Перайсці да зместу

Агрэст

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Агрэст

Агульны выгляд пладаноснай расліны ў прыродзе
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ribes uva-crispa L., 1753

Сінонімы
Grossularia reclinata

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  504800
NCBI  135518
EOL  489744
GRIN  t:31874
IPNI  793052-1
TPL  kew-2426619

Агрэ́ст, Агрэ́ст адхі́лены, Аграст[3][4][5] (Ribes grossularia, Ribes uva-crispa) — від кветкавых раслін, сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae), роду Парэчкі (Ribes), падроду Агрэст (Grossularia), які часам разглядаюць як асобны род: Grossularia Mill..

Лацінская назва паходзіць ад французскага groseillier à maquereaux — «парэчкі для макрэлі» (у французскай кухні гатуюць макрэль у агрэставым соусе).

Беларускамоўныя назвы ўключаюць такія, як агрэст адхілены, аграст, агрэст, ягрыст[6], крыжоўнік, ягрус, ягруст[3], ягрэст[7].

Ягаднае шматгадовае кустоўе з парасткамі, пакрытымі шыпамі. Вышыня кустоў 60—120 см. Лісце з тупаватымі зубчастымі лопасцямі. Кветкі зеленаватыя, белыя або чырванаватыя. Суквецці — 1—3-кветныя гронкі на ўкарочаных парастках. Ягады голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпуровыя. Маюць цукраў 5—12 %, арганічных кіслот 1—2 %, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін.

Агрэст адхілены на паштовай марцы Беларусі

Дзікі агрэст зрэдку трапляецца па схілах, сярод хмызнякоў. Вырошчваецца ў краінах умеранага клімату. У Беларусі пашыраны агрэст звычайны, ці еўрапейскі — родапачынальнік большасці культурных сартоў. Як ягадная культура вядомы на тэрыторыях усходніх славян з XI стагоддзя. Набыў шырокае распаўсюджанне ў Беларусі ў XIX стагоддзі, калі пачалі культывавацца заходнееўрапейскія сарты.

Пладанасіць пачынае на трэці год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, парасткамі. Добра расце на ахаваных ад халодных вятроў участках з дастаткова вільготнымі, угноенымі сугліністымі глебамі.

Асноўныя шкоднікі і хваробы

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод шкоднікаў пільшчыкі (у тым ліку Pteronidea ribesi і Nematus ribesii), агрэставы пядзенік (Abraxas grossulariata), Zophodia grossulariella.

Хваробы: сопкая раса, іржа, антракноз  (руск.), септарыёз.

Від Агрэст уваходзіць у род Парэчкі (Ribes) сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae) парадку Каменяломнікакветныя (Saxifragales).


  яшчэ 14 сямействаў
(па Сістэме APG III)
 
     
  парадак Каменяломнікакветныя     від Агрэст
         
  аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя     семейство Агрэставыя   род
Парэчкі
   
           
  яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін
(па Сістэме APG III)
  яшчэ каля 150 відаў
   
Ягады агрэсту

У ежу ідуць ягады круглай ці падоўжанай формы, часам пакрытыя валаскамі. Ягады змяшчаюць да 9 % цукроў (фруктоза і глюкоза), арганічныя кіслоты, мінеральныя рэчывы (фосфар, жалеза, кальцый, да 260 мг% калію, медзь), пектынавыя і дубільныя рэчывы, 30 мг% вітаміну C (не менш чым у лімоне), карацін, вітаміны B1, P, E.

Найбольш традыцыйнымі лічацца гатункі англійскі жоўты (ягады зеленавата-жоўтыя на пачатку выспявання, спелыя ягады маюць бурштынава-жоўты колер), варшаўскі (спелыя ягады маюць чырвоны колер), зялёны бутэлечны (цёмна-зялёныя ягады з чырванавата-карычневымі кропкамі па жылках, не маюць валаскоў). Спажываюць у сырым выглядзе (толькі спелыя, мяккія, з характэрным для гатунку колерам). Прыдатны для гатавання джэмаў, канфіцюраў, жэле, мармеладаў, кампотаў, сочыва, павідла, засушкі (для гатавання лепш падыходзяць недаспелыя, яшчэ цвёрдыя ягады). Сушаны агрэст ужываюць для мясных і рыбных соусаў. Таксама з агрэсту робяць шыпучае віно, наліўкі. У «Літоўскай гаспадыні» згадваецца спосаб захавання агрэсту на зіму. Захаваны агрэст выкарыстоўваюць для пенак: ягады агрэсту вараць у вадзе да мяккасці, праціраюць праз сіта, атрыманым мармеладам запраўляюць пенкі, узбітыя з бялкоў, дадаўшы ваніль.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. а б Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 61. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  5. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  6. З. Верас Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. — Вiльня, Субач 2, 1924.
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. — Горы-Горки, 1927.