Мяцеж у Іспанскай Гвінеі (1936)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мяцеж у Іспанскай Гвінеі
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Карта калоніі.
Карта калоніі.
Дата 19 верасня14 кастрычніка 1936
Месца Іспанская Гвінея (сучасная Экватарыяльная Гвінея)
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
 Другая Іспанская Рэспубліка Паўстанцы-нацыяналісты
Камандуючыя
Мігель Эрнандэс Парсель Луіс Серана Марангес

Мяцеж у Іспанскай Гвінеі (ісп.: Sublevación militar de 1936 en la Guinea Española) — узброены канфлікт за кантроль над Іспанскай Гвінеяй падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі паміж рэспубліканцамі і нацыяналістамі, які праходзіў з верасня па кастрычнік 1936 года. Нацыяналісты першапачаткова ўзялі пад свой кантроль востраў Фернанда-По, а затым, пасля атрымання падмацаванняў у кастрычніку, захапілі кантроль над астатняй часткай калоніі.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 1936 года начальнік каланіяльнай гвардыі падпалкоўнік Луіс Серана Марангес падняў паўстанне на востраве Фернанда-По, астраўной тэрыторыі Іспанскай Гвінеі, зрынуўшы рэспубліканскага генерал-губернатара Санчэса Гера ў выніку бяскроўнага перавароту. Выконваючы загады Франсіска Франка, Серана прыняў на сябе абавязкі губернатара і ўвёў ваеннае становішча, абвясціўшы калонію ў стане вайны. Віцэ-губернатар Мігель Эрнандэс Парсель, які пражываў у горадзе Бата, мацерыковай тэрыторыі Рыа-Муні, адмовіўся прызнаць Серана.

23 верасня прыхільнікі мяцежнікаў на мацерыковай частцы калоніі, у асноўным манахі-місіянеры, арганізавалі апалчэнне і рушылі на Бату. Віцэ-губернатар Парсель паслаў супраць іх войскі. Дзве калоны сустрэліся ў Камандачыне, недалёка ад ракі Экуку, і завязалі бой. Рэспубліканцы перамаглі. Лідары мяцежнікаў на мацерыку былі выгнаны ў Французскае Конга, многія адтуль пазней пераправіліся на Фернанда-По. Такім чынам, калонія раскалолася паміж нацыяналістамі на Фернанда-По і рэспубліканцамі ў Рыа-Муні. Апошнія апынуліся практычна ізаляванымі на мацерыковай частцы калоніі, ператварыўшы свой адзіны карабель «Фернанда-По» ў турму для каталіцкіх місіянераў і манашак.

У кастрычніку дапаможны крэйсер нацыяналістаў «Сьюдад-дэ-Маон», узброены 76-мм і 101-мм гарматамі, пераправіў з Канарскіх астравоў на Фернанда-По падмацаванне (мараканцы-рэгуларэс) для нацыяналістаў. Серана выкарыстаў яго для абстрэлу Баты. На наступны дзень нацыяналісты высадзіліся і неўзабаве ўсталявалі кантроль над тэрыторыяй Рыа-Муні. Большасць рэспубліканцаў бегла ў Французскае Конга, некаторыя з іх былі пакараны смерцю, а іншыя дэпартаваны на Канарскія астравы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • La Guerra Civil en la Guinea española: Un episodio quizá insignificante, pero documentado [1]