Луаятэ
Луаятэ | |
---|---|
фр. Îles Loyauté | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 6 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Ліфу |
Агульная плошча | 1 981 км² |
Найвышэйшы пункт | 138 м |
Насельніцтва | 17 436 чал. (2009) |
Шчыльнасць насельніцтва | 8,8 чал./км² |
Размяшчэнне | |
21°04′ пд. ш. 167°21′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Луаятэ (фр.: Îles Loyauté) — архіпелаг у Ціхім акіяне. Складае асобную правінцыю Новай Каледоніі. Агульная плошча — 1981 км². Насельніцтва (2009 г.) — 17436 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Луаятэ — чатыры старажытныя атолы Увеа, Ліфу, Тыга і Марэ, паднятыя над акіянам вулканамі. Яны знаходзяцца прыкладна ў 125 км ад Новай Каледоніі і 250 км ад Вануату. На паўночны захад ад іх прасціраюцца каралавыя рыфы Астралаб, затопленыя атолы. Вельмі рэдка, але на астравах здараюцца землятрусы.
Найвышэйшы пункт (138 м) знаходзіцца на востраве Марэ. Найвышэйшы пункт Ліфу — усяго 104 м. Астравы Увеа і Тыга значна ніжэйшыя. Высокія астравы маюць вапняковыя скалістыя плато, парослыя лесам. Вадацёкі ад дажджавых ападкаў зрабілі ў друзлых скальных масівах шматлікія пячоры. Узбярэжжа абрамлена белымі пясчанымі пляжамі.
Клімат трапічны пасатны. Жыхары астравоў жартуюць, што ў іх заўсёды вясна. Сярэдняя гадавая тэмпература складае 23,5 °C. У лютым яна можа дасягаць 28 °C, а ў жніўні падаць да 18 °C. Астравы Луаятэ значна меней церпяць ад цыклонаў, чым Новая Каледонія.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя людзі з’явіліся на астравах прыкладна ў 1100 г. да н. э. Гэта былі меланезійцы. Іх нашчадкаў адносяць да канакаў. На востраве Марэ захаваліся рэшткі старажытнай П-падобнай пабудовы з вапняковых блокаў 180 м у даўжыню. Абарыгены называюць яе Hnakudotit.
Меланезійцы займаліся рыбалоўствам і земляробствам. На кожным буйным востраве сфарміравалася свая мова. Аднак астравіцяне не жылі ў ізаляцыі і мелі цесныя сувязі паміж сабой. Яны аб’ядноўваліся ў ваенныя групоўкі на чале з правадырамі, улада якіх перадавалася па спадчыне.
У XVIII ст. на востраў Увеа перасяліліся палінезійцы з астравоў Уоліс і Самоа. Аднак кантакты мясцовых канакаў з палінезійцамі маглі адбывацца і ў ранейшыя перыяды.
У канцы XVIII ст. астравы Луаятэ былі адкрыты еўрапейцамі. У пачатку XIX ст. іх даследавалі навуковыя экспедыцыі. Сучасную назву астравы набылі дзякуючы Ж. С. Дзюмону-Дзюрвілю. У 1827 г. ён упершыню картаграфаваў архіпелаг. Але найбольшую цікавасць да Луаятэ выяўлялі кітабоі, якія папаўнялі тут запасы харчу і пітной вады, а таксама наймалі на працу мясцовых жыхароў. Асабліва важнае значэнне здабыча кітоў мела для канакаў Ліфу. У 1840 г. на астравах высадзіліся брытанскія місіянеры-пратэстанты. У 1843 г. з’явілася французская каталіцкая місія. Хаця французскія святары карысталіся падтрымкай ваенных, іх дзейнасць мела поспех пераважна сярод палінезійцаў увеа, у той час як канакі ўпадабалі пратэстантызм. Гэта тлумачыцца тым, што пратэстанты карысталіся ў набажэнстве мясцовымі мовамі, пераклалі на іх Біблію, садзейнічалі адукацыі тубыльцаў.
У 1868 г. архіпелаг быў фактычна далучаны да французскіх уладанняў. З 1920-х гг. адміністрацыя Новай Каледоніі пачала праводзіць палітыку стварэння канакскай эліты, якая павінна была прыняць французскую мову і культуру. Абарыгены таксама прыцягваліся да ваеннай службы. У I сусветнай вайне ўдзельнічала 348 выхадцаў з Луаятэ. 140 з іх загінула. У 1940 г. лідары канакаў Луаятэ адкрыта падтрымалі Шарля дэ Голя. 7 мая 1946 г. тубыльцы афіцыйна атрымалі французскае грамадзянства.
У 1960-х гг. многія абарыгены архіпелага далучыліся да руху за незалежнасць Новай Каледоніі. У 1988 г. прыхільнікі незалежнасці захапілі на Увеа ў палон турыстаў. Канфлікт скончыўся сілавым уздзеяннем урада Францыі ў дачыненні да паўстанцаў.
У 1989 г. астравы атрымалі статус асобнай правінцыі Новай Каледоніі.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Луаятэ складаюць асобную правінцыю Новай Каледоніі з адміністрацыйным цэнтрам у Вэ на востраве Ліфу. Правінцыя падзяляецца на 3 акругі (Увеа, Ліфу і Марэ). У акругах існуюць рады правадыроў, але яны маюць толькі кансультацыйны характар у дачыненні да афіцыйнай адміністрацыі.
Правінцыяй кіруе асамблея з 14 прадстаўнікоў. 7 з іх прадстаўляюць астравы Луаятэ ў кангрэсе Новай Каледоніі.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная галіна эканомікі — турызм. Астравы Луаятэ папулярны сярод турыстаў з азіяцкіх краін. Мясцовае насельніцтва таксама займаецца сельскай гаспадаркай, гандлем, едзе на часовую працу ў Нумеа.
Насельніцтва і культура
[правіць | правіць зыходнік]Большасць насельніцтва складаюць канакі, якія падзяляюцца на прадстаўнікоў трох буйных этнічных груп — іааі (Увеа), дрэху (Ліфу) і ненгоне (Марэ). Яны размаўляюць на блізкіх меланезійскіх мовах. Блізкімі па культуры да іх з’яўляюцца палінезійцы-увеа, жыхары Увеа. Французы і іншаземцы складаюць нязначную меншасць.
Мясцовая культура была значна зменена пад уплывам каланіяльнай палітыкі і хрысціянізацыі. Большасць вернікаў — пратэстанты. Рэлігія мае важнае значэнне ў паўсядзённым жыцці. Пратэстанцкія арганізацыі садзейнічаюць захаванню родных моў канакаў і ўвеа. Абарыгены астравоў Луаятэ добра прыстасаваліся да заходніх інавацый, паспяхова займаюцца бізнесам, спортам, палітыкай, адміністрацыйным кіраваннем. Аднак яны таксама падтрымліваюць старыя традыцыі, перадаюць наступным пакаленням свае міфы і танцавальнае мастацтва. Захаваўся інстытут правадыроў, якія маюць значны ўплыў сярод супляменнікаў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- iles-loyaute.com
- THE LOYALTY ISLANDS NEW CALEDONIA Архівавана 2 ліпеня 2013.
- Very strong earthquake in the greater Loyalty Islands / New Caledonia area Архівавана 27 красавіка 2012.
- Pacific Heart Web TV Архівавана 14 снежня 2013.