Тувінская Народная Рэспубліка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Тувінская Народная Рэспубліка
тув.: Tьвa Arat Respuвlik

Flag of the Russian Soviet Federative Socialist Republic (1918-1920).svg
 
Flag of the Republic of China (1912-1928).svg
1921 — 1944


Flag of the Soviet Union (1936-1955).svg
Flag of the Tuvan People's Republic (1933-1939).svg Emblem of the Tuvan People's Republic (1933-1939).svg


Сцяг Тувінскай Герб Тувінскай Народнай Рэспублікі
Tuwakarte2.png
Сталіца Кызыл
Мова(ы) тувінская,
мангольская (першапачаткова)
Грашовая адзінка акша
Плошча 168 604
Насельніцтва 95 400
Форма кіравання рэспубліка
Гісторыя
 - 
14 жніўня 1921
11 кастрычніка 1944 {{{Год1}}}
— абвешчаная
— страчаная

Туві́нская Народная Рэспу́бліка (тув.: Тыва Арат Республик, тагачасным правапісам — Tьвa Arat Respuвlik) — часткова прызнанае дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала ў перыяд з 1921 па 1944 гады на тэрыторыі былога г.зв. Уранхайскага края, што ў перыяд з 1912 па 1921 гады з'яўляўся пратэктаратам Расіі, а да гэтага ўяўляў сабой частку імперыі Цын.

Дзяржаўны лад — рэспубліка, палітычная сістэма характарызавалася аднапартыйнасцю. Нягледзячы на фактычна поўны кантроль над абвешчанай тэрыторыяй, большай часткай краін свету лічылася часткай Кітай (спярша імперыі Цын, пасля — Кітайскай Рэспублікі), што тлумачылася ўтварэннем дзяржавы на тэрыторыі, выключанай Расіяй са складу Кітая. Была прызнана толькі дзвюма дзяржавамі свету, Савецкай Расіяй (пазней СССР) і Манголіяй[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне[правіць | правіць зыходнік]

З 1914 года тэрыторыя будучай Тувінскай Народнай Рэспублікі прадстаўляла сабой асаблівую адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Расійскай імперыі — Уранхайскі край, які быў утвораны як пратэктарат Расіі з тэрыторый, кіраўнікі якіх у 1914 годзе падалі прашэнне на імя расійскага імператара аб прыняцці рэгіёна пад уладу Расіі. Да знаходжання ў складзе Расіі Уранхайскі край складаў адзін з рэгіёнаў Кітайскай Рэспублікі (да 1911 года — імперыя Цын), асаблівасцю гэтага рэгіёна быў надзвычай слабы кантроль цынскай адміністрацыі, што дазволіла рускім разгарнуць асваенне рэгіёна.

У сакавіку 1917 года пасля паведамлення аб звяржэнні царскай улады Расіі на тэрыторыі Уранхайскага края пачалося актыўнае стварэнне Саветаў. Пасля камуністычнага перавароту ў Расіі атрады камуністаў пачалі імкліва займаць рэгіёны цэнтральнай Расіі, а таксама Сібіры, у рамках чаго пад іх кантроль трапіла тэрыторыя Уранхайскага края. У рэгіёне развіўся нацыянальны рух, які ў большасці сваёй імкнуўся да ўсталявання дзяржаўнасці на камуністычнай аснове. 11 чэрвеня 1918 года адкрыўся V з'езд расійскага насельніцтва края, а 13 чэрвенятувінскага, мясцовага карэннага этнасу і найбольшай этнічнай групы рэгіёна, пасля чаго Краявы Савет дэпутатаў склікаў уранхайскі з'езд, на якім было пастаўленае пытанне пра самавызначэнне края. 18 чэрвеня гэтага ж года адбылося сумеснае паседжанне расійскага і тувінскага з'ездаў, на якім адзінадумна была прынята Дамова аб самавызначэнні Тувы, сяброўстве і ўзаемнай дапамозе расійскага і тувінскага народаў[3].

З 7 ліпеня 1918 года Уранхайскі край быў захоплены атрадамі белагвардзейцаў пад камандаваннем Аляксандра Калчака. 14 чэрвеня 1919 года войскі Баджэйскай Савецкай Рэспублікі на чале з Аляксандрам Краўчанкам і Пятром Шчацінкіным пакінулі тэрыторыі суседніх Канскага і Краснаярскага паветаў Енісейскай губерні (у склад якой быў уключаны Уранхайскі край) і сышлі на тэрыторыю Уранхая, у выніку чаго 18 ліпеня гэтага ж года імі быў захоплены адміністрацыйны цэнтр рэгіёна горад Белацарск, у рэгіёне была зноў усталяваная савецкая ўлада.

У чэрвені 1921 года ў цэнтры заходніх кажуўнаў (адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Уранхая), Чадане, адбылася нарада з прадстаўнікамі двух кажуўнаў, Даа і Бейсе. На нарадзе было прынятае імкненне да незалежнасці края, якое прапаноўвалася вынесці ў якасці пытання на будучым усеагульным уранхайскім з'ездзе, падчас якога планавалася прасіць прадстаўніка РСФСР аб падтрымцы гэтых планаў. З 13 па 16 жніўня гэтага ж года ў сяле Суг-Бажы праходзіў Усетувінскі ўстаноўчы хурал (з'езд), у працы якога бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх кажуўнаў Тувы ў складзе каля 300 чалавек, з якіх прыкладна дзвесце было сялянамі, на з'ездзе таксама прысутнічалі дэлегацыя Расіі і прадстаўнікі Далёкаўсходняга сакратарыяту Камінтэрну ў Манголіі.

У першы дзень з'езду была прынятая рэзалюцыя аб стварэнні дзяржавы пад назвай Народная Рэспубліка Тану-Тува, у якой было адзначана поўная незалежнасць ва ўнутраных галінах краіны і прыняцце апекі Расіі пры вядзенні міжнародных адносін. 14 жніўня 1921 года была абвешчана незалежнасць дзяржавы, якая атрымала сваю назву ад тувінцаў. У 1923 годзе з краіны былі выведзены савецкія войскі.

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

13 жніўня 1921 года на Устаноўчым Хурале з прадстаўнікоў усіх кажуўнаў Тувы кіраўніком краіны быў абраны гун-наён (князь) Буян-Бадыргы, які атрымаў пасаду старшыні Хуралу і выказаў адданасць Расіі. Былі створаныя органы ўлады, на чале з Буян-Бадыргы была прынятая першая канстытуцыя, якая складалася з 22 артыкулаў, быў створаны Тувінскі рэвалюцыйны саюз моладзі. Таксама Буян-Бадыргы стаў старшынёй ЦК Тувінскае народна-рэвалюцыйнай партыі, якая з'яўлялася адзінай кіроўчай партыяй краіны. У кастрычніку 1924 года была прынята другая канстытуцыя краіны, паводле якой быў устаноўлены Малы Хурал, у лістападзе 1926 года прынятая трэцяя канстытуцыя.

25 ліпеня 1925 года заснаваны Дзяржаўны банк ТНР, які да 1929 года паводле дамоўленасці з СССР выпускаў у абарачэнне савецкія грошы. У 1934 годзе ўсталяваная ўласная нацыянальная валюта — акша — якая мела абарачэнне да 1 мая 1945 года.

Сталіца новаўтворанай дзяржавы, пераназваная з Белацарску ў Хем-Белдыр, у 1926 годзе была перайменавана ў Кызыл (літаральна «чырвоны»). З 1926 года дзяржава перайменаваная ў Тувінскую Народную Рэспубліку.

На іншай кіроўчай пасадзе краіны (старшыня прэзідыуму Малога Хуралу) дзяржавы быў зацверджаны Дандук Куўлар, пры дзейнасці Куўлара будызм — рэлігія большае часткі тувінцаў — была аб'яўленая афіцыйнай рэлігіяй краіны, ставіліся намаганні па абмежаванні дзейнасці пасяленцаў і прапаганды з боку РСФСР і наладжванні сувязяў з Манголіяй. Урэшце, савецкае кіраўніцтва было ўстрывожана дадзенай палітыкай, у выніку чаго ў 1929 годзе Дандук Куўлар быў арыштаваны і смяротна пакараны ў 1932 годзе. У 1930 годзе зацверджаная чаьцвертая канстытуцыя ТНР.

У якасці вярхоўнай улады ў ТНР былі аб'яўленыя г.зв. надзвычайныя камісары, у склад якіх увайшлі пяць студэнтаў Камуністычнага ўніверсітэта рабочых Усходу.

Будучы лаяльным палітыцы тагачаснага кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна, новы ўрад распачаў курс на ўнутрыпалітычныя рэпрэсіі (было расстраляна каля траціны членаў Тувінскае народна-рэвалюцыйнай партыі) і калектывізацыю насельніцтва краіны, якое ў большасці сваёй вяло традыцыйную качавую жывёлагадоўчую гаспадарку. Акрамя гэтага, быў разгорнуты курс на дэклерыкалізацыю грамадства: калі ў 1929 годзе на тэрыторыі ТНР існавала 25 будысцкіх манастыроў, вяло дзейнасць каля 4000 ламаў і шаманаў, праз два гады ў краіне заставаўся адзін манастыр, 15 ламаў і 725 шаманаў. Спробы выкаранення качавой гаспадаркі былі цяжэйшымі з прычыны занятасці ў качавой гаспадарцы 82,2% ад насельніцтва ТНР паводле перапісу насельніцтва краіны ў 1931 годзе. З 1930-х гадоў нацыянальная мова тувінцаў — тувінская — стала дзяржаўнай мовай краіны, да яе выкарыстоўвалася мангольская з прычыны адсутнасці пісьмовасці ў тувінскай мовы[4].

25 чэрвеня 1941 года быў распрацаваны і высунуты на ўсенароднае абмеркаванне пяты праект канстытуцыі.

У 1932 годзе сакратаром Тувінскае народна-рэвалюцыйнай партыі стаў адзін з пяці камісараў, якія зрынулі папярэдні ўрад, Салчак Тока. Ён захоўваў вышэйшую кіроўчую пасаду ў Туве да сваёй смерці ў 1973 годзе.

Органы ўлады[правіць | правіць зыходнік]

Вышэйшым органам улады дзяржавы быў г.зв. Вялікі Хурал, які з'яўляўся аналагам З'ездаў Саветаў у СССР. У прамежках між дзеяннем Вялікага Хуралу працаваў Малы Хурал, які з'яўляўся аналагам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і працаваў у сесійным парадку, у прамежках між яго сесіямі працаваў прэзідыум Малога Хуралу. Распарадчым і выканаўчым органам быў Савет Міністраў.

Усяго было праведзена 10 Вялікіх Хуралаў. З 1921 па 1922 гады дзейнічаў таксама Галоўны Цэнтральны Савет.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Амерыканская карта свету 1932—1936 гг., дзе Тува пазначаная як частка Кітайскай Рэспублікі.
Указ прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР аб уваходжанні ТНР у склад СССР, 1944 г.

У 1926 годзе дамова між СССР і Манголіяй пацвердзіла незалежнасць дзяржавы. Тым не менш, астатнія краіны свету не прызнавалі дэ-факта незалежную ТНР з прычыны ўзнікнення гэтай дзяржавы на тэрыторыях, раней прымусова выключаных Расіяй са складу Кітаю, гэтыя краіны разглядалі Тувінскую Народную Рэспубліку як частку Кітайскай Рэспублікі, якая прыйшла на замену імперыі Цын. Першапачаткова, да 1926 года на тэрыторыю ТНР прэтэндавала таксама Манголія, але і пасля савецка-мангольскага дагавора памежныя дыспуты між краінамі не былі ўрэгуляваны, што, мажліва, паспрыяла ўваходжанню ТНР у склад СССР (гл. ніжэй).

Па нападзе Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года на X Вялікім Хурале была прынятая дэкларацыя, у якой абвяшчалася гатоўнасць дапамогі савецкай уладзе. 25 чэрвеня 1941 года Тува ўступіла ў Другую сусветную вайну на баку СССР, з-за чаго ТНР стала першай замежнай дзяржавай, якая выступіла на баку СССР у Другой сусветнай вайне. З 1942 года савецкае кіраўніцтва дазволіла прымаць на службу добраахвотнікаў з ТНР, яшчэ раней была аб'яўленая мабілізацыя ў савецкую армію рускамоўных грамадзян.

17 жніўня 1944 года VII сесія Малога Хуралу ТНР прыняла дэкларацыю аб уваходжанні дзяржавы ў склад СССР, звярнуўшыся з хадайніцтвам у Вярхоўны Савет аб прыняцці ТНР у склад СССР як аўтаномнай вобласці РСФСР, 14 кастрычніка гэтага ж года просьба была ўхвалена прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР, 1 лістапада — Малым Хуралам. У адрозненне ад іншых краін, фармальна прынятых у склад СССР, Тувінская Народная Рэспубліка не атрымала статусу саюзнай рэспублікі, увайшоўшы ў склад суседняе РСФСР у якасці Тувінскай аўтаномнай вобласці. Рэферэндум па гэтым пытанні не праводзіўся.

Першым сакратаром абласнога камітэта камуністычнай партыі вобласці стаў таксама Салчак Тока, які заставаўся на гэтай пасадзе да 1973 года. 10 кастрычніка 1962 года статус Тувінскай аўтаномнай вобласці быў падвышаны да АССР. Па распадзе СССР Тува атрымала статус суб'екта Расійскай Федэрацыі, утворанай на месцы РСФСР, з 1992 года атрымаўшы назву Рэспубліка Тыва.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

У 1921 годзе тэрыторыя Тувы была падзелена на сем кажуўнаў: Бейсэ, Даа, Маады, Аюнарскі, Салчацкі, Таджынскі і Шалык-Сартыльскі.

З 20 верасня 1923 года засталося шэсць кажуўнаў: Салчацкі, Цес-Хемскі, Таджынскі, Улуг-Хемскі, Уюцкі і Хемчыцкі. У 1929 годзе кажуўн Даа пераназваны ў Барун-Хемчыцкі, кажуўн Бейсэ — у Дзун-Хемчыцкі, Салчацкі — у Каа-Хемскі. Праз тры гады ўтвораныя Пі-Хемскі ц Тану-Ольскі кажуўны, у 1941 годзе — Бай-Тайгінскі, Мангун-Тайгінскі, Авюрскі, Сут-Хольскі, Чаа-Хольскі і Эрзінскі. Сталіца ТНР мела статус рэспубліканскага падпарадкавання.

Сімволіка[правіць | правіць зыходнік]

24 лістапада 1926 года былі прыняты першыя афіцыйныя сцяг і герб дзяржавы, пасля чаго іх змянілі ажно чатыры варыянты. Першы сцяг краіны з'яўляўся чырвоным прамавугольнікам, пасярэдзіне якога ўтрымлівалася тыповая камуністычная кампазіцыя (зямны шар, серп, скрыжаваны з граблямі), вакол утрымліваліся надпісы старамангольскім пісьмом «Тувінская Народная Рэспубліка»; герб паўтараў гэту кампазіцыю.

18 кастрычніка 1930 года са сцягу прыбраныя надпісы старамангольскім пісьмом, наверсе былі дададзеная абрэвіятура TAR і выява пяціканцовай зоркі, да гербавай кампазіцыі дададзеная стылізаваныя выявы вянку і ўзыходу сонца, таксама на гэту кампазіцыю быў зменены герб з той розніцай, што быў дададзены дэвіз «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» на тувінскай мове.

2 ліпеня 1935 года герб заменены на выяву, дзе на блакітным фоне злева ўверсе ўзыходзіла сонца, у цэнтры размяшчаліся абрысы дзяржаўнае мяжы ТНР, на фоне чаго быў выяўлены вершнік, пад якім была размешчана абрэвіятура TAR. Уся дадзеная кампазіцыя была змешчана на сцяг.

25 чэрвеня 1941 года сцяг заменены на просты чырвоны прамавугольнік, у правым верхнім куце якога быў змешчаны абрэвіятура TAR, выкананая тэкстам жоўтага колеру. Герб паўтарыў другі герб дзяржавы, адрозненні заключаліся ў даданні абрысаў ТНР, выявы вершніка і абрэвіятуры TAR.

8 верасня 1943 годзе надпіс на сцягу зменены на ТАР у сувязі з пераводам тувінскай мовы на кірыліцу, гэту змену зведаў таксама герб. Па ўваходжанні ТНР у склад СССР гэтая сімволіка была скасавана з прычыны адсутнасці ў аўтаномных вобласцей будзь-якой сімволікі паводле заканадаўства СССР.

Зноскі

  1. Dallin, David J. Soviet Russia and the Far East — Yale University Press, 1948. — С. 87.
  2. Paine, S.C.M. Imperial Rivals: China, Russia, and Their Disputed Frontier — M.E. Sharpe, 1996. — С. 329.
  3. Монгуш М. В. История буддизма в Туве — Новосибирск: Изд. «Наука», 2001.
  4. Тувинцы. Историческая справка // Новосибирский Государственный Университет.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]