Перайсці да зместу

Пінскводбуд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Пінскводбуд»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 3 студзеня 1972
Заснавальнікі Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР
Размяшчэнне Пінск (Брэсцкая вобласць, Беларусь)
Адрас
Ключавыя постаці Валерый Богнат, Леанід Гордзіч, Аляксандр Кузьміч
Галіна будаўніцтва
Прадукцыя вадасховішча, дамба, мост, плаціна, шлюз
Абарот 9,932 млн рублёў (2016 г.; $4,967 млн)
Аперацыйны прыбытак -0,339 млн руб (2016 г.; $-169,5 тыс.)
Чысты прыбытак -0,282 млн руб (2016 г.; $-141 тыс.)[1]
Аўдытар Л.Т. Лялюк (Пінск)[2]
Матчына кампанія ДА «Белводгас» (Мінск)
Даччыныя кампаніі рыбгасп «Лахва» (Лунінецкі раён)
Сайт pinskvodstr.by

«Пінскводбуд» — дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1972 годзе ў Пінску (Брэсцкая вобласць) ў якасці спецыялізаванага трэсту «Пінскводбудмеханізацыя». Галоўнае прадпрыемства размяшчаецца па вуліцы Пушкіна, д. 5. Адыграла істотную ролю ў меліярацыі ў Брэсцкай вобласці.

У студзені 1972 года Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР заснавала спецыялізаваны трэст «Пінскводбудмеханізацыя», у склад якога перадалі трэст «Брэстводбуд», 6 будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК; Ганцавіцкае, Лунінецкае, Пінскае, Столінскае, Целяханскае, Іванаўскае) і Гарадзішчанскую перасоўную механізаваную калону № 5 (ПМК-5; Баранавіцкі раён). Пазней далучылі яшчэ 4 ПМК: Лагішынскую № 34 (Пінскі раён), Ляхавіцкую № 24, Мікашэвіцкую № 22 (Лунінецкі раён) і Давыд-Гарадоцкую № 111 (Столінскі раён). У якасці дапаможных пусцілі Пінскі завод жалезабетонных вырабаў, цэнтральную рамонтную майстэрню (вёска Пінкавічы, Пінскі раён) і аўтатранспартны ўчастак. На пачатак 1977 года трэст налічваў звыш 4800 супрацоўнікаў, з іх 1500 механізатараў і 450 інжынераў. Прадпрыемства мела 435 аўтамабіляў, 320 вусеневых і колавых трактароў, 225 адна- і 73 шматкаўшовых экскаватараў, 165 бульдозераў, 152 карчавальнікі і 24 скрэперы. 28 снежня 1979 года пасля 7-гадовага будаўніцтва ў Ганцавіцкім раёне здалі вадасховішча Лактышы плошчай 1520 га і аб’ёмам вады ў 50,2 млн м³. Агульная плошча рыбаводчых сажалак склала 2549 га. Звыш 200 км² у вадазборы ракі Лань атрымалі пастаянную крыніцу ўвільгатнення[3].

У 1978 годзе ў Пінскім раёне скончылі 3-гадовае будаўніцтва вадасховішча Пагост і рыбнай гаспадаркі «Палессе» (вёска Вяз), якая ўключала нераставыя, матачныя і выгульныя сажаркі-рыбнікі. Ваду ў іх падавалі помпавыя станцыя з вадасховішча Пагост праз магістральныя і падальныя каналы, аснашчаныя дамбамі, шлюзамі і плацінамі. Упершыню пры будаўніцтве давялося выселіць і затапіць вёску Грушка, што налічвала 76 дамоў і каля 200 жыхароў. У 1970-я гады меліярацыя ў асноўным праводзілася з выкарыстаннем балотаходных бульдозераў Т-130, якія выпускаў Чалябінскі трактарны завод (РСФСР). 26 мая 1985 года ў вёсцы Селішча (Пінскі раён) заклалі найбольшую ў Еўропе плантацыю (на 2012 год ААТ «Беларускія журавіны» з сажалкай-адстойнікам на 6 гектараў) з тэрмінам службы на 30 гадоў і да 50 гадоў пры належным доглядзе). Журавінавая плантацыя ўключала чэкі, каналы, дамбы і трубы для пастаяннага арашэння, якое таксама дзейнічала на палях для вырошвання буякоў[3].

З 1 красавіка 1988 года трэст атрымаў сучасную назву «Пінскводбуд». Да 1990 года прадпрыемства ўвяло ў дзеянне звыш 3000 км² асушаных і 350 км² арашальных зямель, пабудавала звыш 5000 гідратэхнічных збудаванняў (насосных станцыяў, мастоў, шлюзаў, дамбаў, плацін і вадасховішчаў агульным аб’ёмам каля 200 млн м³ вады) і каля 3000 кватэр агульнай плошчай звыш 109 000 м². Для будаўніцтва асфальтаваных дарог між паселішчамі дзейнічалі 6 асфальтабетонных заводаў. На меліяраваных землях заснавалі звыш 200 савецкіх гаспадарак (саўгас), з іх найбольшыя: у Пінскім раёне — «Парахонскі» (на 2012 г. ААТ з 10-ю жывёлагадоўчымі комплексамі па 10 000 галоваў жывёлы кожны), «Маладзельчыцы» і «24-ы з’езд КПСС» (в. Жыдча); у Ганцавіцкім — «Адраджэнне» (аг. Раздзялавічы) і «Ясенева» (в. Яловая); у Лунінецкім — імя Леніна і «25-ы з’езд КПСС» (в. Міжлессе); у Іванаўскім раёне — імя Івана Паліўкі (в. Тышкавічы); у Івацэвіцкім — «Перамога» (в. Вулька Аброўская); у Ляхавіцкім — «Востраў»[3].

У пачатку 1990-х гадоў «Пінскводбуд» пераважна будаваў пасёлкі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях для перасяленцаў у рамках пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе трэст «Пінскводбуд» перайшоў у падпарадкаванне дзяржаўнага канцэрна «Белмеліяводгас» (Мінск, Беларусь), які стаў асноўным замоўнікам будаўніцтва і перабудовы меліярацыйных збудаванняў і водных гаспадарак. У другой палове 1990-х гадоў істотнымі заказамі былі будаўніцтва і рэканструкцыя ахоўных і вадаправодных збудаванняў на трасе нафтаправода Мазыр-Брэст для «Гомельтранснафта Сяброўства», добраўпарадкаванне беларуска-літоўскай граніцы для Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Рэспублікі Беларусь. У жніўні 1999 г. канцэрн «Белмеліяводгас» сваім Загадам перадаў прадпрыемствам, якім належалі меліярацыйныя збудаванні, 3 адпаведныя перасоўныя механізаваныя калоны (ПМК): Мікашэвіцкую № 22, Лагішынскую № 34 і Давыд-Гарадоцкую № 111. 15 сакавіка 2001 г. Выканаўчы камітэт Брэсцкай вобласці паставіў на ўлік «Пінскводбуд» у якасці ўнітарнага прадпрыемства. У кастрычніку 2001 года прадпрыемствам-уласнікам меліярацыйных збудаванняў перадалі Ганцавіцкую і Ляхавіцкую ПМК. У выніку ў складзе УП «Пінскводбуд» засталіся цэнтральная рамонтная майстэрня, у якую ўключылі аўтапарк і завод жалезабетонных вырабаў, і 5 ПМК у Івацэвіцкім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім і Іванаўскім раёнах на аснове былых будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК)[3]. У 2001 г. аб’ём меліяратыўнага будаўніцтва ў Брэсцкай вобласці 50-кратна скараціўся параўнальна з 1991 годам.

З пачатку 2000-х гадоў дзейнасць пераважна складалася з выканання захадаў абароны і перасцярогі ад паводак, у тым ліку ўзвядзення збудаванняў у Давыд-Гарадку (Столінскі раён) і пракладкі новага рэчышча ракі Гарынь вакол яго, агароджанага асфальтавымі дамбамі. За 2005—2011 гады «Пінскводбуд» набыў 49 экскаватараў, з іх каля 40 у Коханаўскага экскаватарнага завода (Талачынскі раён, Віцебская вобласць), таксама 11 трактароў і каля 50 перасоўных насосных станцыяў. На пачатак 2011 года прадпрыемства налічвала 1053 супрацоўнікі. За 2011 год меліярацыя склала 40 % працы прадпрыемства. Да ААТ «Пінскводбуд» далучылі рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён)[3]. На 31 снежня 2016 года 99,5 % акцый прадпрыемства належала дзяржаўнаму аб’яднанню «Белводгас» (Мінск).

На 2017 год ААТ «Пінскводбуд» уключала цэнтральную рамонтную майстэрню (ЦРМ; в. Пінкавічы, Пінскі раён), доследную рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён) і 5 перасоўных механізаваных калон: 58-я (Пінкавічы), 59-я (Лунінец), 60-я (пас. Целяханы, Івацэвіцкі раён), 61-я (Іванава) і 62-я (Столін).

ЦРМ уключала завод жалезабетонных вырабаў і аўтапарк на 30 самазвалаў. Праектаванне ажыццяўлялася ў супрацы з ААТ «Палесседзіправодгас» (Пінск). Ажыццяўляла асушэнне зямель для гаспадарчага выкарыстання. Закрыты дрэнаж рабілі з дапамогай поліэтыленавых гафрыраваных трубаў, якія пракладалі на глыбіні каля 4-х метраў для ўтварэння падземных водных каналаў (д’юкераў). У якасці таннейшага варыянту ўзводзілі адкрытыя асушальныя сеткі з 5-гадовым тэрмінам гарантыі на работы, пасля чаго тыя вымагалі рэгулярнага абкосу травы на каналах для прадухілення выветрывання ўрадлівага слою глебы[3].

  • Іван Адзінец (1972—1977)
  • Георгій Даніловіч (1977 — студзень 1997)
  • Леанід Даўбнюк (студзень 1997 — 26 жніўня 2011)
  • Леанід Кароль (26 жніўня 2011 — 16 красавіка 2016)
  • Валерый Богнат (з 16 красавіка 2016 года)

Зноскі

  1. "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2016 год (1,9998 за долар)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2017. Праверана 12 кастрычніка 2017.
  2. "Раскрыццё звестак аб дзейнасці за 2016 год"(руск.). ААТ «Пінскводбуд». 14 красавіка 2017. Праверана 12 кастрычніка 2017.
  3. а б в г д е Уладзімір Хількевіч, Вольга Гецэвіч. «Меліяраваны гектар — нацыянальнае багацце» // Звязда : газета. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 6. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)