Мікалай Іванавіч Дзямідаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мікалай Дзямідаў)
Мікалай Іванавіч Дзямідаў
Нараджэнне 27 лістапада (9 снежня) 1889
Смерць 23 мая 1967(1967-05-23) (77 гадоў)
Месца пахавання
Член у
Дзейнасць публіцыст
Званне генерал-маёр
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікалай Іванавіч Дзямідаў (9 снежня (27 лістапада) 1889, Гарадок, Беластоцкі павет, Гродзенская губерня — 23 чэрвеня 1967, Чыкага, ЗША) — беларускі ваенны, палітычны, грамадскі дзеяч, публіцыст, настаўнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27.11.1889 года старога стылю[1], што адпавядае 9.12.1889 новага стылю, паводле Алега Латышонка, у Гарадку Беластоцкага павета Гродзенскай губерні. Гродзенская губерня пазначана як месца нараджэння і ў анкеце 1916 года[1]. У пазнейшым латвійскім пашпарце як месца нараджэння пазначаны Даўгаўпілс і датай 10.12.1889[2], напэўна, такія звесткі пра месца даў сам Дзямідаў, каб яго не выслалі з Латвіі ў Польшчу, а дата — памылка пералічэння на новы стыль.

Сын Станіслава Катнароўскага (пам. 1889) і Аляксандры з Каліноўскіх герба «Калінова». Дзед з боку маці — Аляксандр Каліноўскі, брат Канстанціна Каліноўскага. Прозвішча і імя па бацьку меў па айчыме, другім мужы маці — акцызным чыноўніку[1] Іване Дзямідаве, які ўсынавіў яго з маленства.

З 18 лістапада 1906 года прыняты на службу Упраўленнем паўднёва-заходніх чыгунак як канторшчык на станцыі Ковель, затым у канторы начальніка Ровенскага аддзялення службы руху. З 1 студзеня 1908 года канторшчык грузавога аддзела службы руху ўпраўлення Прывіслінскіх чыгунак, з 1 чэрвеня 1910 — канторшчык на станцыі Брэст.[1]

З 1 лютага 1911 года канцылярскі служыцель Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў.[1]

Скончыў курс у Беластоцкім гарадскім 4-класным вучылішчы, вытрымаў іспыты на званне настаўніка двухкласных пачатковых вучылішч у Сакольскім гарадскім чатырохкласным вучылішчы (16.9.1911). З 1 кастрычніка 1911 года настаўнік Гродзенскага прыватнага двухкласнага вучылішча Аляхновіча, з 1 лістапада 1912 — настаўнік Паўшскага аднакласнага вучылішча ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні, з 1 лістапада 1913 — настаўнік Дукштанскага двухкласнага народнага вучылішча ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні.[1]

Ваенная служба[правіць | правіць зыходнік]

Прыняты на ваенную службу Новааляксандраўскім павятовым воінскім начальнікам і залічаны ў 383-ю Ковенскую пешую дружыну дзяржаўнага апалчэння (18 ліпеня 1914). З 29 ліпеня 1914 года прызначаны справаводам дружыны па гаспадарчай частцы, з 15 студзеня 1915 — выканавец абавязкаў справавода ўпраўлення Панявежскага павятовага воінскага начальніка. Часовы справавод 7-га запаснога кавалерыйскага палка ў Тамбове (з 19 лістапада 1915, вярнуўся з камандзіроўкі 11 лютага 1916). З 10 ліпеня 1916 года часовы выканаўца абавязкаў справавода гаспадарчага аддзялення Упраўлення Петраградскага павятовага воінскага начальніка.[1]

Узнагароджаны светла-бронзавым медалём у памяць 300-годдзя Дома Раманавых (7.12.1913), 100 рублямі «за вельмі руплівую службу і нясомыя пасіленныя труды» выдадзена ва ўзнагароду (20.12.1914), сярэбраным медалём на Станіслаўскай стужцы «за выдатна-руплівую і асабліва дбайную службу» (28.3.1916).[1]

У літаратуры часам сцвярджаецца, што 1.2.1917 года скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. У «Загадах арміі і флоту» ад 1.5.1917 года згаданы нейкi Мікалай Дзямідаў, які скончыў Паўлаўскае вучылішча 29.3.1917 года[1]. Аднак няма пэўнасці ў датычнасці абедзвюх згадак Мікалая Іванавіча Дзямідава.

Пасля кастрычніцкага перавороту[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце, быў Наваградскім акруговым камісарам. На пачатку сакавіка 1918 года ў Дзвінску трапіў да нямецкага палону ў лагер да ваеннапалонных, дзе быў да лістапада 1918 года. Пасля вайны пад канец 1918 года быў вызвалены і пераехаў да Вільні, там займаўся арганізацыяй беларускіх ваенных часцей у літоўскай арміі для барацьбы з Чырвонай Арміяй. 1 снежня 1918 года быў адкамандаваны ў годнасці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 снежня 1918 года быў камендантам Гродна, прадстаўляў у камендатуры Раду БНР. Актыўна займаўся стварэннем беларускіх ваенных аддзелаў, сфармаваў 350-асабовы асобны батальён гродзенскай камендатуры. Быў ініцыятарам стварэння мабілізацыйных пунктаў у 10 месцах у Беларусі.

1 чэрвеня 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, з канца ліпеня — ў лагеры для інтэрнаваных у Беластоку, адкуль быў выпушчаны ў верасні. У тым жа годзе прайшоў настаўніцкія курсы і адначасова ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі ў Вільні, дзейнасць якой была афіцыйна легалізавана 22 кастрычніка 1919 года дэкрэтам Юзафа Пілсудскага. На пачатку снежня разам з іншымі членамі Камісіі прыбыў у Мінск, потым быў скіраваны да беларускай школы падхарунжых у Варшаве.

Летам 1920 года ў ваколіцах Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек, па іншых звестках — каля 700) і ўступіў у армію С. Булак-Балаховіча, дзе быў камандзірам свайго батальёна. У кастрычніку таго ж года Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў яго камендантам усіх беларускіх ваенных аддзелаў на тэрыторыі Беларусі. Браў удзел у лістападаўскай кампаніі балахоўцаў у раёне Мазыра. Яго батальён у складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі Рускай народнай добраахвотніцкай арміі 10—14 лістапада 1920 года вёў зацятыя баі за Калінкавічы. 21 лістапада 1920 года разам з беларускім батальёнам смаленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у баях над Прыпяццю, пасля чаго дапамагаў галоўным сілам генерала Балаховіча, які адступаў з-пад Рэчыцы. Са сваім 400-асабовым батальёнам працягваў барацьбу таксама пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на польскую тэрыторыю, знаходзіўся на нейтральнай тэрыторыі паміж польскімі і савецкімі войскамі. 29 лістапада 1920 года ўдзельнічаў у баях з савецкім 40-м палком, 3 снежня змагаўся ў баі з іншымі бальшавіцкімі часткам. Вёў баі да студзеня 1921 года, пасля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім аддзелам, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.

Міжваенны час[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку 1921 года ў Польшчы, у студзені быў дэмабілізаваны. Знаходзіўся ў лагеры для інтэрнаваных у Радаме, адкуль быў выпушчаны 1 чэрвеня 1921 года. У 1921—1922 гадах быў настаўнікам у Гарадку, быў актыўным дзеячам беларускага нацыянальнага руху. У 1922 годзе балатаваўся да польскага Сэйму як кандыдат ад Блока нацыянальных меншасцяў. У выніку ягоных публічных выступленняў дайшло да пратэстаў беларускай меншасці, што спавадавала кароткатэрміновы арышт Мікалая Дзямідава польскімі ўладамі. Падчас працэсу збёг у Вільні ў Літву, а адтуль — да Дзвінска ў Латвію. З 1923 года знаходзіўся ў Латвіі, дзе працаваў настаўнікам у беларускай школе ў раёне Дзвінска. З 1924 года ў Рызе, супрацоўнічаў з беларускім генералам Кастусём Езавітавым. Арганізаваў таварыствы «Беларуская хата» і «Рунь». Працаваў у беларускіх грамадскіх арганізацыях, супрацоўнічаў з беларускай секцыяй Міністэрства культуры Латвіі. Рэдагаваў часопіс «Школа і жыццё» (1930).

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

У 1940 годзе пасля акупацыі Латвіі савецкімі войскамі Мікалай Дзямідаў арыштаваны НКУС і этапаваны на Лубянку. Адтуль неўзабаве быў вызвалены і вярнуўся ў Латвію. Пасля пачатку нямецкай акупацыі Латвіі ў 1941 годзе працаваў інспектарам беларускіх школ на Дзвіншчыне, дзе ў некалькіх школах увёў беларускую мову як асноўную мову навучання. Кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Дзвінску, потым увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рызе. У 1942 годзе пераехаў у Беларусь, працаваў інспектарам Генеральнага камісарыята, потым рэферэнтам па школьных справах. У 1943 годзе — акруговы школьны інспектар[3]. Алесь Змагар пазней пісаў: «У Ліду па пасаду акруговага школьнага інспектара быў накіраваны Нікандар Мядзейка, які доўга ў Лідзе не пабыў, а, ратуючы ад польскіх тэрарыстаў сваё жыццё, вярнуўся назад у Менск, а на ягонае месца быў прысланы палкоўнік Мікола Дзямідаў, шчыры беларускі патрыёт». Удзельнічаў у фармаванні батальёна Беларускай краёвай абароны ў Лідзе. У 1944 годзе вярнуўся ў Рыгу. У чэрвені 1944 года эвакуяваўся ў Германію, дзе з 12 кастрычніка працаваў камендантам курсаў малодшых афіцэраў пры Першым школьным батальёне БКА. 27 кастрычніка быў адкамандаваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.

Эміграцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны апынуўся ў французскай акупацыйнай зоне. У 1948 годзе быў адным з ініцыятараў склікання сабора Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Канстанцы (Заходняя Германія).

З 1950 года жыў у ЗША. Належаў да кіраўніцтва Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў. Адстойваў пункт гледжання аб прыярытэце ў нацыянальным руху інтэлігенцыі, у прыватнасці настаўніцтва. З 1950 года Мікалай Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штату Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе дзеячамі, якія былі нязгодныя з палітыкай БАНР. Быў таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі св. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней, аднак, Мікалай Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Апошнія гады свайго жыцця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасці ў 1967 годзе. Пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках Святога Адальберта ў Найлсе[en], прыгарадзе Чыкага[4][5].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Станам на 1916 год, быў жанаты з Аленай Гаўрылаўнай Паўчар (Елена Гавриловна Павчер), праваслаўнага веравызнання, дзяцей не мелі[1]. У 1918 годзе ў Рызе нарадзіўся сын Рыгор[2].

У 1932 годзе ажаніўся з Анэллю Латанс (Anele Latons), разам з мужам яна эмігравала ў ЗША ў 1949 годзе, памерла там у 1975 годзе[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]