Перайсці да зместу

Спаса-Праабражэнская царква (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Спаса–Праабражэнская царква
Спаса–Праабражэнская царква станам на 2004 год
Спаса–Праабражэнская царква станам на 2004 год
55°30′15″ пн. ш. 28°46′51″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Полацк
Канфесія Руская праваслаўная царква
Епархія Полацкая
Тып будынка Царква
Архітэктурны стыль Полацкая школа дойлідства
Архітэктар Дойлід Іаан
Заснавальнік Ефрасіння Полацкая
Дата заснавання XII ст.
Будаўніцтва 1161
Рэліквіі і святыні Крыж Ефрасінні Полацкай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000621шыфр 210Г000621
Стан Дзейнічае
Сайт spas-monastery.by
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спа́са-Праабражэ́нская царква́, Спа́са-Ефрасі́ннеўская царква́, або проста Спа́ская царква́ — праваслаўнае сакральнае збудаванне ў Полацку, узведзенае ў XII стагоддзі і часткова перабудаванае ў XVII—XIX стагоддзях, калі была зменена канструкцыя даху і форма купала. Найбольш захаваны помнік полацкай школы дойлідства і адзіны цалкам захаваны храм дамангольскага перыяду на тэрыторыі Беларусі[1]. Аб’ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў цэнтры комплексу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

На просьбу княжны-чарніцы Ефрасінні (Прадславы) полацкі епіскап вызначыў ёй для жыцця Сяльцо паблізу Полацка, з царквой-пахавальняй, «дзе ж брація наша ляжы, перад намі быўшая епіскапамі». З «Жыція Ефрасінні Полацкай» некаторыя даследчыкі дапускаюць, што Ефрасіння магла пачаць будаўніцтва ў 1128—1129 гадах з блаславення епіскапа Міны.

" І так пачалі прабываць у манастыры. І па гэтым блажэнная Ефрасіння заклала царкву каменную Св. Спаса.
"
Пячатка Ефрасінні Полацкай з выявай Ісуса Хрыста, знойдзеная ў 2015 годзе пры раскопках каля сцен Спаскай царквы.

Магчыма, царкву асвяціў паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў епіскап Ілія, які ў гэты час (да 1145 года) займаў полацкую кафедру. Паводле іншых меркаванняў, царкву мог асвяціць пераемнік епіскапа Іліі Казьма, які быў полацкім епіскапам з 1143 па 1166 гады[2]. Аўтар «Жыція» апісвае гэту падзею наступным чынам:

" Прападобная Ефрасіння, убачыўшы завершаную царкву, узрадавалася, і было асвячэнне яе — вялікая радасць усім хрысціянам; і сабраўшыся князі і дужыя муры, інакі і інакіні і простыя людзі і была ўрачыстасць вялікая і святкавалі шмат дзён.
"

Царкву за 30 тыдняў пабудаваў полацкі дойлід Іаан («муж нарачыты імем Іаан, прыстаўнік над дзелацелямі царкоўнымі», то-бок кіраўнік арцелі будаўнікоў) на заказ ігуменні Ефрасінні.

Падчас Лівонскай вайны (1558—1583) Спаскі манастыр моцна пацярпеў. У 1563—1580 гадах Полацк быў пад уладай Маскоўскай дзяржавы, вялікі князь маскоўскі Івана Васілевіч вярнуў у манастыр Крыж Ефрасінні, імаверна, праведзены рамонтныя работы. Імаверна, менавіта тады зроблена новая кроквавая сістэма пад чатырохсхільны дах замест першапачатковага пазакамарнага пакрыцця. Гнёзды ад дыяганальных кроквавых ног высеклі ў сценах барабана[3].

Царква на малюнку аблогі Полацка войскамі Стэфана Баторыя ў 1579 года, створаным Станіславам Пахалавецкім.

Першыя іканаграфічныя выявы храма звонку (калі не лічыць кцітарскай фрэскі) фіксуюць на гравюрах і малюнках сакратара і картографа Станіслава Пахалавецкага часоў аблогі Полацка войскамі Стэфана Баторыя ў 1579 годзе. Выявы даволі ўмоўныя і супярэчлівыя: на адным рысунку дах паказаны ўжо скатным, а на гравюры — пазакамарным[3].

У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторый перадаў будынкі запусцелага манастыра Полацкаму езуіцкаму калегіуму. Тэрыторыя манастыра была ператворана ў загарадную вілу для адпачынку полацкіх езуітаў. Законнікі аднавілі зруйнаваную царкву і, што адметна, пакінулі ёй стары праваслаўны тытул — Панскага Перамянення[4]. Менавіта ў канцы ХVI — пачатку ХVII стагоддзя старая пазакамарная сістэма перакрыццяў была заменена на вальмавы дах з дахоўкі. Аб тым, што ў XVII стагоддзі адноўленая езуітамі святыня амаль не выкарыстоўвалася, сведчаць шматлікія хуліганскія графіці, пакінутыя на ўнутраных сценах тагачаснымі полацкімі шкалярамі[5].

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) пасля чарговага захопу Полацка маскоўскім войскам у 1656 годзе пасля буйнога рамонту Спаса-Праабражэнскую царкву паўторна асвяцілі як праваслаўную ў прысутнасці цара Аляксея Міхайлавіча. У гэты перыяд на заходнім фасадзе былі збудаваны скляпенні буйной крытай паперці, а на хорах быў уладкаваны прыдзельны храм з цябловым іканастасам[6].

Царква на спісе з абраза Ефрасінні Полацкай. Канец XVII стагоддзя

Пасля вызвалення горада ў 1667 годзе царква зноў перайшла ва ўладанне езуітаў, якія выкарыстоўвалі будынак як касцёл («касцёльчык у Спасе»). Ордэн праводзіў аднаўленчыя работы паміж 1728 і 1734 гадамі, а ў 1786 годзе святыню зноў рамантавалі з ініцыятывы рэктара Францішка Карэў[7]. На мяжы XVII—XVIII стагоддзяў дах над храмам пакрылі дахоўкай, а пад будынкам стварылі скляпеністую крыпту з вонкавым уваходам з паўднёвага боку для пахавання генералаў ордэна. На шматлікіх спісах страчанага абраза канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя з выявай Ефрасінні Полацкай царква паказана ўжо з цыбулепадобным купалам і цалкам без першапачатковых галерэй[8].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1800—1803 гадах будынак грунтоўна рэканструяваў прафесар архітэктуры езуіт Войцех Абрампольскі, дадаўшы элементы ранняга класіцызму. Да заходняга фасада быў прыбудаваны чатырохкалонны порцік на высокім стылабаце з класічным трохвугольным франтонам, у якім мясцілася невялікая званіца[8]. Перабудаваная царква выконвала ролю своеасаблівага «антычнага храма» ў рэгулярным парку загарадняй езуіцкай вілы і служыла не столькі касцёлам, колькі сцэнічнай дэкарацыяй для школьных тэатральных пастановак. Набажэнствы тут правілі ўсяго некалькі разоў на год, а для мясцовых сялян — толькі па нядзелях і святах[7].

Вільгельм фон Кобель. Фрагмент падрыхтоўчага малюнка да карціны Першай Полацкай бітвы. 17-18 жніўня 1812 г.
Вільгельм фон Кобель. Карціна Першай Полацкай бітвы. 1812 г.

Падчас вайны 1812 года царква моцна пацярпела, але неўзабаве яе аднавілі. Стан будынка ў той перыяд зафіксаваны на карцінах мастакоў Вільгельма фон Кобеля і С. Коха, прысвечаных бітве за Полацк: на іх бачны высокі барабан храма з дадатковым ліхтаром на ім, чатырохсхільны дах (пакрыццё якога ўсё яшчэ было з дахоўкі) і званіца над заходнім фасадам[9]. Падчас нападу французаў згарэў гістарычны алтарны абраз Панскага Перамянення, таму пасля вайны ў касцёле часова паставілі алтар з абразом Св. Тадэвуша[10]. Інвентары таго часу фіксуюць гэтыя змены:

" Франтон касцёлка з чатырма калонамі, над каторымі малая мураваная вежачка з касцёльным званочкам. Па баках франтона дзве малыя жалезныя піраміды і дзве вазы, абітыя жалезнай бляхай, купал таксама бляшаны, дах жа касцёльны пакрывае дахоўка. У сярэдзіне ва ўсім касцёле старадаўняе маляванне на сценах і на шасці падпіраючых хоры і купал калонах. "
Абмерны чарцёж галоўнага фасада царквы, выкананы губернскім архітэктарам Аляксандрам Бусырскім у 1833 г.

У 1819 годзе езуіты рыхтаваліся маштабна перабудаваць святыню «не ў ранейшым выглядзе», аднак у 1820 годзе ордэн быў скасаваны і гэтыя планы не ажыццявіліся[10]. Будынак перайшоў да піяраў, а ў 1832 годзе расійскія ўлады перадалі царкву Маскоўскаму патрыярхату. У тым жа 1832 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара італьянскага паходжання А. Порты пачалася перабудова храма для надання яму «праваслаўнага выгляду». Порта выдаліў цэнтральную вежачку і каталіцкія пінаклі з франтона, адрамантаваў кроквавую сістэму і цалкам перабудаваў латэрну і крыж на купале. У 1833 годзе губернскі архітэктар А. Бусырскі выканаў абмеры і склаў праект перабудовы (ён памылкова прыняў порцік за гістарычную прыбудову), але гэты праект быў адхілены[11].

Праект перабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, выкананы памочнікам архітэктара Будаўнічага камітэта К. Лукіным у 1833 годзе.

У жніўні 1833 года быў зацверджаны праект памочніка архітэктара Будаўнічага камітэта К. Лукіна, закліканы яшчэ больш падкрэсліць «праваслаўную старажытнасць». Паводле яго задумы калоны порціка былі разабраны і заменены паўкалонамі, на фасадзе ў тынкоўцы былі зноўку выяўлены закамары, а форма главы была зменена на лукавічную, пры гэтым архітэктар пакінуў схільны дах. Замест лёгкай каменнай званіцы ў франтоне ў 1834 годзе каля паўднёвага фасада збудавалі асобную драўляную званіцу, пазней замененую на мураваную. Перад храмам быў пабудаваны невялікі прытвор з кілепадобным завяршэннем даху[1][11]. Асвячэнне «добралепа адрамантаванага Спасавага храма» адбылося 30 ліпеня 1839 года/ Рамонты канца XIX — пачатку XX стагоддзя вырашалі пераважна тэхнічныя задачы і практычна не змянілі знешні выгляд царквы.

У час Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі храм моцна пацярпеў[12]. У 1918 годзе савецкія ўлады закрылі манастыр, і будынак працяглы час выкарыстоўваўся не па прызначэнні. Чарговы рамонт пачаўся толькі ў 1940-х гадах, але быў перапынены Вялікай Айчыннай вайной. Сваю дзейнасць як культавая ўстанова царква аднавіла падчас акупацыі ў 1943 годзе, а ў 1990 годзе перайшла ў склад Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату[12].

Рэканструкцыя пачатковага выгляду царквы з дыяганальнымі какошнікамі паводле Паўлінава / Рапапорта-Штэндэра, якая сёння лічыцца памылковай.

Царква з’яўляецца выдатным помнікам Полацкай школы дойлідства. Дойлід Іаан імкнуўся стварыць урачысты архітэктурны вежападобны манумент, помнік-рэквіем[2]. Храм атрымаў вельмі выразнае кампазіцыйнае рашэнне. Гэта быў выцягнуты ў плане крыжова-купальны трохнефны шасцістоўпны аб’ём (даўжыня без апсіды 14,4 м, з апсідай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня сцен 1,24—1,8 м). У плане сабор мае амаль базілікальную выцягнутасць прапорцый па восі ўсход — захад, што таксама характэрна і для іншых заходнерускіх храмаў XII стагоддзя, такіх як Дабравешчанская царква ў Віцебску і Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Гэта дазваляе гаварыць пра фарміраванне ў гэты перыяд у Полацкіх зямлях сваёй архітэктурнай традыцыі, а, магчыма, і пра прыналежнасць гэтых храмаў да адной будаўнічай арцелі[13].

Рэканструкцыя пачатковага выгляду царквы паводле Мікалая Брунова. Каля 1927 года

Доўгі час у навуковай супольнасці існавалі розныя графічныя версіі першапачатковага выгляду храма (свае рэканструкцыі прапаноўвалі А. Паўлінаў, А. Някрасаў, М. Бруноў, І. Хозераў). Пазней найбольш распаўсюджанай стала версія П. Рапапорта і Г. Штэндэра, у якой яны ўключылі ў графічную рэканструкцыю так званыя дыяганальныя какошнікі ў аснаванні барабана[14]. Аднак сучасныя даследаванні навукоўцаў з Эрмітажа (Я. Торшына і П. Зыкава) абверглі гэтую гіпотэзу, даказаўшы, што адбіткі на сценах належалі не каменным дыяганальным какошнікам, а драўляным канструкцыям — невялікім участкам першапачатковага даху[15].

Лічылася, што захаваны аб’ём храма з’яўляецца першапачатковым, аднак падчас археалагічных даследаванняў 2015 года (пад кіраўніцтвам Я. Торшына і А. Іаанісяна) былі выяўлены галерэі XII стагоддзя і экзанартэкс, што цалкам змяніла ранейшыя ўяўленні пра гістарычны выгляд будынка[1][16]. Страчаныя галерэі вакол храма сёння пазначаны адрозным брукам.

Канструктыўныя асаблівасці і дэфармацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле археалагічных даследаванняў П. А. Рапапорта, падмуркі храма былі закладзены на шчыльны мацерыковы пясок пасля таго, як будаўнікі прарэзалі лінзу чырвонай гліны таўшчынёй каля 1 метра. Самі падмуркі былі складзены з камянёў насуха, без выкарыстання вапнавага раствору[17].

Сцены сабора выкладзены з плінфы ў традыцыйнай тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Пры гэтым дойлід Іаан прымяніў спецыфічны полацкі прыём: ён цалкам адмовіўся ад выкарыстання гарызантальных палос з неапрацаванага каменя на фасадах (камяні ішлі толькі ў забутоўку). Сам водступ схаванага рада плінфы ад плоскасці фасада быў мінімальным і складаў усяго 1—2 см[18][19].

Цэнтральны неф храма з усходу завяршаўся паўкруглай апсідай. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады падзяляюцца пілястрамі з паўкалонамі. Архітэктарам былі выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, выкананыя з бітай цэглы на багатым растворы. Яны забяспечвалі паступовы пераход да кубічнага пастамента-асновы для барабана і купала. Вынікам пазнейшай перабудовы XIX стагоддзя стала замена закамарнага пакрыцця двухсхільным насценным[20].

Першапачатковы дэкор барабана складаўся з некалькіх элементаў: над вокнамі былі ўладкаваны выступаючыя броўкі з цаглінамі-зубчыкамі, якія змыкаліся над плоскімі лапаткамі ў прасценках, утвараючы своеасаблівы пояс; вышэй размяшчаўся аркатурны пояс са спецыяльна вырабленых лекальных плінфаў; яшчэ вышэй — два рады парэбрыка і завяршальны аркатурны карніз. Гэтыя элементы захавалі сляды рознакаляровых афарбовак, нанесеных на першапачатковы тынковачны слой, напрыклад, пояс меандра быў адкрытым і неатынкаваным, але падфарбаваным чырвонай вохрай[21].

Як паказалі сучасныя інжынерныя даследаванні, асноўныя дэфармацыі і расколіны вонкавых сцен узніклі не праз з’яўленне новага даху ў XVI стагоддзі, а ў працэсе будаўніцтва крыпты ў пачатку XVIII стагоддзя. З-за гэтага ўмяшання апорныя слупы храма аселі (два з іх праселі настолькі, што цалкам выключыліся з працы), і нагрузка перайшла на вонкавыя сцены, якія адразу пайшлі буйнымі трэшчынамі. Будаўнікі XVIII стагоддзя вымушаны былі закласці цэглай усе аркасольныя нішы ў інтэр’еры для стабілізацыі канструкцыі. Акрамя таго, два ўваходы ў крыпту пад нартэксам, размешчаныя адзін насупраць аднаго, запатрабавалі разборкі падмуркаў, што практычна раскалола будынак на дзве асобныя часткі, якія пачалі «жыць сваім жыццём»[1][22].

Унутраная прастора падзяляецца шасцю масіўнымі апорнымі слупамі на тры нефы, бакавыя з якіх вузейшыя і завяршаюцца паўкруглымі эксэдрамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Унікальны прыклад выкарыстання дрэва ў апорных канструкцыях будынка адзначаны ў падкупальных слупах сабора. Дзве заходнія пары слупоў маюць унізе васьміграннае сячэнне, над якім размешчаны невысокія цыліндрычныя паясы. Вышэй за іх у якасці пераходу да арак у муроўку ўстаўлены квадратныя пліты таўшчынёй каля 16 см, якія выкананы з вельмі шчыльнага цёмна-карычневага дрэва (маранага дуба)[23].

Келля Ефрасінні Полацкай на малюнку Івана Трутнева. 1866

Кампазіцыя плану характарызуецца рытмічным падзелам унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная зала і, нарэшце, вузкая апсіда. Прытвор адмяжоўваецца ад малітоўнай залы трыма невысокімі аркамі, над якімі размяшчаюцца хоры. Па іх баках размешчаны дзве маленькія крыжападобныя ў плане келлі, адна з якіх (справа ад уваходу), паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай, другая — для яе сястры Еўпраксіі. У 1656 годзе ў паўднёвым кампартыменце хораў быў уладкаваны прыдзельны храм з цябловым іканастасам, а ў паўночным — пабудавана печ (дзеля вываду дымахода над дахам давялося разабраць першапачатковае скляпенне). Падчас сучасных рэстаўрацыйных работ у келлі на другім паверсе былі зроблены ўчасткі са шкляной падлогай, якія дэманструюць гістарычныя растворныя падлогі XII стагоддзя з элементамі роспісу. Сучасная драўляная падлога асноўнай залы зроблена з лістоўніцы на тым жа ўзроўні, што і раней (яна знаходзіцца на 60—65 см вышэй за гістарычны ўзровень, паколькі апусціцца ніжэй тэхнічна немагчыма), аднак праз шкляныя ўстаўкі можна пабачыць рэшткі падлогі XII стагоддзя ў алтарнай частцы і глыбіню апорных слупоў[1][22]. Пад царквой размешчана скляпеністая крыпта, пабудаваная на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў.

Кцітарская фрэска з фігурай Ефрасінні, якая падносіць храм Збавіцелю.

Асаблівую гістарычна-мастацкую каштоўнасць маюць фрэскавыя роспісы XII стагоддзя. Гэта ўнікальны твор манументальнага мастацтва сусветнай значнасці. Старажытныя фрэскі таксама ўпрыгожвалі вонкавую паўднёвую сцяну, аднак яны не зберагліся[24].

Адно з найважнейшых адкрыццяў адбылося ў 1999 годзе ў келлі прападобнай Ефрасінні ў паўднёвым прытворы на хорах, дзе мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі выявіў кцітарскую фрэску з выявай самой Ефрасінні Полацкай. На ёй святая трымае ў руках мадэль храма — пазнавальны аднакупальны будынак з двума радамі какошнікаў і закамарамі трохлопасцевай формы з кілепадобнымі завяршэннямі, што дазволіла дакладна ўявіць яго першапачатковы выгляд[1][3].

Роспіс барабана царквы

У XXI стагоддзі ў інтэр’ерах храма па адмысловай методыцы расійскіх і беларускіх спецыялістаў пад кіраўніцтвам расійскага мастацтвазнаўца У. Сараб’янава са сцен быў цалкам зняты больш позні алейны жывапіс XIX стагоддзя, які быў перанесены на цвёрдую аснову і цяпер экспануецца ў Полацкай мастацкай галерэі. Гэта дазволіла раскрыць амаль 1000 квадратных метраў аўтэнтычных фрэсак XII стагоддзя, што складае каля 90 % ад першапачатковай плошчы роспісу. Па ўзроўні захаванасці праграмы роспісу полацкі храм не мае аналагаў сярод сакральных збудаванняў дамангольскага перыяду ва Усходняй Еўропе[1][25]. У верасні 2011 года была раскрыта фрэска з выявамі святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, і святога чэшскага князя Вацлава[26].

Выява крыжа Ефрасінні Полацкай з выдання «Белоруссия и Литва», 1889

У царкве захоўваўся напрастольны крыж, зроблены ў 1161 годзе. Разам з цудоўным абразом «Маці Божая Эфеская-Карсунская» крыж забраў маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч у паход на Рыгу ў 1656—1667 гадах (крыж вярнулі ў манастыр у 1659 годзе, абраз вывезлі ў Маскву)[27].

Сучаснасць і гісторыя рэстаўрацыі

[правіць | правіць зыходнік]

У пасляваенны перыяд, паміж 1946 і 1949 гадамі, храм даследаваў архітэктар Яўген Ашчэпкаў, які ўпершыню выявіў контуры надпартальнай нішы на паўднёвым фасадзе, першапачатковае акно на апсідзе, а таксама ссечаныя броўкі з кілепадобнымі завяршэннямі над вокнамі ніжняга яруса[12]. Аднак падчас наступнага рамонту будынак быў моцна атынкаваны цэментам, што ў далейшым нанесла катастрафічную шкоду помніку[1][12].

З сярэдзіны 1990-х гадоў (і на працягу амаль 15 гадоў) даследаванне і рэстаўрацыю храма праводзіў беларускі мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі, які працаваў ва ўмовах мінімальнага фінансавання з прыцягненнем валанцёраў. Менавіта ён у 1999 годзе знайшоў кцітарскую фрэску на хорах. Таксама Ракіцкі зрабіў выдатнае адкрыццё ў паддашкавай прасторы будынка: разабраўшы папярочную цагляную сцяну XVIII стагоддзя на гарышчы, ён выявіў выдатна захаваныя арыгінальныя закамары і какошнікі барабана XII стагоддзя. На аснове сваіх знаходак Ракіцкі распрацаваў праект поўнага аднаўлення аблічча храма на XII стагоддзе і стварыў макет, які сёння захоўваецца ў галерэі Полацка. Падчас працы ён таксама заклаў серыю зандажоў на фасадах, раскрыўшы фрагменты дэкору і роспісаў над парталам. Аднак пазней у яго адбыўся канфлікт з духоўнымі ўладамі манастыра, і яго адхілілі ад працы, а адкрытыя ім зандажы заставаліся неабароненымі ад ападкаў на працягу пяці гадоў, пакуль іх проста не затынкавалі[1][28]. Навуковым кіраўніком аб’екта ў гэты час таксама выступаў Генадзь Лаўрэцкі, які з’яўляўся прыхільнікам захавання выгляду будынка, набытага ў XIX стагоддзі[29].

Выгляд Спаса-Праабражэнскай царквы у 2014 годзе пасля замены купала.

У 2007 годзе свецкія і духоўныя ўлады дэмантавалі надбудаваны ў Расійскай імперыі драўляны купал-цыбуліну і ўсталявалі новы, зроблены ў Расіі і пакрыты нітрытам тытану, матэрыялам, які не выкарыстоўваецца ў прафесійнай рэстаўрацыі. Працы былі праведзены без паўнавартаснага праекта, а толькі паводле канструктыўных чарцяжоў. Супраць гэтага ўмяшання выказваліся найбольш аўтарытэтныя навукоўцы, а праз павелічэнне вагі канструкцыі пачалося разбурэнне скляпенняў і муроў царквы[30]. З гэтай прычыны ЮНЕСКА адмовіла Беларусі ва ўключэнні царквы ў спіс Сусветнай спадчыны[31].

У 2013 годзе інстытут «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам архітэктара Дзмітрыя Бубноўскага прадставіў радыкальны праект, які прапаноўваў выдаліць усе пазнейшыя надбудовы і значна пашырыць храм за кошт новых прыбудоў. Гэты праект выклікаў абурэнне расійскіх і беларускіх спецыялістаў і на выязным рэстаўрацыйным савеце ў 2015 годзе быў адхілены. На рашэнне паўплывалі ў тым ліку археалагічныя знаходкі 2015 года, якія даказалі яго гістарычную неадпаведнасць. Тым не менш макет Бубноўскага быў выраблены і дагэтуль экспануецца на тэрыторыі манастыра[1][32].

Для прафесійнага раскрыцця фрэсак была запрошана каманда маскоўскіх рэстаўратараў на чале з Уладзімірам Сараб’янавым, да якой далучыліся беларускія калегі. Пасля смерці Сараб’янава ў 2015 годзе куратарам прац стаў археолаг Алег Іаанісян. З 2016 года навуковае кіраўніцтва рэстаўрацыйнымі работамі на аб’екце пераняў расійскі архітэктар Сяргей Лалазараў (генеральны падрадчык — «Белрэстаўрацыя»). На той момант храм знаходзіўся ў жахлівым інжынерным стане: з-за шчыльнага пасляваеннага цэментнага тынкоўвання (таўшчынёй да 7 см) сцены былі наскрозь вільготнымі на вышыню да 3 метраў, вільготнасць дасягала 90 %, вада літаральна выцякала праз зандажы, распаўсюдзілася цвіль, а солі разбуралі ўнікальныя фрэскі. Ніжнія часткі муроў былі фактычна знішчаны.

Камандзе Лалазарава давялося здымаць цэментны панцыр, умацоўваць муроўку XII стагоддзя (з дапамогай тэхналогій дыхаючых тынковак фірмы «Remmers») і праводзіць маштабныя канструктыўныя працы па «сцягванні» расколатага будынка. Падчас мацавання сцен у пустэчы ад згнілых дубовых сувязей XII стагоддзя былі закладзены сучасныя металічныя цяжы і анкеры. Акрамя таго, была дэмантавана драўляная шахта вінтавой лесвіцы XIX стагоддзя на хорах, якая хавала пад сабой глыбокія расколіны. Фасады царквы вырашана было пакінуць у выглядзе пачатку XIX стагоддзя (афарбаваныя вапнавымі фарбамі «Неўская палітра» ў колер 1837 года), пакінуўшы толькі два зашклёныя і два адкрытыя экспазіцыйныя зандажы з фрагментамі архітэктуры і роспісаў. У будучыні плануецца стварэнне паўнавартаснай экспазіцыйнай зоны на гарышчы для дэманстрацыі аўтэнтычных закамар і какошнікаў. Урачыстае адкрыццё Спаса-Праабражэнскага храма пасля завяршэння асноўнага этапу рэстаўрацыі адбылося 15 студзеня 2025 года[1][33].

Паштовая марка Беларусі, 2000

Выява храма выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай філатэліі і нумізматыцы. У 2000 годзе была выпушчана Паштовая марка Беларусі з выявай царквы. У 2003 годзе Нацыянальным банкам РБ была адбітая памятная манета, на рэверсе якой выяўлены храм.

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Навукоўцы расказалі пра складанасці і правакацыі пры рэстаўрацыі найстарэйшага храма Беларусі . Наша Ніва (29 студзеня 2025). Праверана 1 мая 2026.
  2. 1 2 Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. ISBN 985-11-0190-7. С. 165.
  3. 1 2 3 Лалазараў 2025, с. 6.
  4. Гліннік 2003, с. 66.
  5. Гліннік 2003, с. 67—68.
  6. Лалазараў 2025, с. 7—8.
  7. 1 2 Гліннік 2003, с. 68.
  8. 1 2 Лалазараў 2025, с. 8.
  9. Лалазараў 2025, с. 8—9.
  10. 1 2 Гліннік 2003, с. 67.
  11. 1 2 Лалазараў 2025, с. 12.
  12. 1 2 3 4 Лалазараў 2025, с. 16.
  13. Спаса-Праабражэнская царква XII ст. Архівавана 12 жніўня 2014.
  14. Лалазараў 2025, с. 16—17.
  15. Лалазараў 2025, с. 19.
  16. Лалазараў 2025, с. 25—26.
  17. Рапапорт 1994, с. 68, 104.
  18. Рапапорт 1994, с. 75.
  19. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.39-40
  20. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. ISBN 985-11-0190-7. С. 166.
  21. Лалазараў 2025, с. 30—33.
  22. 1 2 Лалазараў 2025, с. 28.
  23. Рапапорт 1994, с. 139.
  24. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-078-5. С. 400.
  25. Лалазараў 2025, с. 21.
  26. Аляксандр Хітроў, БелТА. Сенсацыйныя адкрыцці // Звязда : газета. — 7 верасня 2011. — № 170 (27033). — С. 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  27. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. ISBN 985-11-0190-7. С. 167.
  28. Лалазараў 2025, с. 18.
  29. Людміла Дрык.Журналісты за гістарычную спадчыну(недаступная спасылка) // «Туризм и отдых» № 32, 2007.
  30. Буховецкий А., Буховецкий А., Закревский Е.. Спасите белорусскую святыню(недаступная спасылка). Краевед-исследователь Полоцкой земли (2 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 6 жніўня 2013.
  31. Глеб Лабадзенка.У Нясвіжы на знаку ЮНЕСКА зрабілі памылку ў слове… ЮНЕСКА!(недаступная спасылка) // «Звязда» № 59 (26923), 31 сакавіка 2011.
  32. Лалазараў 2025, с. 24—25.
  33. Лалазараў 2025, с. 33—35.