Востраў Кунашыр

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Кунашыр
руск.: Кунашир, яп.: 国後島, айну:クナシㇼ
Kunashir topomap.png
Каардынаты: Каардынаты: 44°07′00″ пн. ш. 145°51′00″ у. д. / 44.116667° пн. ш. 145.85° у. д. (G) (O) (Я)44°07′00″ пн. ш. 145°51′00″ у. д. / 44.116667° пн. ш. 145.85° у. д. (G) (O) (Я)
Акваторыя Ціхі акіян
Краіны Flag of Russia.svg Расія, Flag of Japan.svg Японія
Кунашыр (Расія)
Кунашыр
Кунашыр
Плошча 1 498,56 км²
Насельніцтва 8 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 5,338 чал./км²
Пейзаж узбярэжжа
Commons-logo.svgКунашыр на Вікісховішчы 

Кунашыр (руск.: Кунашир, яп.: 国後島, айну:クナシㇼ, літаральна "Чорны востраў") — самы паўднёвы востраў Вялікай грады Курыльскіх астравоў. Плошча — 1498,56 км². Насельніцтва (2007 г.) — 8000 чал.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Расіі ўваходзіць у Паўднёва-Курыльскую гарадскую акругу Сахалінскай вобласці. Прыналежнасць вострава аспрэчвае Японія, якая разглядае яго як частку сваёй акругі Нэмура прэфектуры Хакайда.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Кунашыр месціцца на паўночным захадзе Ціхага акіяна ў 7065 км на паўднёвы ўсход ад Масквы, сталіцы Расіі, у 1050 км на паўночны ўсход ад Токіа, сталіцы Японіі. На паўночным захадзе амываецца Ахоцкім морам. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — каля 125 км. Найбольшая шырыня — 29 км.

Востраў уяўляе сабою ланцуг з трох вулканічных масіваў. Іх фарміраванне пачалося ў перыяд міяцэну. Найвышэйшая вяршыня — актыўны вулкан Цяця (1819 м). Іншыя актыўныя вулканы — Мендзялеева (886 м), Руруй (1485 м), Галаўніна (541 м). У гарах маюцца рачныя даліны. Вулканічныя масівы злучаны нізкімі перасмыкамі з асадкавых парод, звычайна забалочанымі. Большасць берагавой лініі высокая скалістая. Рэкі кароткія, парожыстыя, часам утвараюць вадаспады. На Кунашыры 4 вялікія прэсныя возеры глыбінёй да 4 м.

Клімат мяккі вільготны. У студзені сярэдняя тэмпература паніжаецца да -5°C, аднак улетку трымаецца каля +15°C. Востраў знаходзіцца ў зонах частага ўзнікнення тайфунаў і землятрусаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы кліматычным і геаграфічным умовам, прырода вострава Кунашыр адрозніваецца значнай разнастайнасцю. Выяўлена 838 відаў раслін. Значную частку вострава займаюць лясы, якія складаюцца пераважна з хваёвых парод, у тым ліку кедра, піхты, елкі. Распаўсюджаны зараснікі хмызнякоў, дрэвападобных ліян, бамбуку, карлікавых бяроз, шыпшыны. Шырокалісцевыя лясы адносна рэдкія. На схілах вулканаў Цяця і Руруй заўважна вертыкальная пояснасць. Лясы пакрываюць ніжэйшыя схілы. На вышыні каля 700 м пачынаюцца бярозавыя і кедравыя хмызнякі. Далей ідзе пояс горных лугоў. Лугі таксама распаўсюджаны на прырачных і прыморскіх тэрасах, прычым вышыня травы на іх дасягае 4 - 5 м.

Востраў Кунашыр насяляе 278 відаў птушак, 35 відаў наземных малюскаў, 37 відаў эндэмічных казурак, 3 віды ластаногіх, некалькі відаў грызуноў, сустракаюцца землярыйкі, собаль, ласка, зайцы, лісы і інш.

Для аховы ўнікальнай прыроды Кунашыра і суседніх астравоў у 1984 г. быў створаны Курыльскі дзяржаўны прыродны запаведнік.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першымі вядомымі насельнікамі вострава Кунашыр былі айны, якія займаліся пераважна рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Археолагамі выяўлена 7 старажытных стаянак, якія адносяцца да часоў каменнага веку. Кунашырскія айны падтрымлівалі шчыльныя сваяцкія і гандлёвыя сувязі з айнамі Хакайда і Хабамаі.

У XVII ст. звесткі пра Кунашыр і яго карэнных насельнікаў шырока распаўсюджваліся ў Японіі. Кунашыр таксама быў даследаваны галандскай экспедыцыяй. Японскі феадальны клан Мацумаэ ўмоўна распаўсюджваў сваю ўладу на гэты востраў. Важнымі сталі гандлёвыя сувязі, асабліва дастаўка ў Японію меха ластаногіх. Аднак адносіны паміж айнамі і японцамі заставаліся вельмі напружанымі. У 1737 г., 1759 г., 1789 г. назіраліся ўзброеныя выступленні айнаў поўначы Хакайда і Кунашыра супраць японскай адміністрацыі і прадпрымальнікаў. З 1768 г. айны Кунашыра таксама падтрымлівалі сувязі з расійскімі казакамі і здабытчыкамі, існуюць некалькі паведамленняў аб зборы сярод іх ясака. Згодна дагавору 1855 г. Расія перадавала правы на валоданне Кунашырам Японіі.

Японія пачала актыўнае асваенне вострава з 1869 г. На Кунашыр перасяляліся японскія рыбакі і сяляне. У пачатку XX ст. кожны населены пункт меў адміністрацыйныя органы ўлады і нагляду, пошту, рыбагадоўчую ферму і г. д. Да 1930 г. насельніцтва Кунашыра складала 8 300 чал. 1 верасня 1945 г. востраў быў заняты савецкімі войскамі. У 1947 г. далучаны да РСФСР. Японскія каланісты, а таксама карэннае насельніцтва перасялілася ў Японію. На іх месца прыбывалі перасяленцы з розных кутоў СССР. Японія не прызнала вылучэнне Кунашыра са складу сваіх тэрыторый і разглядае Кунашыр як частку сваёй акругі Нэмура прэфектуры Хакайда.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная частка насельніцтва вострава Кунашыр жыве ў гарадскім паселішчы Южна-Курыльск, дзе працуе рыбалоўная і рыбаперапрацоўчая прамысловасць. Маюцца марскі порт і аэрапорт, геатэрмальныя станцыі для забеспячэння электрычнасцю. Патэнцыяльна востраў уяўляе вялікую цікавасць для развіцця турызму, якое замінаецца з-за яго аддаленнасці, адсутнасці сталых транспартных сувязяў з Японіяй, памежнага прапускнога рэжыма наведвання.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons