Руская народная добраахвотніцкая армія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Руская народная добраахвотніцкая армія
Русская народная добровольческая армия
Гады існавання лістапад 1920 — 1921
Краіна Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Беларуская Народная Рэспубліка
Уваходзіць у Узброеныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі
Складаецца з 1-я пяхотная дывізія смерці
2-я пяхотная дывізія
3-я пяхотная Волжская дывізія
Кавалерыйская дывізія
Сялянская брыгада і іншыя
Функцыя змаганне з бальшавікамі, вызваленне Беларусі
Колькасць 20 тысяч
Дыслакацыя Палессе
Удзел у Палескі паход
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Станіслаў Булак-Балаховіч
Язэп Булак-Балаховіч

Руская народная добраахвотніцкая армія[1] (руск.: Русская народная добровольческая армия) — армія Станіслава Булак-Балаховіча, створаная напярэдадні Палескага паходу. Па заняцці Мазыра армія стала называцца Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміяй[1].

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

2 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісанае савецка-польскае перамір'е і папярэднія ўмовы міру, якімі тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзве часткі: Заходняя Беларусь і маленькая БССР з шасці паветаў былой Мінскай губерні.

Станіслаў Булак-Балаховіч цвёрда стаяў за далейшую барацьбу з бальшавізмам. Пры падтрымцы начальніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Барыс Савінкаў яшчэ 27 ліпеня заключыў з Булак-Балаховічам пагадненне аб сумесным наступе расійскіх (сфармаваных збольшага з ваеннапалонных) і беларускіх вайсковых часцей у глыбіню Беларусі і Расіі для падняцця масавага сялянскага паўстання супраць бальшавікоў. Каб прыцягнуць да гэтай акцыі і яўрэйскае насельніцтва, быў створаны асобны «яўрэйскі эскадрон» на чале з паручнікам Цэйтліным[1]. Камандоўцам прызначаўся Булак-Балаховіч. 12 кастрычніка 1920 года ён заключыў пагадненне з Паўлам Алексюком зь Беларускага палітычнага камітэта ў Варшаве (які займаў прапольскія пазіцыі), што цывільная ўлада ў Беларусі будзе перададзеная Алексюку і ягонаму камітэту.

Станіслаў Булак-Балаховіч выйшаў у паход з наступнай праграмай:

Палескі паход[правіць | правіць зыходнік]

У раёне МікашэвічаўТурава на пачатку лістапада сабралася армія, падпарадкаваная генералу Булак-Балаховічу. У ёй налічвалася 20 тысяч чалавек[1]. У складзе арміі былі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны «туземны» кавалерыйскі полк, полк данскіх казакаў і іншыя[1]. Пры спрошчаным наборы ў армію Балаховіча трапілі і яго ранейшыя жаўнеры, і добраахвотнікі, якія не мелі баявога досведу. Былі і палонныя чырвонаармейцы, і нават разбэшчаныя вайной людзі, і крымінальныя элементы, якія жылі вайной і рабавалі насельніцтва. Выпадкі гвалту і забойстваў змусілі генерала выдаць загад перад паходам ва Усходняе Палессе, што камандзіры, чые жаўнеры займаюцца пагромамі і рабункам, будуць знятыя з камандавання, пастаўленыя перад трыбуналам і асуджаныя «паводле законаў ваеннага часу». «А злоўленых на гарачым учынку як жаўнераў, так і афіцэраў расстрэльваць на месцы. Пагромаў не павінна быць, і яны не будуць мець больш месца».

С.Булак-Балаховіч даў дазвол яўрэйскаму насельніцтву гарадоў і мястэчак ствараць узброеныя атрады самаабароны, каб бараніцца ад пагромаў.

6 лістапада 1920 г. з Турава армія Балаховіча ідзе наступленнем на ўсход па абодвух баках Прыпяці. Галоўны ўдар народнай арміі абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію 16-й Савецкай арміі, якая панесла значныя страты і вымушаная была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыганаў. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «смерці» палкоўніка Мацвеева 10 лістапада ў 16 гадзін 40 хвілін заняў Мазыр. Праз дзве гадзіны ў Мазыр уступіла і кавалерыйская дывізія палкоўніка Паўлоўскага. Паўлоўскі сфармаваў з палонных Мазырскі полк. У гэты ж дзень, 10 лістапада, Остраўскі полк 1-й дывізіі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Камендант Мазыра генерал-маёр Яраслаўцаў тут жа аддаў загад вывесіць у горадзе на будынках бел-чырвона-белыя беларускія сцягі.

Тэрыторыя Беларусі ў лістападзе 1920 года, цёмна-зялёным колерам пазначаная тэрыторыя «Беларускай дзяржавы», якая кантралявалася арміяй Булак-Балаховіча

14 лістапада Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў загад пра фармаванне беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Ён абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі. Камандаванне Рускай народнай арміяй Булак-Балаховіч перадаў свайму брату Язэпу, надаўшы яму званне генерал-маёра. Кваліфікацыйная камісія пацвердзіла гэтае наданне. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў усёй Саюзнай (як яна цяпер называлася) народнай добраахвотніцкай арміяй.

Армія Балаховіча працягвала наступаць. 2-я пяхотная дывізія і група Язэпа Балаховіча, раней намесніка галоўнакамандуючага, наступалі на Рэчыцу, другая частка армій — на Оўруч і Чарнобыль. 16 лістапада атрады Станіслава з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Адступленне[правіць | правіць зыходнік]

Камандаванне Чырвонай Арміі кінула на фронт новыя сілы, якія праз тыдзень ужо мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контрнаступленне 16-й арміі Заходняга фронту пачалося 16 лістапада. Агульны ж план палягаў на тым, каб акружыць армію Балаховіча і знішчыць яе. Ужо 17 лістапада часці 16-й арміі з баямі занялі Калінкавічы. Пазбягаючы акружэння, С.Булак-Балаховіч спыніў далейшы наступ у глыб Палесся. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне. 2-я пяхотная дывізія балахоўцаў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада і ён быў захоплены бальшавікамі.

Асноўнай групоўцы арміі Балаховіча ўдалося ў раёне КаплічыЯкімавічы (30—40 км на поўнач ад Мазыра) па лясных дарогах, праз рэкі ў балоты прабіцца скрозь заслоны 33-й савецкай Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць раку Пціч. Сам генерал у баях атрымаў рану, але не пакідаў камандавання. 26 лістапада яго войскі выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічаў ў раён размяшчэння польскіх войскаў. І хаця план камандавання Чырвонай Арміі — знішчыць вайсковыя сілы Булак-Балаховіча — не ўдаўся, армія гэтая была раззброена польскімі войскамі.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку свайго фармавання (лістапад 1920 года) армія мела наступны склад:[2]

  • 1-я пяхотная дывізія смерці (палк. Л. Т. Мацвееў) — каля 4000 чалавек, у тым ліку 2600 штыкоў і шабляў.
    • Зводна-Партызанскі полк (кап. Вайцахоўскі)
    • Пскоўскі пяхотны полк (кап. Андрэеў)
    • Остраўскі пяхотны полк (падпалк. Т. І. Жгун)
    • Узнесенскі пяхотны полк (полк. Васільеў)
    • Дывізіён коннай артылерыі
    • Інжынерны батальён
  • 2-я пяхотная дывізія (палк. Л. І. Мікоша) — каля 4800 чалавек, у тым ліку 3200 штыкоў і шабляў.
    • Георгіеўскі пяхотны полк (падпалк. Талат-Келпш)
    • Мінскі пяхотны полк (палк. Стрыжэўскі)
    • Смаленскі пяхотны полк
    • Віцебскі пяхотный полк (палк. Эрдман)
    • Дзве артылерыйскія батарэі
    • Інжынерная рота
  • 3-я пяхотная Волжская дывізія (ген.-маёр М. В. Яраслаўцвў) — 2200 чалавек, у тым ліку 1500 штыкоў.
    • Яраслаўскі пяхотны полк
    • Казанскі пяхотны полк
    • Ніжагародскі пяхотны полк
    • Самарскі пехотный полк
    • Артылерыйская батарэя
  • Кавалерыйская дывізія (палк. С. Э. Паўлоўскі) — каля 1100 чалавек, у тым ліку 400 штыкоў і 700 шабляў
    • Конны полк
    • Тульскі драгунскі полк
    • Уланскі полк
    • Гусарскі полк (ротм. Суйкоўскі)
  • Сялянская брыгада (атаман Іскра — І. А. Лахвіцкі) — 1200 штыкоў і шабляў.
    • Кіеўскі пяхотны полк
    • Наўгародска-Уладзімір-Валынскі пяхотны полк
    • Пуціўльскі конна-стралковы полк
    • Сотня Мяркулава
  • Асобныя часці:
    • Данскі казачы полк (палк. Г. Духапельнікаў) — 1200 шабляў
    • Туземны конны полк (палк. Мадацьян) — 100 штыкоў и 30 шабляў
    • Асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча — 120 шабляў
    • Чыгуначны полк
    • Бронецягнік «Балаховец»

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]