Баі на рацэ Сегрэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баі на рацэ Сегрэ
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Кулямётнае гняздо, размешчанае на перадавой лініі Сегрэ.
Кулямётнае гняздо, размешчанае на перадавой лініі Сегрэ.
Дата красавік—снежань 1938
Месца Сегрэ і Нагера-Пальярэса, Іспанія
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Нацыяналісты
Камандуючыя
Хуан Сарабія,
Хуан Перэа
Хасэ Сальчага,
Фідэль Давіла
Сілы бакоў
180 тысяч чалавек 180 тысяч чалавек
Страты
невядома невядома
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Баі на рацэ Сегрэ́ (ісп.: Batalla del Segre) — серыя баёў на рэках Сегрэ і Нагера-Пальярэса ў перыяд з красавіка па снежань 1938 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля наступлення франкісцкай арміі падчас Арагонскай аперацыі прыхільнікі Рэспублікі ў Каталоніі працягвалі супраціў, абапіраючыся на ракі Эбра і Сегрэ. Лінія Сегрэ была самай доўгай і самай важнай у рэгіянальнай абароне. Да пачатку красавіка 1938 года прасоўванне мяцежнікаў на дадзеным кірунку практычна спынілася, і з тых часоў усе іх спробы пераправіцца праз раку былі заблакаваны, за выключэннем Сераса, дзе ім удалося ўтварыць плацдарм. Далей на поўнач франкісты працягнулі сваё прасоўванне і занялі гарады Балагер (тут яны ўтварылі яшчэ адзін плацдарм), Камараса і Трэмп, дзе знаходзіліся буйныя гідраэлектрастанцыі, якія забяспечвалі электрычнасцю Барселону і ўсю яе прамысловую сетку, жыццёва важную для вайны. З іншага боку, 14 красавіка 43-я рэспубліканская дывізія была акружана ў Арагонскіх Пірэнеях у невялікім катле, размешчаным вакол Б’ельсы.

Да гэтага часу рэспубліканцы пачалі аказваць жорсткі супраціў, больш арганізаваны, чым у Арагоне. Адначасова Франсіска Франка, замест працягу наступлення на Барселону, загадаў рушыць на поўдзень, у бок Валенсіі. Такім чынам, рэспубліканскія войскі атрымалі неабходную перадышку для рэарганізацыі. Аднак баі ўздоўж ракі Сегрэ яшчэ вяліся.

Сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

З боку рэспубліканцаў лінію фронту абараняла Усходняя армія з трох карпусоў (10-ы, 11-ы, 18-ы) і групы Эбра (нядаўна створанай). Усе гэтыя войскі былі моцна аслаблены пасля баёў у Арагоне. Прыбыццё ваенных паставак з СССР узмацніла гэтую армію артылерыяй, танкамі і авіяцыяй.

На баку франкістаў у раёне Балагера знаходзіліся Арагонскі і Мараканскі карпусы, а ў раёне Трэмпа — Горны і Наварскі.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Балагерскі плацдарм[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліканскае камандаванне разумела небяспеку варожых плацдармаў на Сегрэ, таму адразу ж паспрабавала іх ліквідаваць. З 12 па 15 красавіка 27-я, 60-я і 72-я дывізіі 18-га армейскага корпуса Іспанскай Рэспублікі контратакавалі 53-ю дывізію нацыяналістаў пад Балагерам. Аднак рэспубліканскія салдаты, у асноўным вельмі маладыя людзі (некаторым было ўсяго 17 гадоў), паспешліва мабілізаваныя і дрэнна навучаныя, нягледзячы на іх энтузіязм, не дамагліся поспеху.

У маі, з мэтай аслабіць ціск прыхільнікаў Франка на Валенсію, вярхоўнае камандаванне рэспубліканцаў падрыхтавала новую контратаку на плацдарм ля Балагера, засяродзіўшы тут пяць пяхотных дывізій і танкавыя падраздзяленні. Баі пачаліся 22 мая года па ўсёй лініі фронту плацдарма. Атакі рэспубліканцаў пры шырокім выкарыстанні танкаў БТ-5 былі вельмі інтэнсіўнымі. Жорсткія баі вяліся за гарады Вальфагона-дэ-Балагер, Эрміта-дэ-Эль-Педрыс, Сенціу-дэ-Шыа і Мерэнге. Нягледзячы на вялікія страты і першапачатковую няўдачу, рэспубліканцы працягвалі атакі да 29 мая, захапіўшы ўсяго толькі тры ўчасткі, але яны не мелі ніякага стратэгічнага значэння. Праліўны дождж, які ператварыў даліну ракі ў балота, зрабіў немагчымым прасоўванне тэхнікі і людзей і прымусіў спыніць атакі.

Праз амаль тры месяцы, разам з больш шырокім рэспубліканскім наступленнем у бітве на Эбра, зноў рушыла ўслед серыя баёў за вяртанне плацдарма пад Балагерам. Атакі былі здзейснены паміж 9 і 11 жніўня, але рэспубліканскія войскі зноў пацярпелі паразу, сутыкнуўшыся з праўзыходнай агнявой моцай нацыяналістаў.

«Кацёл» Б’ельсы[правіць | правіць зыходнік]

Першая спробы Франка ліквідаваць 43-ю рэспубліканскую дывізію, якая ўсё яшчэ супраціўлялася ў Б’ельсы, праваліліся вясной 1938 года. Гэты ўчастак знаходзіўся вельмі далёка ад фронту на Сегрэ, але ён быў цесна звязаны з баявымі дзеяннямі на каталонскім фронце. Прысутнасць акружанай 43-й дывізіі аслабляла войскі мяцежнікаў, размешчаныя ў раёнах Трэмпа і Балагера, а таксама на левым беразе Сегрэ і Нагера-Пальярэса. У пачатку чэрвеня ціск франкістаў узмацніўся, і 15 чэрвеня, пасля таго, як абараняць свае пазіцыі стала немагчыма, рэспубліканцы перасеклі французскую мяжу, падарваўшы ўсе аб’екты і разбурыўшы інфраструктуру, якія маглі служыць праціўніку.

Баі за ГЭС[правіць | правіць зыходнік]

Кантроль над гідраэлектрастанцыямі гарадоў Камараса і Трэмп меў вырашальнае значэнне ў баях на Сегре. Гэтыя станцыі, размешчаныя ўздоўж ракі, былі захоплены нацыяналістамі ў пачатку красавіка, і крыніца энергіі для цяжкай прамысловасці каталонскай Барселоны апынулася ў іх руках. Па прапанове генерала Вісентэ Роха ў канцы мая пачалося наступленне, каб паспрабаваць вярнуць электрастанцыі ў раёне Нагера-Пальярэса і адцягнуць франкісцкія сілы, якія знаходзіліся на ўсходзе. Хоць спроба скончылася няўдачай, яна стала вопытам для рэарганізаванай Усходняй арміі. 9 жніўня 56-я дывізія пры падтрымцы 17 танкаў фарсіравала Сегрэ ў сектары Віланова-дэ-ла-Барка і здолела ўсталяваць плацдарм. Франкісты хутка адрэагавалі і праз 2 дні вярнулі свае пазіцыі.

Вынікі і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Баі на рацэ Сегрэ сталі аднымі з самых працяглых бітваў за ўсю вайну. Страты з кожнага боку ацэньваліся ў некалькі тысяч чалавек. Упартае супраціўленне рэспубліканскіх войскаў на лініі фронту дазволіла яшчэ на год адтэрмінаваць захоп Каталоніі войскамі нацыяналістаў. Адначасова магчымасць кантраляваць раку стала вырашальнай падчас бітвы на Эбра. Нацыяналісты неаднаразова адкрывалі шлюзы, каб падняць паток вады і, такім чынам, разбурыць рэспубліканскія пешаходныя масткі і пантоны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]