічвалася 237 014 украінцаў, паводле перапісу 2009 года — 158 723 украінца, паводле перапісу 2019 года — 159 656 украінцаў[28].
З атрыманнем незалежнасці ў Беларусі сталі з’яўляцца грамадскія арганізацыі, якія ставілі за мэту адражэнне і захаванне ўкраінскай ідэнтычнасці. Першым было Украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне Брэсцкай вобласці, створанае Міколам Казлоўскім, якое аб’яднала ў першую чаргу аўтахтонных украінцаў Берасцейшчыны (у наступныя гады з УКГАБВ вылучыліся «Товариство Просвіта Берестейщини ім. Т. Шевченко», «Українська науково-педагогічна спілка „Берегиня“», таварыства «Полісся»). З 2019 года існуе ўкраінская Берасцейская літаратурная прэмія імя Васіля Дмітрыюка (лекара, пасла ад Берасцейшчыны ў польскі сейм на выбарах 1922 года).
У 1992 годзе дзяржаўную рэгістрацыю атрымала мінскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра», якое ўзначаліў Багдан Міхайлюк з Івана-Франкоўшчыны. Актуальны кіраўнік аб’яднання — Уладыслаў Кадыра[29].
На чэрвень 2023 года рэгістрацыю Мінюста Беларусі мелі наступныя грамадскія аб’яднанні ўкраінцаў: «Заповіт» (Мінск, кіраўніца Галіна Калюжная), «Верховина» (Гомель), «Краяни» (Маладзечна, кіраўніца Ясенія Мікуліч), «Днепр» (Магілёў, кіраўнік Генадзь Гузій), «Трембита» (Ліда, кіраўнік Аляксандр Літвіненка), «Обрій» (Калодзішчы, кіраўніца Таццяна Струк), «Цэнтр украінскай культуры „Січ“» (Мінск, кіраўніца Валянціна Логвін), «Барвінак» (Гродна, кіраўніца Наталля Шаламіцкая)[30].
Да 2008 года кабінет украіністыкі дзейнічаў у Брэсцкім педагагічным універсітэце. Украінская мова вывучаецца сярод славянскіх моў на філалагічным факультэце БДУ.
У 2010-х у Мінску, Брэсце, Гомелі, Маладзечне праводзіліся курсы ўкраінскай мовы для дарослых, у Мінску таксама і для дзяцей.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]У дачыненні мовы, украінцы паступова асімілююцца, але не беларусіфікуюцца, а, галоўным чынам, русіфікуюцца.
| Вобласць | Украінская | Руская | Беларуская | Іншая/няма звестак |
|---|---|---|---|---|
| Брэсцкая | 39,3 % | 51,5 % | 7,9 % | 1,3 % |
| Віцебская | 26,5 % | 66,7 % | 5,8 % | 1,0 % |
| Гомельская | 26,7 % | 62,5 % | 9,1 % | 1,7 % |
| Гродзенская | 23,4 % | 64,0 % | 11,2 % | 1,4 % |
| Мінск | 23,8 % | 67,9 % | 5,4 % | 2,9 % |
| Мінская | 28,7 % | 60,8 % | 8,8 % | 1,7 % |
| Магілёўская | 26,2 % | 65,0 % | 7,5 % | 1,3 % |
| Беларусь | 29,2 % | 61,2 % | 7,9 % | 1,7 % |
Славутыя людзі
[правіць | правіць зыходнік]З поўдня Беларусі (Брэсцкая вобласць) паходзяць украінскія пісьменнікі-класікі Дмытро Фалькіўскі, Астап Лапскі (лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі), Іван Хміль, Фёдар Одрач, артыст, заснавальнік украінскага тэатра Марыі Занькавецкай і тэатральнага прафсаюза Аляксандр Каральчук.
Апошні перыяд жыцця правёў на Берасцейшчыне ўкраінскі класік Алекса Старажэнка.
Беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч нарадзілася ў сям’і беларуса і ўкраінкі, сельскіх настаўнікаў. «Я заўжды кажу, што ганаруся, што ў мяне ўкраінская кроў», — адзначала пісьменніца[31].
Зноскі
- ↑ Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве: вучэб.-метад. дапам. / Т.А. Навагродскі [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2009. — С. 300.
- ↑ https://archive.today/20120523225241/belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/itogi1.php - Перепис 2009 года. Статистичні публікації.
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus_lan_97_uezd.php?reg=344 Вынікі перапісу насельніцтва 1897 года. Нацыянальны склад. Гродзенская губерня
- ↑ Насельніцтва Брэсцкага павета. Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2011. Праверана 31 сакавіка 2011.
- ↑ Насельніцтва Кобрынскага павета. Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2011. Праверана 31 сакавіка 2011.
- ↑ Леонюк 1996, p. 203.
- ↑ Леонюк 1996, p. 149.
- ↑ Леонюк 1996, p. 222.
- ↑ Леонюк 1996, p. 173.
- ↑ Леонюк 1996, p. 211.
- ↑ Леонюк 1996, p. 283.
- ↑ Леонюк 1996, p. 263.
- ↑ Леонюк 1996, p. 315.
- ↑ Леонюк 1996, p. 267.
- ↑ Леонюк 1996, p. 175.
- ↑ Леонюк 1996, p. 191.
- ↑ Леонюк 1996, p. 334.
- ↑ а б в г Клімчук Ф. Украінцы // Гісторыя Беларусі. — Т. 6. Ч. 1. — С. 573.
- ↑ Аказваецца: сапраўдныя шатландцы жылі пад Гродна, а галандцы – блізу Брэста. І добра там пачуваліся! (руск.). citydog.io. Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Берестейщина – регiон в лабетах геополiтики | Ukrainian Places. www.ukrainianplaces.com. Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Мисиюк, В. С. Брестский народно-церковный съезд 1928 года / В. С. Мисиюк // Христианские ценности и межкультурное взаимодействие : сборник научных статей международной научно-практической конференции, Брест, 29–30 октября. — Брест: Издательство БрГТУ, 2020. — С. 85-89.
- ↑ Ішчанка, Віталь. Як беларусы ўкраінцаў ад Галадамору ратавалі . Новы Час (30 красавіка 2018). Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Всесоюзная перепись населения 1926 года. Национальный состав населения по республикам СССР Архіўная копія. . demoscope.ru. Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Всесоюзная перепись населения 1939 года. Национальный состав населения по республикам СССР Архивная копия.
- ↑ Natatnik. Малоизвестная история УПА на Брестчине (руск.). Natatnik (8 чэрвеня 2020). Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ ОУН-УПА в Беларуси. 1939‒1953 гг.: документы и материалы. — Минск: Выш. шк., 2012. — С. 10.
- ↑ Як у 1956 годзе загінуў апошні партызан УПА на тэрыторыі Беларусі . Наша Ніва (25 лютага 2024). Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Belstat chart view. census.belstat.gov.by. Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Руководитель объединения украинцев: Беларусь очень гостеприимная страна (руск.). belta.by (12 верасня 2024). Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Kitsoft. Посольство Украины в Республике Беларусь - Украинцы в Беларуси (руск.). belarus.mfa.gov.ua. Праверана 30 лістапада 2025.
- ↑ Все, що ви маєте знати про Світлану Алексієвич. Висновки. Праверана 30 лістапада 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Леонюк В. Словник Берестейщини. — Львів : Видавнича фірма «Афіша», 1996. — Т. 1. — 360 с. — ISBN 966-95063-0-1.
- Леонюк В. Словник Берестейщини. — Львів : Видавнича фірма «Афіша», 2010. — Т. 2. — 248 с. — ISBN 978-966-325-135-6.
- Сидорук, Іван. Проблема українсько-білоруської мовної межі = Das Problem der ukrainisch-weißruthenischen Sprachgrenze. — 1948. — 23 с. — (Slavistica. Праці Інституту слов’янознавства УВАН / за ред. Я. Б. Рудницького ; ч. 3).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сяргей Лашчанка. Беларуская Кубань. Як жывуць украінцы на этнічных землях Берасцейшчыны? // «Україна Молода» № 164 за 7 верасня 2010 года
- Інтэрнэт-старонка Украінскага Дому Архівавана 4 студзеня 2012.