Хо (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Хо, народ)
Хо
()
Агульная колькасць 1658104 (2011 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя
Мова джагар
Рэлігія культ продкаў, сарнаізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы мунда, гадаба, санталы, бірхор, корку, кхарыя, савара, бхумідж

Хо (саманазва: «чалавек») — аўстраазіяцкі народ ва ўсходняй Індыі. Жывуць пераважна ў штатах Джхаркханд, Адыша, Заходняя Бенгалія і Біхар. Агульная колькасць (2011 г.) — 1 658 104 чалавекі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Радзімай хо лічыцца плато Чхота-Нагпур, адкуль у сярэднявеччы яны пачалі рассяляцца па навакольных лясных тэрыторыях. Традыцыйна займаліся паляваннем, збіральніцтвам, секлі лес, апрацоўвалі металы. Спробы індуісцкіх феадалаў падпарадкаваць іх выклікалі жорсткі супраціў, за што хо атрымалі славу ваяўнічага народа.

У другой палове XVIII ст. тэрыторыі, населеныя хо, былі фармальна далучаны да валоданняў Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Па дамоўленасці з кампаніяй на іх пачалі сяліцца дробныя памешчыкі-арандатары, якія імкнуліся выкарыстоўваць тубыльцаў як вельмі танную працоўную сілу. У выніку хо прынялі ўдзел у паўстаннях 18311833 гг. і 18571861 гг., задушаных брытанцамі. Тым не меней, каланіяльная адміністрацыя была вымушана часткова прызнаць правы гэтага народа на свае землі.

У незалежнай Індыі хо атрымалі статус афіцыйнай племянной супольнасці, які дае ім правы на зямлю, палёгкі ў выплаце падаткаў і атрыманні адукацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым галоўнымі заняткамі хо з’яўляліся паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. У нашы дні паляванне фактычна забаронена ў штатах, дзе жывуць хо. Аднак рыбалоўства і збіральніцтва застаюцца важнай часткай гаспадарчай дзейнасці. Некаторыя прадукты збіральніцтва (парасткі бамбука, ядомае лісце, грыбы, ягады, дзікая садавіна, дровы) рэалізуюцца на рынку. Асноўным заняткам хо стала земляробства. Мясцовыя землі даволі камяністыя, таму асноўныя сельскагаспадарчыя клопаты кладуцца на плечы мужчын. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, гарбузы, гарох, батат, востры перац, трымаюць кароў, коз, курэй. У Джаркхандзе многія хо працуюць у горнай прамысловасці, здабываюць жалезную руду.

Асноўная ежа хо — вараны рыс, да якога дадаюць бабовыя і гародніну. Мяса і рыбу ўжываюць як разам з гарнірам, так і самастойна. Ласункам лічацца смажаныя мурашкі і тэрміты. Папулярныя народныя напоі: пальмавы сок і салодкі лікёр з дзікай садавіны, прычым іх п’юць як дарослыя, так і дзеці. Хо памяркоўна адносяцца да курэння, у тым ліку дзіцячага.

Традыцыйная вопратка ўяўляе сабою доўгі саронг, што называецца ў мужчын батой, а у жанчын — лунга. У нашы дні іх апранаюць пераважна ў святочныя дні. Мужчыны і жанчыны робяць татуіроўкі са знакамі сваіх родаў. Жанчыны ўпрыгожваюцца шматлікімі завушніцамі, бранзалетамі, пацеркамі.

Асноўны тып вясковага паселішча — тола, які складаецца з некалькіх сваяцкіх сядзібаў з лінейнай планіроўкай. Часцяком гаспадарчыя і жылыя будынкі аб’яднаны пад адным дахам. Галоўны ўваход вядзе на кухню, дзе асобна вылучаецца прастора для шанавання продкаў. Спальня выкарыстоўваецца не толькі для сну, але і для захавання збожжа для паўсядзённых патрэб. Да спальні прыбудоўваюць гаспадарчую веранду і памяшканне для свойскай жывёлы. Сцены перад уваходам у памяшканні прынята размалёўваць.

Некалькі тола аб’ядноўваюцца ў рэгіянальны пункт пір на чале з правадыром манкі. Ён займаецца адміністрацыйнай дзейнасцю і ўзначальвае стараст тола. Такая сістэма ўзнікла ў XX ст. і з’яўляецца кампрамісам паміж традыцыйнай патрыярхальнай і сучаснай формамі кіравання. Большасць дарослых хо манагамны, хаця зрэдку сустракаюцца выпадкі палігініі. На чале сям’і фармальна стаіць жанаты мужчына, бацька або старэйшы брат іншых чальцоў. Яго жонка таксама прымае ўдзел у сямейных рашэннях. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты, што абумоўлівае доўгі перыяд халасцяцкага жыцця маладых мужчын. Шлюбы са сваякамі або прадстаўнікамі суседніх народаў забараняюцца.

Хо знакаміты традыцыйнымі святамі, якія суправаджаюцца ахвярапрынашэннямі дробнай свойскай жывёлы, спевамі і танцамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: барабаны, скрыпка, званы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова хо мае назву джагар. Яна адносіцца да аўстраазіяцкай моўнай сям’і, вельмі блізкая да мундары. У 1934 г. чыгуначны служачы і індуісцкі прапаведнік Шры Лака Бодра (19141986 гг.) стварыў для хо на аснове дэванагары сістэму пісьма Варанг-чыці.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў спавядае сарнаізм. Радзей сустракаюцца хрысціяне, прадстаўнікі розных плыняў пратэстантызму.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]