Навамучанікі Беларускія
Беларуская праваслаўная царква 12 снежня 1999 года праславіла ў ліку мясцовашанаваных святых 23-х навамучанікаў, што неслі крыж свайго служэння ў Мінскай епархіі ў XX стагоддзі і былі забіты. Тыя навамучанікі, якія праслаўлены сёння, яўляюць нам узор стойкага і бескампраміснага служэння на «ніве Хрыстовай; служэнне, якое праходзіла ва ўмовах масавых пераследаванняў за веру праваслаўную».
Памяць 15 (28) кастрычніка.
Навамучанікі Беларускія
[правіць | правіць зыходнік]- Протаіерэй Уладзімір Хіраска, настаяцель царквы іконы Маці Божай «Усіх тужлівых радасць» г. Мінску. Некалькі разоў быў арыштаваны, апошні раз выйшаў з заключэння паўсляпым, памёр у 1933 годзе ад абсалютнага разладу здароўя, падарванага ў турме.
- Протаіерэй Васіль Ізмайлаў, настаяцель Свята-Уваскрасенскага сабора г. Барысава. За супраціўленне абнаўленцам, якія імкнуліся захапіць сабор, арыштаваны ў 1927 г. Прыняў мучаніцкую смерць падчас знаходжання ў Салавецкім лагеры асаблівага прызначэння ў 1933 г.
- Іерэй Пётр Грудзінскі , настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна. Да рэвалюцыі — дэпутат 2-й Дзяржаўнай Думы ад сялян. Сан свяшчэнніка прыняў у пачатку 1920-х гг., калі шырыліся ганенні на Царкву. Арыштаваны і расстраляны ў 1930 г.
- Іерэй Валерыян Навіцкі, настаяцель Свята-Троіцкай царквы вёскі Цялядавічы Капыльскага раёна. Арыштаваны ў пачатку калектывізацыі за тое, што выступаў супраць удзелу аднавяскоўцаў у антырэлігійных гуртках. Расстраляны ў 1930 г.
- Іерэй Уладзімір Хрышчановіч, настаяцель царквы Праабражэння Гасподняга вёскі Языль Старадарожскага раёна. Арыштаваны за частае адпраўленне богаслужэнняў, а таксама за заклікі да вернікаў не пакідаць храм, верыць у Госпада і маліцца Яму. Расстраляны ў 1933 г.
- Іерэй Іаан Вячорка, настаяцель царквы Пакрова Божай Маці вёскі Крываносы Старадарожскага раёна. Арыштаваны ў 1933 г. Расстраляны за мужныя паводзіны ў час допытаў.
- Протаіерэй Сергій Радакоўскі, настаяцель Свята-Троіцкай царквы в. Таль Любанскага раёна. Першы раз арыштаваны ў 1930 г., адпраўлены на лесапавал. Другі раз арыштаваны ў 1933 г. Расстраляны.
- Іерэй Уладзімір Талюш, настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы в. Залужжа Старадарожскага раёна. Арыштаваны за спробу збору сярод прыхаджанаў сродкаў, неабходных для выплаты падатка з царквы. Прыгавораны да 10 гадоў канцлагеру. З лагеру не вярнуўся.
- Протаіерэй Міхаіл Навіцкі, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскай царквы мястэчка Узда. Адначасова выконваў абавязкі благачыннага. У ноч напярэдадні Вялікай Суботы 1935 г. збіты невядомым яўрэям, які патрабаваў ад яго царкоўныя каштоўнасці. Памёр на трэці дзень Святой Пасхі.
- Протаіерэй Парфіры Рубановіч, настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы Заслаўя. Арыштаваны ў 1937 г. паводле ілжывага абвінавачання. Заключаны ў канцлагер на 10 год. Загінуў у 1943 годзе.
- Протаіерэй Міхаіл Плышэўскі, настаяцель царквы Святога прарока Ільі ў мястэчку Шацку Пухавіцкага раёна. У канцы 1920-х — пач. 30-х гг. неаднойчы арыштоўваўся. У апошні раз пазбаўлены волі ў 1937 г. Расстраляны ў дзень Праабражэння Гасподняга.
- Протаіерэй Дзімітры Паўскі, да рэвалюцыі — настаяцель Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. У 1920-я гг. служыў у царкве Святога Духа ў Астрашыцкім Гарадку. Упершыню арыштаваны ў 1931 г. Прыгавораны да 5-ці гадоў заключэння ў канцлагеры. Пасля вызвалення ў 1937 г. арыштаваны паўторна і расстраляны.
- Протаіерэй Іаан Варанец, настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы ў Смілавічах. Быў арыштаваны ў 1930 г., затым — у 1937. У час усесаюзнага перапісу насельніцтва пераконваў прыхаджан не баяцца ўладаў і запісвацца веруючымі. Расстраляны ў дзень Праабражэння Гасподняга.
- Протаіерэй Леанід Біруковіч, настаяцель Свята-Успенскай царквы в. Брадзец Бярэзінскага раёна. Тройчы арыштоўваўся — у 1934, 1935 і 1937 годзе. Расстраляны за хадайніцтва па адкрацці прыходскага храма.
- Протаіерэй Аляксандр Шалай, настаяцель Свята-Троіцкай царквы в. Блонь Пухавіцкага раёна. Арыштаваны ў 1937 г. за арганізацыю збору подпісаў для адкрыцця мясцовай царквы.
- Протаіерэй Мікалай Мацкевіч, настаяцель Свята-Андрэеўскай царквы г. Барысава. Арыштаваны ў 1937 г. за нежаданне адмовіцца ад сана і расстраляны.
- Протаіерэй Іаан Панкратовіч, настаяцель Свята-Пакроўскай царквы в. Чыжэвічы (цяпер у межах горада Салігорску). Арыштаваны ў 1937 г. за заклікі да сялян падпісвацца за аднаўленне раней зачыненай прыходскай царквы. Расстраляны.
- Дыякан Мікалай Васюковіч служыў у царкве Раства Багародзіцы в. Ліцвяны Уздзенскага раёна. Арыштаваны ў 1937 г. за смелыя выказванні, якія выкрывалі беззаконні ўладаў. Расстраляны.
- Протаіерэй Уладзімір Зубковіч да рэвалюцыі — памочнік інспектра Мінскай духоўнай семінарыі. Пазней — настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы мястэчка Смалявічы. Арыштаваны ў 1937 г. за тое, што не адрокся ад сана. Расстраляны.
- Іерэй Дзімітры Плышэўскі служыў другім свяшчэннікам у Смалявічах. Арыштаваны па той жа прычыне і расстраляны ў 1937 г.
- Протаіерэй Уладзімір Пастэрнацкі быў настаяцелем Спаса-Увазнясенскай царквы ў Капылі. Першы раз арыштаваны ў 1936 г. за тое, што вёў запісы людзей, якіх ён хрысціў. Другі раз арыштаваны ў 1937 г. за тое, што працягваў служыць Госпаду Богу. Расстраляны.
- Архімандрыт Серафім (Шахмудзь) з'яўляўся насельнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. У час вайны, выконваючы абавязкі місіянера ва Усходняй Беларусі, адчыніў шмат праваслаўных храмаў. Арыштаваны ў верасні 1944 г. Прыгавораны да пяці гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Па-мучаніцку памёр у турме.
- Протаіерэй Мацвей Грыцук, настаяцель Свята-Крыжа-Уздзвіжанскай царквы в. Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёна. Арыштаваны ў 1950 г. за тое, што захоўваў дома рэлігійна-філасофскую літаратуру. Прыгавораны да 20 гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Па-мучаніцку памёр у 1950 г.
Спевы
[правіць | правіць зыходнік]Ніжэй пададзеныя спевы ў рэдакцыі Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Трапар 23 Новамучанікам Беларускім, глас 5
[правіць | правіць зыходнік]Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў нашых, / веру добра эахаваўшы, / у пакутах, бедах і напасцях, як стаўпы непахісныя выстаялі, / маліцеся за нас, каб мы веру непахісную захавалі, / і спасліся душы нашы.
Кандак 23 Новамучанікам Беларускім, глас 3
[правіць | правіць зыходнік]Свяшчэннамучанікі зямлі нашае, / у цяжкіх выпрабаваннях перамогі знаменне вы пранеслі / і вянцы неўвядальныя атрымалі, / Богу ўгадзіўшы, // за нас Хрысту маліцеся, каб Ён спас душы нашы.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Звесткі аб беларускіх навамучаніках Архівавана 5 сакавіка 2008.
- Партрэтная галерэя Архівавана 25 кастрычніка 2006.
- Пропаведзь на дзень праслаўлення навамучанікаў беларускіх