Шацк (Пухавіцкі раён)
Аграгарадок
Шацк
| ||||||||||||||||||||||||||||
Шацк на Вікісховішчы
|
Шацк[1] (трансліт.: Šack) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Адміністрацыйны цэнтр Шацкага сельсавета.
Месціцца за 32 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 68 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск; каля аўтамабільнай дарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Шацк (таксама Шацк Белы[2]) пайшла ад ракі Шаць (Шача), якая мае балцкае паходжанне.
У назве Шаць корань Šat- звязаны з літоўскім šatra(s) «дубец, галінка, доўгая тонкая жэрдзь», šatrus «шпаркі, увішны, гарэзлівы», *šatas «гарэза» (> šatija «банда»), šėtoti «бушаваць, ятрыцца».
Значэнне назвы можна перадаць як «Звілістая (рака)». Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы Šata (Šatė), Šačia, Šat-upis, таксама Šėta, Šatrija[3]. Адпаведнікі на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі — балцкія рачныя назвы Шат, Шача (адпаведна, у Тульскай і Разанскай абласцях цяперашняй Расіі, у басейне Волгі).
Паводле іншай версіі, значэнне такіх назваў трэба шукаць у словах кшталту шацунак (украса) і шата (адзенне, плашч)[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове XV стагоддзя Шацк быў у валоданні Судзівоя Валімонтавіча, а пазней яго сына Станькі[5]. Вялікі князь Аляксандр 10 лістапада 1492 года перадаў Шацк разам з Нясвіжам троцкаму ваяводзе Пятру «Беламу» Мантыгердавічу. У 1523 годзе Шацк упамінаецца як сяло, цэнтр воласці, уласнасць старосты генеральнага жамойцкага Яна Радзівіла.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шацк увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У XVI стагоддзі згадваецца кальвінскі збор паводле фундацыі віленскага харунжага М. Краштоўскага.
30 жніўня 1582 года Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прадаў Шацк Шчаснаму Яраслававічу Галоўчынскаму за 10 000 коп грошай літоўскіх. У першай чвэрці XVII стагоддзя Шацк трымаў у застававым праве Андрэй Вінка, які ў 1620 ці 1622 годзе маючы памежную спрэчку з маёнткам Таўкачэвічы зрабіў гвалтоўны наезд на маёнтак, разбурыў яго разам з фальваркам Кавалевічы і забіў уладальніка Януша Быхаўца. Гэта справа вяла Андрэя Вінка да інфаміі (пазбаўлення праў) і баніцыі (пазбаўленне праў і выгнанне), але скончылася палюбоўна з нашчадкамі забітага Быхаўца, якія атрымалі шчодрую кампенсацыю. 17 студзеня 1623 года Галоўчынскі сведчыць у гродскім судзе Менска аб праве вечнага продажу Шацка Андрэю Вінку за 10 000 коп грошай літоўскіх. Аднак у тым годзе Вінка, відаць знясілены працэсам з Быхаўцамі, аддае частку Шацка ў заставу Яну Цадроўскаму за 2 000 коп грошай. 30 жніўня 1631 года ў менскім трыбунале быў прызнаны прадажны запіс на ўвесь маёнтак Шацк ад Вінкі Пятру Пякарскаму, які 10 верасня адмаўляецца ад сваіх праў на Шацк на карысць Крышкоўскага. Крышкоўскі ў 1636 годзе ў гродскім судзе Менска надае вечнае права Базылю Мазалеўскаму, але 2 траўня 1637 года Мазалеўскі зноў саступае свае правы Крышкоўскаму. Як адзначае гісторык і краязнавец Аляксандр Ельскі, гэта былі часы частых шляхецкіх судоў (пяняцтва), таму дакументы аб праве ўласнасці зблытаны з іншымі працэсуальнымі справамі, і цяпер цяжка вызначыць сапраўдную прычыну частых аперацый з маёнткам[2].
У 1654 годзе, верагодна, на праве заставы Шацкам валодалі Храптовічы, у той жа час тут мелі спадчыну Валадковічы. Каля 1671 года на праве заставы ўласнасць Чыжоў, крыху пазней уласнасць Быхаўцаў. 29 верасня 1699 года Самуэль Дабрагост Быхавец і жонка яго Крысціна з Дэнгафаў запісваюць Шацк у вечнае права як вена сваёй дачцэ Ганне, якая была замужам за Ежы Тызенгаўзам, але сыны Быхаўца судзіліся з бацькам у 1701 годзе за гэта завяшчанне. У пачатку XVIII стагоддзя спадчыну як атрымальнік заставы тут меў Янішэўскі, а 7 красавіка 1701 года разам з сялянамі саступіў Ежы Тызенгаўзу. Сужэнцы Тызенгаўзы 23 красавіка 1708 года перадалі частку сваіх праў Аранскім, а тыя 10 сакавіка 1713 года перадалі ўлеўкавае права на Шацк Уніхоўскаму, пісару менскаму, якому ў той час Тызенгаўз аддаў рэшту Шацка з вёскай Серадзіна ў права заставы[2]. Уніхоўскі валодаў Шацкам яшчэ ў 1719 годзе, а ў 1732 годзе трымаў яго ў заставе Гервазы Людвік Аскерка[2], у 1735 годзе Шацк быў куплены на імя Антонія Аскеркі, старасты мазырскага[2]. 9 траўня 1750 года нададзены статус мястэчка.
Да дамена (маёнтка) Шацк тады належалі: фальваркі Юзэфаў, Вяркалы, Габрыэлеўка з прылеглымі землямі, больш за 400 валок, шырокія пушчы, бабровыя гоны на рацэ Шаці; вёскі Задашчэнне, Міхалевічы, Сярэдзіна, Слабада, Леановічы, Вечаровічы, Пратасаўшчына; засценкі Савін, Сетна, Старынкі, Падказелле і іншыя. Юзаф Габрыэль Аскерка, сын Антонія і Францішкі з Бжэзінскіх, падкаморый хелмінскі, атрымаўшы Вяркалы па айцу, аддаў яго ў заставу ў 1784 годзе Людвіку і Зоф’і з Яварынскіх Грушвіцкім за 460 дукатаў. Маці Юзафа Аскеркі мела пажыццёвае права на рэшту дамена. Шацк у той час арандаваў Пшаздзецкі, адміністратарам якога быў Алендскі. Нагляд іх быў слабым, аканом Пашкоўскі разам з ахмістрыняй Юхновічавай так уціскалі люд, што многа сялян збегла. Яны абкрадалі маёмасць уласнікаў, а ў 1786 годзе падчас застолля праз неасцярожнае абыходжанне з агнём згарэў палац з усёй багатай маёмасцю і архівамі. Уладальніца ўзбудзіла супраць іх суд, а ў 1788 годзе саступіла сваё пажыццёвае права на карысць сына Юзафа Габрыэля[6]. Жонкай Юзафа Габрыэля Аскеркі была Ганна з Чапскіх, у 1790 годзе яны збудавалі ў Шацку двухпавярховы мураваны палац, упрыгожаны звонку паркам[6].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1795 годзе ў маёнтку Шацк было каля 150 сялянскіх двароў[6]. У 1800 годзе была Ільінская царква, цагляны і чарапічны заводы, карчма, млын, вінакурня, сукнавальня.
Жыццё Юзафа Габрыеля Аскеркі не па сродках вычарпала яго рэсурсы і прывяло да эксдывізіі ў канцы 1812 года, якая працягвалася да 1816 года. Эксдывізійны суд складаўся з Караля Тавянскага, Пятра Завадскага і Вінцэнта Павенскага[6]. Эксдывізія аддзяліла ад Шацка фальваркі Габрыэлеўку і Стары Шацк з вёскай Задашчэнне (39 дымоў) на карысць крэдытораў Пуцятаў; Вяркалы і Міхалоў з вёскамі Слабада (12 дымоў), вёскай Вяркалы (19 дымоў) на карысць Грушвіцкіх; Юзафоў з вёскай Леановічы (30 дымоў) на карысць Качноўскіх; Уборак на карысць Брылеўскіх; Пчолка на карысць Сабецкіх. Таксама атрымалі спадчыну: Дамброўскія, Юркевічы, Ачапоўскія, Матусевічы і іншыя[6]. Пры Аскерках застаўся дамен Белы Шацк з мястэчкам (25 дымоў, у тым ліку 12 жыдоўскіх), вёска Сярэдзіна пры мястэчку (15 дымоў) і вёска Міхалевічы (21 дым), водны млын, які з правам прапінацыі прыносіў 500 рублёў прыбытку. У 1845 годзе за ўласнасцю Ігнацыя Аскеркі, сына Габрыэля, Шацк арандаваў Дамброўскі за 1300 рублёў[6].
Пасля 1861 года цэнтр Шацкай воласці Ігуменскага павета. 16 лістапада 1863 года адкрыта земская школа. 10 сакавіка 1881 года на базе земскай школы адкрываецца 2-класнае народнае вучылішча. У 1882 годзе закладзены вінакурны завод. У 1886 годзе ёсць народнае вучылішча, царква Святога Іллі, валасное праўленне, вадзяны млын, бальніца, 5 крам, яўрэйская школа. З 1888 года адбываліся штотыднёвыя нядзельныя таржкі[7], штогадовы кірмаш у дзень Святога Іллі 20 ліпеня[7]. У 1892 годзе ў школе 66 хлопчыкаў, 10 дзяўчынак. У 1897 годзе ў мястэчку ёсць царква, 2 сінагогі, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, 4 піцейныя дамы, 15 лавак; у маёнтку вінны завод. У 1900 годзе настаўніцай у народным вучылішчы была Васіліся Плышэўская.
У 1879 годзе ад Ігнація Аскеркі маёнтак Шацк перайшоў да Гамаліцкіх. Побач быў маёнтак Стары Шацк. На канец XIX стагоддзя архіў Шацка быў у Замосці, у калекцыі Аляксандра Ельскага[8]. У 1889 годзе маёнткам Шацк валодаў дваранін Канстанцін Мікалаевіч Гамаліцкі, было 2244 дзесяціны зямлі[9], у 1903 годзе ён жа[10]. У 1913 годзе ў валоданні Канстанціна Гамаліцкага пры маёнтку Шацк было 18618 дзесяцін зямлі[11].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёнтак нацыяналізаваны. У 1921 годзе адкрыта няпоўная сярэдняя школа, у якой у 1922 годзе было 5 настаўнікаў. З 17 ліпеня 1924 года да 4 жніўня 1927 года цэнтр Шацкага раёна Менскай акругі. З 4 жніўня 1927 года да 6 ліпеня 1935 года ў Пухавіцкім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), у 1935—1938 гадах у Смілавіцкім і Рудзенскім раёнах, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1935 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Нямецкія войскі зайшлі ў Шацк 30 чэрвеня 1941 года. Адразу была расстраляная першая група жыхароў. Нямецкая адміністрацыя арганізавала яўрэйскае гета. Самая масавая акцыя па знішчэнні яўрэяў праведзена ў кастрычніку 1941 года. Ахвяры гэтых карных акцый пахаваны ў трох ямах на ўзлеску гаю з правага боку дарогі з Шацка ў бок вёскі Задашчэнне[12]. За час акупацыі ў Шацку было забіта больш за 800 чалавек.
З 20 студзеня 1960 года ва Уздзенскім, з красавіка 1960 года ў Пухавіцкім раёне. 24 лістапада 1966 года вёскі Міхалевічы, Стары Шацк і Сярэдзіна далучаны да Шацка.
-
Палац Аскеркаў, 1927 год
-
Ільінская царква, 1927 год
-
Школа, 1927 год
-
Бровар, 1927 год
-
Рака Шача з боку вёскі Сярэдзіны, 1927 год
-
Вуліца ў Шацку, 1920 год
-
Пажарная вежа, 1928
-
Рынак, 1928
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 29 двароў, 142 жыхары
- 1886 год — 27 двароў, 184 жыхары
- 1897 год — 130 двароў, 974 жыхары; маёнтак, 63 жыхары
- 1908 год — 240 двароў, 2350 жыхароў; маёнтак, 1 двор, 98 жыхароў[13]
- 1917 год — 166 двароў, 1121 жыхар (з іх 217 беларусаў і 904 яўрэі); маёнтак, 1 двор, 88 жыхароў (усе беларусы)[14]
- 1939 год — 3120 жыхароў[15]
- 1960 год — 210 жыхароў
- 1999 год — 819 жыхароў
- 2002 год — 324 двары, 732 жыхары
- 2003 год — 773 жыхароў
- 2009 год — 669 жыхароў[16]
- 2012 год — 285 двароў, 697 жыхароў
- 2019 год — 568 жыхароў[17]
Інфраструктура. Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае Шацкая сярэдняя школа. Ёсць Шацкая ўчастковая бальніца, якая была збудавана ў студзені 1953 года[18].
У Шацку ёсць прыход праваслаўнай царквы Святога прарока Ільі і дом малітвы Евангельскіх хрысціян[19].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Курганны могільнік (мясцовая назва Французская магіла)
- Парк пры колішняй сядзібе Аскеркаў (XIX ст.)
- Пабудовы сядзібы Пуцятаў Стары Шацк
Мемарыялы
[правіць | правіць зыходнік]- Помнікі: землякам, загінулым у гады Другой сусветнай вайны; настаўнікам Шацка, загінулым у гады Другой сусветнай вайны (устаноўлены мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1994 годзе); помнік на месцы яўрэйскага гета
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Святога прарока Ільі (XIX ст.)
- Сінагога
- Сядзіба Аскеркаў (XIX ст.)
- Помнік загінулым яўрэям. Быў адкрыты 5 ліпеня 1964 года на месцы збору яўрэяў у цэнтры Шацка. Ініцыятарам яго стварэння быў мясцовы жыхар Абрам Іцкавіч Левін. Грошы збіралі яўрэі Шацка і выхадцы з Шацка ў іншых гарадах. Праз некалькі гадоў гэты помнік прыбралі.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Абрахам Мошэ Бернштэйн (1866—1932) — кантар і кампазітар.
- Таісія Іванаўна Доўнар (нар. 1944) — беларуская юрыстка, прафесар БДУ.
- Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў (1931—2021) — беларускі краязнавец.
- Наталля Анатольеўна Клімовіч (нар. 1963) — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V і VI скліканняў.
- Іван Сцяпанавіч Лупіновіч (1900—1968) — беларускі вучоны, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Аляксандр Андрэевіч Мікульчык (1882 — пасля 1918) — беларускі паэт, аўтар «Беларускай марсельезы».
- Ганна Піліпаўна Назарава (1921—2000) — Герой Сацыялістычнай Працы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ша́цак
- ↑ а б в г д SgKP 1890, s. 755.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 326—327.
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 407—408.
- ↑ Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- ↑ а б в г д е SgKP 1890, s. 756.
- ↑ а б SgKP 1890, s. 757.
- ↑ SgKP 1890, s. 758.
- ↑ Памяць 2003, с. 81.
- ↑ Списокъ землевладѣльцевъ Минской губерніи 1903, с. 27.
- ↑ Nad Świsłoczą 1914, s. 102.
- ↑ Пройти дорогами памяти Архівавана 29 лістапада 2019.. // Пухавіцкія навіны, 8 мая 2018. (руск.)
- ↑ Ярмоловичъ В. 1909, с. 217.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 126.
- ↑ Место расстрела евреев местечка Шацк
- ↑ Насельніцтва Мінскай вобласці па выніках перапісу 2009 года Архівавана 29 чэрвеня 2015..
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 26 красавіка 2024.
- ↑ Марьиногорская центральная районная больница. О больнице. (руск.)
- ↑ История Пуховичского благочиния. // Белорусская православная церковь. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Азбукін М. В. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. № 1 (16). — С. 44-50.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Вайцэховіч Н. Шацак: Краязнаўчыя нарысы. — Мінск: Пэйта, 1999. (З серыі «Ведаць свой край Беларусь»). ISBN 985-6024-20-X
- Вайцэховіч Н. Мае землякі. — 2005. ISBN 985-6718-37-6
- Вайцэховіч Н. Гісторыя побач: краязнаўчыя вандроўкі: [пра вёску Шацк Пухавіцкага раёна] / Наталля Вайцэховіч. ― Мінск, 2007. (1Н//41496(039))
- Шацк // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 196—197. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Приложеніе. Списокъ землевладѣльцевъ Минской губерніи, владѣющихъ 500 десятин. земли и болѣе // Памятная книжка Минской губерніи на 1904 г.. — Минскъ: Изданіе Минскаго губернскаго статистическаго комитета, 1903.
- Ярмоловичъ В. С. Списокъ населенныхъ мѣстъ Минской губерніи. — Минскъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1909. — 231 с.
- Jelski A. Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 755—758.
- Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi // Nad Świsłoczą : kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno: Znicz, 1914. — 130 S.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шацк (Пухавіцкі раён)