Кацягі
Вёска
Кацягі
| ||||||||||||||||||||
Каця́гі[1] (трансліт.: Kaciahi, руск.: Котяги) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 9 км на поўдзень ад Мінска, 6 км ад чыгуначнай станцыі Міханавічы, паміж дарогамі H9531 і H9060.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1582 годзе сяло маёнтка Пяцеўшчына ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць І. Быкоўскага. У 1710 годзе вёска на 15 двароў, ёсць карчма, уласнасць Пацея. У 1791 годзе 28 дымоў, карчма, уласнасць Прушынскага і Язвінскага.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёска ў Мінскім павеце Мінскай губерні, ёсць драўляная капліца, карчма, уласнасць князя Дамініка Гераніма Радзівіла. У 1858 годзе ўласнасць Ельскіх. У 1897 годзе ёсць хлебазапасны магазін, капліца на могілках.
У 1909 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, з 1912 года народнае вучылішча.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Гатаўскім, з 1927 года ў Дзяргайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1926 годзе ў вёсцы працавала кузня, распаўсюджаны сталярны промысел. У 1927 годзе працавала пачатковая школа. З 18 студзеня 1931 года ў падпарадкаванні Менскага гарадскога савета. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Спаленыя 9 двароў, забітыя 64 жыхары.
5 сакавіка 1959 года вёска перададзена са скасаванага Гатаўскага сельсавета ў склад Самахвалавіцкага сельсавета[2].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 26 двароў, 230 жыхароў
- 1897 год — 65 двароў, 390 жыхароў
- 1917 год — 85 двароў, 555 жыхароў
- 1926 год — 104 двары, 567 жыхароў
- 1941 год — 107 двароў, 348 жыхароў
- 1999 год — 234 жыхары
- 2009 год — 247 жыхароў
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Курганны могільнік. На поўнач ад вёскі, на могілках. Захавалася 5 насыпаў вышынёй 2,5 м, дыяметрам 12 м. Адкрыў у 1930 годзе Антон Рынейскі, абследаваў у 1979 годзе Валянцін Собаль. Раскопкі не праводзілі[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
- ↑ Собаль В. Помнікі археалогіі. Міханавіцкі Сельсавет // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 33
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кацягі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 3 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — 624 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9. С. 409
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кацягі