Бульбамуві

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Бульбамувi ці «Bulbamovie» (руск.: Бульбамуви) — фестываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які пачаў праводзіцца з 2011 г. па ініцыятыве часткі беларускіх кінематаграфістаў і культуролагаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафестывалям у Рэспубліцы Беларусь. З'яўляецца пляцоўкай для сустрэч вытворцаў прыватнага беларускага кіно і кінакрытыкаў, зацікаўленых у асэнсаванні стану і шляхоў развіцця сучаснага беларускага кінамастацтва. Сімвалам фестываля з'яўляецца бульба.

Заснавальнікам і арганізатарам (дырэктарам) кінафестываля з'яўляецца беларус Януш Гаўрылюк (нар. 1975), жыхар і грамадзянін Рэспублікі Польшча, выпускнік факультэта беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, журналіст тэлеканала «Белсат», які выказаўся, што хоча гэтым дапамагчы развіццю беларускага кіно.

Фестывалі 2011, 2012, 2013 і 2014 гг. праходзілі ў Варшаве (Польшча) з удзелам беларускага і польскага творчага асяроддзя. У 2015 г. фестываль прайшоў у дзвюх краінах — Беларусі і Польшчы.

З 2012 г. пераможцы конкурсу пачалі атрымліваць прызы: статуэтка «бронзавая бульба» (і 1000 польскіх злотых), «срэбная бульба» (1500 злотых) і галоўная ўзнагарода — «залатая бульба» (2500 злотых).

Гісторыя задумкі і назвы[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарам ідэі фестываля з'яўляецца беларус Януш Гаўрылюк (нарадзіўся ў 1975 г.), ураджэнец г. Бельска Падляскага і грамадзянін Рэспублікі Польшча, выпускнік факультэта беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Януш Гаўрылюк з дзяцінства любіў здымаць на відэакамеру хатняе відэа і, калі ў дарослым узросце пачаў вывучаць культуру Беларусі, зацікавіўся, якое кіно здымаюць у цяперашняй Беларусі[1]. Маладога радыё-журналіста Януша Гаўрылюка вельмі ўразіў фільм беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», таму Гаўрылюк вырашыў пазнаёміцца ў Мінску з Кудзіненкам і зрабіць інтэрв'ю[2]. Пасля інтэрв'ю Гаўрылюк і Кудзіненка пасябравалі, а хутка нарадзілася ідэя зладзіць паказ беларускага кіно ў Польшчы, хоць думкі пра тое віталі ў культурным асяроддзі Беларусі даўно[3].

Прыдумваючы назву новаму фестывалю, аўтары натхняліся выразам «спагеці-вэстэрн» і выкарысталі адзін з сімвалаў Беларусі — бульбу. Паводле слоў Андрэя Кудзіненкі, фестываль атрымаў назву «Бульбамуві» па аналогіі з уласна акрэсленай Кудзіненкам назвай жанру сваёй кінастужкі «Масакра» — «bulbа-horror» (г.зн. «бульба-жах» — «фільм жахаў у беларускай манеры»). Сама назва паджанру фільмаў жахаў «bulbа-horror» была створана па аналогіі з жанрам «спагеці-вестэрн»(руск.) бел., паджанрам фільмаў-вестэрнаў, які быў распрацаваны італьянскімі кінематаграфістамі і, па ацэнцы некаторых кінакрытыкаў, пераўзышоў класічныя фільмы-вестэрны, здыманыя амерыканцамі[4].

Некаторыя беларусы на працягу некалькі год падыходзілі да Януша Гаўрылюка і казалі, што фестываль — выдатны, але назва — не вельмі ўдалая. Януш Гаўрылюк распавёў журналістам, што ў аргументацыі на карысць пазітыўнасці назвы яму дапамог Міхал Анемпадыстаў, які неяк доўга тлумачыў аднаму беларусу, што «бульба» — гэта не «бульбаш», і што сама бульба — вельмі і вельмі прыгожая гародніна[5]. Менавіта ў 2011 г. (з года пачатку фестываля) Міхал Анемпадыстаў дэбютаваў як фатограф, прэзентаваўшы сваю фотавыстаўку «Under Ground»: у фотапрацах Анемпадыстаў засяродзіўся на беларускай гародніны, каб такім спосабам адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры[6]. Выбар сваёй тэматыкі патлумачыў тым, што беларусы, на думку Анемпадыстава, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі — нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя — пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца»[7]. З 2013 г. удаласць назвы фестываля ніхто не аспрэчваў[8].

9 верасня 2015 г. дырэктар фестываля Януш Гаўрылюк адносна фармата адзначыў: «Мы не ставім такога патрабавання, каб кіно было толькі на беларускай мове. Галоўны прынцып для нас — кіно павінна быць цікавым»[9].

Фестываль спрыяе распаўсюджанню беларускай культуры, дае мажлівасць заявіць пра сябе маладым творцам.

Бульбамуві 2011[правіць | правіць зыходнік]

Першы кінафестываль «Bulbamovie», які праходзіў 22-23 кастрычніка 2011 г. у кінатэатры «Luna» у самым цэнтры Варшавы, быў своеасаблівай справаздачай пра фільмы, зробленыя ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Праект фінансаваўся Mіністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча[10].

Арганізатары паспрабавалі сканцэнтравацца на беларускам сучасным недзяржаўным кіно. Сваю творчасць паказалі каля 1500 кінааматараў. Арганізатары кінафестывалю толькі паказвалі фільмы і не выяўлялі пераможцаў.

Кінапрагляд быў падзелены на некалькі блокаў. Між іншага, былі прадстаўлены рэтраспектыва фільмаў Андрэя Кудзіненкі[11] («Акупацыя. Містэрыі», «Розыгрыш», «Масакра»), фільм «Выпадак з пацаном» Сяргея Лобана, фільмы маладых творцаў Арцёма Лобача («Дом»), Сяргея Каласоўскага, Асмялоўскага, а таксама дакументальныя стужкі «Беларусьфільма», тэлеканала «Белсат» (напрыклад, адна з лепшых «Aсколкі і Свята на нашай вуліцы» і г.д.), Галіны Адамовіч («Затрыманае ў часе Палессе») і аматараў (Куцілы, Віктара Аслюка і інш.).

Падчас фестывалю былі арганізаваны дыскусійныя панэлі з удзелам польскіх і беларускіх кінакрытыкаў, аўтараў і гледачоў. Галоўнай тэма абмеркавання было пытанне пра тое, як зрабіць беларускае кіно канкурэнтаздольным на рынку і цікавым на міжнародных кінафестывалях.

За два з паловай дні кінафестываль наведалі каля 1500 чалавек, большасць з іх — палякі і беларусы (тыя і тыя — галоўным чынам, жыхары Варшавы і Падляшша).

Бульбамуві 2012[правіць | правіць зыходнік]

Часткай праграмы фестывалю «Bulbamovie», які праходзіў 26-28 кастрычніка 2012 г. зноў у кінатэатры «Luna» у Варшаве (Польшча), пачаў ужо з'яўляцца конкурс для маладых творцаў беларускага кіно. Праект фінансаваўся Mіністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча[12]. Уваход для гледачоў быў вольным.

У конкурсе прымалі ўдзел мастацкія і дакументальныя стужкі, створаныя за апошнія пяць гадоў. У склад журы ўвайшлі: беларускі кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка (Беларусь), культуролаг і крытык Максім Жбанкоў (Беларусь), кінакрытык Лукаш Мацяеўскі (Польшча), эксперт Польскага інстытута кіно і мастацтва Пётр Келяр (Польшча), беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык (Беларусь), якія выбіралі пераможцаў сярод 19 кароткаметражных фільмаў гульнёвай і дакументальнай формы.

27 кастрычніка 2012 г. адбылося афіцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.

  • «залатая бульба»: галоўны прыз было вырашана не прысуджаць.
  • «срэбная бульба»: журы вызначыла адразу двух срэбных прызёраў — мастацкі фільм рэжысёра Андрэя Палупанава «Жыццё ў торбе ў клетку» (гісторыя пра жанчыну, якая жыве ў гармоніі з светам, хоць і здаецца дзіўнай) і дакументальны фільм рэжысёра Арцёма Лобача «Простыя рэчы» (спроба зразумець душу простага беларускага мужыка).
  • «бронзавая бульба»: дакументальны фільм Алеся Лапо «Вандроўнік не вернецца» (аб вандроўніку Кірылу Краўцову, які аб'ехаў куткі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, але вярнуўся ў Беларусь, каб даць новае жыццё вымерлай вёсцы, перайсці на беларускую мову і проста прымаць гасцей).

Бульбамуві 2013[правіць | правіць зыходнік]

Прайшоў 19-20 кастрычніка 2013 г. у Варшаве ў кінатэатры «Luna». Праект фінансаваўся Mіністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча[13]. Прыярытэтамі фестываля сталі папулярызацыя беларускага кіно ў Польшчы і дапамога маладым беларускім стваральнікам кіно праз узнагароды. На конкурс было пададзена 34 заяўкі, з якіх арганізатары фестываля адабралі 16.

Навацыяй мерапрыемства сталі майстар-класы ў фае кінатэатра, дзе гледачоў яшчэ і частавалі печанай бульбай з селядцом і маслам, а таксама прэзентацыя фотавыстаўкі «Людзі Bulbamovie — беларускае кіно гэта...?» мастачкі Юліі Цяльпук. Вядучым і мадэратарам быў Аляксандр Памідораў.

Членамі журы сталі: кінакрытык Пётр Чэркаўскі (Польшча), кінажурналіст Яцэк Дзідушка (Польшча), журналіст Аляксей Шота (Беларусь), рэжысёр Aндрэй Kудзіненка (Беларусь), кінакрытык Максім Жбанкоў (Беларусь), рэжысёр Юрый Kаліна (Польшча).

У суботу 19 кастрычніка адбыўся паказ конкурсных фільмаў і журы падвяло вынікі конкурсу.

  • «залатая бульба»: 5-ці хвілінны анімацыйны фільм «Фокус», рэжысёрам якога з'яўляецца Марыя Матусевіч, — пра тое, як белы кролік прыбірае сваё жытло — здыманы цёмны «пакойчык» (капялюш), поўны розных сюрпызаў.
  • «срэбная бульба»: 35-ці хвілінная дакументальная стужка «Не веру» (рэжысёр — Таццяна Сяцко): своеасаблівае дакументальнае даследаванне калятэатральнай прасторы сучаснай Беларусі і спроба асмыслення прафесійнай мастацкай адукацыі.
  • «бронзавая бульба»: 4-х хвілінная анімацыйная стужка «Горад», якая мае двух рэжысёраў — Андрусь Такінданг і Дзяніс Мяжуй, якія ў творы расказалі аб уплыве мастацтва на людзей, а пляцоўкай стаў горад Мінск. У стужцы гучыць і ўласная музыка рэжысёраў (творчасць гурта «RECHA»).

Спецыяльную прэмію тэлеканала «Белсат» атрымала 15-ціхвілінная стужка «Чорны і белы» рэжысёра Сяргея Каласоўскага (аб маладой маці Тані і яе сыне Даніку, якая шукае, дзе мяжа паміж чорным і белым, дабром і злом, балансуючы паміж даглядам за сынам, начнымі забавамі і небяспечным хобі).

Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў 90-хвілінны мастацкі фільм «Бaбруйск-Дакар» (рэжысёр Аляксандр Дзебалюк): аб тым, што перашкоды існуюць толькі ў галовах людзей і замінаюць ім кахаць, марыць і быць свабоднымі. Фільм раней перамог у другім конкурсе Нацыянальных кінапраектаў, які праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Дзень скончыўся дэманстрацыяй мастацкага фільма «У тумане» (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы, а таксама музычным канцэртам груп «AKUTE» і «NO LOGO» у Цэнтральным доме культуры у Варшаве.

У нядзелю 20 кастрычніка адбыўся пазаконкурсны паказ беларускіх фільмаў: «Goodbye бацька» (2004) рэжысёра Паўла Kанавальчыка; «Kолер кахання» (2004) рэжысёра Aляксандра Kанановіча; «Шчыт Айчыны» (2007) рэжысёра Дзяніса Скварцова; «Жыве Беларусь» (2012) рэжысёра Kшыштафа Лукашэвіча; адзін з першых беларускіх нямых фільмаў «Кастусь Каліноўскі» (1927) рэжысёра Уладзімiра Гардзіна, з жывым музычным суправаджэннем у выканнані Сяргея Пукста.

Трэці фестываль «Бульбамуві» яшчэ больш, чым папярэднія, вызначыў лінію, што фестываль набыў фармат фестываля пачаткоўцаў, фестываля стартаў[14].

Бульбамуві 2014[правіць | правіць зыходнік]

Прайшоў 24-26 кастрычніка 2014 г. у Варшаве ў кінатэатры «Muranów». Праект фінансаваўся таксама Mіністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча ў рамках конкурсу «Польска-беларускія супольныя дзеянні 2014».

На конкурс было пададзена 69 заявак (фільмаў), з якіх арганізатары фестываля адабралі 20 беларускіх каротка- і поўнаметражных, мастацкіх і дакументальных фільмаў для ўдзелу ў конкурсе. Заявак прыйшло дастаткова, каб падзяліць іх на дзве катэгорыі — дакументальныя і мастацкія фільмы.

Вядучым і мадэратарам быў Максім Жбанкоў (Беларусь). Членамі журы сталі: дакументаліст Яцэк Блавут(польск.) бел. (Польшча), супрацоўніца Польскага інстытуту кінамастацтва Аляксандра Ружджыньская (Польшча), рэжысёр Юрый Kаліна (Польшча), рэжысёр Aндрэй Kудзіненка (Беларусь), кінакрытык Андрэй Расінскі (Беларусь), дакументаліст Віктар Аслюк (Беларусь).

24 кастрычніка дэманстраваліся трэйлеры 13 паўнаметражных дакументальных фільмаў, створаных ранейшымі лаўрэатамі фестывалю «Бульбамуві», а таксама польскімі і ўкраінскімі творцамі (Яцэк Блавут, Мацей Дрыгас, Мацей Лазіньскі, Мірак Дэмбіньскі інш.) у 2014 г. у рамках дакументальнага кінапраекта польскіх дакумэнталістаў «Маладыя пра маладых». Большая частка гэтых прац была прысвечана бягучым падзеям на Украіне і Еўрамайдану (2014). Беларускія дакументалісты (і лаўрэаты «Бульбамуві 2012») зрабілі стужкі на беларускую тэматыку: Алесь Лапо зрабіў фільм пра двух маладых беларусаў, якія ездзяць па вёсках Беларусі і паказваюць мясцовым жыхарам кіно; а Арцём Лобач — фільм пра арт-вёскі ў Беларусі і Украіне. У той жа дзень рамках фестывалю дэманстраваўся дакументальны фільм «Майдан. Рэвалюцыя годнасці» (2014) рэжысёра Сяргея Лазніцы і адбылася польская прэм'ера новага мастацкага фільму вядомага беларускага дакументаліста Віктара Аслюка «Рускі» (2014)[15].

25 кастрычніка на фестывалі быў конкурсны паказ (11 фільмаў).

  • «залатая бульба»: 30-ці хвілінны мастацкі фільм «Вартаўнік», рэжысёрам якога з'яўляецца Віктар Красоўскі.
  • «срэбная бульба»: мастацкая стужка «Баба, Ваня і каза» (рэжысёр — Дар'я Юркевіч). Фільм таксама атрымаў яшчэ адну ўзнагароду фестывалю — Прыз сімпатый гледачоў.
  • «бронзавая бульба»: кароткаметражная стужка «Рэканструкцыя бяссонніцы» (рэжысёр — Нэла Васілеўская).

Спецыяльную прэмію тэлеканала «Белсат» атрымала стужка «Пра любоў: Іра» (рэжысёр — Любоў Зямцова) — аб праблемах штодзённага жыцця жанчын у сучаснай Беларусі, але ў першую чаргу аб любові. Спецыяльную ўзнагароду ад журы атрымаў анімацыйны фільм «А што ў лузе?» (рэжысёры — Марыся Тульжанковая і Аляксандр Падкапаеў): у аснове анімацыі — запісы галасоў бабуль, зробленыя рэжысёрамі падчас фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ў 2013 г. у вёсцы Дзербічы Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскай вобласці Беларусі.

26 кастрычніка фэстываль скончыўся паказам старога беларускага фільму «Усходні калідор» (1966) Валянціна Вінаградава і прэм'ерным паказам мастацкага фільму «Hard Reboot» (2014) беларускага рэжысёра Aндрэя Kудзіненкі[16]. У фінале мерапрыемства гасцей фестывалю пачаставалі стравай са 150 печаных бульбін.

Бульбамуві 2015[правіць | правіць зыходнік]

Прайшоў 23-25 кастрычніка 2015 г. адначасова ў дзвюх краінах — Беларусі і Польшчы: у Мінску (Нацыянальны цэнтр Сучасных Мастацтваў); у Варшаве (у кінатэатры «Muranów») і Кракаве. Праект не фінансаваўся ўжо Mіністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча[17]. Фундатарам фінансавых прызоў фестываля стаў тэлеканал «Белсат»[18].

На конкурс было пададзена 47 заявак (фільмаў). Меншая колькасць заявак, чым у папярэднія гады, тлумачылася меншай рэкламай фестываля ў гэтым годзе ў Беларусі[19].

Адкрыццё фестываля адбылося 23 кастрычніка ў варшаўскім кінатэатры «Muranów», які прапанаваў арганізатарам залю бясплатна[20]. 23-24 кастрычніка 2015 г. у кінатэатры «Muranów» (Варшава) у рамках пазаконкурснай праграмы дэманстраваліся нямецкая і італьянская дакументальныя стужкі пра сучасную Беларусь: «Капусны касмічны карабель» нямецкага рэжысёра Роберта Экштэйна (пра гастролі лужыцкага калектыву «Берлінская дарога» па Беларусі) і «Made in BY» італьянскага рэжысёра Луіджы Мілардзі (пра культурны працэс у сучаснай Беларусі)[21]. Быў паказаны таксама дакументальны фільм Анастасіі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне»[22].

У конкурснай частцы фестываля прымалі ўдзел 16 фільмаў, 12 з якіх былі паказаны ў Мінску 23-24 кастрычніка[23]. У Польшчы 25 кастрычніка дэманстраваліся (з-за абмежаванасці фінансавых сродкаў — для стварэння польскамоўных тытраў і інш.) толькі тры фільмы — якія перамаглі ў конкурсе фестываля[24].

У склад журы ўвайшлі: (старшыня) культуролаг і крытык Максім Жбанкоў (Беларусь); кінарэжысёр Віктар Красоўскі[25] (Беларусь); журналіст і крытык Антон Сідарэнка (Беларусь).

  • «залатая бульба»: 13-ці хвілінны дакументальны фільм «Пасха Хрыста», рэжысёрам якога з'яўляецца Дар'я Юркевіч: дослед пра тое, што чакаюць, на што спадзяюцца і што знаходзяць людзі ў дзень Пасхі[26].
  • «залатая бульба»: 15-ці хвілінны мастацкі фільм «Адной крыві»[27], рэжысёрам якога з'яўляецца Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў: пра вулічныя пратэсты і адзін дзень двух братоў, якія сутыкнуліся адзін з адным з-за розных палітычных поглядаў. (Фільм таксама атрымаў яшчэ адну ўзнагароду фестывалю — Прыз сімпатый гледачоў).
  • «срэбная бульба»: не прысуджалася, бо былі прысуджаны дзве «залатыя бульбы».
  • «бронзавая бульба»: 9-ці хвілінны мастацкі фільм «Кансьерж», рэжысёрам якога з'яўляецца Роберт Сенека: камедыя пра выбары новага кансьержа ў ЖЭСе жыхарамі пад'езда[28].

24 кастрычніка 2015 г. у кінатэатры «Muranów» таксама адбылася прэм'ера старту агульнабеларускага кінапраекту «Хранатоп»[29] (куратар Андрэй Кудзіненка) — дэмантравалася некалькі пачатковых мікранавел праекту. Беларускі кінапраект «Хранатоп» уяўляе сабой шэраг кінанавел (3–7 хвілін кожная) — міфалагічныя гісторыі пра сучасныя абрады і рытуалы ў сучасным беларускім жыцці (паводле Андрэя Кудзіненкі, «гэткі міф свету»)[30]. Гісторыі злучаны сваімі сувязямі і сэнсамі. Пасля дэманстрацыі пачатковых кінанавел Кудзіненка спадзяваўся прыцягнуць шмат новых 10-20 кінэматаграфістаў для працягу задуманага праекту[31].

Закрыў пазаконкурсную праграму фестываля амерыканска-украінскі мастацкі фільм «Міна», які здымаўся на Данбасе ў час ваенных дзеянняў. Аператарам фільма выступіла беларуска Аляксандра Мяснікова[32]. Раней (у 2015 г.) фільм быў паказаны на фестывалі ў Канах (Францыя)[33].

Кінакрытык Максім Жбанкоў ацаніў фестываль гэтага году так: «Змяніўся якасны ўзровень работ, гэта больш не аматаршчына з большага, не студэнцкія работы. Фаварыты нашага сённяшняга конкурсу — гэта вельмі аўтарскія, моцныя, вельмі стылёвыя стужкі і самае галоўнае: яны актуальныя не ў сэнсе нейкіх палітычных разважанняў і гэтак далей. Яны актуальныя як адлюстраванне пэўнага стану беларускай супольнай свядомасці»[34].

Акрамя паказаў фільмаў адбыліся сустрэчы з аўтарамі, музычныя канцэрты гуртоў «Akute» і «No Logo», майстар-класы і традыцыйнае частаванне бульбай. У Варшаве ў ходзе дыскусіі на фестывалі была выказана думка, што фестываль «Бульбамуві» набывае рысы DIY-з'явы: дэмакратычнай культурнай падзеі без сціслага рэгламенту, сцэнарыя і раскладу[35].

Зноскі

  1. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  2. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  3. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  4. Такім шэдэўрам лічыцца італьянская кінастужка «Добры, дрэнны, злы» (1966).
  5. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  6. Край у колеры Зямлі. Размова з Міхаілам Анемпадыставым пра сучасную Беларусь ды беларусаў
  7. Край у колеры Зямлі. Размова з Міхаілам Анемпадыставым пра сучасную Беларусь ды беларусаў
  8. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  9. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  10. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  11. Сам Андрэй Кудзіненка па сямейным абставінам не прысутнічаў на фестывалі.
  12. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  13. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  14. «Бульбамуві» - перспектыўны міжсабойчык?
  15. Фільм «Рускі» (2014) з'яўляецца сюррэалістычнай гісторыя пра тое, як рускі, які насамрэч беларус, забівае аўстрыйца, які на самой справе ўкраінец, — і ўсё гэта адбываецца падчас Першай сусветнай вайны.
  16. Прэм'ера павінна была адбыцца на фэстывалі пад Санкт-Пецярбургам (Расія), але паводле новага расійскага закону аўтары фільма павінны былі «запікаць» усе нецэнзурныя выразы, на што Кудзіненка не пагадзіўся, таму прэм'еру фільма зрабілі на «Бульбамуві».
  17. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  18. Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага «Бульбамуві» – імпэт і энергія аўтараў»
  19. Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!
  20. 4 высновы пра «Бульбамуві»
  21. 4 высновы пра «Бульбамуві»
  22. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  23. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве; Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага «Бульбамуві» – імпэт і энергія аўтараў»
  24. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве
  25. Пераможца «Бульбамуві 2014»
  26. Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага «Бульбамуві» – імпэт і энергія аўтараў»
  27. Фільм нядаўна паспеў узяць Гран-пры аўстрыйскага фестывалю. Сцэнарый для фільма рэжысёр напісаў сам. Гл.:Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага «Бульбамуві» – імпэт і энергія аўтараў»
  28. Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага «Бульбамуві» – імпэт і энергія аўтараў»
  29. Раней навела «Хранатоп» была ўзнагароджана на польскім фестывалі «Sensacyjne Lato Filmów w Kołobrzegu». Гл.: Адначасова ў Варшаве, Кракаве і Мінску адбудзецца Bulbamovie 2015
  30. Кудзіненка: Я ня бачу сябе ў расейскім кіно; «ХРАНАТОПь» Беларуская. Андрэй Кудзіненка запрашае да сучаснай міфалогіі
  31. Кудзіненка: Я ня бачу сябе ў расейскім кіно
  32. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве; 4 высновы пра «Бульбамуві»
  33. Адкрыты прыём заявак на «BULBAMOVIE» 2015
  34. На пяты год існавання фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» даехаў у Менск
  35. 4 высновы пра «Бульбамуві»

Афіцыйны сайт фестывалю[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]