Палацава-паркавы комплекс Валовічаў (Свяцк)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў
Śviacak. Сьвяцак (2006).jpg
53°47′50,75″ пн. ш. 23°39′39,10″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Свяцк
Архітэктурны стыль барока
Аўтар праекта Дж. Сака
Заснавальнік Ю. Валовіч
Дата пабудовы 1779 год
Будынкі:
палац • два флігелі • парк • капліца • склад
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000212шыфр 413Г000212

Палацава-паркавы комплекс Валовічаў (Гродзенскі раён)
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў

Палацава-паркавы комплекс Валовічаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пач. XIX ст. Размешчаны ў в. Свяцк, цяпер Гродзенскі раён, у былым маёнтку Валовічаў, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Створаны паводле праекту італьянскага архітэктара Дж. Сака пры гродзенскім маршалку Юрыі Валовічу і яго сыне Антоніі. Фармаваўся ў два этапы: на першым у 1779 г. — будаўніцтва і афармленне інтэр'ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, на другім у пачатку ХІХ ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. У пачатку ХХ ст. належаў Ю. Гурскаму.

Свяцкі палац у 1933 годзе

У пач. ХХ стагоддзя комлексам валодалі Гурскія. У міжваенны час у палацы знаходзіўся пансіянат для нарказалежных, у якім ад марфінавай і іншай залежнасці лячыліся сярод іншых прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў. У 1930-я палац быў рэканструяваны архітэктарам А. Сасноўскім.

У 1985 г. парк адноўлены паводле спецыяльнага праекту. У палацы размяшчаўся санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр'ер быў знішчаны. У 2000-х санаторый быў выведзены з будынкаў палацу, а палац перададзены на баланс упраўлення адукацыі гарадзенскага райвыканкама. Палацавы комплекс апынуўся ў занядбаным стане[1][2]. Мясцовыя ўлады ўскладаюць надзеі на замежныя інвестыцыі, але пакуль ахвочыя выкупіць комплекс адсутнічаюць.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Палац[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны выгляд палаца

Палац, які знаходзіцца на ўзвышшы, ўяўляе сабой двухпавярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі, цэнтральны — чатырохкалонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі. Дваровы з пяцігранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаныя дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная. У цэнтры — вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, на другім паверсе — парадная васьмігранная зала з калонамі. У аздобе інтэр'ераў выкарыстаныя рэльефы, ліштвы дзвярэй, нішы з камінамі і скульптурай, роспісы сцен (рамантычныя пейзажы, антычныя статуі, вазы; мастакі Т. Манькоўскі, Ф. Смуглевіч; не захаваліся); мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр'ера (панэлі, каміны, дзверы, люстры, кансолі, вазоны, супрапорты, мэбля) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сакі.

Флігелі[правіць | правіць зыходнік]

Флігель і аркадная галерэя

Флігелі пастаўленыя перпендыкулярна да асноўнага корпуса, накрытыя вальмавымі дахамі, аздобленыя руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асноўным корпусам злучаныя паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад.

Капліца[правіць | правіць зыходнік]

Капліца

Насупраць палацу ў ХІХ ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудаваная капліца. Капліца ўяўляе сабой кампактны і прыземісты кубападобны аб'ём з трохсценнай алтарнай часткай. Спічастыя вокны на галоўным фасадзе (суцэльны двухгранны шчыт-вімперг) разам са спічастым уваходным парталам ствараюць урачыстасць фасаду і імітуюць грандыёзную трохнефную базіліку. Гатычную вертыкальнасць будынку надае таксама высокі двухсхільны дах[3].

За савецкім часам капліца не дзейнічала. Наноў яе асвяцілі 6 жніўня 1996. У наш час капліца належыць да Сапоцкінскай парафіі Сапоцкінскага дэканата[4].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Сажалка ў парку

Парк пейзажнага тыпу, плошча 12 га; закладзены ў канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. Размешчаны на двух пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. Цэнтр кампазіцыі — палац з партэрам перад ім.

Зноскі

  1. Палац Валовічаў у Свяцку развальваецца на вачах // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 15 красавіка 2007.
  2. Свяцк — разбурэнне працягваецца // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 10 лютага 2008.
  3. А. Вашкевіч, Дз. Нарэль. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай. Гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы. — Мінск, 2006. — С. 92.
  4. Гродзенская Рымска-Каталіцкая Дыяцэзія на Беларусі — XIII. Дэканат Сапоцкін.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]