Светлы Бор
Вёска
Светлы Бор
| ||||||||||||||||||||||||||
Све́тлы Бор[1] (трансліт.: Svietly Bor, руск.: Светлый Бор; да 1920-х гг. — Яніна, да 1962 г. — Кардонная Фабрыка) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Свіслач. Уваходзіць у склад Турынскага сельсавета.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Першапачатковая назва населенага пункта — Яніна, ад назвы кардоннай фабрыкі, яка, у сваю чаргу, відаць паходзіць ад імя ўладальніка Яна Каржанеўскага. Каржанеўскія былі буйнымі землеўладальнікамі ў ваколіцах, на канец XIX стагоддзя цэнтрам уладанняў быў маёнтак Новыя Валокі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Населены пункт узнік як двор кардоннай фабрыкі «Яніна» Каржанеўскіх пры вёсцы Вугалец, адкрытай у 1898 годзе. У Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1912 годзе ўладальнікам фабрыкі быў Іван (Ян) Ануфрыевіч Каржанеўскі, гадавая вытворчасць 40 000 рублёў, былі паравы і водны рухавік, 26 работнікаў[2].
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Уласнасць нацыяналізавана, населены пункт пераўтвораны ў пасёлак Кардонная Фабрыка, завод перайменаваны ў імя Леніна.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У наваколлі дзейнічала савецкая 1-я Мінская партызанская брыгада. У ліпені 1942 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі вёска спалена, забіты 4 жыхары. Пасля вайны вёска была адноўлена.
У 1962 годзе пасёлак перайменаваны ў Светлы Бор[3].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1921 год — 1 двор, 48 жыхароў, усе беларусы[4]
- 1940 год — 38 двароў, 162 жыхары
- 1960 год — 386 жыхароў
- 1999 год — 786 жыхароў
- 2002 год — 299 двароў, 730 жыхароў
- 2010 год — 630 жыхароў
- 2019 год — 632 жыхары[5]
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы ёсць праваслаўная царква, прыход Казанскай іконы Божай Маці[6].
Эканоміка і інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае Пухавіцкая кардонная фабрыка, філіял «Белкартон». На 2013 год ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, крама, Дом культуры, дзіцячы сад і сярэдняя школа, аддзяленне сувязі.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча (V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.). 0,6 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Свіслач, у месцы яе ўпадзення ў раку Волма.
- Брацкая магіла вайскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксандр Панцялеевіч Бурмакоў (нар. 1947) — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Списокъ фабрикъ и заводовъ Россійской имперіи 1912, с. 114.
- ↑ Памяць 2003, с. 24.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 113.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 26 красавіка 2024.
- ↑ borisov_eparhia. В Светлом Бору освятили новый храм в честь Казанской иконы Божией Матери (руск.) . БОРИСОВСКАЯ ЕПАРХИЯ (12 верасня 2016). Праверана 18 лістапада 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Светлы Бор // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 178—179. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
- Списокъ фабрикъ и заводовъ Россійской имперіи / Сост. по оффиц. свѣдѣніямъ Отд. пром-сти М-ва торговли и пром-сти подъ ред. В.Е. Варзара. — С.-Петербургъ: тип. В.Ѳ. Киршбаума, 1912. — С. 114. — 720 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Светлы Бор