Чарэйскае возера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чарэйскае
Выгляд ад вёскі Гара
Выгляд ад вёскі Гара
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 168,4[1] м
Даўжыня 6,71 км
Шырыня 1,12 км
Плошча 3,38 км²
Аб’ём 0,01896 км³
Даўжыня берагавой лініі 17,3 км
Найбольшая глыбіня 14 м
Сярэдняя глыбіня 5,6 м
Гідралогія
Тып мінералізацыі прэснае
Салёнасць да 0,23 ‰
Празрыстасць 2,5 м
Басейн
Плошча вадазбору 17 км²
Упадаюць ручаі, каналы
Выцякаюць ручай
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Чарэйскае (Беларусь)
Чарэйскае
Чарэйскае
Чарэйскае (Віцебская вобласць)
Чарэйскае
Чарэйскае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чарэ́йскае, Чарэя — возера ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Лукомка, за 26 км на паўднёвы ўсход ад горада Чашнікі, каля вёскі Чарэя.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва балцкага паходжання.

З шэрагу азёрных назваў Чэрас (каля Мёраў), Чаросава (каля Лепеля), Чэраскія (група азёраў у вярхах ракі Таропы), сюды ж і назвы прыпяцкай ракі Чарэса, дзесенскай ракі Чарэска[2].

Корань Ker- (> Чер-) ад літоўскага keroti «расці, разрастацца» (прыставачнае už-keroti «зарастаць, абрастаць»).

Гідранімічныя аналагі — літоўскія водныя назвы *Kerėsa (> Kerės-upis), Kerotis, Kerūlė[3].

Так жа сама матываваная рачныя назвы Карма (рака на Пасожжы і іншая рака на Верхнім Павоччы), Karmė, Kermėžys, звязаныя з літ. kermėti «нарастаць; абрастаць», už-kermėti «зарастаць»[4][5].

Далей да індаеўрапейскага *ker- з ідэяй росту ўшыркі, а не ўвышкі[6] (> keras «пень; куст»).

Корань пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -ej-, як у падняпроўскіх балцкіх гідронімах *Vedēja, *Rupēja[7], літоўскіх Asveja, Roveja[8], у назвах возера Асвея, ракі Мярэя. Пашыральнік -ej- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні (tekėti «цячы» — tekėja «цячэнне»)[9].

Назва Чарэя звязаная з зарастаннем вады рачнымі раслінамі.

Водаапісанне[правіць | правіць зыходнік]

Плошча паверхні возера 3,38 км². Даўжыня 6,71 км, найбольшая шырыня 1,12 км. Найбольшая глыбіня дасягае 17 м, сярэдняя складае 5,6 м. Аб’ём вады 18,96 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 17,3 км.
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з поўначы на поўдзень і складаецца з некалькіх плёсаў. Схілы катлавіны вышынёй ад 2 да 18 метраў, сугліністыя. Берагавая лінія моцна звілістая (каэфіцыент зрэзанасці 2,65[10]). Берагі нізкія, пясчаныя. Месцамі берагі зліваюцца са схіламі катлавіны, абрывістыя, абразійныя, у паўднёвай частцы сплавінныя. Літаральная зона спадзістая, шырынёй да 100 м, выслана глінай, пясчанымі і пясчана-глеістымі адкладамі. Глыбей дно возера глеістае. У сярэдзіне возера востраў плошчай 0,02 га.

Возера эўтрофнае, праточнае. Злучана пратокай з азёрамі Галаўня і Чамярыца. У Чарэйскае ўпадаюць больш за 10 ручаёў і каналаў, выцякае ручай у возера Родамля.

Прыбярэжная надводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 2,5 м і на адлегласці да 50 м ад берага. Падводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 4 м.

У возеры водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, краснапёрка, плотка, акунь і іншыя віды рыб.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Чарэйскае возера Архівавана 10 снежня 2012.
  2. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 212.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 153—154.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 148, 153.
  5. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II. Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 56.
  6. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 572—573.
  7. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 178, 195, 206.
  8. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 49, 280.
  9. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 84.
  10. ЭПБ 1986.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]