Геаграфія Арменіі
Геаграфічна Арменія належыць да рэгіёна Закаўказзя (Паўднёвага Каўказа), у больш шырокім сэнсе — да Паўднёва-Заходняй Азіі. Адзіная краіна Закаўказзя, якая не мае выхаду да мора. Мяжуе з Турцыяй на захадзе (268 км), з Грузіяй на поўначы (164 км), з Азербайджанам (566 км), з Іранам (35 км) і Нахічэванскім эксклавам, Азербайджана на поўдні (221 км). На ўсходзе праходзіць мяжа з непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай, якая дэ-юрэ з'яўляецца часткай Азербайджана. Арменія ляжыць паміж 38° і 42° пн.ш. — г.зн., бліжэй да экватара, чым да полюса — ды 43° і 47° у.д..
Большая частка тэрыторыі краіны горная (сістэма Малога Каўказа і Армянскае нагор’е), характар раўнін маюць вялікія даліны, найбольшая з якіх — Арарацкая. Арменія знаходзіцца ў сейсмічна актыўнай зоне, у 1988 адбылося катастрафічнае Спітакскае землетрасенне. Клімат умераны ў гарах і субтрапічны на раўнінах, кантынентальны, са спякотным летам і халоднай зімой. Славутае высакагорнае возера Севан. Ландшафты прадстаўлены пераважна горнымі стэпамі.
Рэльеф і тэктоніка
[правіць | правіць зыходнік]Арменія знаходзіцца ў гарах Малога Каўказа — сістэмы, што аблямоўвае паўночна-ўсходнюю частку Армянскага нагор'я. Каля 90 % краіны знаходзіцца на вышыні болей за 1000 метраў, што дазваляе Арменіі ўвайсці ў дзясятку краін з найбольшай сярэдняй вышынёй паверхні і робіць яе "гарысцей" за Швейцарыю або Непал![1] самым высокім пунктам краіны з'яўляецца вулкан Арагац (4 090 м), самыя нізкія ляжаць на вышыні 380 і 430 метраў (у далінах рэк Аракс і Дэбед на поўдні і поўначы краіны адпаведна). Гара Арарат, што гістарычна належала Арменіі, сёння знаходзіцца ў Турцыі, але вельмі добра бачная з Ерэвана і працягвае быць сімвалам нацыі. У паўднёва-заходняй частцы краіны знаходзіцца Арарацкая раўніна. Арменія размешчана ў сейсмічна актыўнай зоне, апошнія моцныя землетрасенні адбыліся ў 1988 і 1993 гг. У выніку Спітакскага землетрасення загінула больш за 25 000 чалавек.
Карысныя выкапні
[правіць | правіць зыходнік]У Арменіі маюцца радовішчы 60 відаў карысных выкапняў. Знойдзены паклады ўсіх відаў металаў: каляровых, чорных, рэдкіх, каштоўных, рассеяных. Найбольш багатыя запасы медна-малібдэнавых руд і золата. Па запасах малібдэну Арменія адносіцца да сусветных лідараў. Візітоўкай Арменіі ў свеце карысных выкапняў з'яўляюцца будаўнічыя камяні: туф, базальты, пемза, мармур.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]На раўнінах пануе субтрапічны клімат з кароткімі халоднымі зімамі і спякотнымі летамі. Увечары і ўначы летнюю спёку асцюджаюць брызы з гор. Зімой звычайна выпадае шмат снегу, таму армяне маюць магчымасць бавіць зімні час на гарналыжных курортах, самы вядомы з якіх — Цагкадзор. Вёсны кароткія, затое доўгія армянскія восені вядомыя сваёй яркай і маляўнічай лістотай. Сярэдняя тэмпература студзеня — −3 °C,a ліпеня — ад 24 °C да 26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае ад 200 да 500 мм, летам адчуваецца моцны недахоп вільгаці. На ўзвышшах пануе ўмераны клімат, а на вышынях болей 2000 м — горны. Колькасць ападкаў у гарах складае болей за 800 мм у год.
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Самая доўгая рака Арменіі — Аракс, па якой у некаторых частках праходзіць мяжа з Турцыяй і Іранам. Жыўленне рэк пераважна снегава-дажджавое, з вясновым разводдзем. Летам, калі сельскай гаспадарцы найбольш патрэбнае арашэнне, расход вады ў рэках моцна падае. Самы буйны штучны вадаём — Ахуранскае вадасховішча. У тэктанічнай упадзіне, на вышыні 1 900 м, знаходзіцца самае вялікае на Каўказе возера Севан (плошча паверхні 1 240 км², глыбіня да 83 метраў) — адно з самых вялікіх высакагорных азёр планеты. Балоты і багны Арарацкай даліны плошчай 1500 км² былі асушаны ў 1953–1955.
Расліннасць і жывёльны свет
[правіць | правіць зыходнік]За кошт горнага рэльефу ў Арменіі назіраецца вялікая разнастайнасць ландшафтаў, аднак праз засушлівы клімат дамінуюць стэпы і паўпустыні. У гарах на невялікіх плошчах захаваліся лясы з дубу, буку і грабу, вышэй за іх ідзе пояс хваёвых лясоў, яшчэ вышэй — альпійскіх лугоў. Лясы далін даўно высечаны. Дэ эндэмікаў расліннага свету адносіцца званочак Масальскага і кузінія буйналускаватая. Жывёльны свет даволі багаты, асаблівай разнасайнасцю вылучаюцца паўзуны: толькі ў Арменіі сустракаюцца двуполы і закаўказскі полазы, армянская яшчарка і інш., з млекакормячых сваёй радзімай Арменію назавуць армянскі муфлон, пясчанка Вінаградава, горны крот. У Севане жыве ішхан — славутая севанская фарэль.
Ахова прыроды
[правіць | правіць зыходнік]Паводле індэкса экалагічнай эфектыўнасці Арменія знаходзіцца на 63 месцы ў свеце, дэманструючы кепскі стан навакольнага асяроддзя, але высокую жыццяздольнасць экасістэм.[2] 12 % тэрыторыі Арменіі ўзята пад ахову, створана 3 запаведнікі, 4 нацыянальных паркі, 27 заказнікаў. Адходы не перапрацоўваецца, паасобнага збору смецця амаль не практыкуецца. Мае быць пабудаваны завод па перапрацоўцы смецця ў Раздане.[3]