Шэрань

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шэрань у цені на траве пры ранішнім прымаразку.
Шэраневыя ўзоры на шыбе.

Шэ́рань (ж.р.) або іней (м.р.) — від цвёрдых атмасферных ападкаў. Уяўляе сабой тонкі пласт крышталічнага лёду рознай таўшчыні, які нарастае на паверхні зямлі і наземных прадметах пры адмоўнай тэмпературы глебы, малавоблачным небе і слабым ветры. Крышталі шэрані пры слабых маразах маюць форму шасцівугольных прызмаў, пры ўмераных — пласцінак, а пры моцных — тупаканцовых іголак. [1]

Утварэнне шэрані[правіць | правіць зыходнік]

Шэрань утвараецца праз дэсублімацыю вадзяной пары з паветра на паверхні глебы, травы, снежнага полага, а таксама на адкрытых паверхнях прадметаў у выніку іх радыяцыйнага астуджэння да адмоўных тэмператур, больш нізкіх, чым тэмпература паветра.

Найбольш спрыяльнымі для ўтварэння шэрані з’яўляюцца ясныя зацішныя ночы і шурпатыя паверхні цел, якія маюць малую цеплаправоднасць (напрыклад, драўляныя лавы, адкрытая глеба і да т.п.). Слабы вецер, які прыводзіць у дотык з халоднай паверхняй усё новыя масы вільготнага паветра, вельмі спрыяе ўтварэнню шэрані. Моцныя вятры з’яўляюцца перашкодай гэтаму працэсу.

Шэраневыя кветкі[правіць | правіць зыходнік]

Крышталі шэрані на драўлянай паверхні, якія падтаюць пры ўзыходзячым сонцы.

Гэта адмысловы від шэрані, які ўяўляе сабой утварэнне дробных крышталёў лёду, якія групуюцца плямамі, часта нагадваюць па форме і тэкстуры лісце дрэў або кветкі. Яны ўтвараюцца на цёплай глебе ў выніку рэзкага пахаладання, якое наступае пасля працяглага пацяплення, звычайна — у восеньскі час.

Шэраневыя кветкі часцей за ўсё ўзнікаюць на друзлай аголенай глебе, а таксама наогул у месцах выхаду цёплага паветра з глебы. Акрамя гэтага, можна назіраць шэраневыя кветкі і на ледзяным полагу рэк і азёр уздоўж расколін і палонак. Ападкі шэрані фармуюцца сістэматычна і вельмі часта. Яны ўваходзяць у склад снежнага полага [2].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Котляков В. М. Иней. Гляциологический словарь. — Л.: Гидрометеоиздат, 1984. — С. 153—154.
  2. В. М. Котляков. Иней. Гляциологический словарь. — Л.: Гидрометеоиздат, 1984. — С. 154