Перайсці да зместу

Сухары (Магілёўскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Сухары
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Сухарэвічы
Насельніцтва
599 чалавек (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 222
Паштовы індэкс
213116[1]
Аўтамабільны код
6
СААТА
7244856056
Сухары на карце Беларусі ±
Сухары (Магілёўскі раён) (Беларусь)
Сухары (Магілёўскі раён)
Сухары (Магілёўскі раён) (Магілёўская вобласць)
Сухары (Магілёўскі раён)

Сухары́[2] (трансліт.: Suchary, руск.: Сухари) — аграгарадок[3] у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр Сухарэўскага сельсавета.

Знаходзіцца за 27 кіламетраў на ўсход ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Лупалава.

Рэльеф раўнінны. На ўсходняй ўскраіне цячэ рака Раста.

Транспартныя сувязі праз шашу Магілёў — Мсціслаў Р96[4]

Сухары — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны.

За 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Расты ёсць гарадзішча, што сведчыць пра засяленне мясцін са старажытнасці.[4]

Вядома з 1560 года як сяло дзяржаўнай уласнасці ў Магілёўскай воласці, Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1568 годзе нададзена ў часовае валоданне шляхціцу.[4]

Пра гэта даў звесткі этнограф і гісторык, ураджэнец Магілёўшчыны Адам Кіркор[5]:

«Сухар або Сухарэвічы належалі да Магілёўскага замка. У мяне захоўваецца грамата караля Жыгімонта-Аўгуста ад 30 лістапада 1569 года, дадзеная Паўлу Кіркору, якой дорыцца яму мясцовасць у Сухарэвічах, пры рацэ Басі, за яго ваенныя заслугі, і, што цікавей, — за тое яшчэ, што ён валодаў замежнымі мовамі. У грамаце сказана: „а къ тому тежъ ведаючи о немъ, же ся и въ иншихъ разахъ службами своеми сгодыты можеты, по у многыхъ посторонныхъ земляхъ бывалыхъ и разныхъ языковъ турецкаго, татарскаго, больгарскаго, серсбкаго и волоскаго маетны“»

У 1604 годзе ва Ульянаўскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1737 годзе ў сяле была царква.[4]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772) Сухары ў складзе Расійскай імперыі. Паводле статыстычнага апісання Магілёўскай губерні 1784 года былі аднайменныя мястэчка і вёска. У мястэчку 19 двароў, 93 жыхары, быў млын, драўляная царква, па нядзелях праводзіліся торгі. Вёска — цэнтр маёнтка Чавускага павета, уласнасць памешчыка, 85 двароў, 552 жыхары.[4]

З 1856 года мястэчка атрымала ў спадчыну Марыя Феліксаўна Лістоўская, жонка калежскага асэсара[6], якая мела тут 1697 дзесяцін зямлі.[4] У другой палове 1860-х гадоў Лістоўская напісала статутныя граматы пра вызваленне сваіх прыгонных.

Таксама ў мястэчку былі вадзяны млын і піцейны дом, кулы звозілі для збыту спірт, выраблены на суседніх броварных заводах: Пакроўскім, Кароўчынскім, Паўлаўскім.

У 1878 годзе пачала працу крупадзёрка, на якой выраблялася штогод 130 чвэрцяў круп коштам 120 рублёў.[6]

У 1880 годзе ў мястэчку і сяле 133 двары (91 належаў хрысціянам, 42 — яўрэям) і 730 жыхароў, з якіх 393 праваслаўных і 337 яўрэяў.[7] Меліся крама, драўляная царква, сінагога. Частка жыхароў займалася шавецкім і кравецкім промысламі.[4]

У 1887 годзе школа граматы ператворана ў царкоўна-прыходскую, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне.[4]

У 1891 годзе[6] з цэглы пабудавана Успенская царква, якая захавалася да нашых часоў і з’яўляецца помнікам эклектычнай архітэктуры з элементамі псеўдавізантыйскага стылю.[4] Архітэктар — Пётр Георгіевіч Камбураў.[8]

Паводле перапісу 1897 года ў Гладкаўскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні. Мястэчка (53 двары, 406 жыхароў) і сяло (105 двароў, 682 жыхары). У мястэчку меліся 2 крупадзёркі, 13 лавак, царкоўна-прыходская школа, царква, малітоўны дом, 2 піцейныя дамы.[4]

У 1909 годзе ў мястэчку 64 двары, 500 жыхароў, мелася паштовае аддзяленне, казённая вінная крама. У сяле 113 двароў, 814 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін. Побач былі аднайменныя сядзіба (2 двары, 9 жыхароў) і фальварак (1 двор, 12 жыхароў, вадзяны млын).[4]

Дзейнічала двухкласнае народнае вучылішча, у якой законанастаўнікам быў свяшчэннік Свята-Успенскай царквы Васіль Ягоравіч Шчэрбаў.[6] Таксама існавала і яўрэйская школа Талмуд-Тора, размяшчалася мяшчанская ўправа.[9]

У студзені 1918 года паблізу вёскі чавускія чырвонагвардзейцы разграмілі атрад польскіх легіянераў. У сакавіку 1918 года ў сувязі з набліжэннем фронту сфарміраваны партызанскі атрад.[4]

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі — у складзе Беларускай ССР. 16 студзеня 1919 года Магілёўская губерня, у якую уваходзілі Сухары, вылучана ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Чавускім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.[4]

У 1920 годзе ў мястэчку было 64 двары, у якіх жыло 517 чалавек, у вёсцы — 113 двароў, 924 чалавекі. Сяляне мелі 1502 дзесяціны зямлі, з якіх 785 дзесяцін належалі спадчаннікам Лістоўскай.[6]

1 мая 1924 года створана сельскагаспадарчае таварыства. У гэтым жа годзе пачалі дзейнічаць сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, хата-чытальня. На базе царкоўна-прыходскай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе было 132 вучні, з іх 19 піянераў.[4] Пабудаваны клуб, у якім размяшчалася бібліятэка. У клубе ставіліся спектаклі, у якіх бралі ўдзел дзяўчаты і юнакі вёскі, якія арганізавалі ў 1923 годзе камсамольскую ячэйку. У былым маёнтку пана Чахоўскага адкрылася бальніца.[6] У 1925 годзе — народны дом. Вяскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў асваенні новых зямель у іншых раёнах краіны. У 1925 годзе было створана перасяленчае таварыства «Праўда» з 15 сямей, якія выехалі ва ўсходнія раёны СССР.[4]

У 1926 годзе ў мястэчку 46 двароў, 222 жыхары, у сяле 131 двор, 902 жыхары. У 1928 годзе пачало дзейнічаць сыраробчае прадпрыемства. У 1929 годзе яўрэі арганізавалі калгас «Камуністычны маніфест».[4] Дзейнічала царква, сінагога, школа хедар.[9]

У 1939 годзе да вёскі далучаны пасёлкі Альхавец, Сасновец.[4] Перад вайной было 214 дамоў, 959 жыхароў.[10]

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.[4]

Па ўспамінах сведак, восенню 1941 года ў Сухарах немцы растралялі маладых мужчын-яўрэяў у акопах, якія выкапалі савецкія ваенныя ў час абарончых баёў. Пасля чаго з яўрэйскага насельніцтва ў мястэчку засталіся жанчыны, старыкі і дзеці. У вялікай хаце, дзе раней жылі яўрэі, размяшчалася паліцэйская ўправа, у сінагозе — склад зброі.[9]

Ноччу з 22 на 23 лютага 1942 года акупанты загадалі яўрэйскім сем’ям збірацца для пераезду. Напагатове стаяла 13 фурманак, якія мабілізавалі ў мясцовых жыхароў. Яўрэяў зганялі з Чавускай, Зарэчнай і іншых вуліц да камендатуры. Старыкоў і дзяцей размяшчалі на фурманках, частка людзей ішлі пяшком. Калона накіравалася праз мелкі ручай у бок Ходнева.[9]

Дабраўшыся да ўрочышча Ліпкі, гаспадароў фурманак накіравалі назад у вёску. На паляне была вялікая яма, якую выкапалі загаддзя. Перад расстрэлам людзям загадалі зняць адзенне. Каваль з Харошак пасля некалькіх выстралаў у яго стаяў перад катамі і казаў, што можа навучыць іх страляць. Тады паліцай Клубянькоў падышоў да яго і стрэліў з нагана ва ўпор. У час, калі адбывалася расправа, паліцаі мала стралялі ў дзяцей, а кідалі іх жывымі ў яму з забітымі. Пасля таго, як усё было завершана, забойцы прыкрылі трупы адзеннем, лепшыя рэчы забралі сабе. Закапалі магілу мясцовыя жыхары. У тую ноч было забіта 82 чалавека.[9]

Пасля масавага растрэлу з яўрэяў у жывых застаўся 15-гадовы сын лавачніка Зэліка Эстуліна, якому удалося схавацца за печкай у хаце. Але і яго знайшлі і растралялі каля калодзежа, у які пасля скінулі цела.[9]

Дамы забітых стаялі пустымі. У 1943 годзе партызаны разграмілі паліцэйскую ўправу ў мястэчку, тады згарэла некалькі дамоў, а ў астатнія засяліліся сем’і мясцовых жыхароў, якія засталіся без прытулку ў час вайны.[9]

Падчас акупацыі разбурана 113 дамоў, забіта 107 жыхароў.[10]

Вёску вызвалялі часці 199-й стралковай дывізіі 49-й арміі 2-га беларускага фронта.[9] Пры яе вызваленні загінула 114 савецкіх ваеннаслужачых, яны пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. Сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза Міхаіл Кандрацьевіч Цярэшчанка[ru], на ўшанаванне памяці якога ў 1965 годзе на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На фронце загінулі 154 вяскоўцы. На ўшанаванне іх памяці ў 1977 годзе каля будынка выканкама сельсавета пастаўлены абеліск.[4] У 2005 годзе праведзена замена абеліска на камбінаваны гранітны помнік.[11]

Пасля вайны створана абласная надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў фашызму на акупаванай тэрыторыі. Па факце масавага расстрэлу яўрэйскага насельніцтва мястэчка Сухары было ўстаноўлена, што сярод загінуўшых было 34 жанчыны і 14 дзяцей.[9]

У 1955 годзе да вёскі далучаны пасёлак Рэставы. З 25 снежня 1964 года ў Магілёўскім раёне.[4]

У 1990 годзе 223 гаспадаркі, 525 жыхароў, цэнтр калгаса «Камуністычны маніфест». У вёсцы былі размяшчалася вытворчая брыгада, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі, лесапільня, зернедрабільня, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, ветэрынарны ўчастак, працавалі камбінат бытавога абслугоўвання, 4 магазіны, аддзяленне ашчаднага банка, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, участковая бальніца, амбулаторыя, аптэка.[4]

У 1990-х гадах пачаліся спробы выявіць дакладнае месцазнаходжанне пахавання. Месца калектыўнай магілы не было якім-небудзь чынам пазначана. Раней ва ўрочышчы Ліпкі раслі дрэвы, ляшчына, маліннік, было шмат ягад. Пасля праведзенай меліярацыі — поле плошчай 24 гектары.[9]

У 1995 годзе на месцы, куды паказвала большасць сведак, насыпалі курган вышынёй 2.5 метра і ўстанавілі камень, да якога прымацавалі белую мармуровую пліту з надпісам «Вечная памяць сем’ям яўрэяў, расстраляным фашыстамі ў 1941—42 гадах».[9] Пазней пліту разбілі вандалы, і была зроблена новая, чорная, на якой прыбралі словы «сем’ям яўрэяў»: «Вечная памяць мірным жыхарам в. Сухары, расстраляным нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1945 гадах».[12]

У 2000-я гады на базе вёскі створаны аграгарадок. У маі 2003 года калгас пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Сухарэўскі».[6]

У 2013 годзе сваякі загінуўшых яўрэяў сабралі сродкі на ўстаноўку памятнага знака непасрэдна ў вёсцы. Дзякуючы захаванаму заключэнню абласной надзвычайнай камісіі і садзейнічанню работнікаў архіва Магілёўскай ініцыятывы «Урокі Халакоста» ўдалося ўстанавіць імёны 66 з 84 загінулых.[9] 21 чэрвеня 2013 года ўсталявалі помнік, які змясціў прозвішчы, імёны і даты нараджэння забітых.[13]

У 2014 годзе дзякуючы намаганням беларускай яўрэйскай абшчыны і ахвяраванням сем’яў Джэйслер і Клетэр з ЗША і Сымона Лазаруса з Вялікабрытаніі, ва ўрочышчы Ліпкі, дзе знаходзіўся курган з валуном, быў усталяваны новы помнік з граніту на пастаменце, дзе выгравіраваны тэкст на трох мовах: беларускай, англійскай і іўрыце. «Ахвярам нацызму. Тут у лютым 1942 г. былi па-зверску растраляны 84 яўрэя з вёскi Сухары». Помнік акружаны металічнай агароджай, выкладзена тратуарная плітка.[9][14]

У 2015 годзе Магілёўскай яўрэйскай абшчыннай створаны электронны каталог старых яўрэйскіх могілак. Ідэнтыфікаваны 11 мацэў XIX — пачатку XX стагоддзя.[15]

У 2016 годзе на левым беразе ракі Расты за 600 метраў ад храма пабудавана капліца Успення Прасвятой Багародзіцы з усталяваным паклонным крыжом. Тут жа адноўлена крыніца, закаваная ў жалезабетоннае кольца і абсталявана як калодзеж. Вада з яго трапляе ў купель. Побач з ручаём, які выцякае з купелі маецца яшчэ адзін уладкаваны выхад вады, заключаны ў трубу.[16]

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У 2013 годзе на тэрыторыі аграгарадка размяшчалася кантора СВК «Сухарэўскі», Сухарэўскі сельскі Савет, дзіцячы сад і школа, гандлёвы цэнтр, комплексны прыёмны цэнтр, сельская ўчастковая бальніца, паштовае аддзяленне сувязі і аддзяленне банка.

Жылы фонд прадстаўлены секцыйнай і сядзібнай забудовай, агульнай колькасцю 40 кватэр і 215 двароў. Дзіцячы садок 1985 года пабудовы размешчаны ў тыпавым будынку.

Навучанне дзяцей ажыццяўляецца ў Сухарэўскай сярэдняй школе імя Ю. М. Двужыльнага. Будынак школы 1962 года пабудовы разлічаны на 280 месцаў. Функцыянуе сельская ўчастковая бальніца (1988 года пабудовы). Гандлёвы цэнтр размешчаны ў тыпавым будынку 1970 года пабудовы.

Сухарэўская сельская бібліятэка абслугоўвала 502 карыстальніка, з іх 224 дзеці да 15 гадоў. Кнігавыдача складала 10003 экзэмпляраў. Фонд дакументаў — 9786 экзэмпляраў. У зону абслугоўвання Сухарэўскай бібліятэкі ўваходзілі 8 населеных пунктаў (Сухары, Акулінцы, Іванаў Дварэц, Іванавічы, Кісялькі, Рыкі, Харошкі, Сафійск). У бібліятэцы дзейнічалі 3 кніганошы.[6]

Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1978 годзе ў Магілёўскім філіяле інстытута «Белкалгаспраект». Планіровачна складаецца з 2 вуліц (адна прамалінейная, другая адрэзак шашы плаўна выгнутая), арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны усход, дзе яны злучаюцца і перакрыжоўваюцца кароткай, плаўна выгнутай вуліцай амаль мерыдыянальнай арыентацыі. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На скрыжаванні вуліц сярод жылой забудовы размешчаны грамадскія будынкі. Вытворчы сектар — на поўначы і поўдні.[4]

  • XVIII стагоддзе:
    • 1784 год — 19 двароў, 93 жыхары (мястэчка), 85 двароў, 552 жыхары (вёска)[4]
  • XIX стагоддзе:
    • 1880 год — 133 двары, 730 жыхароў (у мястэчку і сяле)[7]
    • 1897 год — 53 двары, 406 жыхароў (мястэчка), 105 двароў, 682 жыхары (сяло)[4]
  • XX стагоддзе:
    • 1909 год — 64 двары, 500 жыхароў (мястэчка), 113 двароў, 814 жыхароў (сяло), 2 двары, 9 жыхароў (сядзіба), 1 двор, 12 жыхароў (фальварак).[4]
    • 1920 год — 64 двары, 517 жыхароў (мястэчка), 113 двароў, 924 чалавекі (вёска)[6]
    • 1926 год — 46 двароў, 222 жыхары (мястэчка), 131 двор, 902 жыхары (сяло)[4]
    • 1940 год — 214 дамоў, 959 жыхароў (вёска)[10]
    • 1990 год — 223 гаспадаркі, 525 жыхароў[4]
  • XXI стагоддзе:
    • 2000 год — 236 двароў, 616 жыхароў[17]
    • 2002 год — 230 двароў, 610 жыхароў[18]
    • 2007 год — 218 гаспадарак, 581 жыхар[4]
    • 2009 год — 552 чалавека[19]
    • 2019 год — 599 чалавек[19]
Свята-Успенская царква
Капліца Успення Прасвятой Багародзіцы
Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў
«Ахвярам нацызму. Тут у лютым 1942 г. былi па-зверску растраляны 84 яўрэя з вёскi Сухары»
Памятны знак з устаноўленымі імёнамі ахвяр Халакоста ў вёсцы Сухары

Памятныя мясціны

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Почтовый индекс населённого пункта Сухари (Могилёвская область, Могилёвский район, Сухаревский сельсовет)
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. Решение Могилёвского районного Совета депутатов от 29 июля 2008 года № 13-5 "О преобразовании сельских населенных пунктов"(недаступная спасылка).
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я Сухары // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004—2021. — С. 573—575.
  5. Живописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под общей редакцией П. П. Семенова, вице-председателя императорского Русского географического общества. Том третий. Часть вторая: Белорусское полесье. Санкт-Петербург — Москва: Издание книгопродавца-типографа М. О. Вольфа, 1882 — С. 421.
  6. а б в г д е ё ж з https://mogilev.mogilev-region.by/ru/Suchari/
  7. а б Опыт описания Могилевской губернии… сост. и под ред. А. С. Дембовецкого. Кн. 2. — Могилев, 1883. — С. 136, 137
  8. Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 — С. 148
  9. а б в г д е ё ж з і к л м http://suhary.mogilev.edu.by/be/main.aspx?guid=4071#_ftn1
  10. а б в НАРБ. Ф.1440. Оп.3. Д.767. Л.222; ГАМОГ. Ф.1894. Оп.1. Д.5. Л.30.
  11. а б https://mogilev.mogilev-region.by/uploads2/documents/3277-Suxari.pdf
  12. http://shtetle.com/shtetls_mog/suhari/suhari.html
  13. http://shtetle.com/shtetls_mog/suhari/suhari_pam.html
  14. а б https://mogilev-rik.gov.by/uploads2/documents/6460-Suxari-.pdf
  15. а б http://mogjewshistory.ru/Suhari1
  16. https://www.rodnikbel.by/%D0%9C%D0%9E/%D0%9C%D0%9E%D0%93/13-%D0%A1%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%80%D0%B8/%D0%9C%D0%9E-%D0%9C%D0%9E%D0%93-13-%D0%A1%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%80%D0%B8.html
  17. ЭГБ 2001.
  18. БелЭн 2002.
  19. а б Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2019 года
  20. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 40. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).