Джон Мейнард Кейнс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Джон Мейнард Кейнс
Keynes 1933.jpg
Род дзейнасці:

Эканаміст, матэматык, палітык і філосаф

Дата нараджэння:

5 чэрвеня 1883

Месца нараджэння:

Кембрыдж

Краіна:

Flag of the United Kingdom.svg Вялікабрытанія

Дата смерці:

21 красавіка 1946

Месца смерці:

Q3072862?

Джон Мейнард Кейнс на Вікісховішчы

Джон Мэ́йнард Кейнс (англ.: John Maynard Keynes), барон (5 чэрвеня 1883, Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21 красавіка 1946, Сасэкс, Вялікабрытанія) — англійскі эканаміст, журналіст, інвэстар, заснавальнік кейнсіянскага напрамку ў эканамічнай тэорыі. Ягоная найбольш вядомая праца: «Агульная тэорыя занятасці, адсотку і грошай» (англ.: The General Theory of Employment, Interest and Money), якая прапануе дзяржаўную палітыку ў галіне эканомікі, накіраваную на падтрымку поўнай занятасці і павелічэнне дзяржаўных выдаткаў як сродак ад эканамічнага заняпаду.

Уплыў Кейнса зменшыўся ў 1970 годзе, збольшага ў выніку праблем, якія пачалі ўзнікаць у паўночнаамерыканскай эканоміцы з пачатку дзесяцігоддзя, і часткова з-за крытыкі ад Мілтана Фрыдмана і іншых эканамістаў, якія былі настроены песымістычна адносна здольнасці ўрада рэгуляваць бізнес-цыклы з фіскальнай палітыкай[1]. Аднак, з'яўленне глабальнага фінансавага крызісу ў 2007 годзе прывяло да адраджэння кейнсіянскай думкі. Кейнсіянская эканоміка забяспечыла тэарэтычную аснову для эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца і праводзілася ў сувязі з крызісам прэзідэнтамі Джорджам Бушам і Баракам Абамам у ЗША, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Горданам Браўнам у Вялікабрытаніі, і іншымі кіраўнікамі ўрадаў[2].

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Кейнс нарадзіўся ў сям’і, якая належала да сярэдняга класу. Асяроддзе, у якім нарадзіўся і вырас Джон Мэйнард, было надзвычай акадэмічным. Яго бацька Джон Нэвіл Кейнс быў эканамістам, настаўнікам эканомікі і логікі, доўгі час з'яўляўся акадэмічным адміністратарам Каралеўскага каледжу Кембрыджскага ўніверсітэту. Маці Кейнса, Флоранс Ада Браўн (англ.: Florence Ada Brown), адна з першых жанчын з дыпломам Кембрыджу, была паспяховай пісьменніцай і грамадскай дзеячкай. Дарэчы, Джон Нэвіл быў настаўнікам сваёй будучай жонкі. Яго малодшы брат, Джэфры Кейнс (англ.: Geofferey Keynes) быў хірургам, а малодшая сястра Маргарэт была ў шлюбе з Арчыбальдам Гілам, псіхолагам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

Кейнс быў даволі высокім, ростам прыкладна 198 см. Існуюць звесткі пра яго нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю. Ён меў блізкія адносіны з мастаком Дунканам Грантам у перыяд з 1908 да 1915 года. У 1918 годзе Кейнс сустрэў расійскую балерыну Лідыю Лапухову, якая ў 1925 годзе стала яго жонкай. У тым жа 1925 годзе ён упершыню пабыў у СССР на ўрачыстасці, прысвечанай 200-годдзю Акадэміі навук. Шлюб Кейнса быў, напэўна, шчаслівым, нягледзячы на тое, што яны не мелі дзяцей.

Кейнс быў паспяховым інвестарам. Нават пасля фондавага краху 1929 года ён, застаўшыся фактычна банкрутам, здолеў не толькі паправіць становішча, але і зарабіць асабістае багацце. Апрача гэтага, Кейнс быў і мецэнатам. Ён аказваў фінансаваю дапамогу Кембрыджскаму мастацкаму тэатру. Яго інтарэсы не абмяжоўваліся навукай, ён збіраў кнігі і ўвогуле цікавіўся літаратурай, пісаў лібрэта да балетаў.

Кейнс меў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка розных дэбатаў. Знакаміты эканаміст Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся спрачацца з Кейнсам у пытаннях эканомікі. А пасля выхаду «Трактату аб грошах» (1930) Хаек абвінавачваў Кейнса ў тым, што апошні не мае тэорыі капіталу і адсотку. У некаторай ступені Кэйнс быў вымушаны прызнаць справядлівасць гэтых папрокаў. Але ўжо напрыканцы 30-х гадоў перамога Кейнса ў спрэчках з Хаекам, не толькі па пытаннях эканамічнай тэорыі, але і практыцы стала бясспрэчнай. Увогуле, гісторыя спрэчкі паміж знакамітымі эканамістамі ярка адлюстроўвае супрацьлегласці паміж англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыямі ў эканамічнай тэорыі.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У 7 гадоў Кейнс пайшоў у школу Пёрс (англ.: Perse School Kindergarten). Праз 2 гады — перайшоў у пачатковую школу Святога Фэйта (англ.: St Faith's preparatory school). Ужо ў той час было відавочна, што Джон Мэйнард быў таленавітым вучнем. У 1894 ён абышоў увесь клас па матэматыцы і атрымаў вышэйшую адзнаку.

У наступным годзе (1895) Кейнс паспяхова здаў экзамэн на паступленне ў Ітан. З 20 хлопцаў, якія былі прынятыя ў тым годзе ў каледж, ён быў дзясяты па агульнай адзнацы і першы — па матэматыцы. Гэтаксама ж яскрава Джон Мэйнард і вучыўся. У 1899 годзе ён атрымаў найвышэйшую адзнаку па матэматыцы. У наступныя гады (19001901) ён пацвердзіў свой высокі ўзровень. Ягоныя поспехі не абмяжоўваліся толькі матэматыкай. У 1901 годзе, апрача матэматыкі, ён быў першы па гісторыі і па англійскім эсэ. У 1902 годзе Кейнс выйграў стыпендыю ў памеры £60 ў Каралеўскі каледж у Кембрыджы на вывучэнне матэматыкі і класічнай літаратуры.

На працягу ўсяго тэрміну навучання ў Кембрыджы Джон Мэйнард браў актыўны ўдзел у сацыяльным і палітычным жыцці. Падчас Бурскай вайны (1900), Кейнс адмовіўся ўзяць удзел у ваенных трэніроўках «Ітанскіх стралкоў», з'яўляючыся сталым пацыфістам, праціўнікам гвалту. Ён да ночы спрачаўся са сваімі сябрамі з розных інтэлектуальных суполак у Кембрыджы. У 1901 годзе ён быў абраны ў «Каледж поп» (англ.: College Pop) — прэстыжную інтэлектуальную суполку ў Ітане. У 1902 годзе Кейнс неаднаразова выступае ў якасці дакладчыка ў «Саюзе» (англ.: Union) — знакамітай інтэлектуальнай суполцы Кембрыджу. У 1904 годзе Кейнс быў абраны сакратаром «Саюзу» і Прэзідэнтам Універсітэцкага Ліберальнага клубу (англ.: University Liberal Club). У 1905 годзе паводле вынікаў экзамена на бакалаўра ён дванаццаты ва ўсім Кембрыджы.

Падчас вакацый 1905 года Кейнс знаёміцца з працай Альфрэда Маршала «Прынцыпы эканомікі» (англ.: Principles of Economics), якая зрабіла вялікі ўплыў на хлопца. Пасля вяртання ў Кембрыдж на заняткі, Джон Мэйнард пачынае слухаць курс Альфрэда Маршала па эканоміцы. Менавіта Альфрэд Маршал параіў Джону перайсці з матэматыкі і класічнай літаратуры да вывучэння эканомікі і палітыкі. Малады студэнт Кейнс быў вельмі зацікаўлены ў вывучэнні новага прадмету.

Дункан Грант і Мэйнард Кэйнс

У 1906 годзе Кейнс прайшоў іспыты на паступленне на дзяржаўную службу ў ліку 10 іншых, хто здолеў гэта зрабіць у тым годзе. Ягоны вынік — другое месца. Па правілах, першае месца атрымлівае пасаду ў Міністэрстве фінансаў, другое — Індыйскі офіс (дэпартамэнт па кіраванню Індыяй). Але агульны высокі вынік не ўзрадаваў Мэйнарда, калі ён атрымаў падрабязныя адзнакі па прадметах. Адзнакі па прадметах матэматыка і эканоміка былі ніжэйшымі за адзнакі па логіцы і псіхалогіі, гісторыі, эсэ.

Падчас вучобы Кейнс уваходзіў у элітную суполку пісьменнікаў, артыстаў і мастакоў. Яна звалася «група Блумсбэры» (англ.: Bloomsbury group). Сябрамі гэтай суполкі з'яўляліся Леанард Вульф (англ.: Leonard Woolf), Вірджынія Вульф (англ.: Virginia Woolf), Дункан Грант (англ.: Duncan Grant), Клайв Бэл (англ.: Clive Bell) і Літан Стрэчы (англ.: Lytton Strachey). На працягу ўсяго жыцця Кейнс захаваў духоўную сувязь з гэтай суполкай.

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

З 1906 да 1907 года Кейнс працаваў у Дэпартамэнце па справах Індыі (англ.: The India Office). У вольны ад дзяржаўнай службы час ён працуе над асабістай дысертацыяй па праблемах імавернасці, асноўныя вынікі якой былі апублікаваныя ў «Трактаце аб імавернасці». У 1907 годзе Кейнс пакідае службу, каб скончыць сваю дысертацыю, вяртаецца ў Кембрыдж і пачынае настаўніцкую дзейнасць. Ён выкладае тры разы на тыдзень прадмет «Грошы, крэдыт і цэны». Пасля абароны дысертацыі Кэйнс уваходзіць у кола сяброў Каралеўскага каледжу.

З 1911 году Джон Кейнс працуе рэдактарам Эканамічнага часопіса (англ.: Economics Journal) — вельмі высокая і паважаная пасада ў навуковых эканамічных колах. У 1912 годзе ён быў абраны ў Савет (англ.: the Council) Каралеўскага каледжу. У 1913 годзе скончыў сваю першую вялікую працу па эканоміцы «Індыйская грашовая сыстэма і фінансы» (англ.: Indian Currency and Finance). 3 красавіка, яшчэ перад публікацыяй працы, Джон атрымаў прапанову заняць пасаду ў Каралеўскай камісіі па індыйскіх фінансах і валюце (англ.: The Revenue, Statistics and Commerce Department).

У студзені 1915 году Джон трапляе ў Міністэрства фінансаў у якасці дапаможніка саветніка Міністра. Пасада не вельмі вялікая, але незалежная. Яна дазваляла Кейнсу заўсёды выказваць свае думкі адкрыта. І яго ацанілі. З мая 1915 года ён працуе на афіцыйнай пасадзе ў Міністэрстве. А ўжо ў 1916 годзе Кэйнс узначальвае аддзел па міждзяржаўных адносінах.

Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года ў Расіі Кейнс успрыняў вельмі добра. Ён справядліва лічыў, што рэвалюцыя стала адным з вынікаў Першай сусветнай вайны.

У 1918 годзе, калі стала відавочна блізкая перамога над Германіяй, Джон Кейнс разам са сваім аддзелам распачынае працу над будучымі ўмовамі фінансавай кампенсацыі для пераможцаў з боку Германіі.

У 1919 годзе як прадстаўнік Міністэрства фінансаў Кейнс бярэ ўдзел у Парыскіх мірных перамовах. Там ён прапаноўвае асабісты план пасляваеннага аднаўлення еўрапейскай эканомікі, які, на жаль, не быў прыняты, але стаў асновай для яго працы «Эканамічныя вынікі міру». У гэтай працы Кейнс, апрача іншага, пярэчыў супраць эканамічнага ўціску Германіі, накладання велізарных кантрыбуцый, якія напрыканцы, на думку Кэйнса, падштурхнулі і ўзмацнілі рэваншысцкія настроі сярод насельніцтва Германіі. Кейнс прапанаваў у процівагу пэўную колькасць крокаў па аднаўленню эканомікі Германіі. Ён разумеў, што гэтая краіна з'яўляецца адным з самых важных звёнаў сусветнай эканамічнай сыстэмы.

У 1919 годзе Кейнс пакідае пасаду ў міністэрстве, вельмі расчараваўшыся ў дзяржаўнай працы. Ён зноў вяртаецца ў Кембрыдж, аднак больш за ўсё працуе ў Лондане, з'яўляючыся сябрам праўлення некалькіх фінансавых кампаніяў, сябрам рэдкалегіяў некалькіх часопісаў, уладальнікам штотыднёвіка «Нацыя» (англ.: Nation), рэдактарам (1911—1945) «Эканамічнага часопіса» (англ.: Economic Journal), а таксама кансультуе ўлады. Таксама вядома, што ён даволі паспяхова гуляў на біржы. З 1920 па 1924 год Кейнс здолеў зарабіць гульнёй £57.797, што было вельмі шмат на той час. Тым больш, што ў 1920 годзе ён быў фактычна банкрутам — меў на рахунку 0.

У 1920-я гады Кейнс працаваў над праблемамі будучыні сусветнай эканомікі і фінансаў. Крызыс 1921 года і дэпрэсія падштурхнулі навукоўца да аналізу стабільнасці цэн, узроўню вытворчасці і занятасці. У 1923 годзе ён публікуе «Трактат аб грашовай рэформе» (англ.: A Tract on Monetary Reform), у якім даследуе прычыны і вынікі змянення вартасці грошай, уплыў інфляцыі на размеркаванне даходаў, уплыў чаканняў, залежнасць паміж чаканнямі змянення цэнаў і адсоткавымі стаўкамі і шмат іншага. На думку Кейнса, патрэбна падтрымліваць стабільнасць унутраных цэн, а не завышанага курсу нацыянальнай валюты, як гэта рабілі ўлады таго часу. Гэтая праца Кейнса лічыцца канцом эры «Залатога стандарту». На працягу 20-х гадоў Кейнс няспынна крытыкуе эканамічную палітыку ўладаў, накіраваную на падтрымку «Залатога стандарту».

У другой палове 20-х гадоў вучоны цалкам захоплены працай над «Трактатам аб грошах» (англ.: A Treatise on Money), які быў скончаны ў 1930 годзе. У гэтым трактаце Кейнс даследуе пытанні, якія датычацца валютных курсаў і «залатога стандарту». Напрыканцы 20-х — пачатку 30-х гадоў у эканоміцы ЗША распачаўся глыбокі крызыс — так званая «Вялікая дэпрэсія», якая захапіла не толькі амерыканскую, але і еўрапейскую эканоміку. Лідары і эканамісты вядучых краін свету шукалі выйсця з крызысу. Улады Вялікабрытаніі былі вымушаныя адмовіцца ад «залатога стандарту». Кейнс быў прызначаны сябрам Каралеўскай камісіі па фінансах і прамысловасці, а таксама Эканамічнай кансультацыйнай рады. У лютым 1936 году вучоны публікуе сваю асноўную працу «Агульная тэорыя занятасці, адсотку, грошай». У ёй, напрыклад, усталёўваецца тэрмін «мультыплікатар накаплення» (мультыплікатар Кейнса). Пасля публікацыі Кейнсу надаецца статус лідара ў эканамічнай навуцы і эканамічнай палітыцы таго часу. Вынікі гэтай працы былі рэвалюцыйнымі.

Джон Мэйнард Кейнс (справа) падчас Брэтан-Вудскай канфэрэнцыі (1944)

Тут упершыню падаецца ідэя аб тым, што сталая капіталістычная эканоміка не здолее аўтаматычна дасягнуць раўнавагі ва ўмовах поўнага выкарыстання рэсурсаў. У 1936 годзе Кейнс перанёс небяспечную для жыцця хваробу — трабоз каранарнага сасуда.

У 1940 годзе Кейнс стаў сябрам Кансультацыйнага камітэта пры Міністэрстве фінансаў па ваенных пытаннях. У той жа час ён публікуе працу «Як аплочваць вайну?» (англ.: How to Pay for the War). Вучоны прапанаваў прымушальна дэпаніраваць апрача невялікай сумы ўсе сродкі насельніцтва пасля ўплаты падаткаў на спецыяльныя рахункі. Пасля вайны сродкі гэтыя павінны вяртацца насельніцтву. Такі плян дазваляў паміж іншага паслабіць інфляцыю і знізіць пасляваенны заняпад.

У 1941 годзе Кейнс абраны ў раду Банку Англіі (англ.: the Bank of England)

У 1924 годзе Кейнсу нададзены тытул пэра. У 1944—1945 гадах ён з'яўляецца прэзідэнтам Эканаметрычнага таварыства.

Падчас Другой сусветнай вайны Кейнс прысвячае сябе працы над пытаннямі ў галіне міжнародных фінансаў і пасляваеннага ўладкавання сусветнай фінансавай сыстэмы. Ён прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыі Брэтан-Вудскай сыстэмы, а таксама вёў перамовы аб амерыканскіх пазыках Вялікабрытаніі. Яму належыць ідэя сыстэмы рэгулявання валютных курсаў. Дэ-факта такая сістэма на доўгі час гарантавала б стабільнасць валютных курсаў. Таксама ён браў удзел у стварэнні Клірынгавага саюза, Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага Банку.

У лютым 1946 году Кейнс прымаў удзел у адкрыцці Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага Банку.

У апошні год хвароба значна ўскладнілася. Памёр Джон Кейнс 21 красавіка 1946 года ад інфаркту міякарда. Пасля смерці быў крэміраваны, яго прах развеялі над родным горадам Тылтанам[3].

Узніклы пад уплывам ідэяў Джона Кейнса напрамак у эканамічнай тэорыі атрымаў яго імя: кейнсіянства.

Эканамічная тэорыя Кейнса[правіць | правіць зыходнік]

Кейнс аналізуе і прапануе выкарыстоўваць тыя ж мэханізмы, якія ўжо існавалі на той час у межах класічнай і неакласічнай эканамічнай тэорый, але дзеля іншай мэты і асноўваючыся на іншых гіпотэзах.

Асноўныя гіпотэзы:

  1. Узровень занятасці адпавядае ўзроўню вытворчасці.
  2. Агульны попыт заўсёды меншы за агульную колькасць плацёжных сродкаў (частка апошніх заўсёды зберагаецца).
  3. Аб’ём вытворчасці адпавядае чаканням вытворцаў аб будучым агульным попыце.

Увогуле тэорыя Кейнса гаворыць так:

Падзенне спажывецкага попыту паменшыць аб’ём вытворчасці тавараў і паслуг. Падзенне вытворчасці выклікае банкруцтва дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама звальненні з буйных. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да павелічэння беспрацоўя. Чым большае беспрацоўе, тым меншыя даходы насельніцтва. Меншыя даходы насельніцтва выклікаюць яшчэ большае падзенне спажывецкага попыту. Гэта заганнае кола.

Такім чынам, асноўнай мэтай з'яўляецца павелічэнне агульнага попыту.

Сродкам супраць эканамічнага заняпаду, паводле гіпотэзы Кэйнса, з'яўляецца дзяржаўная замова. Калі агульны попыт значна меншы за агульную вытворчасць, дзяржава павінна зрабіць замову, якая будзе гарантыйна аплачаная. У гэтым выпадку, прадпрыемствы ноймуць новых працоўных, што знізіць беспрацоўнасць. Былыя беспрацоўныя атрымаюць зарплату, павялічаць свае расходы і, такім чынам, павялічыцца агульны попыт. На думку Кэйнса, першапачатковая замова дзяржавы можа быць вельмі вялікая і нават малапатрэбнай.

Даволі доўгі час шматлікія краіны паспяхова выкарыстоўвалі тэорыю Кэйнса ў сваёй эканамічнай палітыцы.

Але ў 1960-х гадах з'явіўся новы напрамак нэаклясычнай школы — манэтарызм, які крытыкаваў кэйнсіянства за вялікі ўплыў дзяржавы на эканоміку. На думку манэтарыстаў, умяшальніцтва дзяржавы ў вытворчасць выклікае дэзарганізацыю апошняй. Адзіная галіна, дзе патрэбна дзяржаўнае кіраванне — гэта грашовая палітыка. Сродак ад эканамічнага заняпаду, такім чынам, — даўгатэрміновая грашовая палітыка. Дзяржава павінна заўсёды падтрымліваць адпаведны ўзровень грашовай масы праз грашовую эмісію, адпаведную тэмпу росту вытворчасці.

Нягледзячы на крытыку, навуковыя погляды Кейнса жывуць і сёння. Паслядоўнікі навукоўца працягваюць працу ў рамках ужо новага, неа- і посткейнсіянства.

Таксама варты ўвагі той факт, што менавіта Кейнс распачаў выкарыстанне макраэканамічных агрэгатных (сукупных) велічынь і іх колькасных ўзаемасувязей. Гэта, у сваю чаргу, падштурхнула развіццё новых раздзелаў эканамічнай навукі, асабліва, эканамэтрыкі.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Кейнс заваяваў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка рознага кшталту дэбатаў, і Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся абмяркоўваць з ім пытанні эканомікі. Хаек у свой час выступіў з рэзкай крытыкай ідэяў Кейнса, у спрэчках паміж німі знайшло адлюстраванне процістаяння англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыі ў эканамічнай тэорыі. Пасля выхаду «Трактата пра грошы» (1930) Хаек абвінаваціў Кейнса за адсутнасць у яго тэорыі капітала і адсотка і ў няправільным дыягназу прычынаў крызісаў. Варта адзначыць, што ў некаторай ступені Кейнс быў вымушаны прызнаць справядлівасць папрокаў.

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. «To Set the Economy Right». Time magazine.
  2. «The undeniable shift to Keynes». Financial Times.
  3. John Maynard Keynes на Find a Grave(англ.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Clark, Barry. Political economy: a comparative approach. Westport: Greenwood Publishing Group, 1998. ISBN 0-275-96370-5
  • Wolfe, Alan. The Future of Liberalism. New York: Random House, Inc., 2009. ISBN 0-307-38625-2
  • John Maynard Keynes: Hopes Betrayed 1883—1920, Robert Skidelsky, Papermac, 1992, ISBN 0-333-57379-X (US Edition: ISBN 0-14-023554-X)
  • John Maynard Keynes: The Economist as Saviour 1920—1937, Robert Skidelsky, Papermac, 1994, ISBN 0-333-58499-6 (US Edition: ISBN 0-14-023806-9)
  • John Maynard Keynes: Fighting for Britain 1937—1946 (published in the United States as Fighting for Freedom), Robert Skidelsky, Papermac, 2001, ISBN 0-333-77971-1 (US Edition: ISBN 0-14-200167-8)
  • The Life of John Maynard Keynes, R. F. Harrod, Macmillan, 1951, ISBN 1-125-39598-2
  • Essays on John Maynard Keynes, Milo Keynes (Editor), Cambridge University Press, 1975, ISBN 0-521-20534-4
  • Keynes , Donald Edward Moggridge , Macmillan, 1980 , ISBN 0-333-29524-2
  • Keynes, John Maynard, Don Patinkin, The New Palgrave: A Dictionary of Economics, v. 2, 1987, pp. 19-41. Macmillan ISBN 0-333-37235-2 (US Edition: ISBN 0-935859-10-1)
  • The Commanding Heights: The Battle for the World Economy, Daniel Yergin with Joseph Stanislaw, New York: Simon & Schuster, 1998, ISBN 0-684-82975-4
  • John Maynard Keynes and International Relations: Economic Paths to War and Peace, Donald Markwell, Oxford University Press, 2006. ISBN 0-19-829236-8 978-0-19-829236-4
  • The Economic Consequences of Mr. Keynes: How the Second Industrial Revolution Passed Great Britain By, Bernard C. Beaudreau, iUniverse, 2006, ISBN 0-595-41661-6
  • John Maynard Keynes (Great Thinkers in Economics), Paul Davidson, Palgrave Macmillan, 2007 , ISBN 1-4039-9623-7

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]