Эдгар Алан По
Эдгар Алан По | |
---|---|
Edgar Allan Poe | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Эдгар Алан По |
Псеўданімы | Edgar A. Perry[1] |
Дата нараджэння | 19 студзеня 1809[2][3][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 кастрычніка 1849[2][3][…] (40 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | ЗША |
Бацька | David Poe, Jr.[d] |
Маці | Eliza Poe[d] |
Жонка | Virginia Eliza Clemm Poe[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, пісьменнік, эсэіст, літаратурны крытык, раманіст |
Гады творчасці | 1827 — 1849 |
Кірунак |
рамантызм сімвалізм |
Жанр | дэтэктыў |
Мова твораў | англійская |
Подпіс | |
Творы на сайце Lib.ru | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эдгар Алан По (англ.: Edgar Allan Poe; 19 студзеня 1809, Бостан, ЗША — 7 кастрычніка 1849) — амерыканскі празаік,паэт, эсэіст, вынаходнік дэтэктыўнай навелы (detective story), заснавальнік жанру жахаў (horror), крытык і адна з вядучых постацей амерыканскага рамантызму. Найвялікшую славу здабыў як аўтар «жахлівых апавяданняў».
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і акцёраў. Бацькі, Дэвід По і Элізабет Арналд-По, памерлі рана і амаль адначасова, пакінуўшы траіх дзяцей. Двухгадовага Эдгара ўзяла на выхаванне багатая бяздзетная пара Аланаў, кіруючыся тагачаснай модай на дабрачыннасць. З шасці да адзінаццаці гадоў (1815-20) ён жыве ў Англіі, навучаючыся спачатку ў прыватнай школе — пансіёне Дзюбура (Лондан), а потым у прыгараднай школе «Мэнар-хаўз».
У 17 гадоў Эдгар По паступае ва ўніверсітэт Вірджыніі, адчынены за год да таго Томасам Джэферсанам, але не заканчвае яго. Пасля сваркі з айчымам ён выпраўляецца ў Бостан. Надзеі палепшыць матэрыяльнае становішча публікацыяй вершаў — першы зборнік, выдадзены ананімна, насіў назву «Тамерлан і іншыя вершы» (Tamerlane and Other Poems, 1827) — не спраўдзіліся. Ён завербаваўся ў армію пад імем Эдгара А. Перы, 22 гадоў (насамрэч яму было толькі 18), ураджэнца Бостана, і даслужыўся да звання сяржант-маёра, найвышэйшага для малодшых камандзіраў.
У 1829 годзе зборнік вершаў, цяпер падпісаны яго імем, выходзіць пад назвай «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (Al Aaraaf, Tamerlane and Minor Poems).
У 1830 г. пад прымусам айчыма Эдгар Алан По паступае ў ваенную акадэмію Уэст-Пойнт, але праз год дабіваецца выключэння і з’язджае ў Нью-Ёрк. З 1831 да 1833 г. жыве ў Балтымары ў сваёй цёткі Марыі Клэм, з дачкой якой Вірджыніяй ён ажэніцца ў 1836 годзе.
За час жыцця ў Балтымары ён двойчы ўдзельнічаў у конкурсах на найлепшае апавяданне. Такія конкурсы ладзіліся, каб заахвочваць маладыя таленты і спрыяць развіццю нацыянальнай літаратуры. Апавяданне «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» было адзначана першай прэміяй на конкурсе 1833 года.
У перыяд з 1830 да 1840 г. Эдгар По актыўна працуе ў часопісах як літаратурны крытык і піша многія са сваіх найлепшых твораў. У 1840 годзе выходзіць зборнік прозы «Гратэскі і арабескі».
У 1846 годзе зачыняецца часопіс, дзе ён працаваў, а праз год памірае ад сухотаў жонка. Стасункі з Сарай Элен Уітмен скончыліся разрывам праз нервовы і разумовы стан Эдгара По, які ўсё пагаршаўся, да таго ж пагоршылася залежнасць ад алкаголю. За некалькі месяцаў да смерці ён заручаецца з Сарай Эмілі Ройстэр, у якую быў закаханы ў дзяцінстве.
У верасні 1849 г. Эдгар Алан По з поспехам чытаў у Рычмандзе лекцыю «Паэтычны прынцып», адкуль выехаў, маючы 1500 долараў. Што адбылося потым, невядома. Праз некаторы час яго знайшлі абрабаваным і ў непрытомным стане. Яго прывезлі ў Балтымар, дзе ён памёр у шпіталі.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]У творчасці пераважаюць матывы прыгажосці, кахання, смерці, хуткаплыннасці ўсяго існага. Паэтычным зборнікам «Тамерлан і іншыя вершы» (1827), «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «Крумкач і іншыя вершы» (1845) уласцівы сімволіка, сугестыўнасць, музыкальнасць, спалучэнне рамантычнага зместу і лагічнай формы. Стваральнік псіхалагічнай, ці «жахлівай» («Падзенне дома Ашэраў», «Чорны кот», «Вільям Вільсан»), дэтэктыўнай, ці «лагічнай» («Забойства на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ», «Украдзенае пісьмо», «Залаты жук»), навукова-фантастычнай («Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Незвычайныя прыгоды нейкага Ганса Пфааля», «Гісторыя з паветраным шарам») навелы. Аўтар «Аповесці аб прыгодах Артура Гордана Піма» (1838), зборнікаў прозы «Гратэскі і арабескі» (т. 1-2, 1840), «Апавяданні» (1845), філасофскай паэмы ў прозе «Эўрыка» (1848), гумарыстычных і сатырычных апавяданняў і інш. Распрацаваў эстэтычную праграму паэзіі («Філасофія творчасці», 1846; «Паэтычны прынцып», 1850), у якой падкрэсліваў значэнне эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння твораў («татальны эфект»).
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Да творчасці Эдгара Алана По звярталіся кампазітары Клод Дэбюсі, Марыс Равель, Сяргей Рахманінаў, Сяргей Пракоф'еў.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Пры жыцці ён быў практычна невядомы на радзіме. Спачатку, дзякуючы французскім перакладам Шарля Бадлера, яго адкрыла Еўропа, і толькі потым яго творчасць ацаніла Амерыка. Джордж Бернард Шоу выказаўся пра гэта наступным чынам: «По не жыў у Амерыцы, ён там памёр».
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]На беларускую мову асобныя творы Э. По пераклалі Ю. Бушлякоў, С. Шупа, У. Шчасны (проза), А. Мінкін, В. Савіч, А. Хадановіч (лірыка).
У 2011 годзе выйшаў зборнік перакладаных выбраных твораў Э. По — По Э. Маска Чырвонае Смерці: Выбраныя навелы, вершы, эсэ / Пераклад з англійскай. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 472 с. — які ўключае, як раней публікаваныя, так і новыя пераклады:
- Апавяданні
- Авальны партрэт. Пераклад С. Шупы
- Акуляры. Пераклад М. Мартысевіч
- Анёл Надзвычайнасцяў. Пераклад К. Дубоўскай
- Берэніка. Пераклад Г. Янкуты
- Вільям Вільсан. Пераклад В. Рыжкова
- Д'ябал пярэчання. Пераклад Н. Клабанавай
- Забойствы на вуліцы Морг. Пераклад У. Шчаснага
- Залаты жук. Пераклад Ю. Цімафеевай
- Калодзеж і ківач. Пераклад Ю. Цімафеевай
- Лігея. Пераклад М. Дзергачовай
- Марэла. Пераклад М. Дзергачовай
- Маска Чырвонае Смерці. Пераклад С. Шупы
- Некалькі выпадкаў з жыцця знакамітасці. Пераклад Г. Янкуты
- Падзенне Дому Ашэраў. Пераклад К. Маціеўскай
- Падзенне ў Мальстрэм. Пераклад Ю. Шадзько
- Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам. Пераклад К. Маціеўскай і Г. Янкуты
- Размова з муміяй. Пераклад Г. Янкуты
- Сістэма доктара Смола і прафесара Пер'е. Пераклад К. Маціеўскай
- Сфінкс. Пераклад Н. Клабанавай
- Сэрца выкрывае. Пераклад Ю. Бушлякова
- Цішыня. Пераклад А. Пятровіч
- Чалавек натоўпу. Пераклад С. Шупы
- Чорны кот. Пераклад Ю. Бушлякова
- Элеанора. Пераклад В. Сідарэнка
- Вершы
- Анабэль Лі. Пераклад А. Мінкіна
- Гімн. Пераклад А. Арцёмава
- Гімн. Пераклад Г. Янкуты
- Да ***. Пераклад Г. Янкуты
- Да Зантэ. Пераклад Г. Янкуты
- Да Ф(рэнсіс) С(арджэнт) О(сгуд). Пераклад Г. Янкуты
- Да Ф***. Пераклад Г. Янкуты
- Да***. Пераклад Г. Янкуты
- Для Эні. Пераклад Г. Янкуты
- Духі мёртвых. Пераклад Г. Янкуты
- Званы. Пераклад Г. Янкуты
- Калізей. Пераклад Г. Янкуты
- Крумкач. Пераклад А. Хадановіча
- Крумкач. Пераклад А. Мінкіна
- Лінор. Пераклад Г. Янкуты
- Песня. Пераклад Г. Янкуты
- Раманс. Пераклад М. Шчура
- Самотны. Пераклад Г. Янкуты
- Санет да навукі. Пераклад Г. Янкуты
- Серэнада. Пераклад Г. Янкуты
- Сон у сне. Пераклад Г. Янкуты
- Сон. Пераклад Г. Янкуты
- Тамерлан. Паэма. Пераклад Л. Баршчэўскага
- Улялюм. Пераклад А. Мінкіна
- Улялюм. Пераклад К. Маціеўскай
- Цішыня. Пераклад Г. Янкуты
- Шчаслівы дзень. Пераклад Г. Янкуты
- Эль — да радасці. Пераклад Г. Янкуты
- Эльдарада. Пераклад А. Хадановіча
- Эльдарада. Пераклад Г. Янкуты
- Юлалі. Пераклад Г. Янкуты
- Эсэістыка
- Паэтычны прынцып. Пераклад Г. Янкуты
- Філасофія кампазіцыі. Пераклад Г. Янкуты
У 2017 годзе зборнік перакладзеных выбраных вершаў Э. По — По Э. Выбраныя вершы / Пераклад з англійскай. — Мінск: Зміцер Колас, 2017. — 76 с.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
- ↑ а б Edgar Allan Poe // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Barzun J., Mabbott T. O., Cestre C. Edgar Allan Poe // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б По Эдгар Аллан // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 19 студзеня
- Нарадзіліся ў 1809 годзе
- Нарадзіліся ў Бостане
- Памерлі 7 кастрычніка
- Памерлі ў 1849 годзе
- Памерлі ў Балтымары
- Пахаваныя ў Мэрылендзе
- Выпускнікі Вірджынскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Ваеннай акадэміі ЗША
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменнікі ЗША
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты ЗША
- Англамоўныя пісьменнікі
- Англамоўныя паэты