Карэліцкія шпалеры

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Карэліцкія шпалеры — вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у м. Карэлічы (цяпер Гродзенская вобласць) ў другой палове XVII — першай палове XIX ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К. Д. і Ю. К. Гескіх, Сняжыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне XVIII ст.

Найбойльш вядома серыя высокамастацкіх шпалер, выкананых у 1752 годзе паводле загаду М. К. Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша а Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш.

Карэліцкія шпалеры вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вялікімі памерамі (349х329 см і падобныя). На некаторых выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]