Пінкавічы
Выгляд
Вёска
Пінкавічы
| ||||||||||||||||||||||||
Пі́нкавічы[1] (трансліт.: Pinkavičy, руск.: Пинковичи) — вёска ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці на левым беразе Піны. Уваходзіць у склад Пінкавіцкага сельсавета. Станам на 2005 год чацвёрты па велічыні сельскі населены пункт у Брэсцкай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Летапіс вёскі Пінкавічы пачынаецца з XV стагоддзя. Дакладная дата заснавання паселішча невядомая, але з упэўненасцю можна сцвярджаць, што Пінкавічы на некалькі дзесяцігоддзяў, а мо і стагоддзяў старэйшыя за вядомы год першай згадкі.
У Вялікім Княстве Літоўскім
[правіць | правіць зыходнік]- 1499 год — Пінкавічы згадваюцца, як зямля манаскага каталіцкага ордэна францысканцаў. Зямля ўваходзіла ў Пінскае княства, якое ў 1556 годзе Жыгімонт II Аўгуст ператварыў у староства.
- XVI—XVIII стагоддзе — зямлёй валодалі князі Курцэвічы, Сапегі, шляхціч Мікалай Ельскі , граф Бжастоўскі і род Скірмунтаў.
- 1648 год — у ходзе казацка-сялянскай вайны праз вёску з Пінска адыходзіў казацкі атрад на чале з Антонам Нябабам.
- 25 верасня 1655 года — у Пінкавічах з суднаў высадзіўся расійскі атрад царскага ваяводы Дзмітрыя Валконскага, які адсюль штурмаваў Пінск з мэтаю рабавання горада.
- 1762 год — згодна з перапісам арганізаваным Адамам Бжастоўскім у Пінкавічах налічвалася 117 дамоў у якіх пражывала каля 700 сялян. Налічвалася 17 коней і 131 валоў. Хаты сялян стаялі ўздоўж ракі, побач з імі іх надзелы[2].
- 1793 год — у выніку ІІ падзела Рэчы Паспалітай Пінкавічы ў складзе Расійскай імперыі.
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]- ХІХ — пач. ХХ стагоддзя — Пінкавічы цэнтр воласці Пінскага павета ў складзе 20 вёсак з насельніцтвам 1470 чалавек.
- 1830 год — лічыцца афіцыйнай датай пабудовы Свята-Пакроўскай царквы.
- 1863 год — пастаўлена школа (Пінкавіцкае народнае вучылішча)[3]. Падмурак захаваўся, а сам дом некалькі разоў быў капітальна адрамантаваны. Цяпер тут літаратурна-краязнаўчы музей імя Я.Коласа.
- 1870-1880-я гады — пабудова царквы святога прарока Іллі. У 1960-я гады знішчана савецкай уладай[4].
- 1887—1888 гады — у Пінкавіцкім народным вучылішчы было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. Выкладаў у тым навучальным годзе настаўнік Васіль Емяльянавіч Буры. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэта і 95 рублёў ад тутэйшых сялян.
- 1904—1906 гады — у Пінкавічах быў настаўнікам Якуб Колас.
- 23 лістапада 1905 года — Якуб Колас па просьбе пінкавіцкіх сялян, ад іх імя, напісаў прашэнне ўладальніку м. Альбрэхтова Зыгмунту Скірмунту з патрабаваннем палепшыць стан пінкаўцоў. За гэты ўчынак у лютым 1906 года малады настаўнік высланы з сяла[5].
Першая Сусветная і Грамадзянская вайна
[правіць | правіць зыходнік]- 1915—1918 гады — Пінкавічы занятыя нямецкімі войскамі, масавае бежанства.
Карэнная жыхарка Пінкавічаў Марыя Хіхлюк (1909—1999) успамінала:
Бацька сабраў усё, што мог. Пасадзіў нас на абозы, і мы рушылі ў невядомасць. Было вельмі страшна. Людзей проста цьма, стараліся трымацца аднавяскоўцаў. Праблемы былі не столькі з харчаваннем, колькі з медыцынай. Ад інфекцый памерлі два браты. Дадому вярнуліся пасля першай рэвалюцыі. Пабачанае яшчэ больш узрушыла. Пустата, у дварах высакарослы бур'ян, вярнуліся на мёртвыя, але родныя землі і пачалі ўсё зноўку. |
- 1917—1920 гады — сяло ў складзе Пінскага павета Дрыгавіцкай зямлі, а затым Палескай акругі Украінскай Народнай Рэспублікі.
За польскім часам
[правіць | правіць зыходнік]- 1921—1939 гады — Пінкавічы ў складзе міжваеннай Польшчы. Цэнтр гміны Пінскага павета. У вёсцы знаходзілася ўправа лясной гаспадаркі і школа.
- 1926 год — Пінкавічы ў выніку экспедыцыі па беларускім Палессі наведаў Язэп Драздовіч. Мастак замаляваў пінкавіцкія святыні.
- 1928 год і 1938 год — тэрыторыя Пінкавіцкай гміны пашырылася за кошт ліквідацыі Ставоцкай гміны.
- Кастрычнік 1934 года — Пінкавічы наведала знаная амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд.
У савецкай Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]- 1939—1941 гады — у складзе Пінскага раёна Пінскай вобласці БССР.
- 1941—1944 гады — нацысцкая акупацыя. Вёска ў складзе Рэйхскамісарыята Украіна.
- 1944—1957 гады — вёска ў складзе Пінкавіцкага сельсавета.
- 1957—1989 гады — вёска ў складзе Аснежыцкага сельсавета Пінскага раёна[6].
- 1953 год — Пінкавіцкай сярэдняй школе надалі імя Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, а ў 1954 годзе паставілі новую школу. Цяпер Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Я.Коласа працуе ў будынку, які з’явіўся ў 1987 годзе.
- 1957 год — у гонар салдат, якія загінулі пры вызваленні ад нацыстаў, на месцы пахавання 197 воінаў пастаўлена скульптура салдата.
- 1962 год — адкрыццё мемарыяльнай дошкі Я.Коласу.
- 1986 год — утвораны Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы», які праводзіць унікальны абрад «Проводна нэділя»[7].
- 1989 год — створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах.
- Лістапад 1990 года — адкрыццё літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа.
Незалежная Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]- 1991 год — пасля станаўлення незалежнай Беларусі Пінкавічы цэнтр сельсавета ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці.
- 1998 год — створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах, дагэтуль вёска ўваходзіла ў склад Аснежыцкага сельсавета[8].
- 1 студзеня 1999 года — у Пінкавічах створаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна.
- 2000 год — у вёсцы налічвалася 1186 двароў і 3376 жыхароў.
- 2005 год — насельніцтва: 4036 жыхароў (1274 двароў), такім чынам Пінкавічы былі чацвёртым па велічыні сельскім населеным пунктам Брэсцкай вобласці.
- 2008 год — праведзеныя маштабныя працы па добраўпарадкаванні Пінкавічаў: рамонт камунікацый і пешаходнай зоны.
- Снежань 2009 года — на доме, дзе жыла Любоў Тарасюк, за кошт яе бацькі Канстанціна Міхайлавіча Тарасюка, размешчана мемарыяльная шыльда[9].
- Лістапад 2012 года — завершаная рэканструкцыя музея і ўрачыста адсвяткаванае 130-годдзя Якуба Коласа[10].
- Снежань 2013 года — урачыстыя падзеі і літаратурна-музычныя вечары з нагоды 60-годдзя вядомай зямлячкі Любові Канстанцінаўны Тарасюк [11].
- Кастрычнік 2014 года — усталяваны шматметровы металічны праваслаўны крыж на гранітным пастаменце[12].
- Снежань 2015 года — на базе літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі і фотаальбома «Палессе Луізы Бойд».
- Кастрычнік 2016 года — на тэрыторыі літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа ўсталяваны мемарыяльны знак у гонар экспедыцыі Луізы Арнер Бойд.[13].
- Май 2017 года — у Пінкавічах размясціўся офіс Брэсцкага абласнога Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Садружнасць Палесся»[14].
- Жнівень 2017 года — у Пінкавічах у межах праекта «Захаваем крыніцы Пінскага Палесся», які рэалізавала Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся», з’явіўся ўнікальны прыродны аб’ект «Калодзеж Якуба Коласа» [15].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Свята-Пакроўская царква (1830) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000580. Афіцыйная дата пабудовы царквы ў Пінкавічах — 1830 год, але яшчэ ў 1806 годзе мясцовыя жыхары падарылі ў храм вялікі абраз «Узвіжанне Святога Крыжа». Святыня дагэтуль захоўваецца ў царкве з дакладнай датай і подпісам ад удзячных пінкаўцоў. Вынікае, што Свята-Пакроўская царква ў Пінкавічах пастаўлена раней[2].
- Капліца.
- Будынак былой школы, дзе ў 1904—1906 гадах працаваў Якуб Колас. Ад 1990 года тут літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа.
- Вялікі праваслаўны крыж каля шашы Пінск-Лунінец.
- Памятны знак (валун) у гонар экспедыцыі Луізы Арнер Бойд, якая адбылася ўвосень 1934 года.
- Пры ўездзе ў вёску з Пінскага боку знаходзіцца помнік салдату на брацкай магіле, дзе пахаваны 197 воінаў 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызаны. Яны загінулі ў ліпені 1944 года ў баях за вызваленне ад нацыстаў.
- На ўсходнім ускрайку — старажытныя могілкі, першыя пахаванні датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. Тут знайшла адвечны спачын Любоў Тарасюк і кумы (Аляксандр і Людміла Лой) Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Ільінская царква.
- Капліца.
- Будынак управы Пінкавіцкай гміны Пінскага павета, а ў апошнія гады тут размяшчалася Пінкавіцкая дзіцячая бібліятэка.
-
Язэп Драздовіч. Каплічка ў Пінкавічах. 1926
-
Язэп Драздовіч. Царква ў Пінкавічах. 1926
-
Язэп Драздовіч. Ільінская царква на пінкавіцкім полі. 1926
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Эдуард Мікалаевіч Севярын (нар. 1976) — беларускі палітолаг, дэпутат.
- Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (1953—2006) — беларуская паэтэса, літаратуразнавец.
- Іван Іосіфавіч Калоша (1929—2010) — краязнавец, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музея Я. Коласа ў в. Пінкавічы[5].
Арганізацыі і прадпрыемствы
[правіць | правіць зыходнік]- Пінкавіцкі сельскі выканаўчы камітэт і сельскі Савет дэпутатаў
- Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся»
- Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Я.Коласа і дзіцячы садок
- Пінкавіцкая сельская бібліятэка
- Фельчарска-акушэрскі пункт
- Пінскі неўралагічны інтэрнат
- Перасоўная Механізаваная Калона № 58 ААТ «Пінскводбуд»
- Фізкультурна-спартыўная ўстанова «Элада-Спорт»
- Пінскае вытворчае аб’яднанне «Медтэхніка»
- Прыродаахоўчы заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр»
- Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна
- Літаратурна-этнаграфічны музей Я. Коласа
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ а б Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2016. Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ Гісторыя школы(недаступная спасылка)
- ↑ Жыхары Пінкавіч хочуць ушанаваць месца знішчанай царквы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 верасня 2018. Праверана 15 жніўня 2016.
- ↑ а б Якуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі Архівавана 15 красавіка 2016.
- ↑ Решение Исполнительного комитета Брестского областного Совета народных депутатов от 3 июня 1957 г. № 344 О частичном изменении в административно-территориальном делении сельских Советов Брестского и Пинского районов и Домачевского поселкового Совета Брестского района
- ↑ Унікальны абрад, які захаваўся толькі ў адной вёсцы Беларусі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2020. Праверана 15 жніўня 2016.
- ↑ Решение Брестского областного Совета депутатов от 24 сентября 1998 г. № 88 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Пинского района
- ↑ Любовь Тарасюк. Мой берег родной… Полесье
- ↑ Піншчына адсвяткавала 130-годдзе Якуба Коласа Архівавана 18 верасня 2020.
- ↑ На Піншчыне адзначаюць 60-годдзе Любові Тарасюк(недаступная спасылка)
- ↑ В Пинковичах установили православный символ — многометровый металлический крест Архівавана 5 жніўня 2016.
- ↑ Мемарыяльны знак у гонар экспедыцыі Архівавана 2 лютага 2017.
- ↑ Кантакт Архівавана 6 жніўня 2018.
- ↑ Пинщины — здоровье и вековая связь поколений(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пінкавічы
- Гілевіч і Быкаў выхавалі «палескую разумніцу» Архівавана 12 лютага 2017.
- Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай Архівавана 13 ліпеня 2016.
- Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» Архівавана 6 ліпеня 2018.
- На 130-годдзе Якуба Коласа — у Пінкавічы
- Вось яны — Пінкавічы, вось гэты дом…
- Пінкавічы: Якуб Колас у глыбіні Палесься
- Ганна Краснюк з вёсцы Пінкавічы — таленавітая майстрыха Архівавана 18 верасня 2020.
- У Пінкавічы да Коласа(недаступная спасылка)
- Ролік пра крыніцы Пінскага раёна
- Дакументальная стужка «Палессе Луізы Бойд»
- Пінкавічы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння» «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр» Архівавана 29 снежня 2018.