Стражніца КАП «Каменны Воз»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стражніца Корпуса аховы памежжа «Каменны Воз»
Straznica KOP «Kamienny Woz»
Будынак стражніцы
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Рота памежная КАП «Дзіўнікі» → Батальён КАП «Падсвілле»Брыгада КАП «Вілейка» (1924—1927) → Полк КАП «Глыбокае» (1927—1939)
Тып воінскае фарміраванне
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 18 жаўнераў
Дыслакацыя урочышча Псуеўскі лес каля вёскі Хралы
Камандзіры
Вядомыя камандзіры падхарунжы Стэфан Павел Палчыньскі

Стра́жніца Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Каме́нны Воз» (польск. Straznica KOP «Kamienny Woz») — васямнаццатая стражніца Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася каля вёскі Хралы ў 1924—1939 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У межах першага этапа арганізацыі Корпуса аховы памежжа, які праводзіўся ў верасні 1924 года, была створана трэцяя памежная брыгада, а ў яе складзе — сёмы памежны батальён. Трэцяя памежная рота «Дзіўнікі», якая падпарадкоўвалася батальёну, мела ў сваім распараджэнні 6 стражніцаў, адной з якіх з’яўляўся «Каменны Воз»[1].

У стражніцы служыла 18 жаўнераў, галоўнай задачай якіх была ахова савецка-польскай мяжы. Да абавязкаў таксама адносіліся патруляванне памежнай зоны, назіранне за станам памежнай паласы, арганізацыя засадаў у небяспечных месцах, праверка дакументаў і затрымоўванне падазраваных, а таксама наладжванне шчыльнай сувязі паміж адзінкамі Корпуса аховы памежжа і прадстаўнікамі выканаўчай улады[2].

Па звестках 1932 года стражніца ахоўвала адрэзак дзяржаўнай мяжы працягласцю 5523 метраў, вызначанага памежнымі слупамі 257 і 261, а ў 1938 годзе — адрэзак мяжы шырынёй у 8450 метраў, размешчаны паміж слупамі 247 і 261. Ад 1932 г. памежнікі сталі дыслакавацца ў адмыслова пабудаваным будынку, які з камандаваннем роты злучала брукаваная дарога даўжынёй 11.7 км і палявая дарога працягласцю 2 км[3].

17 верасня 1939 г. пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, у ходзе якога жаўнеры стражніцы «Каменны Воз» уступілі ў бой з адзінкамі пятай стралковай дывізіі і трынаццатага аддзелу аховы памежжа НКУС. У выніку бітвы тэрыторыя гарнізона была захоплена савецкімі войскамі, а яго камандзір Павел Палчыньскі забіты[4].

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, на момант наступлення чырвонаармейцаў Палчыньскі знаходзіўся ў свайго сябра на стражніцы «Гразі», аднак, дазнаўшыся пра сітуацыю, хутка вярнуўся на матацыкле і загадаў жаўнерам адступаць, а сам, засеўшы з кулямётам на вежы стражніцы, трымаў абарону, якая доўжылася гадзіну. Забіўшы шмат савецкіх салдатаў, камандзір быў смяротна паранены кінутай у вежу гранатай. Савецкі афіцэр забараніў дабіваць Палчыньскага, сказаўшы: «Хай пакутуе» і дадаўшы: «Вось так трэба ваяваць»[5].

Будынак стражніцы[правіць | правіць зыходнік]

Стражніца размяшчалася ў будынку, пабудаваным у 1932 годзе паводле зацверджанага ў 1925 г. тыповага праекту. Падмурак быў выкладзены з цэглы, цокаль — з каменя, залітага бетонам. Паміж падмуркам і зрубам пракладаўся ізаляцыйны пласт з гудрона. Таўшчыня драўляных знешніх і ўнутраных сценаў з хвоі дасягала 16 см, а яловых перагародак — 10 см. Дах быў пакрыты ацынкаванай бляхай. Вежа стражніцы, прымацаваная да даху нітамі і шрубамі, мела ўваходную лесвіцу. У будынку стаялі 6 печаў, узведзеных на металічных падставах. На кухні знаходзіліся два катлы. Таксама дзейнічала прыбіральня[6].

На месцы разабранай у паваенны час стражніцы захаваліся бетонны ганак і падмуркі, а на прылеглай да яе тэрыторыі — рэшткі брукаванай дарогі. Мясцовасць, якая некалі была палеткам, цяпер засеяна Псуеўскім лесам.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2011 г. пры расхінанні супрацьпажарнага рова непадалёку ад месца размяшчэння былой стражніцы былі знойдзены чалавечыя косці, пазней ідэнтыфікаваныя як парэшткі яе апошняга камандзіра Паўла Палчыньскага. Паводле ўзгадак жыхароў вёскі Шо, цела Палчынскага таемна пахавалі два браты, якія сябравалі з камандзірам. 17 верасня 2011 г. парэшткі былі перапахаваны на Капцёўскіх могілках у Глыбокім[7].

На месцы, дзе ў 1924—1939 гадах стаяў будынак стражніцы, быў пастаўлены каталіцкі крыж, які асвяціў ксёндз Троіцкага касцёла Мечыслаў Янчышын[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Поляк 1999, с. 218.
  2. Фалькевіч 1925, с. 3-4.
  3. Komunikaty dyslokacyjne 1938, с. 83.
  4. Цыган 2006, с. 93.
  5. а б "У Глыбокім перапахаваюць парэшткі польскага героя". Еўрапейскае радыё для Беларусі. 2011. Праверана 2019-04-16. {{cite journal}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка)
  6. Protokoły przyjęcia budynków, с. 10.
  7. "Там, дзе шуміць Псуеўскі лес..." [Там, дзе шуміць Псуеўскі лес...]. Беларуская лясная газета [руская]. 2017. Праверана 2019-04-16. {{cite journal}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]