Дастоева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Дастоева
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1506
Насельніцтва
  • 555 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1652
Аўтамабільны код
1
СААТА
1230840015
Дастоева на карце Беларусі ±
Дастоева (Беларусь)
Дастоева
Дастоева (Брэсцкая вобласць)
Дастоева

Дасто́ева[1] (трансліт.: Dastojeva, руск.: Достоево) — аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Моладаўскага сельсавета. Размешчаны за 16 км на паўночны ўсход ад Іванава, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Тройца. ХVII ст. Музей старажытнабеларускай культуры

Паводле пісьмовых крыніц вядома з XV ст. Згадваецца ў метрыцы Вялікага Княства Літоўскага за 1473 год: «…у Дастоева Васіля Еремей, адзін дым, а Аляксей — то два дыма». У 1506 годзе баярын Даніла Іртышч (Ірцішчавіч) атрымаў ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча грамату на ўладанне вёскамі Дастоева, Палкацічы паміж рэкамі Піна і Ясельда. Назва в. Дастоева з гэтага часу становіцца радавым прозвішчам продкаў пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага; да сярэдзіны XVIII ст. вёска знаходзілася ва ўладанні роду. Ёю валодалі ўраднік пінскі Сасін Дастаеўскі, потым падчашы менскі Бенядзікт Дастаеўскі. У XVI ст. пры Сямёне Дастаеўскім пабудавана Сімяонаўская царква (не захавалася). Пасля прыняцця «Уставы на валокі» 1557 года прыватнаўладальніцкая вёска, якая належала служылым людзям — шляхціцам. У канцы XVI стагоддзя ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1648 годзе тут адбыліся антыфеадальныя хваляванні: сяляне разам з казакамі ўзняліся супраць свайго памешчыка Рамана Дастаеўскага, сына Бенядзікта. Маёнтак быў разгромлены, войска жорстка расправілася з паўстанцамі. На ўскраіне вёскі захаваліся могілкі, якія ў памяць тых падзей называюцца ў народзе «казацкімі».

Да 1754 года Дастаеўскія страцілі радавое гняздо, маёнтак належаў Стравінскім, Чапліцам, князям Гедройцам і з пачатку XIX ст. — Ордам. Галоўны ўезд у маёнтак у 1754 годзе быў аформлены манументальнай двух’яруснай брамай, якая нагадвала замкавыя вежы. У яе ніжнім ярусе па баках ад праезду размяшчаліся службовыя памяшканні, на верхнім — вялікая зала, абкружаная адкрытай балюстраднай галерэяй. Вянчаў браму высокі гонтавы шацёр. У маёнтку былі калодзеж, вялікі драўляны дом, хлявы, канюшні, павеці, гумны, адрыны, свірны, бровар, дзе варылі піва, квас, гналі гарэлку. Маёнтак меў значныя зямельныя надзелы, 2 вялікія сады, рыбныя сажалкі, млын, карчму і шынок.

У канцы XVIII стагоддзя пры князях Гедройцах на месцы старажытнага храма, які згарэў, пабудавана Ільінская царква (разбурана ў 1970).

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У пачатку XIX стагоддзя ў Парэцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1835 годзе маёнтак Гедройцаў перайшоў у казну, потым быў куплены Вітольдам Ордай з суседніх Навашыц і перайшоў яго малодшаму сыну Каралю. Устаўная грамата на маёнтак Дастоева складзена 11 жніўня 1862 года, зямельны надзел складаў 14 дзесяцін 70 сажняў. Выкупны акт на маёнтак Дастоева ад 25 мая 1865 года аб’яўлены сялянам 15 ліпеня 1865 года. Згодна з актам у Дастоева 206 рэвізскіх душ, 197 двароў. У 1870 годзе сяло ў складзе Дастоеўскай сельскай грамады, 263 рэвізскія душы. У выкарыстанні памешчыка ў 1889 годзе было 738 дзесяцін зямлі. У 1881 годзе ў маёнтку 659 дзесяцін зямлі, 245 жыхароў, Ільінская царква, фабрыка інструментаў і сельгасмашын Якушына. У 1882 годзе існавала народнае вучылішча (16 вучняў). У 1885 годзе ў сяле Дастоеў дзейнічала праваслаўная царква. У 1897 годзе працавалі прыходская царква, хлебазапасны магазін, крама, піцейны дом. Побач з сялом знаходзіліся дзве сядзібы пад той жа назвай. Першая пабудавана на царкоўнай зямлі; другая належала Вітольду Орду. Пры царкве дзейнічала прыходская школа.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў Дастоеве. З. Глогер, 1905

У 1915—1918 гадах акупіравана германскімі, з 1919 года польскімі войскамі.

З 1921 года ў складзе Польшчы. У 1924 годзе ў Парэцкай гміне Пінскага павета Палескага ваяводства. У 1920-я гады працаваў кааператыў «Прадуктовы». Паблізу в. Дастоева знаходзіўся маёнтак Дастоева і в. Вулька-Дастоеўская з маёнткам і хутарам пад той жа назвай.

З 1939 года ў БССР. У 1940 годзе вёска ў Застружскім сельсавеце Іванаўскага раёна Пінскай вобласці, 15 красавіка 1940 года быў арганізаваны калгас «Чырвоная зорка» (потым «Чырвоная звязда»), У савецка-фінляндскую вайну 1939—1940 гадоў загінулі 2 жыхары вёскі.

У Другую сусветную вайну ў 1941—1944 гадах вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». За час вайны быў спалены 101 будынак, у тым ліку 30 жылых, 71 гаспадарчы, загінулі 52 мірныя жыхары — ахвяры тэрору, не вярнуліся з фронту ці прапалі без вестак 46 жыхароў. На ўшанаванне памяці 143 жыхароў вёсак Дастоева, Вулька-Дастоеўская, Заруддзе, Застрожжа, Красіеўка ў 1969 годзе пастаўлены абеліск.

У 1954 годзе пабудаваны будынак сярэдняй школы, у 1961 годзе — 333 вучні. У 1950-я гады дзейнічала хата-чытальня (у 1956 годзе кніжны фонд 1600 кніг, 300 чытачоў). З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 1957 года цэнтр Дастоеўскага сельсавета. З 25 снежня 1962 года ў Драгічынскім, з 6 студзеня 1965 года ў Іванаўскім раёнах.

У 1984 годзе ўстаноўлены помнік на магіле Мікалая Якушчыка, які загінуў у Афганістане. З 2003 года ў СВК «Дастоева». Размешчаны кансервавы завод, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя школа, дзіцячы сад, аптэка, медпункт, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, філіял ашчаднага банка, 4 магазіны. У вёсцы створаны школьны музей Ф. М. Дастаеўскага; у 1990-я г. каля школы, якая носіць яго імя, устаноўлены помнік. У 1996 годзе пабудавана новая царква на ахвяраванні грамадзян і сродкі калгаса «Чырвоная звязда».

З 2013 года ў складзе Моладаўскага сельсавета[2].

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XIX стагоддзе:
    • 1885 — 50 двароў, 544 жыхары.
    • 1897 — 84 двары, 705 жыхароў; сядзіба на царкоўнай зямлі — 1 двор, З жыхары; сядзіба Орды — 1 двор, 4 жыхары.
  • XX стагоддзе:
    • 1909 — 686 жыхароў, 128 двароў; у маёнтку — 10 жыхароў, 1 двор.
    • 1924 — 124 будынкі, 692 жыхары, з іх 674 праваслаўныя.
    • 1929 — 546 жыхароў.
    • 1940 — 151 двор, 905 жыхароў.
    • 1959 — 923 жыхары.
    • 1971 — 241 двор, 988 жыхароў.
    • 1993 − 297 двароў, 806 жыхароў.
    • 1997 — 295 двароў, 748 жыхароў.
  • XXI стагоддзе:
    • 2005 — 254 гаспадаркі, 591 жыхар.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Ф. М. Дастаеўскаму

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Решение Брестского областного Совета депутатов от 26.06.2013 № 287 «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ивановского района Брестской области»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]