Перайсці да зместу

Агінскі канал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Агінскі канал
Канал каля аўтадарогі Р6
Канал каля аўтадарогі Р6
Характарыстыка
Даўжыня 47 км
Размяшчэнне
Краіна Беларусь
Рэгіён Брэсцкая вобласць, Гродзенская вобласць
Агінскі канал на Вікісховішчы

Агінскі канал, Дняпроўска-Нёманскі канал, Вялікі Пінскі канал, Порт Агінскага — частка воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі сучасных Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, злучаў р. Ясельду (басейн Прыпяці) з р. Шчарай (басейн Нёмана). Даўжыня (з Выганашчанскім возерам) 54 км.

Працяг старажытнага мерыдыянальнага адрэзка рэчышча Шчары, якое існавала да вызвалення Нёманскай нізіны ад ледавіковага покрыва, разам з Выганашчанскім возерам паслужыў асноўным напрамкам канала.

Будаўніцтва пачалося ў 1765 годзе на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага, паводле ідэі выказанай пінскім негацыянтам М. Бутрымовічам. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў да балтыйскіх партоў, яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім соймам Рэчы Паспалітай (1768), які пастанавіў падараваць М. К. Агінскаму мястэчка Лагішын і вёску Мышкаўцы з прылеглымі землямі і дазволіў з пачаткам сплаву спаганяць мыта «па 8 злотых з вясла ці ад спіцы». Канал капалі крыху больш за дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павета, агулам канал будавалі цягам 1765—1783 гадоў, а каштавала будаўніцтва каля 12 млн злотых, у 1790 годзе брытанскі прэм’ер-міністр У. Піт планаваў інвеставаць у Агінскі канал брытанскі капітал.

Міхал Казімір Агінскі займаў пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага, кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, але пасля паражэння яго войска ў баі пры Сталовічах (1771) вымушаны з’ехаць у эміграцыю. У гэты час будаўнічыя работы працягваліся (з перапынкам) за дзяржаўны кошт: прыводзіліся ў парадак прылеглыя дарогі, ачышчаліся рэкі, у т.л. Нёман. У 1775 сойм Рэчы Паспалітай абвясціў пачатак сплаву, але канал яшчэ не быў поўнасцю добраўпарадкаваны. Праз пэўны час М. К. Агінскі быў памілаваны, прыехаў у Слонім, яму былі вернутыя секвестраваныя маёнткі. Ён адышоў ад ваенных спраў і амаль 30 гадоў кіраваў Слонімскім паветам.

Міхал Казімір Агінскі

Канал меў вялікае значэнне для Слоніма — галоўнай рэзідэнцыі М. К. Агінскага. Горад ператварыўся ў рачны міжнародны порт, які меў назву «Порт Агінскі». Тут праходзілі грузавыя і пасажырскія судны, сплаўляўся лес. Вялікае значэнне мела і слонімская прыстань. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Збожжа завозілі ў асноўным зімой з навакольных мясцовасцей. Штогод на слонімскай прыстані грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай афіцэрамі Генеральнага штаба Рускай імператарскай арміі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасць. Да 1804 добраўпарадкаванне закончана і канал стаў поўнасцю суднаходным. Меў 10 шлюзаў. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты, паводле сведчання відавочніка (1820), выцягваліся «амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма». Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах.

Мястэчка Целяханы на гэтым водным шляху адыгрывала не апошнюю ролю. Тут працавала прыстань, меліся добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. Найбольш тут рабілі пласкадонныя баркі і паўбаркі рознай водазмяшчальнасці. У гэтыя часы ў Целяханах даваў прадукцыю і фаянсавы завод М. К. Агінскага. Жыццё ў тыя часы ў Целяханах бурліла. Мястэчка на вачах багацела. У ведамасці Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, складзенай 10.9.1837 змешчаны колькасць і кошт тавараў, якія былі правезены праз Агінскі канал за 1836 год: соль, пшаніца, воцат, семя льняное, авёс, сала, гарох, жыта, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэгла, дошкі, тытунь і інш. (на 1,5 млн руб.). З-за мяжы прывозілі жалеза і вырабы з яго, вырабы з каштоўных металаў, з поўдня — шоўк, віно.

Са з’яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася. Але каналам працягваў карыстацца малы флот еўрапейскіх краін, аб чым сведчыць вялікая колькасць здымкаў старога часу з Польшчы, Германіі, Літвы і нават Галандыі. У гады 1-й сусветнай (1914—1918) і савецка-польскай (1920) войнаў канал апынуўся ў зоне актыўных ваенных дзеянняў, што прывяло да разбурэння гідратэхнічных збудаванняў.

Польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926, поўнасцю канал адноўлены ў 1928. У 1939-м пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, былі рэпрэсіраваны інжынеры, палякі па паходжанні, якія працавалі на канале, гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна — для суднаходства. У 2-ю сусветную вайну шлюзы і плаціны былі часткова разбураны ці пашкоджаны. Спробы аднавіць канал у пасляваенны час не мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне. А зусім абяскровіла канал татальная меліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы. Аднаўляецца ў наш час, ператвараецца ў турыстычны аб’ект.

Сёння Агінскі канал знаходзіцца ў занядбалым стане і выкарыстоўваецца як прыёмнік лішкаў вады з меліярацыйных сістэм. Пачатая рэканструкцыя вядзецца вельмі маруднымі тэмпамі. Пакуль адноўлены толькі ўчастак ад Выганашчанскага возера да в. Выганашчы. Участак канала ад Выганашчанскага возера да ракі Шчары ўвогуле ніколі не губляў судаходнай функцыі, як і 10 шлюз з гідравузлом, які размешчаны пры ўпадзенні канала ў Шчару. Гэты ўчастак канала, а таксама 10 шлюз, пабудаваны ў канцы 1930-х гадоў (шлюз спраўна працуе да сённяшняга дня) можна лічыць старэйшымі гідразбудаваннямі Беларусі.

Археалагічныя помнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку рэканструкцыі Агінскага канала ў 2006 г. археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі абследавалі прылягаючую да яго тэрыторыі ад г.п. Целяханы (Івацэвіцкі раён) да паўднёвага берага воз. Выганашчанскае, ад паўночнага берага возера да шлюза № 10 і да в. Свяціца (Ляхавіцкі раён). У выніку разведак і шурфоўкі (100 м²) лакалізаваны 3 археалагічныя помнікі з матэрыяламі каменнага веку на воз. Вулькаўскае (стаянкі—1, 2 на захадзе і паселішча—3 на ўсходнім берагах), знойдзены 13 розначасовых стаянак і паселішчаў на захад ад в. Свяціца ва ўрочышчах Куль, Свіды, Грады, Забеседка (Куль—1, 2, 3, Свіды—1, 2, 3, 4, 5, Грады—1, 2, Свяціца—1, 2, 3). Вызначаны іх межы, асаблівасці стратыграфіі, насычанасць культурных напластаванняў артэфактамі. Знаходкі шматлікіх крамянёвых і керамічных артэфактаў дазволілі правесці папярэднюю культурна-храналагічную ідэнтыфікацыю кожнага помніка. Даследаваная тэрыторыя была заселена на працягу IXII-га тыс. да н.э. ў фінальным палеаліце (свідэрская культура), мезаліце (кудлаеўская і яніславіцкая культуры), неаліце (прыпяцка-нёманская і нёманская культуры), познім неаліце і раннім бронзавым веку (культура шнуравой керамікі). На стаянках Куль—1, 2, 3 праведзены раскопкі. Найбольш перспектыўнымі для далейшых даследаванняў з’яўляюцца помнікі Свіды—2, 3, 5 і Грады—2.

  • Герасіменя В. Агінскі канал // Малая краязнаўчая энцыклапедыя / Ганцавіцкі раённы краязнаўча-інфармацыйны партал — Эл.рэсурс gants-region.info
  • Калечыц, А., Лакіза, В., Чарняўскі, М., Абухоўскі, В. Археалагічныя даследаванні ў зоне рэканструкцыі Агінскага канала / Алена Калечыц, Вадзім Лакіза, Міхаіл Чарняўскі, Віктар Абухоўскі // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2007. — Вып. 23. — С. 201—203.
  • Лакіза, В. Л. Агінскі канал / В. Л. Лакіза // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 18. — ISBN 978-985-11-0353-5.