Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з С. Д. Шабунеўскі)
Перайсці да: рух, знайсці
Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі
Станіслаў Шабунеўскі.jpg
Станіслаў Шабунеўскі (1937)
Дата нараджэння:

2 снежня 1868(1868-12-02)

Месца нараджэння:

в. Скароднае, Ельскі раён

Дата смерці:

пасля 1937

Месца смерці:

ГУЛАГ

Працы і дасягненні
Працаваў у гарадах:

Гомель, Добруш, Злынка, Клінцы

Архітэктурны стыль:

класіцызм, мадэрн. канструктывізм

Найважнейшыя пабудовы:

Гомельская мужчынская гімназія, Будынак Віленскага камерцыйнага банку, Дом-камуна

Лагатып Вікісховішча Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі на Вікісховішчы
Аўтограф Станіслава Шабунеўскага.

Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі (2 снежня 1866/1868, с. Скароднае, цяпер Ельскі раён Гомельскай вобласці — пасля 1937, Беламорканал, ГУЛАГ) — беларускі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомеля пачатку XX ст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька — Апалінарый-Даніла Іванавіч Шабунеўскі, служыў паштальёнам, пазней стаў памочнікам паштмайстара павятовай паштовай канторы г. Бабруйска, куды перавёз сваю сям’ю. Маці паходзіла са збяднелых дваран. У Бабруйску С. Шабунеўскі вучыўся ў 4-хкласнай прагімназіі, потым скончыў Слуцкую гімназію і паступіў ў Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў, на курс архітэктуры ў акадэміка З. Шрэтара. З 1897 года С. Шабунеўскі служыў у Гомелі на пасадзе гарадскога архітэктара.[1]

С. Шабунеўскі на ганку свайго дома па вул. Шпітальнай.

У Гомелі калежскі асэсар С. Д. Шабунеўскі ўваходзіў у склад гарадской управы, выбіраўся ў земства па польскай курыі. С. Шабунеўскі быў уладальнікам нерухомасці у розных частках Гомеля — завод пустацелых бетонных камянёў («Бетаніт») па вул. Быхаўскай; 3-хпавярховы мураваны дом на рагу Румянцаўскай і Аляксандраўскай вуліц (пабудаваны архітэктарам у 1909 г., на 1-м паверсе размяшчаліся лаўкі, аптэка і цырульня, на 2-м — прыватная мужчынская гімназія Ратнэра, на 3-м — кватэры); драўняны дом у гэтым жа двары (цяпер на гэтым месцы жылы дом з магазінам «Сонечны» на рагу Савецкай і Камсамольскай вуліц); мураваны флігель, які здаваўся ў наём, і 1-павярховы драўняны дом на выхадзе Шпітальнай вуліцы на Румянцаўскую (цяпер на гэтым месцы будынкі Гомельскага цырка), куплены С. Шабунеўскім у 1911 годзе, дзе ён пражываў з сям’ёй.[1]

У першым шлюбе з Марыяй Гур’еўнай (1881 г.н.) ён меў сына Льва (1900 г.н.) і дачку Людмілу (1902 г.н.). У другім шлюбе, з Ксеніяй Аляксандраўнай Мельнікавай (1885—1939), меў дачку Алену (1913—1942, Масква).[1]

У першыя гады савецкай улады С. Д. Шабунеўскі працаваў у Гомельскім камунальным аддзеле на пасадзе інжынера. Пасля антысавецкага Стракапытаўскага паўстання ў Гомелі, у красавіку 1919 года прыцягнуты да адказнасці за «сношения с мятежниками» і прыгавораны рэвалюцыйным трыбуналам да грамадскага ганьбавання і пазбаўлення права быць абраным у кіроўныя савецкія органы. У верасні 1919 г. Шабунеўскі мабілізаваны ў Чырвоную Армію, служыў у ваенна-палявым будаўніцтве, начальнікам упраўлення якога стаў у 1921 годзе. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Кадзіеўскім рудаўпраўленні, а ў верасні 1922 г. звольніўся і вярнуўся ў Гомель.[1]

С. Д. Шабунеўскі працаваў інжынерам у Гомельскай будаўнічай арганізацыі «Палесбуд». У студзені 1923 г. быў прызначаны інспектарам па будаўніцтве Гомельскага губернскага Савета народнай гаспадаркі. 1 мая 1924 г. прызначаны губернскім, а ў 1927 г., пасля адміністрацыйнага пераўтварэння — акружным інжынерам. З кастрычніка 1929 г. С. Шабунеўскі працаваў начальнікам упраўлення будаўнічага кантролю, а з 1 студзеня па 21 лютага 1931 г. — пры Гомельскім гарсавеце.[1]

21 лютага 1931 г. С. Д. Шабанеўскі першы раз арыштаваны, але праз пэўны час вызвалены. Другі раз арыштаваны ў 1937 г., Пастановай пазасудовага органа С. Д. Шабунеўскі асуджаны і зняволены ў папраўча-працоўны лагер на 10 гадоў (Мядзведжая Гара, Беламорканал), адкуль не вярнуўся. С. Д. Шабунеўскі рэабілітаваны 20 кастрычніка 1989 г. Пракуратурай БССР, паводле Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 г. «Аб дадатковых мерах па ўстанаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 1930-40 і пачатку 50-х гадоў».[1]

Творчая спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Творчую спадчыну С. Д. Шабунеўскага складаюць розныя архітэктурныя праекты, кіраўніцтва аднаўленчымі работамі, інспектаванне будаўніцтва многіх аб'ектаў у Гомелі і навакольных населеных пунктах[1].

Будынак колішняй гомельскай Аляксандраўскай мужчынскай гімназіі.

Першы будынак, выкананы па яго праекце у 1898 г. — Гомельская мужчынская гімназія. Гэта 2-хпавярховы мураваны будынак у неакласічным стылі, які займаў амаль цэлы квартал на рагу Магілёўскай (Кірава) і Гімназічнай (цяпер частка Чырвонаармейскай) вуліц. Бронзавая закладная дошка на пачатак работ па ўзвядзенні гімназіі захоўваецца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі. Будынак адной са старэйшых навучальных устаноў горада захаваўся да нашага часу ў змененым выглядзе (убраны купал над гімназічнай Аляксандраўскай царквой, пасля Вялікай Айчыннай вайны надбудаваны 3-ці паверх). Цяпер там — адзін з карпусоў Гомельскага ўніверсітэту транспарту[1].

Будынак колішняга Арлоўскага камерцыйнага банку.

Матывы класіцызму выкарыстаны С. Д. Шабунеўскім у будаўніцтве банкаўскіх устаноў, што вылучаліся сваёй значнасцю і манументальнасцю. Да ліку такіх можна аднесці Арлоўскі камерцыйны банк на рагу Румянцаўскай і Ірынінскай вуліц, які быў узведзены ў 1901 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны да яго надбудавалі 3-ці паверх і цяпер гэта адміністрацыйны будынак на рагу Савецкай і Першамайскай вуліц[1].

Будынак колішняга Віленскага камерцыйнага банку.

Аддзяленне Віленскага камерцыйнага банка размясцілася на 2-м і 3-м паверхах дома, што быў пабудаваны на праекту архітэктара ў 1910—1912 гг. на рагу Румянцаўскай і Троіцкай вуліц. Ён належаў гомельскаму купцу І. В. Дамброўскаму, які ў свой час выбіраўся гарадскім галавою. На першым паверсе дома знаходзіліся магазіны і аптэка. У цяперашні час у будынку на рагу Савецкай і Сялянскай вуліц — адміністрацыйныя службы Гомеля і Гомельскай вобласці. Вонкава розныя, гэтыя банкі мелі шмат агульных рысаў. Зрэзаныя вуглавыя часткі абодвух будынкаў, якія выходзілі на перакрыжаванне вуліц, фланкіраваліся порцікамі з калонамі, завяршаліся купаламі. Тут былі парадныя ўваходы. Разруставаныя фасады багата дэкарыраваліся з выкарыстаннем элементаў класіцызму і мадэрну. Гэта тыповыя ўзоры так званага «мадэрн-класіцызму»[1].

Колішні дом гомельскага доктара Н. І. Аляксандрава.
Колішні даходны дом купца К. П. Грошыкава.

Матывы мадэрну асабліва ярка выявіліся ў жылых дамах, якія былі выкананы на праектах С. Д. Шабунеўскага ў пачатку XX ст. У жанры маёнтка з дэкорам мадэрну ў 1903 г. быў пабудаваны дом для гомельскага доктара Навума Ільіча Аляксандрава на вуліцы Ірынінскай (цяпер Дом грамадзянскіх абрадаў на вул. Ірынінскай). У гэтым жа стылі выкананы 2-хпавярховы жылы дом на рагу вуліц Баярскай і Мільённай, ён будаваўся як даходны дом купца К. П. Грошыкава ў 1909 годзе. У цяперашні час тут, на рагу вуліц Баўмана і Білецкага, па-ранейшаму жылыя кватэры. Прыблізна ў гэты ж перыяд на ўласным участку (вугал Румянцаўскай і Александраўскай вуліц) С. Шабунеўскі пабудаваў 3-хпавярховы мураваны дом (не захаваўся) з аблегчаным апошнім паверхам і атыкам. Мудрагелістае спалучэнне простых і акруглых ліній, арачнае афармленне дзвярных і аконных праёмаў, малюнак ляпных дэталей, пазычаныя ў ампіру дэкаратыўныя элементы — усё гэта дазваляе аднесці будынак да архітэктуры мадэрну.[1]

Адзін з карпусоў земскай бальніцы

У перыяд Першай сусветнай вайны С. Шабунеўскім, пры фінансавым удзеле княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч, былі пабудаваны земская бальніца і гінекалагічная бальніца з радзільным домам на вул. Князя Паскевіча. Выкананыя ў стылі мадэрн з класічнымі матывамі, бальнічныя карпусы ўдала ўпісаліся ў прыбярэжны ландшафт і цудоўна гармануюць з панарамай палацава-паркавага ансамбля з боку Сажа. Прасторныя памяшканні для хворых дэкарыраваліся стрымана і ўтульна. Гэтыя будынкі і сёння выкарыстоўваюцца як лячэбныя установы (корпус бальніцы хуткай дапамогі і ваенны шпіталь на вул. Камісарава).[1]

Гасцініца «Савой»

Па заказу купца Шановіча на рагу Румянцаўскай і Мясніцкай вуліц С. Д. Шабунеўскі ў 1912 годзе спраектаваў камфартабельную гасцініцу «Савой». Пры ёй была цырульня, сінематограф, мноства магазінаў на 1-м паверсе. Збудаванне дэкарыравана ў стылі мадэрн, але ў сіметрычнай прапарцыянальнасці канструкцый, геаметрычнасці ліній відавочны кірунак ад архітэктуры мадэрну да канструктывізму. У парэвалюцыйны час тут размяшчаўся Выканаўчы камітэт Гомельскага Савета, а ў перыяд Стракапытаўскага паўстання ў 1919 г. — штаб абароны Гомельскага рэвалюцыйнага камітэта. Будынак быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на яго месцы цяпер — «Дом гандлю» (рог вуліц Савецкай і Камунараў).[1]

Канструяванне формы будынка адпаведна яго функцыянальнаму прызначэнню ўласціва цэхаваму корпусу хлебазавода, які захаваўся на пр. Леніна, ён быў пабудаваны С. Д. Шабунеўскім у 1929 годзе.[1]

Круглы шэры дом

У гэты ж перыяд па праектах С. Шабунеўскага будаваліся і жылыя дамы ў стылі канструктывізму. Адным з першых шматпавярховых будынкаў у Гомелі быў дом па вул. Пушкіна, 26, які меў кватэры секцыйнага тыпу (1927). Гэты будынак са зрэзанымі вугламі фасадаў атрымаў у гамяльчан назву «круглы шэры дом». У тынк вонкавых сцен тут было дабаўлена бітае шкло. Іскрыстыя адценні якія яно ўтварае, па задуме праектантаў, мусілі неяк аблягчыць выгляд гэтага шэрага маналіту.[1]

Дом-камуна на пр. Леніна.

Самай высокай пабудовай даваеннага горада стаў 6-ціпавярховы жылы дом для рабочых паравоза-вагонарамонтнага завода з кватэрамі камунальнага тыпу — Дом-камуна (1929—1931 гг., пр. Леніна, 51). Доўгія калідоры з вялікай колькасцю кватэр і агульнымі кухнямі адпавядалі тагачасным уяўленням, што ў камуністычным грамадстве ўсе павінны жыць разам, камунай. Апроч гэтага, такія дамы ўмяшчалі значную колькасць людзей, якія мелі патрэбу ў жытле.[1]

Дом на пр. Леніна, 31

З рысамі канструктывізму, але ўжо з асобнымі кватэрамі, пабудаваў С. Шабунеўскі ў пачатку 1930-х гадоў дом на пр. Леніна, 31, які складаецца з цэнтральнага аб'ёму і двух бакавых крылаў, утвараючы утульны ўнутраны двор.[1]

У творчасці С. Шабунеўскага быў і вопыт будаўніцтва ў псеўдарускім стылі. Сюды адносяцца пажарнае дэпо па вул. Замкавай (1913), якое было знесена пры ўзвядзенні Галоўпаштамта, і клуб запалкавай фабрыкі «Везувій» (1921—1922), які зараз належыць аб'яднанню «Гомельдрэў» (вул. Севастопальская, 61).[1]

У 1923—1924 гадах С. Д. Шабунеўскага кіраваў аднаўленчымі работамі ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, які пацярпеў ад пажару ў 1919 годзе. У 1925 годзе архітэктар праектаваў забудову гэтак званага «гарэлага балота», пад яго наглядам ствараўся гарадскі водаправод.[1]

С. Шабунеўскі кіраваў будаўніцтвам розных аб'ектаў не толькі ў Гомелі, але і іншых гарадах — Клінцах, Добрушы, Злынцы. Цяпер дакладна не вядомы ўсе аўтарскія працы С. Шабунеўскага.[1]

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 1,13 1,14 1,15 1,16 1,17 1,18 1,19 Літвінава Т. Ф. Лёс мастака...

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 17. — Мн., 2003;
  • Літвінава Т. Ф. Лёс мастака. Гомельскі архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі (1868—1937) // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына — старонкі мінулага» (15-16 лютага 1996). — Гомель: ГДУ, 1996.
  • Чернатов В. М. Станислав Шабуневский. — Мн.: Беларусь, 2005. — 95 с. — ISBN 985-01-0566-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]