Культура беларускіх зямель у IX — сярэдзіне XIII стагоддзя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Культура беларускіх зямель у 9 — першай палавіне 13 стст. была непарыўна звязана з тагачаснай культурай іншых усходнеславянскіх зямель.

Важкі адбітак ў культурным жыцці Заходняй Русі, як і ўсёй Русі наогул, пакінула прыняцце хрысціянства. Першыя звесткі аб пранікненні хрысціянства на землі Заходняй Русі адносяцца да 10 ст. — ісландская «Сага аб хрышчэнні» ўзгадвае пра манастыр Яна Хрысціцеля ў Полацку, заснаваны Торвальдам Вандроўнікам. У канцы 10 ст. кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянства візантыйскага узору, была заснавана Полацкая епархія.

Па меркаванні шэрага даследчыкаў, працэс распаўсюджання новай веры быў досыць мірны, але і працяглы (да 13 — 14 ст.), а адзінкавыя астраўкі паганства захаваліся да 19 — пачатку 20 ст. Толькі аб Тураве ў сувязі з прыняццем хрысціянства згадваецца паданне аб чырвонай ад крыві Прыпяці і каменных крыжах, якія прыплылі па ёй з Кіева. Першыя хрысціянскія святары (у асноўным выхадцы з Балгарыі) выкарыстоўвалі паганскія святы і абрады для скарэйшага распаўсюджання новай веры (ВялікдзеньПасха, Радаўніца, Купалле — свята Яна Хрысціцеля, Дзяды, КалядыНараджэнне Хрыстова). Суіснаванне на пэўнай тэрыторыі элементаў паганства і хрысціянства называецца двухвер'ем. Хрысціянства пераважала сярод гарадскога насельніцтва, і значна марудней гэты працэс праходзіў на вёсцы.

Друйскі Барысаў камень, 1896

Прыняцце хрысціянства спрыяла ўмацаванню дзяржавы і ўлады, што стала вялікім крокам наперад у эканамічным і культурным развіцці. Іменна з пачаткам хрысціянізацыі пачынае распаўсюджвацца кірылічная сістэма пісьма. Аб распаўсюджванні пісьменнасці сярод розных катэгорый насельніцтва сведчаць знаходкі спецыяльных прыстасаванняў для пісьма — пісал (Навагрудак, Мінск, Друцк), подпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец 10 ст.), на плінфіне Сафійскага сабора ў Полацку (11 ст.), на каменных прасліцах з Пінска, Друцка і Віцебска, «Барысавых» і «Рагвалодавым» камянях (12 ст.), берасцяных граматах і г.д. У некаторых гарадах існавалі спецыяльныя майстэрні па перапісванню кнігскрыпторыі. Найстаражытнейшым помнікам пісьменнасці Заходняй Русі, дайшоўшым да нашага часу з'яўляецца Тураўскае евангелле (11 ст.) Пісьмовыя помнікі 1-ай палавіны 13 ст. даюць падставу сцвярджаць, што ўжо ў гэты перыяд пачынае фарміравацца заходні варыянт русінскай мовы (дагавор Смаленска з Рыгай і Готландам, 1229).

У першай палавіне 11 ст. відаць пачалося і заходнерускае летапісанне. Некаторыя падзеі, што адбыліся ў Заходняй Русі, упамінаюцца ў Аповесці мінулых гадоў (пачатак 12 ст.). В. Тацішчаў у сваіх працах згадвае Полацкі летапіс, страчаны ў 18 ст. — помнік не толькі літаратуры, але і мастацтва 12 ст. Звесткі аб полацкіх князях змешчаны ў Слове пра паход Ігараў (10 ст.).

Значная роля ў пашырэнні асветы і культуры належыць царкоўным дзеячам Заходняй Русі — Ефрасінні Полацкай (1101(?) — 1173), Кірылу Тураўскаму (~1130 — ~1182), Кліменту Смаляцічу (? — пасля 1164) і Аўрамію Смаленскаму (? — ?). Даволі поўная інфармацыя аб іх дзейнасці ўтрымліваецца ў агіяграфічнай (жыційнай) літаратуры, росквіт якой прыпадае на канец 12 — 13 ст.

Сафійскі сабор у XI ст.

Таксама вынікам прыняцця хрысціянства стала з'яўленне манументальнага дойлідства. Грэчаскія майстры прынеслі ва Усходнюю Еўропу сістэму крыжова-купальнага храма, у аснову якой быў закладзены квадрат, падзелены чатырма слупамі так, што ў плане ён уяўляў сабой крыж. Найбольш слынным з мураваных збудаванняў на нашых землях стаў Сафійскі сабор у Полацку, пабудаваны пры Усяславе Брачыславічы. Храм быў узведзены з плінфы, унутры аздоблены рознакаляровымі фрэскамі. Першапачаткова гэта быў пяцінефны сямікупальны будынак, які выконваў не толькі культавыя, але і грамадскія (скарбніца, бібліятэка, зала для прыёму паслоў) функцыі і з'яўляўся своеасаблівым сімвалам незалежнасці і моцы Полацкай зямлі.

З наступленнем феадальнай раздробленасці (12 ст.) памеры храмаў значна змяншаюцца. З'яўляюцца манастыры — цэлыя комплексы культавых збудаванняў. Паступова вырастаюць мясцовыя школы дойлідства. Найбольш знакамітая з якіх — полацкая школа. Для будынкаў, выкананых яе майстрамі, характэрны падоўжаны план, выступаючая толькі адна апсіда (дзве другія хаваюцца ў тоўшчы сцяны), аздабленне верхняй вонкавай часткі храма какошнікамі кілепадобнай формы. Яркім узорам такога храма з'яўляецца царква св. Спаса ў Полацку, пабудаваная, па паданні, за 30 тыдняў дойлідам-манахам Іаанам па заказе Ефрасінні Полацкай. Полацкія майстры захавалі ў сваіх будынках муроўку са «схаваным радам», дзе рады плінфы перамешваюцца з радамі камянёў.

Каложская царква ў Гродне

Прыкладна ў гэты ж час на заходніх землях фарміруецца гродзенская школа, для помнікаў якой характэрны цагляная аднародная муроўка, вонкавае ўпрыгожванне сцен паліванымі пліткамі і шліфаванымі камянямі, наяўнасць у канструкцыі сцен гаршкоў-галаснікоў, адсутнасць фрэскавых роспісаў, аздабленне падлогі рознакаляровай керамічнай пліткай. Усе гэтыя рэчы ўвасоблены ў Барысаглебскай (Каложскай) царкве (Гародня, канец 12 ст.).

Рэшткі Княжаскага хорама ў Гродне, 1930-я гг.

У 12 ст. у Полацку налічвалася каля дзесяці храмаў, сем — у Смаленску, тры ў Гародні, па аднаму — у Мінску, Віцебску, Навагрудку, Ваўкавыску, Тураве, Пінску. Мураванае дойлідства пашыралася і ў грамадскім будаўніцтве — знойдзены рэшткі будынкаў у Слуцку, Мінску, Мсціславе, княжацкага палаца ў Гародні.

У 2-ой пал. 13 ст. будуюцца абарончыя вежы, з якіх да нашых дзён дайшоў толькі «Камянецкі слуп», пабудаваны на беразе Лясной дойлідам Алексам «со тоземцы». Для вежы характэрны гатычныя элементы (спічастыя праёмы, тынкаваныя нішы, пояс з пакладзеных «на вугал» цаглін). Гэты мастацкі стыль быў распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе ў 12 — 16 ст.

Крыж Ефрасінні Полацкай

З 11 ст. пад візантыйскім і заходнееўрапейскім уплывам пачынае развівацца манументальны жывапіс (фрэскі), іканапіс, кніжная мініяцюра. Як і ў архітэктуры, у жывапісе назіраўся працэс фарміравання мясцовых лакальных школ. Мясцовыя майстры працавалі таксама з бурштынам, шклом, каляровымі металамі, апрацоўвалі камень і драўніну. Своеасаблівым сімвалам выяўленчага мастацтва Заходняй Русі можна назваць створаны ў 1161 полацкім майстрам Лазарам Богшам шасціканцовы крыж на заказ Ефрасінні Полацкай.

Культура Заходняй Русі 9 — 13 ст. развівалася ў межах сусветных культурна-гістарычных тэндэнцый. У той жа час на гэтым этапе быў закладзены падмурак фарміравання беларускага этнасу і яго адметнай культуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Культура. Вытокі беларускага этнасу // Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 1. / М. Касцюк (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: Экаперспектыва, 2007. — С. 273—330.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]