Сядзіба Гутоўскіх (Малыя Зводы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзіба Гутоўскіх
Сядзібны дом Гутоўскіх. 1917
Сядзібны дом Гутоўскіх. 1917
52°18′14″ пн. ш. 23°28′28″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сядзіба Гутоўскіх — колішняя сядзіба ў в. Малыя Зводы Брэсцкага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1862 годзе мясцовы маёнтак перайшоў Браніславу Гутоўскаму. Зямельныя ўладанні маёнтка (Вялікія і Малыя Зводы) у 1890 годзе складалі 709 дзесяцін. Гутоўскія валодалі маёнткам да 1939 года. Апошнім уладальнікам быў Уладзіслаў.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба плошчай 7 га закладзена ў 1875 годзе на роўнай плоскай мясцовасці[1]. У ансамбль уваходзілі таксама сажалкі, карэтная, свіран, іншыя гаспадарчыя пабудовы[2]. Пабудовы сядзібнага ансамбля дом, карэтная, свіран — размешчаліся па абодва бакі цэнтральнай уязной алеі[3]. Сядзіба — помнік эклектычнай архітэктуры, якая адлюстроўвае пошук новай вобразнасці на аснове асіметрыі і звароту да стыляў мінулага — готыкі, рэнесансу.

Сядзібны дом[правіць | правіць зыходнік]

План сядзібнага дома

Палац меў арыгінальную архітэктуру, быў збудаваны ў нерэгулярным плане[2]. Асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя двухпавярховага сядзібнага дома грунтуецца на Т-падобнай канфігурацыі плана. Галоўны фасад фланкіраваны рознавялікімі адна- і двухосевым рызалітамі. Паўднёва-ўсходні рызаліт завершаны зубчастым двухгранным шчыпцом (матыў гатычнай архітэктуры); процілеглы аднавосевы — пакатым чатырохсхільным дахам на фігурных кранштэйнах. Прамавугольныя і арачныя вокны дэкараваны плоскімі сандрыкамі. Цэнтральны ўваход аформлены тэрасай на 4 канеліраваных пілонах. Падобная тэраса на 2 слупах вылучае і бакавы службовы ўваход. Планіроўка першага паверху анфіладная. Цэнтральнае месца ў ім займае вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. Паверхі звязвала і вітая лесвіца дваровага пяціграннага эркера. На другім паверсе размяшчаліся парадная зала, гасціныя і кабінеты. Бакавое крыло мае калідорную планіроўку, тут знаходзіліся кухня і службовыя памяшканні[3].

Рэканструяваны ў 1971 годзе[3]. Руіны будынка (сцены) разабраны ў 1995 г[1].

Гаспадарчыя пабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Свіран

Службовыя цагляныя пабудовы вырашаны ў формах архітэктуры сядзібнага дома[3]. Карэтная — аднапавярховы прамавугольны (24×12 м) у плане аб’ём пад двухсхільным дахам з рытмічным чаргаваннем аконных праёмаў. Свіран двухпавярховы, фасады расчлянёныя буйнымі лапаткамі, вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставанай ліштве і ўмацаваны вуглавымі контрфорсамі[3].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

План сядзібы.

У 1890 годзе парк быў перапланаваны па праекце архітэктара Валяр’яна Кроненберга[ru]. Яе пабудова, падобная да некаторых іншых эклектычных сядзіб, своеасаблівая. Сядзіба перасякаецца алеяй. Уздоўж яе з двух бакоў размяшчаецца невялікі пейзажны парк[1]. Парк грунтоўна абследаваў і апісаў А. Т. Федарук[2]. З усходняга боку да парку прылягае сад, акружаны прагулачным маршрутам. Сядзібны дом не з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Будынак быў зрушаны з галоўнай восі і размяшчаўся з усходняга боку алеі, перад вадаёмам[1].

У парку добра праглядаюцца асноўныя элементы кампазіцыі. Найбольш цікавая маляўнічая паляна, абсаджаная экзатычнымі пародамі. З паляны адкрываецца перспектыва на вялікую сажалку з востравам. У якасці куліс выкарыстоўваюцца веймутавы хвоі з елкамі[2].

Захавалася цэнтральная ўязная алея, якая праходзіць паміж сажалкамі. За сядзібным домам размешчаны пейзажныя кампазіцыі. Аснову іх складае вялікі (да 50 м у дыяметры) круг з ліпавай абсадкай, які падкрэсліваўся кветкамі ў цэнтры[2].

Нягледзячы на даўнасць часу, добра захаваўся дрэвастой з клёну, ліпы, белай акацыі, рэдкіх экзотаў, якія растуць купамі альбо ў выглядзе салітэраў (хвоя чорная аўстрыйская, ліпа крымская, бук). Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца два букі вышынёй да 22 м, якія мяняюць афарбоўку ад зялёнай вясной, да цёмна-чырвонай летам і да залаціста-бронзавай восенню. На тэрыторыі парку размешчана школа-інтэрнат[2].

Адзіночнымі асобінамі прадстаўлены лістоўніцы, хвоя чорная, ліпа крымская, таполя канадская 'Serotina'[d]. Разрасліся рабіннік, спірэя Біяра (Spiraea billardii), язмін вянцовы (Philadelphus coronarius). Асабліва каштоўнай раслінай парку з’яўляецца бук лясны ʽAtropunicea’ (Fagus sylvatica ʽAtropunicea’) (два дрэвы). Дрэвы вылучаюцца добрымі таксацыйнымі паказчыкамі (вышыня 19—22 м, дыяметр ствала 85—102 см) і высокай дэкаратыўнасцю — у вяснова-летні перыяд лісце мае цёмна-пурпурна-чырвоную афарбоўку[1].

Частка парку на захад ад цэнтральнай алеі значна зменена ў сувязі з будаўніцтвам школы-інтэрната[2].

Да пейзажнай часткі далучаны сад з прагулачным маршрутам[2], які пачынаецца ад партэра[1] ў выглядзе каштанавай алеі шырынёй 4 м[2]. Затым дарога выходзіць на ліпавую алею паміж садам і паркам. Уздоўж каштанавай алеі на адлегласці 7 м цягнецца роў[2], а перад ім вал[1]. Па вале ідзе засцерагальны рад дрэў. Падобны прыём адзначаўся ў невялікіх рэгулярных парках у Літвінках, Серкаўшчыне і інш[1]. Алея атачае сад з трох бакоў[1]. Агульная даўжыня алей больш за 600 м[2].

Па краі парку з боку ўезду спланавана невялікая водная сістэма. Два маляўнічыя вадаёмы рознай формы і велічыні размешчаны з двух бакоў алеі, фіксуючы ўезд. Вада ў іх паступала з сядзібы па неглыбокіх дрэнажных каналах. Сістэма разладжана, драўляны масіў, па якім яна праходзіць, здзічэў. У мінулым яго ўпрыгожвалі іншаземныя віды раслін. Адзіночна растуць хвоя веймутава, бук, язмін, снежнаягаднік, ясень з мудрагелістым галінаваннем ствала ў выглядзе сядушкі, старыя аднаметровыя ў дыяметры вербы ломкія[1].

Парк з якасным дрэвастоем, наборам рэдкіх іншаземных відаў з’яўляецца сядзібай школы-інтэрната[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Федорук 2006.
  2. а б в г д е ё ж з і к Малыя Зводы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 50-51. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
  3. а б в г д 386. Усадьба // Свод памятников истории и культуры Белоруссии (руск.) / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — Брестская область. — 424 с.: ил. — ISBN 5-85700-017-3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]