Бітва пры Сантандэры
Бітва пры Сантандэры | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Паўночнаіспанская кампанія (Грамадзянская вайна ў Іспаніі) | |||
| |||
Дата | 14—26 жніўня 1937 | ||
Месца | Сантандэр | ||
Вынік | перамога нацыяналістаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Бітва пры Сантандэры (ісп.: Batalla de Santander) — наступальная аперацыя войскаў нацыяналістаў на паўночным фронце ў жніўні 1937 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі з мэтай захопу правінцыі і горада Сантандэр.
Планы і сілы бакоў
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзення Більбаа 19 чэрвеня нацыяналісты вырашылі працягнуць наступленне на поўначы і акупаваць Сантандэр. Але наступленне рэспубліканскай арміі на мадрыдскім фронце пры Брунетэ на месяц адтэрмінавала аперацыю на поўначы. Брунецкая аперацыя скончылася ў канцы ліпеня, і Франсіска Франка, жадаючы скончыць з рэспубліканцамі на поўначы, вярнуў на гэты фронт часці, якія ён раней перакінуў пад Мадрыд. Наступленне стала немінучым. Сілы нацыяналістаў і італьянцаў налічвалі 65 тысяч салдат і афіцэраў, 126 гармат, 60—70 танкаў і бронемашын, больш за 200 самалётаў, арганізаваных у 8 іспанскіх брыгад і 3 італьянскія дывізіі пад агульным камандаваннем генерала Фідэля Давілы.
Месяц без баёў дазволіў рэспубліканскім уладам Сантандэра фармальна мабілізаваць каля 90 тысяч чалавек. Але ўзброеныя сілы былі недысцыплінаваным апалчэннем, якое напалову складаліся з баскаў, парадкам дэмаралізаваных крушэннем «Жалезнага пояса» і падзеннем Більбаа. У рэспубліканцаў таксама заставалася каля 30 танкаў і больш за 40 самалётаў.
Лінія фронту размяшчалася на горным хрыбце Кантабрыі, самыя высокія вяршыні якога знаходзіліся ў руках ўрада. Адзіным уразлівым месцам быў Рэйнаскі выступ, размешчаны на поўдзень ад горнага хрыбта, які складаў урадавы фарпост на Кастыльскім плато. У камандавання рэспубліканцаў узнікла спрэчка — ці абараняць Рэйнаскі выступ? З аднаго боку, ён быў ўразлівы з-за канфігурацыі лініі фронту, з другога — патрэбен, бо там знаходзіўся важны ваенны завод. Выступ можна было выкарыстоўваць для нанясення контрудара. Генерал Марыяна Гамір Улібары, нягледзячы на супрацьдзеянне многіх афіцэраў, вырашыў не здаваць горад, сцягнуўшы туды лепшыя войскі Паўночнага фронту.
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]Франкісты вырашылі двума збежнымі ўдарамі зрэзаць Рэйнаскі выступ. 14 жніўня войскі нацыяналістаў, пасля бамбардзіроўкі ўрадавых пазіцый артылерыяй і авіяцыяй, павялі наступленне на горад Рэйнаса. Першай мэтай сталі зброевы завод каля горада і чыгуначны вузел. У першы дзень наварскія брыгады прарвалі рэспубліканскую паўднёвую лінію фронту, адначасова італьянскі корпус прарваў фронт у Сынчылья, прасоўваючыся ў бок перавала Эль-Эскуда і Арыя. 16 жніўня наварскай брыгадзе ўдалося зламаць супраціў басконскай дывізіі ў Партылья-дэ-Суана і захапіць ваенны завод, непашкоджаны з-за адмовы рабочых разбурыць яго. У мяшку ў Рэйнаса засталося шэсць тысяч рэспубліканскіх салдат.
17 жніўня італьянскай дывізіі «23 сакавіка» атрымалася захапіць перавал Эль-Эскуда, такім чынам атачыўшы і прымусіўшы здацца 22 батальёны рэспубліканцаў, і сустрэцца з астатняй арміяй у горадзе Сан-Мігель-дэ-Агуаё. Знішчэнне гэтай групоўкі з яе значнай колькасцю сіл стала сур’ёзным маральным ударам для астатняй арміі рэспубліканцаў. Адсюль наступленне працягвалася ў двух кірунках: з аднаго боку, з поўдня на поўнач, праз чатыры даліны, якія адкрываюць шлях ад гор да Кантабрыйскага мора, да горада Тарэлавега, што дазваляла перарэзаць шлях адступлення рэспубліканцаў у Астурыю. З іншага боку, італьянскія войскі сталі наступаць уздоўж узбярэжжа на захад і дасягнулі рэк Асон і Агуэра.
З 18 жніўня рэспубліканскі фронт стаў рассыпацца. Патрапаныя батальёны пачалі здавацца ворагу (нярэдка — у поўным складзе) або без супраціву адступалі на поўнач, да мора. Генерал Улібары пачаў усеагульную эвакуацыю ў Астурыю, якая ўсё яшчэ заставалася вернай Рэспубліцы. 24 снежня нацыяналісты захопліваюць Тарэлавегу, а ў 18:00 займаюць пераправу ў Барэда, і сухапутнае паведамленне з Астурыяй перарываецца. Шырока распаўсюджваюцца ўцёкі палітычных і ваенных камандзіраў Рэспублікі.
25 жніўня прэзідэнт Краіны Баскаў Хасэ Антоніа Агірэ эвакуіруецца самалётам з Сантандэра ў напрамку Францыі, а генерал Улібары з часткай свайго генеральнага штаба, савецкі ваенны саветнік Гораў і некаторыя палітыкі на борце падводнай лодкі накіроўваюцца ў Хіхон. Астатнія вайскоўцы ўступілі ў кантакт з камандаваннем італьянскага корпуса і дамовіліся здаць Сантандэр без бою ў абмен на жыццё, свабоду і права на свабодны выезд за мяжу яго былых абаронцаў і жыхароў. Генерал Эторэ Бастыка пагадзіўся, і ў 8 гадзін раніцы 26 жніўня 1937 года салдаты з 4-й наварскай брыгады і італьянскай дывізіі Літорыа прасоўваюцца да сталіцы і ўваходзяць у яе каля поўдня, дзе вітаюцца сваімі прыхільнікамі. У Сантандэры нацыяналісты бяруць у палон 17000 чалавек.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Франка даведаўся аб асаблівых умовах здачы Сантандэра толькі 28 жніўня і тут жа запатрабаваў ад італьянцаў іх ануляваць. Бастыка быў абураны, аднак Беніта Мусаліні вырашыў не сварыцца з Франка і палічыў за лепшае пагадзіцца з яго патрабаваннямі. Бастыка быў заменены новым камандуючым генералам Марыа Берці. Замежныя судны, якія ўзялі на борт бежанцаў-рэспубліканцаў, сталі затрымлівацца ў партах, іх пасажыры арыштоўваліся і перадаваліся нацыяналістычным трыбуналам, якія многіх тут жа прыгаворвалі да расстрэлу.
Франкісты, якія працягвалі наступленне, да 17 верасня занялі ўсю тэрыторыю Кантабрыі. Ні ў адным іншым месцы грамадзянскай вайны нацыяналісты не дамагаліся такіх значных ваенных поспехаў. Колькасць палонных, якія дасталіся мяцежнікам, была найбольшай за ўвесь перыяд вайны: амаль 60 000 чалавек. Здабычай франкістаў сталі важны порт, неразбураныя эканамічныя аб’екты і да 40 000 адзінак стралковай зброі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.