Перайсці да зместу

Інана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інана
Выява з фасада храма Інаны ва Уруку, 2 тысячагоддзе да н.э.
Выява з фасада храма Інаны ва Уруку, 2 тысячагоддзе да н.э.
Багіня кахання
Міфалогія Шумера-акадская
Пол жанчына
Бацька Нана
Маці Нінгал
Браты і сёстры Уту, Эрэшкігаль
Муж Думузі, Ан
Дзеці магчыма Шара
У іншых культурах Іштар, Астарта
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інана (шум. 𒀭𒈹) — багіня кахання, урадлівасці, сям'і і вайны ў шумераў, увасабленне планеты Венера.

Інана і яе акадскі варыянт Іштар з’яўляліся адной з найбольш важных і папулярных багінь у міфалогіі старажытнай Месапатаміі. Разам з гэтым, асірыялогі даўно заўважылі, што у яе не было ясна акрэсленых функцый. Так, Інана выступала ў якасці багіні кахання і прыгажосці, але ў шумераў мелася і асобная багіня кахання Наная. Інана адказвала за цяжарнасць жанчын і роды, але ніколі не лічылася багіняй-маці. Яна разглядалася як ваяўнічая і помслівая, але не захіляла сваім вобразам багоў вайны. Здаецца, гэта разумелі ўжо ў старажытнасці. У рэлігійным гімне, у якім апавядаецца пра тое, як Энкі размяркоўвае функцыі паміж бажаствамі, Інана не атрымоўвае ад яго нічога, паколькі ўжо мае свой надзел. Узгаданым надзелам быў храм Эана ва Уруку, дзе культ Інаны падтрымліваўся з першай паловы 3 тысячагоддзя да н. э. або нават раней. У эпасе, прысвечаным аднаму з першых урукскіх валадароў Энмеркару, падкрэслівалася, што Інана была на баку менавіта Урука у барацьбе з міфічнай краінай Арата, адкуль быццам бы паходзіла.

Даследчыкі высунулі 2 асноўныя гіпотэзы для тлумачэння загадкавай постаці Інаны. Першая ўяўляе Інану як багіню, прынятую шумерамі ў семітаў або дашумерскіх насельнікаў Месапатаміі, каб запоўніць лакуны ў сваім пантэоне. Другая разглядае Інану як сінкрэтычную багіню, што паступова аб’яднала ў сябе вобразы і функцыі іншых багоў.

Існуе і трэцяя гіпотэза, найчасцей высоўваемая астролагамі. Яны засяроджваюць галоўную ўвагу на тым, што Інана сімвалізуе сабою планету Венера. Той факт, што некаторыя міфы накшталт зыходжання Інаны ў замагільны свет і падмана ёю Энкі, могуць адлюстроўваць рух Венеры на небе, не аднойчы сцвярджаўся сур'ёзнымі навукоўцамі. Астролагі выказваюць думку, што супярэчлівы характар Інаны таксама адлюстроўвае ўяўленні пра ўздзеянне Венеры на лёс людзей.

Літаратурны вобраз

[правіць | правіць зыходнік]

Інана — гераіня многіх шумерскіх і акадскіх літаратурных твораў. Часам у іх яна адыгрывае дадатковую сюжэтную ролю. Так, яна з’яўляецца перад Зіўсудрой пасля сусветнага патопа, каб упэўніць яго ў тым, што катастрофа была задумай Энліля, і аплаквае гібель чалавецтва. У эпасе пра Гільгамеша Інана патрабуе ў валадара Урука, каб той ажаніўся з ёй, але атрымоўвае адмову і помсціць, становіцца прычынай смерці Энкіду. Асабіста Інане прысвечаны гімны пра яе барацьбу з эламскай гарою Эбіг, пакаранне ёю гвалтоўніка Шукалетуды, хітрыкі ў адносінах да багоў мужчынскага полу. Аднак найбольш вядомы эпічныя цыклы пра яе адносіны з мужам Думузі і зыходжанні ў замагільны свет.

У паэме пра шлюб Інаны бог Уту іншасказальна тлумачыць юнай багіні тое, што прыйшла яе пара выйсці замуж і прапануе пастуха Думузі. Але Інана гатова аддаць перавагу земляробу Энкімду. Думузі абяцае, што дасць ёй болей за земляроба. Ён ідзе сватацца ў яе дом і нясе вяршкі ў падарунак. Нінгал, маці Інаны, упэўнівае дачку адчыніць яму дзверы. Інана памылася, нацерлася духмяным алеем, апранула лепшыя вопратку і ўпрыгожванні і адчыніла дзверы жаніху. Паэма скончваецца эратычнымі спевамі і прымірэннем паміж Думузі і Энкімду. Эратычныя перажыванні Інаны ў адносінах да свайго жаніха, а потым мужа апісваюцца і ў асобных гімнах.

Шлюб Інаны і Думузі падвергся цяжкаму выпрабаванню. Аднойчы яна вырашае сысці ў замагільны свет, дзе валадарыць Эрэшкігаль. Яна вымушана прайсці праз 7 брам і пасля ўвахода ў кожную — растацца з элементам адзення ці ўпрыгожваннем. У выніку яна з’яўляецца перад Эрэшкігаль аголенай. Тым не меней, Інана спрабуе сесці на трон валадаркі. Эрэшкігаль або 7 замагільных анунакаў кідаюць на яе позірк смерці і вешаюць яе мёртвае цела на крук. Смерць Інаны прыводзіць да таго, што спыняецца ўзнаўленне жыцця, і Эрэшкігаль вымушана пакутваць у родавых карчах.

Праз 3 дні, калі багіня кахання не вяртаецца дадому, яе спадарожніца Ніншубур ідзе да дапамогай да Энліля, Ана, Наны і Энкі. Толькі Энкі пагаджаецца дапамагчы. Ён стварае 2 істоты з гразі на сваіх пазногцях і накіроўвае іх у замагільны свет. Тыя абяцаюць Эрэшкігаль пазбавіць яе ад пакут, калі яна перадасць цела Інаны. Інану акрапляюць жывою вадою, і багіня ажывае. Услед за Інанай з замагільнага свету ляцяць дэманы галу. Яны гатовы забраць яе або каго-нібудзь блізкага наўзамен. Багіня супраць таго, каб забралі яе спадарожнікаў, але ў выніку пагаджаецца, каб забралі Думузі. Праз некаторы час яна ўпадае ў роспач і пачынае шукаць мужа. Муха паказвае, дзе пахаваны Думузі. Інана вяртае яго. Але жыццё Думузі ў звычайным свеце цягнецца толькі паўгода, пакуль у замагіллі знаходзіцца яго сястра Гештынана. Потым ён вяртаецца ў замагільны свет, а Гештынана ажывае.

Да пачатку Вавілонскага перыяду (2 тысячагоддзе да н. э.) асноўнымі месцамі шанавання Інаны заставаліся шумерскія гарады Урук і Забалам. Асаблівым месцам лічыўся храм Эана ва Уруку, які, згодна паданням, Інана забрала ў Ана і перанесла з нябёс на зямлю. Акрамя таго храмы Інаны дзейнічалі ва Уры, Ніпуры, Лагашы, Шурупаку і г. д. З часоў Акадскай імперыі вядома атаясненне Інаны з Іштар. Напярэдадні Новага года, які святкаваўся ўвесну, пры храмах арганізоўваліся маляўнічыя абрады і шэсці ў гонар Інаны-Іштар. Культ Інаны таксама быў шчыльна звязаны з культам яе памерлага—уваскрослага мужа Думузі.

Да Інаны часцяком звярталіся жанчыны з заклікамі аб дараванні пладавітасці. Пры гэтым ёй ахвяравалі ячменныя або пшанічныя аладкі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Інана апекавала прастытутак, паколькі ў эпасе пра Гільгамеша менавіта яны з’явіліся каля багіні на гарадскіх мурах, каб даслаць легендарнаму валадару Урука праклён. У мінулым сярод даследчыкаў старажытнай культуры былі шырока прадстаўлены погляды, быццам бы пры храмах Інаны ўтрымоўваўся штат ніжэйшых жрыц, што займаліся прастытуцыяй, а навагодняе свята ва Уруку суправаджалася рытуальным сукупленнем паміж вярхоўнай жрыцай і валадаром. У нашы дні такія погляды або разглядаюцца як сумніўныя, або цалкам абвяргаюцца. З сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. вядомы храмавыя жрацы гала. Звычайна імі былі мужчыны, радзей — жанчыны. Яны арганізоўвалі сакральныя відовішчы і спявалі гімны Інане. Гала апраналіся як жанчыны і практыкавалі гомасексуальныя зносіны.

Распаўсюджаным сімвалам Інаны была шматкутная зорка (звычайна з 8 кутамі), што ўвасабляла сабою Венеру. Інану часцяком малявалі разам са львамі — сімваламі ўлады. Багіня таксама выяўлялася ў вобразе галубкі.