Перайсці да зместу

Карная аперацыя «Баклан»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Баклан»
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Прычына дзейнасць савецкіх партызанскіх атрадаў
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Трэці рэйх

Баклан (ням.: Kormoran) — кодавая назва буйнамаштабнай карнай аперацыі гітлераўцаў у аператыўным тыле 3-й танкавай і 4-й палявой нямецкіх армій. Праводзілася па загаду галоўнага камандавання групы армій «Цэнтр» і пад яго кіраўніцтвам з 25 мая да 23 чэрвеня 1944 года ў Барысаўскім, Халопеніцкім, Куранецкім, Крупскім, Лагойскім, Плешчаніцкім, Ільянскім, Радашковіцкім, Мінскім, Маладзечанскім, Смалявіцкім, Докшыцкім, Бягомльскім, Лепельскім раёнах. Спынена ў сувязі з пачаткам стратэгічнай Беларускай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі. Мэта аперацыі — знішчэнне партызанскіх фарміраванняў паміж Лепелем, Докшыцамі і чыгункай МінскОрша, захоп насельніцтва для вывазу ў Германію і выкарыстання яго на абарончых работах.

Ход аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

Камандуючы групай армій «Цэнтр» генерал-фельдмаршал Буш упаўнаважыў камандаванне 3-й танкавай і 4-й палявой армій камандуючага вермахта «Беларусь» і вышэйшага начальніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі і Беларусі прыцягваць і выкарыстоўваць у аперацыі «Баклан» усе наяўныя ў распараджэнні сілы, незалежна ад роду і колькасці, з тым, каб забяспечыць такі ж поспех гэтай аперацыі, як і аперацыі «Веснавое свята». Камандаванню нямецкай 6-й паветранай арміі прапанавана па магчымасці буйнымі сіламі падтрымаць аперацыю. Непасрэднае кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў групенфюрэр войск СС, генерал-лейтэнант паліцыі Курт фон Готберг. Аперацыя была падзелена на тры фазы, яе задача — адцясніць партызан збежнымі з захаду і ўсходу ўдарамі на поўдзень ад возера Палік, а потым усіх, хто трапіць у «кацёл», поўнасцю знішчыць. Да 15 чэрвеня 1944 у раён аперацыі былі сцягнуты 4 баявыя і 3 спецыяльныя заграждальныя групы. У склад груп 3-й танкавай і 4-й палявой армій уваходзілі ў поўным складзе 201-я і 286-я ахоўныя дывізіі, 5 паліцэйскіх палкоў, 5-ы полк брыгады так званай Рускай вызваленчай арміі, 1 грэнадзёрскі і 3 асобныя ахоўныя палкі, 7 асобных паліцэйскіх і палявых батальёнаў, шматлікія артылерыйскія і спецыяльныя падраздзяленні. Камандныя пункты груп знаходзіліся ў Вілейцы, Лепелі, Барысаве, Іўі, Пустаселлі.

Праз 2 тыдні пасля пачатку баёў намнога большым сілам праціўніка ўдалося адцясніць партызан у раён домжарыцкіх і палікскіх балот. У партызан скончыліся боепрыпасы, прадукты, медыкаменты. Камандзірам брыгад і злучэнняў Барысаўска-Бягомльскай, Сенненска-Аршанскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон быў дадзены загад атакаваць ворага на разведаных напрамках і прарывацца з блакады. Да 15 чэрвеня 1944 каля 20 партызанскіх брыгад прарвалі блакаду ворага, вырваліся з акружэння і нанеслі праціўніку сур’ёзныя страты. Штаб партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны (камандзір Р. Н. Мачульскі, начальнік штаба М. К. Садоўскі, упаўнаважаны БШПР А. Ф. Бардадын) разам з партызанамі, якія не выйшлі з акружэння, утрымлівалі пазіцыі на балотных астраўках каля возера Палік. У крытычныя моманты баёў ім аказвала дапамогу савецкая бамбардзіровачная авіяцыя. 23 чэрвеня фашысты пачалі выводзіць свае войскі з раёна аперацыі ў сувязі з наступленнем савецкіх войск. Гітлераўцам удалося расчляніць партызанскія сілы, нанесці ім цяжкія страты, але ўсе партызанскія брыгады захавалі баяздольнасць і ўступілі ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі. Карнікі не дасягнулі і другой сваёй мэты: захоп і угон савецкіх грамадзян. З-за супраціўлення партызан былі сарваны запланаваныя нямецкімі акупантамі карныя аперацыі «Чорны» («Schwarz»), «Чырвоны» («Rot»), «Сонцастаянне» («Sonnenwende»).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Баклан» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 54-55. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.