Перайсці да зместу

Чарлёна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Чарлёна
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 52 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1515
Аўтамабільны код
4
СААТА
4240817066
Чарлёна на карце Беларусі ±
Чарлёна (Беларусь)
Чарлёна
Чарлёна (Гродзенская вобласць)
Чарлёна

Чарлёна[1] (трансліт.: Čarliona, руск.: Черлёна) — вёска ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Дубненскага сельсавета. За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі чыгуначная станцыя Чарлёна на лініі Масты — Гродна.

У 1503—1513 гадах уладальнік «двара» Дубна, князь Канстанцін Крошынскі, далучэннем суседніх пустаўшчызн і сялянскіх земляў пашырыў свае дубенскія ўладанні ўздоўж Нёмана ў паўночна-заходнім кірунку, у бок Луннай і Свіслачы, і на новых абшарах заклаў «двор» на імя Лунна або Лунна-Чарлёна на рацэ Луннай.[2]

У 1513 годзе, 8 ліпеня князь Канстанцін выдаў дачку Ганну замуж за гаспадарскага двараніна Януша Сапегу, а пасагам за ёй даў новазбудаваны «двор» Лунна-Чарлёна на Луннай з 60 службамі, 40 пустаўшчызнамі і землямі ў Чарлёне, якія ахоплівалі абодва берагі Нёмана, перавоз на Нёмане каля Карповічаў (Карпаў перавоз), два ставы на Луннай і старыцу Нёмана каля Чарлёны. Князь Канстанцін пакінуў сабе і жонцы права пажыццёва валодаць Лунна-Чарлёнай разам з зяцем і дачкой, але забараніў іншым дачкам, будучым зяцям і іх нашчадкам, прэтэндаваць на гэты маёнтак. Наданне Янушу Сапегу, яго жонцы і дзецям, пацвердзіў кароль Жыгімонт Стары 3 лютага 1515 года. Пасля смерці цешчы Януша, Чарлёна ў складзе Лунненскага маёнтка вылучылася з Дубенскай воласці ў асобную ўласнасць яго сыноў.[3]

Напэўна, Януш Сапега пабудаваў «двор» у Чарлёне, які ў сярэдзіне XVI ст. называўся «стары двор Чарлёнскі»[4]. Праз падвоеную назву ўладанняў цяжка адрозніць, калі пад імем Лунна або Чарлёна меўся на ўвазе адзіны маёнтак Лунна-Чарлёна, а калі асобныя яго часткі — Лунна і Чарлёна. Канчаткова Чарлёна вылучылася сярод лунненска-чарлёнскіх уладанняў Сапегаў у 1540-1550-я гады, калі так пачалі называць толькі землі на правым беразе Нёмана, якія межавалі з вялікакняжацкім дваром Дубна. Землі на левым беразе Нёмана пачалі называць толькі Луннам. Спачатку маёнтак Чарлёна складаўся з некалькі частак, напэўна чатырох, якія належалі Глебу, Дзмітру, Сцяпану і Міхаілу Янушавічам Сапегам.[5]

У сярэдзіне XVI ст. у Чарлёне, апроч старога «двара», былі асобныя «двары» прынамсі Дзмітра і Міхаіла Янушавічаў Сапегаў. Да 1580-х гадоў асноўныя сапежынскія лунненска-чарлёнскія ўладанні сабралі ў сваіх руках Мікалай і Леў Міхайлавічы Сапегі, па падзеле паміж імі ў 1581 годзе Чарлёну атрымаў Мікалай[6]. У 1580—1590 гадах Мікалай стварае ў Чарлёне сваю рэзідэнцыю, фундуе на Чарлёнскім двары праваслаўную царкву, што ўзнімае статус паселішча. Не вядома пабудаваў ён свой «двор» на месцы аднаго з папярэдніх або на новым, але з гэтага часу і да 1940-х гадоў дворскія і палацавыя пабудовы ў Чарлёне лакалізуюцца на гэтым месцы. Мікалай Сапега пахаваны ў 1611 годзе ў Чарлёнскай царкве, якая стала родавым некропалем.[7]

Потым Чарлёнскі маёнтак належаў сыну Мікалая — Фрыдэрыку Сапегу. У 1615 годзе ў Чарлёне разам з Лаўнам было 60 гаспадарак. У 1637 годзе Фрыдэрык фундаваў базыліянскі манастыр пры Чарлёнскай царкве.[8] Фрыдэрык памёр без нашчадкаў, спадчыну падзялілі бліжэйшыя сваякі, Чарлёна дасталася сястры Марыяне, жонцы Юрыя Камароўскага[9]. Па Марыне маёнтак спадчынай перайшоў яе сыну — Яну Юр’евічу Камароўскаму[9], а па ім яго дачцэ Гелене Канстанцыі, жонцы дэрпцкага падкаморага Канстанціна Лукаша Шэмета[10].

Сужэнцы Шэметы ў 1663 годзе прадалі маёнтак Чарлёна, з належнымі яму пляцамі ў Гродне, смаленскаму кашталяну Самуэлю Каралю Вільчаку і яго жонцы Катажыне з Навіцкіх[10]. Сужэнцы Вільчакі ў 1676 годзе аддалі ў заставу земскаму суддзі гарадзенскаму Тамашу Валовічу і яго жонцы Канстанцыі з Завішаў за 4 тысячы злотых самую вялікую частку маёнтка Чарлёна — вёску Вялікая Чарлёна з агароднікамі, з застаўнага інвентара вядома, што ў ёй было 20 валок і 11 агародаў.[10]

Чарлёна прыцягвала ўвагу чарэйскай лініі Сапегаў як аб’ект родавай гістарычнай памяці і адпаведна амбіцый, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі Казімір Ян Сапега 5 мая 1685 года за 100 тысяч злотых адкупіў ад смаленскага кашталяніча Пятра Караля Вільчака і яго жонкі Іанны з Кашубскіх маёнтак Чарлёна. Праз два гады ад акта продажу 22 красавіка 1687 года ўласнаручна Пятром Каралем Вільчакам напісаны «інвентар» уладанняў Чарлёна. Цяпер гэта найстарэйшы з вядомых комплексных інвентароў маёнтка Чарлёна, аўтар апісаў жылыя і гаспадарчыя будынкі двара, фальваркаў Чарлёна і Харціца з аднайменнымі вёскамі, пералічыў сялянскія сем’і і гаспадаркі з пазначэннем валок зямлі, валоў, коней і кароў, а таксама абавязкі і павіннасці сялян.[10]

У XVIII ст. пры нашчадках Казіміра Яна Сапегі — сыне, маршалку земскім літоўскім Аляксандры Паўле, і ўнуку, падканцлеры літоўскім Міхале Антонію — двор Чарлёна стаў найбольш значнай драўлянай рэзідэнцыі родавых уладанняў[11]. Таксама Міхал Антоні купіў нейкую частку маёнтка Чарлёна ў ваўкавыскага падстаросты Міхала Масальскага (пасла на сойм 1748 года).

У Сапегаў у 1799 годзе маёнтак Чарлёна купіў князь Францішак Друцкі-Любецкі (1741—1802), з таго часу і да 1939 года Чарлёна належала роду Друцкіх-Любецкіх. Князь Францішак Друцкі-Любецкі пабудаваў у маёнтку драўляны, крыты гонтай палац, з гербам Друцкіх-Любецкіх над ганкам, палацам карысталіся болей за 100 гадоў.

Ад Францішка Друцкага-Любецкага маёнтак перайшоў да яго сына — князя Францішка Ксаверыя Францішкавіча (1778—1846), а пасля да сына апошняга — князя Аляксандра Ксавер’евіча Друцкага-Любецкага (1827—1898). Пасля сялянскай рэформы ў Расійскай Імперыі (1861) вызваленыя ад прыгону сяляне атрымалі ва ўласнасць частку зямель маёнтка Чарлёна, большая частка засталася ў князёў Друцкіх-Любецкіх.

Пасля смерці князя Аляксандра Ксавер’евіча Друцкага-Любецкага маёнтак у спадчыну атрымаў яго сын — князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913), жанаты з графіняй Марыяй Здзіславаўнай Замойскай (1868—1939). Іх дочкі — князёўны Тэрэза і Яніна Друцкія-Любецкія — апошнія ўладальніцы Чарлёны. З уключэннем у 1939 годзе Заходняй Беларусі ў склад БССР усе землі, як князёў, так і вяскоўцаў, нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі.

Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Харціцкага сельсавета[12].

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Палац Друцкіх-Любецкіх

[правіць | правіць зыходнік]
Палац князёў Друцкіх-Любецкіх у Чарлёне (каля 1913 года).

Будынак палаца князёў Друцкіх-Любецкіх уяўляў сабой аднапавярховы, шырокі і выцягнуты простакутны зрубны аб’ём, накрыты надзвычай высокім паўвальмавым гонтавым дахам. Па баках выступалі алькежы, крытыя самастойнымі нізкімі чатырохсхільнымі дахамі. Галоўны фасад у сярэдняй частцы вылучаўся ганкам на чатырох тонкіх драўляных калонах, якія падтрымлівалі шчыт з аркатурай. У яго полі знаходзіўся невялікі гербавы картуш. Да тыльнага боку дома прымыкала вялікая тэраса. Анфіладную планіроўку дома пацвярджае інвентар 1759 г. Сцены ўпрыгожвалі зялёныя атласныя шпалеры з раслінным арнаментам. Дэкор дапаўнялі люстры ў разных пазалочаных рамах, мармуровыя і драўляныя столікі, крэслы, шафы з мастацкай коўкай і распісной абіўкай. У доме захоўвалася вялізная калекцыя родавых рэліквій і твораў мастацтва. Адзін пакой служыў дамавой капліцай. Ашклёная галерэя злучала дом з суседнім будынкам кухні і пральні.

Стары «італьянскі» рэгулярны парк быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай. На двары знаходзіўся круглы газон з кветкавымі клумбамі. У парку стаялі капліца, дзве відавыя вежы. Акрамя гэтага, сядзібны комплекс уключаў флігелі, гаспадарчыя будынкі, стайню з вазоўняй, трох’ярусную скарбніцу, накрытую гонтавым дахам, завершаным купалам.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Семянчук 2014, с. 373.
  3. Семянчук 2014, с. 374.
  4. Семянчук 2014, с. 378.
  5. Семянчук 2014, с. 377.
  6. Семянчук 2014, с. 387.
  7. Семянчук 2014, с. 388.
  8. Семянчук 2014, с. 391.
  9. а б Семянчук 2014, с. 392.
  10. а б в г Семянчук 2014, с. 393.
  11. Семянчук 2014, с. 394.
  12. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28.08.2013 N 252 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Мостовского района Гродненской области Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1993. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 3. Województwo trockie, Księstwo Żmudzkie, Inflanty Polskie, Księstwo Kurlandzkie. — 413 s.
  • Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац / Установа "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.