Грызайль
Грыза́йль (фр.: grisaille ад gris — шэры) — від дэкаратыўнага жывапісу, які выконваецца ў розных адценнях якога-небудзь аднаго колеру, пераважна шэрага. Выкарыстоўваецца ў насценных размалёўках і пано. Імітуе скульптурны рэльеф або архітэктурныя кампазіцыі, вызначаецца выразнай святлоценявой мадэліроўкай выяў. Грызайль называюць і размалёўкі аднаколернай эмаллю (шэрай, карычневай, ружовай) з прамалёўкай золатам, у якіх таксама дасягаецца эфект рэльефнасці выявы[1].
Вядома з XVII ст., найб. пашырана ў размалёўках класіцызму[1].
У жывапісе
[правіць | правіць зыходнік]Тэхніка грызайля шырока выкарыстоўвалася ў станковым жывапісе ў Сярэднявеччы. Прыкладам можа служыць Алтар Гелера, створаны Маціясам Груневальдам і Альбрэхтам Дзюрэрам па заказе багатага франкфурцкага купца Якаба Гелера. Пэндзлю Груневальда належаць вонкавыя створкі, на якіх выявы святых імітуюць скульптуру.
Іншым вядомым узорам грызайля з'яўляецца карціна Рэмбранта «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля» (1634—1635) з калекцыі Дзяржаўных музеяў Берліна. Для такога роду рэльефнай тэхнікі жывапісу часта выкарыстоўвалася грызайль.
Тэхніка грызайля выкарыстана Пабла Пікаса ў карціне «Герніка».
У архітэктуры
[правіць | правіць зыходнік]Для стварэння штучных барэльефаў тэхніка часта выкарыстоўвалася ў эпоху барока. Так, напрыклад, столі і сцены некаторых зал Эрмітажа (напрыклад сцены Іарданскай Лесвіцы) выкарыстоўваюць гэту тэхніку для стварэння ўражання атрыумаў, скульптур пад скляпеннямі і разьбяных сцен.
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі грызайль шырока ужывалася ў дэкарыравана культавых і палацавых будынкаў канца XVIII — пачатку XIX ст. — у палацах у Гомелі, Свяцку (Гродзенскі раён), Залессі (Смаргонскі раён); касцёле езуітаў у Гродне, касцёлах у вёсках Гальшаны (Астравецкі раён), Будслаў (Мядзельскі раён); Варварынскай царкве ў Пінску, царкве ў в. Дубай (Пінскі раён) і інш[1].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Изаксон А. Гризайль // Художник. 1962, № 7. С.61-62.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Грызайль