Перайсці да зместу

Чаір (сад)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чаір — тып традыцыйнай садовай гаспадаркі ў горным і перадгорным Крыме, які ўяўляе сабой шматузроўневы фітабіягеацэноз[1][2][3]. Мае старажытныя традыцыі, якія сумяшчаюць шматфункцыянальнасць (сад, сенакос, пашу і лесанарыхтоўкі), гармонію з прыродай (улік мясцовых асаблівасцяў клімату і рэльефу), а таксама грамадскае выкарыстанне членамі ўсяго селішча на працягу некалькіх пакаленняў і нават стагоддзяў. У XIX стагоддзі расійскія архітэктары Крыма уключылі элементы крымскіх народных агратэхнічных традыцый у ландшафтны дызайн пры стварэнні паркаў і лецішчаў[1]: так з’явіўся знакаміты парк Чаір  (руск.), які не мае ўжо прамога сельскагаспадарчага значэння.

Гісторыя і этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Сваім паходжаннем чаіры абавязаны ўдасканаленню агратэхнічнай культуры народаў, якія жылі ў Крыме: здаўна на схілах мясцовых гор вырошчваліся сады, якія не патрабавалі адмысловага догляду. У літаральным перакладзе з крымскататарскага назва чаір (çayır) азначае «горны луг»[4] або «сенакос». Аднак у Крыме чаіры ператварыліся ў полікультурныя раслінныя супольнасці шматфункцыянальнага грамадскага выкарыстання. Чаіры супрацьпастаўляюцца «аланам» — звычайным палянам у горных лясах, якія выкарыстоўваюцца для сенажацяў і пашы. Пры гэтым вытокі крымскага чаірнага садаводства сыходзяць каранямі ў глыбокую старажытнасць. Да прыкладу, раскопкі горнага паселішча таўраў Уч-Баш  (укр.) паказалі выкарыстанне старажытнымі таўрамі чарэшні, алычы, вішні[5]. У паселішчах і магільніках стэпавых скіфаў былі таксама знойдзены рэшткі груш, яблыкаў, грэцкіх арэхаў і чарэшні. У сярэднія вякі ўладкаваннем чаіраў займаліся ў асноўным рэшткі хрысціянскага насельніцтва (армян, готаў, грэкаў). Аднак з пераходам на аселасць гэтую традыцыю паступова перанялі і крымскія татары, асабліва пасля масавай эміграцыі хрысціян у Расійскую імперыю каля 1780 года: частка аселых хрысціян перайшла ў іслам каб застацца на сваіх месцах.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Уладкаванне чаіра было свайго роду рытуалам. Пры гэтым выкарыстоўваліся абрыкосы, слівы, яблыні, грушы, кізіл, цёрн, алыча, айва, фундук, грэцкі арэх. У якасці прышчэпы ў чаірных садках выкарыстоўваліся пладаносныя ці маладыя дрэвы дзікай грушы, яблыні або чарэшні. З яблыневых сартоў у чаіры пераважалі сінапы  (укр.): кандзіль  (руск.), сары  (укр.), судакскі, саблы, кара. Сінапы паходзілі з турэцкага горада Сіноп, але былі палепшаны ў Крыме шляхам селекцыі і скрыжавання з мясцовымі горна-ляснымі яблынямі[3]. Сліву ж прышчаплялі на цёрн або дробнаплодную алычу[6]. Абавязковым атрыбутам чаіра былі і непладовыя ценеўтваральныя дрэвы: чынара (платан усходні (Platanus orientalis)), конскі каштан, а таксама таполя. Іх магутныя разгалістыя кроны дапамагалі падтрымліваць ідэальны баланс цяпла, вільгаці, запавольвалі вятры, давалі цень, перашкаджалі эрозіі і нарэшце змякчалі спёку над драбнейшымі дрэвамі і кустамі. Ствалы дрэў выкарыстоўваліся як падпоркі для лоз вінаграда[7]. Найстарэйшыя дрэвы чаіраў маюць узрост 300—500 гадоў.

На першым этапе ўладкавання чаіра даліну горнага ручая перагароджвалі радамі плеценых запруд з мэтай затрымання ўрадлівага глею, які ўтвараў некалькі шэрагаў тэрас на схіле гары або ўзгорка. Найбольш спрыяльнымі для чаіраў лічыліся горныя схілы на вышынях да 700 м над узроўнем мора, з якіх у нізіну скочвалася халоднае паветра. Чаір не прытрымліваецца раднасці, паколькі першараднымі фактарамі з’яўляюцца неаднародны мікраклімат і лакальнае ўвільгатненне[3]. Некаторыя сакрэты чаірнага садоўніцтва дайшлі да нашых дзён. Да прыкладу, пры пасадцы грэцкага арэха выкопвалася неглыбокая яма. Затым на дно яе ўкладваўся плоскі камень, які не даваў асноўнаму пню сысці далёка ўглыб бясплоднай і сухой горнай глебы. Такім чынам каранёвая сістэма арэха развівала доўгія бакавыя карані на невялікай глыбіні ў верхнім урадлівай і больш увільготненым пласце зямлі. Акрамя гэтага, зверху на плоскі камень кідалі некалькі жмень пшаніцы або ячменю. Гэтае збожжа хоць і прарастала, але прабіцца на паверхню не магло, згніваючы ў зямлі і ператвараючыся ў натуральнае ўгнаенне для маладога дрэва. Іншай тонкасцю была пасадка двух звязаных разам саджанцаў так, каб іх карані ў першыя пару гадоў цесна зрасталіся паміж сабой. Праз пару гадоў слабейшы ствол зрэзвалі і ў выніку пакінуты высадак атрымліваў магутную каранёвую сістэму, якой была не страшная засуха[2].

Выкарыстанне і догляд[правіць | правіць зыходнік]

У чаірах пасвілі авечак, коз, кароў; касілі траву; нарыхтоўвалі дровы і збіралі галлё. У чаірах таксама збіралі плады для вырабу фруктовага мёду (бякмеса), сухафруктаў, павідла і узвараў[6]. Хоць чаіры не патрабавалі стараннага догляду, прыкладанне працы ў выглядзе перыядычнага прарэджвання кроны, выдалення засохлых галін, а таксама забеспячэння (ва ўрадлівыя гады) галін падпоркамі давала станоўчыя вынікі. Чаіры вырасталі ў асноўным блізу невялікіх сельскіх абшчын, не мелі агароджы і карысталіся іх дарамі ўсе члены абшчыны. У перыяд Крымскага ханства аднак з’явіліся і вялікія прыватныя чаіры, поўнасцю або часткова агароджаныя для прадухілення перавыпасу свойскіх жывёл.

Росквіт і заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Укараненне тэхналогій прамысловага садаводства ў савецкім Крыме прывяло да заняпаду традыцыйнага чаірнага садаводства. Калі да рэвалюцыі 1917 года на паўвостраве было 8 000 га чаірных садоў, то да сярэдзіны 1930-х гадоў іх засталося не больш 5 000 га, а да пачатку XXI века захоўваецца не больш за 20 га старажытных чаірных садоў. На тэрыторыі Алушцінскага, Бахчысарайскага, Белагорскага лясніцтваў у чаірных садках можна выявіць рэліктавыя 100-120-гадовыя яблыневыя дрэвы Размарына белага, Ранета шампанскага  (укр.) і Кандзіль-сінапа. Пры гэтым мясцовыя сарты ў чаіры давалі да 2 т яблыкаў, а завезеныя — не больш 1 т[6].

Зноскі

  1. а б Архивированная копия (руск.). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  2. а б Что такое чаир?. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  3. а б в Чаиры — традиционное садоводство крымских народов — Славянская культура. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  4. Крымскотатарско-русский словарь. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2021. Праверана 19 сакавіка 2017.
  5. Архивированная копия (руск.). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  6. а б в Чаирные сады. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  7. «В парке Чаир распускаются розы. В парке Чаир расцветает миндаль…»