Басценавічы
Аграгарадок
Басценавічы
| ||||||||||||||||||||||||||
Басце́навічы[2] (трансліт.: Bascienavičy, руск.: Бастеновичи) — аграгарадок у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Кашанка. Уваходзіць у склад Капачоўскага сельсавета. Знаходзіцца за 22 км на захад ад Мсціслава, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (лінія Орша — Сураж). Насельніцтва на 2009 год — 313 чалавек[1].
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з пачатку XVIII стагоддзя, хаця звесткі аб мясцовай царкве адносяцца да XVII стагоддзя. У 1777 годзе значыцца як сяло ў Чэрыкаўскай акрузе Магілёўскай губерні, у 1816 годзе — у Чэрыкаўскім павеце, уласнасць памешчыка. Па выніках перапісу 1897 года, Басценавічы знаходзіліся ў Доўгавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, працавалі школа граматы і карчма, штогод 20 ліпеня і 15 жніўня праводзіліся кірмашы. Апрача зямляробства, насельніцтва займалася сталярным і бандарным промысламі. У пачатку XX стагоддзя пачала дзейнічаць школа, у якой у 1905 годзе навучаліся 45 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, у 1907 годзе — 50 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак[3].
З 1919 па 1924 гады вёска знаходзілася ў складзе Смаленскай губерні РСФСР, аднак у выніку першага ўзбуйнення БССР 17 ліпеня 1924 года была вернута ў склад Беларусі. У 1929 годзе ў Басценавічах быў арганізаваны калгас «1 мая», які ў 1932 годзе меў 257 га ворнай зямлі, аб’ядноўваў 38 гаспадарак, меў уласную кузню і абслугоўваўся Хлышчоўскай МТС. З 20 лютага 1938 года вёска знаходзіцца ў складзе Магілёўскай вобласці.
Падчас Другой сусветнай вайны ад ліпеня 1941 да 29 верасня 1943 года Басценавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. На ўшанаванне памяці 96 загінулых вяскоўцаў у 1965 годзе ў цэнтры паселішча быў пастаўлены абеліск, на могілках знаходзіцца брацкая магіла палеглых салдат.
Станам на 1990 год, Басценавічы з’яўляліся цэнтрам калгаса імя Энгельса, працавалі бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, комплексны прыёмны пункт абслугоўвання насельніцтва, клуб, аддзяленні банка і сувязі, школа, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, крама, гандлёвы цэнтр. У 2007 годзе вёска была цэнтрам СВК імя Энгельса, дзейнічалі школа, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, крама. Аграгарадок забудоўваецца паводле генеральнага плану, распрацаванага ў 1981 годзе «Белкалгаспраектам»[4].
Штогод у вёсцы на Святую Варвару ладзіцца абрад «Варварынская свяча», які ў 2011 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект нематэрыяльнай спадчыны, «поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якога безумоўная і нязменная»[5].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1816 год — 166 чал., 33 двары; 1880 год — 252 чал., 46 двароў; 1897 год — 408 чал., 57 двароў[4].
- XX стагоддзе: 1909 год — 347 чал., 66 двароў; 1926 год — 626 чал., 97 двароў; 1970 год — 370 чал., 133 двары[6]; 1990 год — 315 чал., 132 двары[4].; 1992 год — 354 чал., 140 двароў[3]; 1995 год — 365 чал., 141 двор[6].
- XXI стагоддзе: 2007 год — 294 чал., 123 двары; 2009 год — 313 чал.[1]
Славутасці
- Свята-Пакроўская царква (1890—1904 г., драўляная).
Зноскі
- ↑ а б в Насельніцтва ўсіх населеных пунктаў паводле перапісу 2009 Архівавана 2 кастрычніка 2019.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б ЭГБ, т.1, с.329
- ↑ а б в ГВБ, т.7 кн.3, с. 18—20
- ↑ Як толькі ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна пачынаецца само таінства, жанчыны гоняць з памяшканняў усіх мужыкоў... // СБ. Беларусь сегодня, 18 снежня 2015. (бел.)
- ↑ а б БелЭн, т.2, с.343
Літаратура
- Басценавічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Басценавічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 544 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0452-5.
- Басценавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.