Перайсці да зместу

Мікалай Міхайлавіч Сапега

Чакае праверкі
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Сапега
Браты Леў і Мікалай Сапегі, каля 1709
Браты Леў і Мікалай Сапегі, каля 1709
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Вялікі кухмістр літоўскі
1589 — 1611
Папярэднік Станіслаў Шэмет
Пераемнік Мікалай Весялоўскі

Нараджэнне не пазней за 1553
Смерць не раней за 1610 і не пазней за 13 жніўня 1611
Месца пахавання
Род Сапегі
Бацька Міхаіл Янушавіч Сапега[d][1]
Маці Марына з Быстрэйскіх[d][1][2]
Жонка Багдана з Масальскіх[d][1][3]
Дзеці Фрыдэрык Сапега[4], Алена з Сапегаў[d][5][4], Марыяна з Сапегаў[d][6][7], Ян Дамінік Сапега[d][4], Мікалай Сапега[d][4], Кацярына з Сапегаў[d][4] і Ганна з Сапегаў[d][7]
Грамадзянства
Бітвы

Мікалай Міхайлавіч Сапега (да 1553 — да 13 жніўня 1611) — дваранін каралеўскі (1574), падкаморы гарадзенскі (з 1582), староста астрынскі, кухмістр вялікі літоўскі (1589—1611), дзяржаўца лунненскі (1589—1611). Дыпламат і палітык ВКЛ.

Надпіс на партрэце братоў Льва і Мікалая з кодзеньскай серыі памылковы, бо інфарматары аўтара — Алойзі Міштальт і Ян Фрыдэрык Сапега — паблыталі вялікага кухмістра Мікалая Міхайлавіча (1553—1611) з польным пісарам Мікалаем Крыштафам (1613—1639), сынам Крыштафа Стэфана Сапегі.[8]

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын Міхаіла Янушавіча Сапегі і Марыны Яцкаўны з Быстрэйскіх, старэйшы брат Льва, суддзі земскага гарадзенскага. Бацька памёр на пачатку 1554 года.

Стаўшы паўналетнім актыўна пачаў замацоўваць за сабою і братам Львом спадчыну на маёнтках Чарлёна i Лунна. Так, 10 сакавіка 1567 года ён паклаў перад земскімі ўраднікамі Гарадзенскага павета тастамент памёрлага дзядзькі Дзмітра Янушавіча, знойдзены сярод папер перададзеных з захавання Васілём Міхайлавічам Мялешкам. На Попіс 1567 года Мікалай Сапега ставіў двух «коней» і аднаго драба з непадзеленага маёнтка «Лунна alias Чарлёна», бо брат Леў быў непаўналетні. Тым часам Мікалай служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1567 года. У 1570 годзе гарадзенскі земскі суд адпаведна дзязькавага тастаменту выдаў вырак на права выкупу па блізкасці Мікалаем Сапегам у Паўла Іванавіча Сапегі часткі Чарлёны, якая налажала і была застаўлена Дзмітром Янушавічам Сапегам.[9]

У 1576 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя. У 1579 годзе Мікалай Сапега запісаў у павятовыя кнігі тастамент дзядзькі Глеба Янушавіча на яго частку Чарлёны. Напэўна, быў тастамент і трэцяга дзядзькі Сцяпана Янушавіча, але ён пакуль не выяўлены[9]. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1579—1581 гадоў.

Добраахвотным i палюбоўным падзелам з братам ад 7 студзеня 1581 года, Мікалай атрымаў маёнткі Чарлёна i Кулеўшчызна, а Леў — Лунна[10]. За спадчыну братоў пазвалі на суд спадчыннікі цётак — Тышковічы і Словікі. Мікалай і Леў выставілі сустрэчныя прэтэнзіі на маёнткі, грошы і скарбы свайго дзеда Януша, калісьці атрыманыя ці пабраныя цёткамі. У 1585 годзе бакі пагадзіліся на кампрамісны суд, які ў сакавіку 1586 года пакінуў за братамі тры дзядзькавыя часткі ў маёнтках Чарлёна і Лунна на вечна, а іншыя прэтэнзіі бакоў скасаваў пад зарукай 3 тысячы коп грошаў[11].

Такім чынам, у 1586 годзе канечна ўтварыўся самастойны маёнткавы комплекс Мікалая Сапегі з «двара» Чарлёна і Чарлёнскага фальварка з вёскамі Лаўна, Харціца, Казакоўцы і Міклашоўцы. Тады, магчыма, Мікалай Сапега пабудаваў новы «двор» у Чарлёне, а ў 1580—1590-я гады царкву на ім, што ўзняла статус паселішча.[12]

У 1587 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы. У 1589 годзе атрымаў у дзяржаву суседняе з Чарлёнай гаспадарскае мястэчка Лунна з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы.

У 1593 годзе браты перадзялілі маёмасць, Леў дадаткова атрымаў аселую службу Шчэчыцы каля свайго Лунна і пляцы агароднікаў у Гродна каля замка і над Нёманам.

Быў адным з паслоў ад караля Жыгімонта Вазы да шведскага сената і будучага ўзурпатара Карла Сундэрманскага 1596 г. Пасольства была выпраўлена без згоды вальнага сойма, пратрымана ў Стакгольме з чэрвеня да сустрэчы 7 снежня 1596 г. і хаця сойм 1597 г. адмовіўся заслухаць іх справаздачу, стала абгрунтаваннем да пачатку дынастычнай вайны Вазаў. У 1603 г. за гэта пасольства атрымаў ад караля дзяржаву Гайну[13].

Быў паслом на вальныя соймы 1589, 1593 (з троцкага павета), 1595, 1600 (з гарадзенскага павета) і 1603 гадоў[14], дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1590 (ад нявядомага павета), 1596 і 1601 гадах ад гарадзенскага павета[15].

Памёр у 1611 годзе, пахаваны ў Чарлёнскай царкве, якая пазней стала родавым некропалем.[12]

Жанаты з Багданай, дачкой кн. Юрыя Масальскага, скарбніка вількамірскага, і Ганны Алехаўны Крыўцовай. Багдана памерла пасля 1625 года, пахавана таксама ў Чарлёнскай царкве. У шлюбе нарадзілася тры сыны і чатыры дачкі.[12]

  • Ян Дамінік (+пасля 1622) -- сакратар каралеўскі, дзяржаўца луненскі
  • Мікалай, псіхічна хворы і неправадзейны — за заслугі бацькі намінаваны на двараніна каралеўскага
  • Фрыдэрык, матчын улюблёнец — ваявода мсціслаўскі (1647—1650)
  • Галіна (+1645) — жонка 1) Рамана Валовіча, старосты рагачоўскага 2) Якуба Кунцэвіча, харунжага лідскага[12]
  • Крысціна — жонка Андрэя Трызны, падкаморага ваўкавыскага[16]
  • Марыяна — жонка Юрыя Камароўскага, падкаморага вількамірскага[17]
  • Ганна, у інацтве Еўфрасіння — манахіня базыліянскага Віленскага Траецкага манастыра[17]

Зноскі

  1. а б в г Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 54. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 674.
  3. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 240.
  4. а б в г д Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 61. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  5. Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. ЯнушкевічМн.: 2014. — С. 83. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
  6. Pas L. v. Genealogics — 2003.
  7. а б Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 62. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  8. Kałamajska-Saeed 2006, p. 158.
  9. а б Семянчук 2014, с. 386.
  10. Семянчук 2014, с. 387.
  11. Семянчук 2014, с. 387-388.
  12. а б в г Семянчук 2014, с. 388.
  13. Якубаў В. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI — пачатку XVII ст. — Вільня: Ciklonas, 2024. —с.143-144. .
  14. У.А. Падалінскі, Прадстаўнікі Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст., w: Леў Сапега (1557-1633 гг.) і яго час. Зборік навуковых артыкулаў, Grodno 2007, s. 31-38..
  15. Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego. (1582-1696). Spis, pod redakcją Andrzeja Rachuby, opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba, Tom 1, Warszawa 2007, s. 82, 92, 114..
  16. Семянчук 2014, с. 388-389.
  17. а б Семянчук 2014, с. 389.
  • Kałamajska-Saeed M. Genealogia przez obrazy: barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (польск.). — Warszawa, 2006. — S. 158-159.
  • Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. / Установа "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.
  • Лаўрэш Леанід. З жыцця Мікалая Сапегі // Наша слова.pdf № 17 (173), 21 красавіка 2025.