Вінаградарства
Вінагра́дарства з'яўляецца галіной аграпрамысловага комплексу і накіравана на вырошчванне высокіх ураджаяў сталовага і тэхнічнага вінаграда для забеспячэння насельніцтва свежым і сушоным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробства і кансервавую прамысловасць — сыравінай.
Вінаградарства мае чатыры вытворчыя кірункі:
- сталовае вінаградарства — вытворчасць свежага вінаграду для мясцовага спажывання, вывазу і захоўвання;
- вінаградарства як сыравінная база вытворчасці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў;
- вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80 % усяго вінаграду);
- вінаградарства як сыравінная база кансервавай прамысловасці.
Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.
Вінаградарства з'явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор'я, Блізкага Усходу, Сярэдняй Азіі.
Сусветная вытворчасць вінаграду складае штогод 57— 60 млн т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова.
Прамысловае вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўночная мяжа вырошчвання прамысловага вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прамысловае вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.
Вінаградарства ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі вінаград вядомы з XVI ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невялікае вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найбольш спрыяльныя для яго развіцця паўднёвыя раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Беларускім НДІ пладаводства, размешчаным у в. Самахвалавічы Мінскага раёна. Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вінаградарства. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вінаградарства