Чацвёртая жэнеўская канвенцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Жэнеўская канвенцыя аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, таксама вядомая як Чацвёртая жэнеўская канвенцыя — прынята 12 жніўня 1949 года; уступіла ў сілу 21 кастрычніка 1950 года[1]. Як і папярэднія Жэнеўскія канвенцыі, дзейнічае пад эгідай Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднікам чацвёртай канвенцыі былі папярэднія Жэнеўскія канвенцыі, а таксама Канвенцыя аб законах і звычаях сухапутнай вайны, прынятая на скліканай па ініцыятыве Расіі Другой Гаагскай канферэнцыі міру. Яна зацвердзіла такія найважнейшыя прынцыпы, як размежаванне камбатантаў і некамбатантаў, зафіксавала права насельніцтва на ўзброены супраціў (партызанскую вайну), рэгламентавала правы ваеннапалонных. У канвенцыі былі агавораны забароны на выкарыстанне зброі і рэчываў, якія прычыняюць залішнія пакуты, і на забойства ваеннапалонных. Забаранялася абвяшчаць, што нікому не будзе літасці, рабаваць і канфіскоўваць медыцынскія ўстановы. У ходзе наступных двух сусветных войн гэтая Гаагская канвенцыя ўжывалася не заўсёды і не ў поўнай меры, аднак у многіх выпадках дапамагла прадухіліць залішнюю жорсткасць і ахвяры[2].

Канферэнцыя выпрацавала пагадненне ў выніку пасяджэння, якое праходзіла ў Жэневе з 21 красавіка па 12 жніўня 1949 года. Канвенцыя складзена на французскай і англійскай мовах. Абодва тэксту з’яўляюцца аднолькава аўтэнтычнымі. Федэральны савет Швейцарыі забяспечыў афіцыйныя пераклады канвенцыі на рускую і іспанскую мовы.

У 1993 годзе Савет Бяспекі ААН уключыў канвенцыю ў склад нормаў міжнароднага права, што зрабіла яе абавязковай для выканання не толькі для краін-падпісантаў, але ўсіх іншых краін, уцягнутых у ваенныя канфлікты[3].

Прынцыпы[правіць | правіць зыходнік]

  • Жэнеўскія канвенцыі патрабуюць ад бакоў, якія ўдзельнічаюць у канфлікце, праводзіць адрозненне паміж грамадзянскім насельніцтвам і непасрэднымі ўдзельнікамі ваенных дзеянняў (камбатантамі) з мэтай забеспячэння абароны грамадзянскага насельніцтва і грамадзянскіх аб’ектаў. Забароненыя напады як на грамадзянскае насельніцтва ў цэлым, так і на асобных мірных грамадзян.
  • Напады павінны быць накіраваны толькі супраць ваенных аб’ектаў. Асобы, якія не прымаюць або спынілі прымаць удзел у баявых дзеяннях (уключаючы ваеннапалонных), маюць права на павагу іх жыцця, а таксама фізічнай і псіхічнай недатыкальнасці. Такім людзям павінна быць забяспечана абарона і гуманнае абыходжанне пры ўсіх абставінах без якой бы там ні было дыскрымінацыі.
  • Забаронена забіваць або наносіць раненні праціўніку, які здаўся ў палон ці не можа больш прымаць удзелу ў баявых дзеяннях.
  • Забаронена таксама ўжываць зброю або метады вядзення баявых дзеянняў, здольныя выклікаць непатрэбныя страты або залішнія пакуты.
  • Параненым і хворым неабходна аказаць медыцынскую дапамогу, незалежна ад таго, да якога боку ў канфлікце яны належаць. Неабходна забяспечыць абарону медыцынскага персаналу і медыцынскіх устаноў, а таксама іх транспарту і абсталявання.
  • Эмблема Чырвонага Крыжа або Чырвонага Паўмесяца на белым фоне з’яўляецца знакам гэтай абароны. Асобы і аб’екты, якія выкарыстоўваюць эмблемы Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, не могуць падвяргацца нападу. Забаронена выкарыстоўваць эмблему для прыкрыцця дзеянняў узброенага характару. (арт. 19 Канвенцыі I)
  • Узятыя ў палон удзельнікі ваенных дзеянняў і інтэрнаваныя грамадзянскія асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе праціўніка, маюць права на захаванне жыцця, павагу іх годнасці, асабістых правоў і перакананняў (палітычных, рэлігійных і іншых). Яны павінны быць абароненыя ад любых гвалтоўных дзеянняў і репрэсій. Яны маюць права на перапіску са сваімі сем’ямі і на атрыманне дапамогі. Кожнаму чалавеку павінны быць прадастаўлены асноўныя судовыя гарантыі.

Палажэнні канвенцыі павінны выконвацца нават калі фармальнага абвяшчэння вайны не было[4].

Варыянты[правіць | правіць зыходнік]

Канчатковы варыянт Жэнеўскіх канвенцый быў прыняты ў 1949 годзе. Наступныя ўзброеныя канфлікты (нацыянальна-вызваленчыя вайны ў 1970-я гады) паказалі неабходнасць пашырэння прававых нормаў, якія ўжываюцца да баявых дзеянняў. Гэта пацягнула за сабой прыняцце ў 1977 годзе двух дадатковых пратаколаў да Жэнеўскіх канвенцый.

У 2005 годзе быў прыняты трэці Дадатковы пратакол, які заснаваў дадатковую эмблему, чырвоны крышталь. Гэтая эмблема можа выкарыстоўвацца разам з чырвоным крыжам і чырвоным паўмесяцам або самастойна.

Гуманныя прынцыпы гэтых, а таксама папярэдніх пагадненняў, часта ігнаруюцца на практыцы. Паводле ацэнак спецыялістаў, падчас Першай сусветнай вайны колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва складала каля 10 працэнтаў, падчас Другой сусветнай вайны — каля 50 працэнтаў, а ў 2000-х колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва падчас ваенных канфліктаў нярэдка складае каля 90 працэнтаў усіх ахвяр[5].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. States party to the main treaties. The American National Red Cross. Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2009. Праверана 5 снежня 2009.
  2. {{{загаловак}}}. — 2017. — В. 3 (96). — ISSN 1726-5223. Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2020.
  3. United Nations Audiovisual Library of International Law. Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2019. Праверана 12 снежня 2015.
  4. Женевская конвенция от 12 августа 1949 года о защите гражданского населения во время войны. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2022. Праверана 23 красавіка 2022.
  5. La guerra moderna debilita las Convenciones de Ginebra El Pais, 15 августа 2009 г. (ісп.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]