Перайсці да зместу

Актынідыя каламікта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Актынідыя каламікта
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Actinidia kolomikta (Maxim. & Rupr.) Maxim

Сінонімы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  165710
EOL  231266
GRIN  t:1409
IPNI  828402-1
TPL  kew-2620720

Актынідыя каламікта[3], амурскі аргрэст (Actinídia kolomíkta) — від павойных кустовых раслін сямейства актынідыевых.

Батанічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]
Агульны выгляд расліны
Лісце
Кветкі

Актынідыя каламікта — дравяністая ліяна. Ствалы даўжынёй да 15 метраў[3] і да 2 (5) см у дыяметры, з цёмнай карой, якая слаба лупіцца.

Парасткі бліскучыя, цёмна-карычневыя, гладкія, з павойнымі або стромкімі галінамі, якія ўзбірацца на вышыню да 14 м і больш. Маладыя парасткі са шматлікімі падоўжнымі і кропкавымі светлымі чачавічкамі.

Цікавай асаблівасцю з'яўляецца дробнапілаватае, з рыжаватымі валаскамі на жылках, лісце са зменлівай афарбоўкай. У пачатку росту яно бронзавае, потым зялёнае, перад цвіценнем канцы ў большасці лістоў становяцца ярка-белымі, а пасля адцвітання — ружаватымі, потым малінава-чырвонымі. У восеньскі перыяд лісце афарбоўваецца ў ружовыя, жоўтыя, светла-жоўтыя ці фіялетава-чырвоныя тоны. Стракаталістасць асабліва выяўлена ў раслін, якія растуць на асветленых месцах, але адсутнічае ў кустападобных раслін, якія сустракаюцца ў верхняй мяжы распаўсюджання ў гарах.

Лісце чарговае, на хвосціках 2-7 см даўжыні, эліптычнае, радзей яйкападобнае з сэрцападобным або акруглым аснаваннем, доўгазавостранае, падвойнавострапільчатае; пласцінка ліста тонкая, па жылках кораткаапушаная, знізу без шчаціністых валасінак, 5-13 см даўжыні, нярэдка асіметрычная.

Цвіце з 5 гадоў, у другой дэкадзе чэрвеня[3]. Працягласць цвіцення — да 20 дзён. Кветкі актынаморфныя, белыя або з вонкавага боку ледзь ружаватыя з тонкім прыемным пахам; на тонкіх кветаножках, панікаючыя, аднаполыя, двухдомныя, радзей сустракаюцца абодваполыя. Калякветнік двайны, Чашалісцікаў і пялёсткаў па пяць. Чашачка застаецца пры плодзе, засыхае. Тычыначныя кветкі каля 10 мм у дыяметры, размешчаны звычайна ў трохкветкавых шчытках; песцікавыя абодваполыя кветкі да 15 мм у дыяметры, размешчаны па адным у пазухах лісця. Песцік са шматгнёздавай завяззю; слупкоў 8-12 (16), пры аснаванні зрослых, на вяршыні дугападобна адхіленых, яны заканчваюцца галоўчатымі лычыкамі. Тычынак шмат, яны свабодныя. Завязь верхняя, голая.

Плады — цёмна-зялёныя ягады з 12 і больш цёмнымі падоўжнымі палоскамі, даўгаватыя, эліптычныя, радзей круглявыя. У спелым стане мяккія, салодкія і духмяныя, да 3 см даўжынёй і 1-1,5 см шырынёй, маса пладоў да 4 г[3]. Сакавітая мякаць пладоў багатая цукрамі і вітамінам С[3]. Буйныя кусты даюць да 20 кг пладоў[3]. Плады дзікіх раслін актынідыі валодаюць выключна прыемным смакам з тонкім водарам ананасу[3].

Насенне шматлікае (да 90 штук у ягадзе), дробнае, цёмна-карычневае або жаўтлявае з сеткавай дробнавочкавай паверхняй; вага 1000 штук насення 0,82-1 г[4]. Плоданасіць з 9 гадоў, плады спеюць у канцы жніўня — сярэдзіне верасня нераўнамерна, пры паспяванні лёгка абсыпаюцца. Плады ядомыя[3].

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

Радзіма — Усходняя Азія. Сустракаецца на Далёкім Усходзе: у Кітаі (Хэбэй, Хэйлунцзян, Цзілінь, Ляанін, Сычуань, Юньнань), Японіі (Хакайда, Хансю), Карэі; Прымор'і, паўднёвай часткі Хабараўскага краю, Прыамур'і, паўднёвых і цэнтральных раёнах Сахаліна, на Ітурупе, Кунашыры і Шыкатане[3].

Інтрадукавана ў Еўропе.

Актынідыя каламікта расце ў многіх тыпах лесу: у кедрава- і піхтава-шырокалісцевых, шырокалісцева-яловых і піхтавае-яловых лясах, але найбольш спрыяльныя ўмовы для яе росту ствараюцца ў піхтава-яловых лясах з удзелам кедра і шыракалістых парод. Тут яна дасягае максімальных памераў і ўтварае зараснікі па берагах ключоў і на осветленных участках. Добра развіваецца таксама на высечках і гарах, на лясных прагалах і ўзлесках.

Будучы знешнеяруснай раслінай, актынідыя каламікта з'яўляецца і характэрнай часткай падлеску разам з бружмелем Маака (Lonicera maackii), Corylus sieboldiana var. mandshurica, жасмін (Philadelphus), Eleutherococcus senticosus, Aralia elata, вінаград амурскі (Vitis amurensis) і лімоннікам кітайскім (Schisandra chinensis); аддае перавагу добра дрэнаваным перагнойным глебам, дзе нярэдка сустракаецца ў вялікай колькасці. У выглядзе невялікага куста са штогод абмярзаючыми парасткамі яна расце па краях камяністых россыпаў, паднімаючыся ў горы Паўднёвага Прымор'я на вышыню 1300—1400 м над узроўнем мора . У паўночных межаў арэалу падымаецца ў горы не вышэй за 150 м.

Ва ўмовах Беларусі актынідыя лепш за ўсё расце пры слабым бакавым зацяненні на лёгкай пажыўнай глебе[3]. Пры адсутнасці апор на адкрытых месцах гэта павойная расліна пераўтвараецца ў невысокі галінасты кусцік[3].

Гаспадарчае значэнне і ўжыванне

[правіць | правіць зыходнік]
Плады

Культывуецца як дэкаратыўная і пладовая расліна. У культуры з 1855 года. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.

Плады збіраюць спелымі і перапрацоўваюць пераважна ў свежым выглядзе. Радзей іх падвяльваюць і сушаць пры тэмпературы 60 °C.

Плады багатыя аскарбінавай кіслатой (да 1430 мг% на сырое рэчыва); утрымліваюць таксама цукры (4,2-9,8 %), дубільныя і пектынавыя рэчывы, пігменты, мікраэлементы[5], арганічныя кіслоты (0,78—2,48 %). Лісце ўтрымлівае да 0,1 % аскарбінавай кіслаты[4].

Адсутнасць у спелых пладах вострараздражняльных рэчываў, добрае спалучэнне вітаміну С і Р-актыўных рэчываў робяць ягады актынідыі каштоўнымі для спажывання ў свежым выглядзе і для перапрацоўкі. 3 пладоў гатуюць павідла, джэм, варэнне, начынкі для цукерак, пірагоў і іншых кандытарскіх вырабаў, натуральныя сокі і віны, салодкія і вострыя марынады. Вяленыя плады актынідыі становяцца больш салодкімі, валодаюць прыемным пахам і па сваіх уласцівасцях нагадваюць сушаны безнасенны вінаград — кішміш.

Лекавыя ўласцівасці пладоў актынідыі абумоўлены комплексным уздзеяннем на арганізм чалавека вітамінаў, якія ў іх удала спалучаюцца. Ужываюць як вітамінавы сродак для прафілактыкі і лячэння авітамінозаў[5].

Плады актынідыі каламікта валодаюць выключна высокай супрацьцынготнай актыўнасцю. Па ўтрыманні аскарбінавай кіслаты яны набліжаюцца да пладоў шыпшыны і пераўзыходзяць у гэтым дачыненні да апельсінаў, лімонаў і чорных парэчак[3].

У народнай медыцыне Далёкага Усходу плады выкарыстоўваюць у якасці прафілактычнага і лячэбнага сродку пры цынзе, а таксама пры розных крывацёках, туберкулёзе, зубным карыесе, коклюшы[4].

На ўчастку пад гэту культуру адводзяць добра асветленае месца з урадлівай і дрэнажаванай глебай. Вясной па схеме 3—4x2—3 м выкопваюць пасадачныя ямы. Пасадку 2—3-гадовых саджанцаў робяць да пачатку руху соку ў раслінах. На ўчастку высаджваюць жаночыя і мужчынскія расліны актынідыі ў суадносінах 10—15 да 1.

Актынідыю вырошчваюць у выглядзе куста або на шпалеры. У актынідыі каламікты і вытворных ад яе сартоў плады выспяваюць неадначасова, а спелыя ягады асыпаюцца. Таму іх збіраюць за 1—3 заходы праз 3—10 дзён пасля з'яўлення першых спелых пладоў. Тарай для здымання служаць малааб'ёмныя (на 2—3 кг) кошыкі або іншы посуд. Сабраныя плады сартуюць: спелыя адразу перапрацоўваюць, недаспелыя змяшчаюць на даспяванне, раскладваючы іх у адзін слой у чыстым, халаднаватым і сухім памяшканні, куды не трапляюць сонечныя прамяні і дзе няма пахучых рэчываў.

Вегетуе расліна каля 150 дзён. У першыя тры гады расце хутка. Добра размнажаецца вегетатыўна. Пры спрыяльных умовах жыве да 80-100 гадоў.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. а б в г д е ё ж з і к л Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Актинидия // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 18-20. — 200 с. — 130 000 экз.
  4. а б в Атлас лекарственных растений СССР / Гл. ред. акад. Н. В. Цицин. — М.: Медгиз, 1962. — С. 22. — 702 с.
  5. а б Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь: Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 163. — ISBN 5-06-000085-0.
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Петухов А. В., Кордюков А. В., Баранчук-Червонный Л. Н. Атлас сосудистых растений окрестностей Южно-Сахалинска. — 2-е изд., испр. и доп. — Южно-Сахалинск: Эйкон, 2010. — 220 с. — ISBN 978-5-904209-05-6
  • Актынідыя на сайце «Энциклопедия декоративных садовых растений»