Хаім Саламонавіч Суцін
Хаім Суцін | |
---|---|
фр.: Chaïm Soutine | |
| |
Імя пры нараджэнні | Хаім Саламонавіч Суцін |
Дата нараджэння | 13 студзеня 1893[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 жніўня 1943[4][5][…] (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, дзеяч мастацтваў, архітэктурны чарцёжнік |
Жанр | Жывапіс |
Вучоба | Школа вытанчаных мастацтваў (Вільня), Акадэмія вытанчаных мастацтваў (Парыж) |
Мастацкі кірунак | экспрэсіянізм[2] |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хаім Суцін[8] (фр.: Chaïm Soutine; 13 студзеня 1893, Смілавічы — 9 жніўня 1943) — французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям'і, дзесятым з адзінаццаці дзяцей. Бацька будучага мастака, Залман (Саламон) Суцін, быў краўцом, і жаданне сына стаць мастаком не падтрымліваў. З кнігі ўспамінаў Марэўны:
Суцін мелам і вуглём, а пазней каляровымі алоўкамі маляваў партрэты і фігуры знаёмых людзей. Гэта прыводзіла ў лютасць яго бацьку, не толькі з-за традыцыйнай забароны на выявы людзей, але і таму што з Хаіма хацелі зрабіць краўца. Хлопчыка, які імкнуўся выявіць свой светагляд, называлі слюнцяем і паразітам і вымушалі займацца шыццём[9].
У 1907 годзе Суцін пераехаў у Мінск; паступіў у вучні да фатографа, працаваў рэтушэрам. Паралельна наведваў заняткі ў Мастацкай школе Якава (Янкеля) Кругера, вядомага менскага жывапісца, майстра партрэтнай і жанравага жывапісу. У школе Кругера адбылося знаёмства Хаіма Суціна з Міхаілам Кікоіным, якое перарасло ў шматгадовае сяброўства.
У 1909 для працягу навучання Суцін (разам з Кікоіным) пераехаў у Вільню і паступіў у Віленскую малявальную школу Івана Трутнева, якая існавала да 1915 і з'яўлялася вядучай мастацкай навучальнай установай на беларуска-літоўскіх землях. У Вільні Суцін і Кікоін зблізіўся і пасябраваў з Пінхусам Крэменем. Пазней Кікоін успамінаў: «Мы ... з запалам спрачаліся аб мастацтве, аб жыцці і, асабліва, аб нашай будучыні... Палкае ўяўленне Суціна заносіла яго далей за іншых, і хутка Парыж стаў займаць усе яго думкі».
У 1913 Суцін пераехаў у Францыю, у Парыж, дзе ўжо знаходзіліся Кікоін і Крэмень. Пасяліўся ў "Вуллі" ("La Ruche"), знакамітым доме-камуне, створаным у 1902 для пачаткоўцаў-мастакоў мецэнатам і скульптарам-аматарам Альфрэдам Бушэ. Яго суседзеямі былі Марк Шагал, які недалюбліваў свайго земляка, а таксама Хана Арлова і Жак Ліпшыц, якія яго падтрымлівалі. Атрымлівае сціплыя грашовыя пераводы з Вільні ад доктара Рафлекеса, які першым паверыў у мастака.
На працягу некалькіх месяцаў Хаім Суцін наведваў Парыжскую нацыянальную вышэйшую школу прыгожых мастацтваў, займаецца ў майстэрні Фернана Кармона, вядомага мастака-акадэміста, майстры гістарычнага і партрэтнага жанраў. У вольны час наведвае канцэрта Баха і барочнай музыкі. Але, хутка расчараваўшыся ў акадэмічнай сістэме выкладання, стаў працаваць самастойна, аддаючы перавагу жанрам нацюрморта і партрэта. Вывучаў творы класічнага мастацтва ў парыжскіх музеях; знаёміўся з найноўшымі дасягненнямі еўрапейскага мастацтва, зблізіўся з яго прадстаўнікамі і прапагандыстамі. У 1914 уваходзіць у супольнасць мастакоў Парыжскай школы. Найбольш цесныя зносіны Суцін меў з мастакамі-выхадцамі з Расійскай Імперыі: акрамя Кікоіна, Крэменя і Ліпшыца, з Восіпам Цадкіным, Оскарам Мяшчанінавым, Львом Індэнбаумам і іншымі. Ранніх работ Суціна практычна не захавалася - мастак знішчыў іх сам, лічачы непрафесійнымі.
Не маючы магчымасці зарабляць сваім мастацтвам, працаваў грузчыкам, рознарабочым, чарцёжнікам, натуршчыкам, дэкаратарам.
Адразу пасля пачатку Першай сусветнай вайны Суцін прыводзіць у парадак свае дакументы, атрымлівае від на жыхарства. Разам з Кікоіным бярэ ўдзел у тылавых працах, капае траншэі. З-за слабага здароўя не быў мабілізаваны. Перабіраецца ў іншую калектыўную майстэрню, але тым не менш, не развітваецца з "Вуллем", кожны дзень наведвае сяброў[10].
У 1915 годзе Хаім Суцін пазнаёміўся і пасябраваў з Амедэа Мадыльяні, як згадваў Жак Ліпшыц:
Падчас Першай сусветнай вайны я прадставіў Суціна Мадыльяні, які адразу ж разгледзеў у Суціне вялікага мастака. Калі Мадыльяні паміраў, ён сказаў свайму маршану Збароўскаму, што ён у некаторай ступені спрычыніўся да поспеха Суціна[10].
Мадыльяні адыграў вялікую ролю ў фарміраванні індывідуальнай маляўнічай манеры маладога мастака, стылістычна і канцэптуальна блізкай экспрэсіянізму. З 1916 года па яго парадзе карціны Суціна пачаў купляць парыжскі арт-дылер Леапольд Збароўскі. Мадыльяні напісаў шэсць партрэтаў Суціна, у тым ліку адзін на дзвярах кватэры Збароўскага. Паводле ўспамінаў сяброў, Мадыльяні прывучыў Суціна да выпіўкі.
У 1918 разам з Мадыльяні здзейсніў паездку на паўднёвы ўсход Францыі, у Ванс і Кань-сюр-Мер. "Збароўскі адправіў яго на Міжземнае мора, каб яго жывапіс набыў яркія фарбы Лазурнага берага і больш паспяхова прадаваўся", - узгадвае Марэўна[9].
У 1919 Збароўскі падпісвае з Суціным дамову, згодна якой абавязваецца рэгулярна выплачваць мастаку акрэсленую суму, наўзамен атрымлівае ўсе створаныя ім працы.
У 1919-1922 гадах пры матэрыяльнай падтрымцы Збароўскага Хаім Суцін жыў у мястэчку Серэ на поўдні Францыі (Дэпартамент Усходнія Пірэнэі), дзе стварыў каля 200 жывапісных твораў, пераважна пейзажаў і партрэтаў жыхароў вёскі. Пасля гэтага зноў перабіраецца ў Кань-сюр-Мер.
У пачатку 1920-х гадоў некалькі карцін Суціна былі паказаны на групавых выставах у Парыжы: "47 мастакоў" у кавярні " Le Parnasse "(1921, з адным пейзажам), выставе рускіх мастакоў у галерэі "La Licorne" (1923).
1920-1930-я гады былі самым плённым перыядам у творчасці мастака, часам, калі да яго прыйшлі вядомасць і фінансавы дабрабыт. У 1923 годзе галерыст і калекцыянер Поль Гіём паказвае амерыканскаму калекцыянеру Альберту Кумсу Барнсу творы Суціна, пад уражаннем ад "Партрэта кандытара" той усклікае: "Гэтага мастака я шукаў усё сваё жыццё!". Барнс набыў у Збароўскага 52 карціны Суціна для сваёй калекцыі; з'явіліся іншыя знатакі і пакупнікі твораў мастака.
Суцін дазваляе сабе выглядаць як дэндзі, дорага апранаецца, пераязжае ў прасторнае атэлье і асобна здымае камфортную кватэру.
У 1925 здзяйсняе першае падарожжа ў Амстэрдам, наведвае Рэйксмузеум, дзе адчыняе для сябе "Яўрэйскую нявесту" Рэмбранта.
У 1927 годзе ў парыжскай галерэі "Bing" адбылася першая персанальная выстава Хаіма Суціна, за якой рушылі ўслед: у Чыкага ("Art Club", 1935), Нью-Ёрку ("Valentine", 1936 і 1938; "Carstairs" 1940), Лондане ("Leicester", 1937), Вашынгтоне ("Philips", 1943).
У 1930-я гг. замест Збароўскага, які разарыўся з пачаткам сусветнай эканамічнай дэпрэсіі, новымі маршанамі становяцца Марселен і Мадлен Кастэн. З 1930 па 1935 летні час праводзіць у маёнтку Кастэнаў Леў. Мадлен Кастэн узгадвала:
Часам мы суправаджалі яго ў Луўр. Ён па гадзіне спыняўся перад кожнай карцінай. Ён аналізаваў кожную дэталь "Бычынай тушы" ці "Версавіі" Рэмбранта. Разважаў пра магічную духоўнасць гульні святла і ценю, быў у захапленні ад палітры. Галандзец быў яго богам.
Мастак таксама прымаў удзел у многіх групавых выставах, якія праходзілі ў парыжскіх галерэях "La Licorne" (1924), "L'époque" (1931), "D'alignan" (1931), "La Renaissance" (1932), "de Paris" (1935), "Zak" (1936) і іншых. У 1930 экспанаваў творы на "Вялікай выставе рускага мастацтва" ў Бялградзе, а ў 1937 - на выставе "Майстры незалежнага мастацтва 1895-1937" у Пці-Пале (Petit Palais) у Парыжы (12 прац).
У 1937 пасяляецца ў новай майстэрні ў квартале мастакоў Віла Сера і знаёміцца з Гердай Грот, маладой нямецкай яўрэйкай, якая эмігравала ў Парыж.
У пачатку Другой сусветнай вайны Суцін спрабаваў запісацца ў войска добраахвотнікам, але яму было адмоўлена па стане здароўя. Атрымаў запрашэнне эміграваць у ЗША, але не змог ім скарыстацца. У першыя месяцы нацысцкай акупацыі заставаўся заставаўся пад Парыжам, у 1940 Герду Грот арыштавалі і адправілі ў лагер Гюрс. З 1941 года хаваючыся ад нацыстаў, жыў у ваколіцах Шынона (Дэпартамент Эндру і Луара), яго ратавалі Мадлен Кастэн, яго галерыстка, і Мары-Берта Оранш, новая палюбоўніца. Востры прыступ язвы страўніка вымусіў мастака тэрмінова вярнуцца ў Парыж, дзе ён памёр 9 жніўня 1943 года.
Пахаваны мастак на Манпарнаскіх могілках Парыжа.
Пасмяротныя выставы Хаіма Суціна прайшлі ў рамках Восеньскага салона 1944 года і ў галерэі "de France" (1945). Вялікія мемарыяльныя выставы мастака адбыліся ў Нью-Ёрку (1950/1951, 1976) і Парыжы (1956, Дом французскай думкі).
Творы Хаіма Суціна прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны мастака-партрэт " Ева " (1928) і пейзаж «Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука» (каля 1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Абедзве працы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920—1929 гадамі, уласцівыя глыбока індывідуальныя бачанне свету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэнні, ахвяраванне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталей дзеля раскрыцця ўнутранай сутнасці прадметаў і з’яў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў — бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі («Кандытар», 1922); нацюрморты (большая частка створаная ў 1924—1927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння — «Курыца і таматы» (1924), «Гавяжая туша» (1925); трывожныя пейзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі («Злавесная вуліца», каля 1921). Часта перарабляў ці знішчаў свае раннія працы і амаль нічога не маляваў пасля 1930.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]У Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна», якая дзейнічае ў будынку мясцовага дому дзіцячай творчасці.
Зноскі
- ↑ The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ а б Chaim Soutine // Encyclopædia Britannica
- ↑ The Fine Art Archive
- ↑ RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
- ↑ Chaim Soutine // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118615785 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ Museum of Modern Art online collection Праверана 4 снежня 2019.
- ↑ Сутин Хаим Архівавана 18 сакавіка 2022. // Арт-Беларусь.
- ↑ а б Хаим Сутин. Ретроспектива. Каталог выставки. - Москва: ГМИИ, 2017.
- ↑ а б Кребс Софи. Сутин // Хаим Сутин. Ретроспектива. Каталог выставки. - Москва: ГМИИ, 2017. - С. 13-23.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Хаім Суцін // Праект «Наша ежа»
- Пешын С. У. Су́цін Хаім // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 298. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Зингерман Б. И. Парижская школа. — М.: Союзтеатр, 1993. — 384 с.
- Линдберг А. Выставка нищих // Утро. — 2005. — 23 дек.
Catalogues Raisonnés
[правіць | правіць зыходнік]- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 2001. 780 p. ISBN 3-8228-1629-9. ISBN 978-3-8228-1629-5.
- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 1993. 780 p. (Папярэдняе выданне 1993 у 2-х т., сплашная нумарацыя).
- Гравюры: Lanthemann J. Soutine. Catalogue raisonné de l’oeuvre dessinee. Paris, 1981. 79 p.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Хаім Саламонавіч Суцін на Вікісховішчы |
- Галерея Мастер — Хаим Сутин Архівавана 5 лютага 2005. (руск.)
- Хаим Сутин. Биография, фотографии и жизнь (руск.)
- Григорий Анисимов. «Жил-был художник Хаим Сутин». (руск.)
- Юлия Королькова. «Сутин Хаим». Архівавана 23 чэрвеня 2011. (руск.)
- Анна Линдберг. «Выставка нищих». (руск.)
- Проект «Пространство Хаима Сутина — L’Espace de Soutine». Архівавана 29 снежня 2010. (руск.)