Бітва пры Бельчытэ (1937)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Бельчытэ
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Карта бітвы.
Карта бітвы.
Дата з 24 жніўня па 6 верасня 1937
Месца Бельчытэ, Іспанія
Вынік перамога рэспубліканцаў
Праціўнікі
Flag of the Second Spanish Republic.svg Другая Іспанская Рэспубліка
Flag of the International Brigades.svg Інтэрнацыянальныя брыгады
Bandera del bando nacional 1936-1938.svg Франкісцкая Іспанія
Камандуючыя
Педра Санчэс Плаза
Энрыке Лістэр
Рамон Альфонса Тральера
Сілы бакоў
24 000 чалавек 5000—7000 ваеннага і грамадзянскага персаналу
Страты
2800 загінулых, 6000 параненых 2000 загінулых, 2411 палонных
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пры Бельчытэ (1937) — адна з бітваў грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая праходзіла з 24 жніўня па 6 верасня 1937 года падчас Сарагоскай наступальнай аперацыі Рэспубліканскай арміі. Скончылася ўзяццем Бельчытэ.

Ход баёў[правіць | правіць зыходнік]

У ходзе Сарагоскай наступальнай аперацыі на Бельчытэ наступала 11-я дывізія Энрыке Лістэра. Першыя баі ў раёне гарадка завязаліся 24 і 25 жніўня. 25 жніўня 32-я, 117-я і 131-я змешаныя брыгады захапілі чыгуначны вакзал. Затым яны абышлі населены пункт з двух бакоў і 26-га цалкам атачылі Бельчытэ.

Войскі франкістаў былі добра абсталяваны і маглі вытрымаць працяглую аблогу, але Рэспубліканская армія не магла дазволіць сабе губляць час і таму вырашыла штурмаваць Бельчытэ. Штурм горада даручылі 15-й інтэрнацыянальнай брыгадзе.

Схаваўшыся за жалезабетоннымі ўмацаваннямі з кулямётнымі «гнёздамі», скарыстаўшыся будынкамі і барыкадамі з мяшкоў з пяском на вуліцах горада, сем тысяч нацыяналістаў аказалі адчайны супраціў. Абложаным перакрылі ваду, а па меры таго, як стала нарастаць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, стаў прыкметным недахоп харчавання і медыкаментаў.

Да 28 жніўня наступленне на Сарагосу на іншых участках фронту захлынулася, і генерал Себасцьян Посас, які камандаваў рэспубліканскай Усходняй арміяй, не разабраўшыся ў сітуацыі, перабольшыў магчымасці нацыяналістаў, на пяты дзень бітвы загадаў войскам замацавацца і не наступаць на Сарагосу да авалодання Бельчытэ і Кінта. На абавязковым узяцці Бельчытэ — апірышча арагонскіх манархістаў — настойвалі таксама актывісты ўсіх партый Рэспублікі. Так пасёлак з двума тысячамі насельніцтва стаў цэнтрам бітвы.

У сваю чаргу нацыяналісты спрабавалі прарваць аблогу. 30 жніўня іх войскі перайшлі ў контрнаступленне з боку Медыяны, але былі спынены 45-й дывізіяй Клебера.

31 жніўня байцам 15-й інтэрбрыгады ўдалося дабрацца да маслазавода. На наступны дзень рэспубліканская авіяцыя сістэматычна атакавала гарадскія раёны, а рэспубліканская артылерыя правяла інтэнсіўны абстрэл пазіцый праціўніка ў Кабеса-дэль-Лоба, за чатыры кіламетры ад горада.

3 і 4 верасня рэспубліканцы наносілі ўдары па будынках пасёлка, падчас якіх палі апошнія аплоты нацыяналістаў. Апошнія баі разгарнуліся вакол вуліцы Кале-Маёр, і да 5 верасня ў мястэчку ўсё яшчэ заставаліся два ачагі супраціву: ратуша, размешчаная на новай плошчы, і царква Сан-Марцін, на ўсходняй ускраіне Бельчытэ.

5-га, пасля значных страт, царква Сан-Марцін была ўзята рэспубліканскімі войскамі. У гэты дзень камандуючы Усходняй арміяй генерал Себасцьян Посас наведаў пасёлак і прыняў рашэнне аб вывадзе з бою інтэрнацыянальных брыгад. Засталіся дзве іспанскія змешаныя брыгады, 32-я і 153-я, якія павінны былі завяршыць аперацыю.

Раніцай 6 верасня апошнія абаронцы ратушы спрабавалі прарваць аблогу. Прыкладна тром сотням удалося прабіцца праз рэспубліканскія пазіцыі, з іх каля васьмідзесяці дабраліся да Сарагосы. Камендант Тральера загінуў у баі.

У той жа дзень Бельчытэ быў канчаткова захоплены рэспубліканскімі войскамі. Пераможцам дасталіся разваліны, бедныя трафеі і некалькі сотняў палонных, астатнія абаронцы загінулі.

Горад-помнік[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліканцы ўтрымлівалі Бельчытэ да таго часу, пакуль нацыяналісты не вярнулі кантроль над горадам у 1938 годзе. Франсіска Франка вырашыў не зносіць амаль цалкам разбураны горад, пакінуўшы яго ў якасці помніка вайне. Новы горад Бельчытэ быў пабудаваны толькі ў 1954 годзе, а да гэтага мясцовыя жыхары на працягу пятнаццаці гадоў не маглі пакінуць стары.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • La Batalla de Belchite, 24-8-1937 [1]